21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сем дзён нараджэння

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хто сказаў, што шматдзетная мацi — вечна стомленая хатняя гаспадыня? Алена Лукашэвiч — паспяховы спецыялiст, цiкавая жанчына, мацi пяцярых дзяцей



Алена Васiльеўна нядаўна вярнулася з курсаў павышэння квалiфiкацыi ў Мiнску. Яна — урач вышэйшай катэгорыi, якую, як вядома, трэба перыядычна пацвярджаць. Пакуль мама вучылася ў сталiцы, з трыма малодшымi, з усёй хатняй гаспадаркай паспяхова справiўся галава сям’i. Аляксандр Гаўрылавiч, фармацэўт па спецыяльнасцi, чалавек вельмi памяркоўны i разважлiвы. Сведчаннем таму можа быць адзiн факт, сведкай якога я стала: муж з жонкай нечакана заспрачалiся наконт мэтазгоднасцi ўжывання вiтамiнаў працяглы час. Як чалавек, што мае справу з фармакалогiяй i пастаянна вывучае ўласцiвасцi лекавых прэпаратаў, Аляксандр Лукашэвiч лiчыць, што вiтамiны лепш пiць пастаянна, асаблiва ў асеннiя i зiмовыя месяцы. Доктар Алена Лукашэвiч прытрымлiваецца меркавання, што вiтамiннымi прэпаратамi захапляцца не трэба. Найперш яны паказаны людзям, аслабленым хваробамi, пасля аперацыi, у шэрагу iншых выпадкаў. Дык вось, каб дастойна закончыць дыскусiю, Аляксандр Гаўрылавiч павярнуў размову ў бяспройгрышны бок, загаварыў пра мэтазгоднасць iндывiдуальнага падыходу ў справе прызначэння прэпаратаў i неабходнасцi павышанай дозы вiтамiнаў у тых выпадках, пра якiя гаворыць жонка. Вось так дыпламатычна спрэчка была завершана. Усё ў яго менавiта такiм чынам атрымлiваецца: хутка, ненавязлiва i грунтоўна.

Алена ўспомнiла, як некалi свякроў цi то жартам, цi то ўсур’ёз сказала ёй: «З такiм мужам, як твой, можна мець i пяцёра дзяцей». Тады яна не тое каб пакрыўдзiлася, але ўнутры не пагадзiлася з мацi мужа. Новаспечаны ўрач на пачатку работы, пра якую марыла, да якой iмкнулася, хацела дасягнуць пэўных поспехаў, можа, зрабiць кар’еру. Тым больш што яе амаль адразу паставiлi загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Антопальскай пасялковай бальнiцы. Як маладым спецыялiстам сям’i Лукашэвiчаў выдзелiлi дом. Адзiн за адным нарадзiлiся сыны Аляксандр i Вiталь. Але мацi заўсёды марыла мець дачушку. Усё часцей успамiналiся словы свекрывi, i з гадамi рабiлася вiдавочнай iх справядлiвасць. Аляксандр сапраўды быў падтрымкай i апорай ва ўсiм. I яна нават не чакала, што ўсяго толькi нясмелае разважанне наконт таго, цi пацягнулi б яны траiх дзяцей, муж падтрымае i ва ўласцiвай яму манеры разважыць i абгрунтуе так, што ў яе i сумненняў не застанецца. Карацей кажучы, Алег нарадзiўся i чаканым, i жаданым дзiцем. Ну i што, што не дзяўчынка! Значыць, лёс такi — мець трох сыноў. