Дзяржзаказ з адборам
Сяргей ГРЫБ
Адпачынак-2007 Сярэдзiна вясны традыцыйна лiчыцца часам пачатку перыяду масавых адпачынкаў. Дарэчы, чакаецца, што сёлета толькi праз Рэспублiканскi цэнтр па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню насельнiцтва змогуць атрымаць пуцёўкi каля 25 тыс. працуючых грамадзян, 445 тыс. школьнiкаў, 2,5 тыс. дзяцей-iнвалiдаў, а таксама 233 тыс. чалавек па «чарнобыльскай» праграме i ў тым лiку 222 тыс. дзяцей з забруджаных тэрыторый. Пры гэтым даводзiцца канстатаваць, што новы сезон мае некалькi асаблiвасцяў. I цi не галоўная з iх — аднаўленне фiнансавання «дарослага» аздараўлення са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.ГРОШЫ... ЗА АДСУТНАСЦЬ СКАРГАЎ Сёлета Рэспублiканскi цэнтр мае дамовы на правядзенне «дарослага» аздараўлення з 71 санаторыем. У параўнаннi з мiнулымi гадамi колькасць гэтых устаноў зменшылася. — Апошнiм часам нашы санаторыi здолелi значна палепшыць узровень абслугоўвання, дастаткова сказаць, што летась у параўнаннi з пазамiнулым годам колькасць грамадзян з краiн блiзкага i далёкага замежжа, якiя аддалi перавагу аздараўленню ў Беларусi, павялiчылася ў 2,6 раза — да 28 тыс. чалавек, — адзначае намеснiк дырэктара Рэспублiканскага цэнтра Генадзь БАЛБАТОЎСКI. — Тым не менш пры заключэннi дамоў на 2007 год сярод санаторыяў быў праведзены жорсткi адбор, у вынiку якога дзяржзаказ атрымалi толькi самыя вартыя. Прычым для iх вызначэння бралiся пад увагу адразу некалькi акалiчнасцяў, i ў тым лiку — умовы пражывання i харчавання, наяўнасць медыцынскай базы, а таксама адсутнасць абгрунтаваных скаргаў. Цiкава, што 80 працэнтаў санаторыяў, з якiмi сёлета працуе Рэспублiканскi цэнтр, валодаюць 1-й катэгорыяй, а ўсе астатнiя — другой. Адначасова не менш важкай падставай для заключэння дамовы сталiся... цэны. У прыватнасцi, кажа Генадзь Балбатоўскi, было вырашана — дзяржзаказ павiнен прыносiць здраўнiцам толькi мiнiмальную рэнтабельнасць. Такiм чынам, у параўнаннi са «свабодным», кошт пуцёвак, якiя прадастаўляюцца праз Рэспублiканскi цэнтр, атрымаўся на 15—20 працэнтаў нiжэй. Да таго ж з’явiлася правiла — сёлета кошт пуцёўкi павiнен павышацца не больш чым на 1,5 працэнта ў квартал. I выключэнне з гэтага правiла магчыма толькi ў выпадку значнага пагаршэння фiнансавага стану той цi iншай здраўнiцы. ПОЎНЫ КОШТ — «ПРЫВIЛЕЯ» ЗАМОЖНЫХ? Паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, цана пуцёўкi з улiкам «стандартнага» набору медыцынскiх працэдур у здраўнiцы на тэрыторыi Беларусi вагаецца ў межах 600—650 тыс., а ў беларускiя санаторыi за мяжой складае каля 1 млн рублёў. Зрэшты, у дадзеным выпадку трэба адразу зрабiць агаворку — зараз, у адрозненне ад мiнулага года, плацiць па поўнаму кошту давядзецца не ўсiм, а толькi грамадзянам з па-сапраўднаму высокiмi даходамi. — З 1 студзеня ў краiне зноў вярнулася шкала частковай аплаты за пуцёўкi, — нагадвае Генадзь Балбатоўскi. — Скажам, грамадзянам з даходамi да 0,5 сярэднямесячнай зарплаты па краiне трэба аплачваць 15 працэнтаў сабекошту пуцёўкi ў перыяд з 1 лiстапада па 30 красавiка i 20 працэнтаў — у перыяд з 1 мая па 31 кастрычнiка, грамадзянам з даходам ад 0,5 да 1 сярэдняй зарплаты — адпаведна 20 i 30 працэнтаў, з даходам ад 1 да 1,5 сярэдняй зарплаты — 30 i 40 працэнтаў, ад 1,5 да 2 сярэднiх зарплат — 40 i 55 працэнтаў, ад 2 да 3 сярэднiх зарплат — 50 i 70 працэнтаў, ад 3 да 4 сярэднiх зарплат — 60 i 80 працэнтаў, ад 4 да 5 сярэднiх зарплат — 85 i 90 працэнтаў. I толькi для асобаў з даходам больш за 5 сярэднiх па краiне зарплат прадугледжана 100-працэнтная аплата. Разам з тым трэба падкрэслiць: сёлета такi парадак частковай аплаты за пуцёўкi датычыцца не толькi працуючых грамадзян. Шкала па сутнасцi стала адзiнай для ўсiх, i ў тым лiку — для ваеннаслужачых, супрацоўнiкаў МУС, прадстаўнiкоў iншых сiлавых структур, а таксама для пенсiянераў. Прычым тыя ж ветэраны працы будуць накiроўвацца на аздараўленне не толькi ў спецыялiзаваныя санаторыi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, але i ў «звычайныя» здраўнiцы — для гэтага па лiнii мiнiстэрства выдаткоўваецца 5 млрд рублёў. Яшчэ адно значнае новаўвядзенне датычыцца скасавання традыцыйнай кампенсацыi для «льготных» катэгорый грамадзян за нявыкарыстаную пуцёўку. Замест яе сёлета ўведзена грашовая дапамога на аздараўленне ў памеры 10 базавых велiчынь. У прыватнасцi, права на такую дапамогу (зноў-такi ў выпадку неатрымання пуцёўкi) зараз маюць Героi Беларусi i Савецкага Саюза, Героi Сацыялiстычнай Працы, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, непрацуючыя iнвалiды Вялiкай Айчыннай i iнвалiды баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, непрацуючыя ўдзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны i непрацуючыя асобы, што бралi ўдзел у размiнiраваннi тэрыторый i аб’ектаў пасля вызвалення ад акупацыi ў 1943—1945 гадах, нарэшце, непрацуючыя ваеннаслужачыя i iншыя «сiлавiкi», якiя сталi iнвалiдамi пры выкананнi службовых абавязкаў. Пенсiянеры змяняюць адрас звароту Наяўнасць медыцынскiх паказанняў плюс адсутнасць процiпаказанняў — гэтыя ўмовы санаторна-курортнага лячэння застаюцца ранейшымi. Мiж тым пытанне, дзе атрымаць пуцёўку, выклiкала цiкавасць заўсёды. Тым больш, што сёлета ў парадку размеркавання адбылiся пэўныя змены. Цi не асноўная з iх датычыцца пенсiянераў — зараз iм трэба звяртацца ўжо не ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, а да спецыялiстаў Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню па месцы прапiскi. — Апроч таго, таксама праз падраздзяленнi цэнтра па месцы прапiскi робiцца выдача пуцёвак прадпрымальнiкам, якiя плацяць узносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання цi якiя вызвалены ад такiх узносаў, дзецям-сiротам i дзецям, што засталiся без апекi бацькоў, i дзецям-iнвалiдам ва ўзросце да 18 гадоў, — працягвае Генадзь Балбатоўскi. — У той жа час працуючыя грамадзяне павiнны звяртацца ў камiсii па аздараўленню па месцы працы, ваеннаслужачыя i iншыя «сiлавiкi» — па месцы службы, а студэнты — па месцы навучання. Застаецца дадаць, што прадастаўленне пуцёвак непаўналетнiм дзецям здзяйсняецца па месцы работы, службы цi навучання аднаго з бацькоў, а непаўналетнiм дзецям прадпрымальнiкаў, якiя плацяць сацстрах, — праз мясцовыя структуры Рэспублiканскага цэнтра. Бацькi ў межах 10 працэнтаў Аднак аб дзецях — гаворка асобная. Факт застаецца фактам: працяглы час з-за кепскага санiтарнага стану i неадпаведнасцi ўмовам бяспекi ў Беларусi штогод зачынялася як мiнiмум па пяць летнiх аздараўленчых лагераў. Таму, да прыкладу, летась iх засталося 226. Аднак, заўважае Генадзь Балбатоўскi, сёлета стаiць задача максiмальна захаваць гэтую лiчбу — прынамсi, на падрыхтоўку летнiкаў да сезона са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання плануецца выдаткаваць 1 млрд рублёў. Праўда, цi будуць захаваны ўсе 226 стацыянарных лагераў — яшчэ невядома. У любым выпадку ўсё будзе залежаць выключна ад вынiкаў праверак. Тым больш, што патрабаваннi да летнiкаў больш мяккiмi не стануць — кожная з гэтых устаноў павiнна мець нармальную тэмпературу ў памяшканнях i гарачую ваду. Плюс да таго, каб забяспечыць вартыя ўмовы, на працягу лета дзяцей будуць прымаць на аздараўленне санаторыi, прафiлакторыi i турыстычныя цэнтры. Да слова, па традыцыi заезды распачнуцца ў пачатку чэрвеня. Пры гэтым застаецца правiла: за выключэннем дзяцей-чарнобыльцаў, сiрот i дзяцей, што засталiся без бацькоўскай апекi, адзiн школьнiк зможа патрапiць у летнiк толькi на адну змену. А ў сваю чаргу мiнiмальная працягласць апошняй вызначана ў 18 дзён. Тым часам, паводле звестак Рэспублiканскага цэнтра, сёлета поўны сярэднi кошт пуцёўкi ў стацыянарны аздараўленчы лагер для дзяцей складзе 360 тыс. рублёў. Зразумела, што тут магчымы ваганнi як у большы, так i ў меншы бок. Разам з тым можна заўважыць: звыш паловы гэтай сумы «кампенсуе» датацыя са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Для кругластутачных лагераў сёлета яна павялiчана на 10 тысяч i вызначана ў 185 тыс. рублёў на змену. I, дарэчы, аналагiчная датацыя для дзённых лагераў складзе 70 тыс., а для профiльных лагераў працягласцю 9 дзён — 80 тыс. рублёў. Апроч таго, плануюцца дадатковыя датацыi па лiнii асобных арганiзацый i з мясцовых бюджэтаў. Такiм чынам, зазначае Генадзь Балбатоўскi, памер непасрэдна бацькоўскай даплаты за пуцёўку для школьнiкаў будзе вагацца ў межах 10 працэнтаў ад яе сабекошту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сярэдзiна вясны традыцыйна лiчыцца часам пачатку перыяду масавых адпачынкаў. Дарэчы, чакаецца, што сёлета толькi праз Рэспублiканскi цэнтр па аздараўл
|
|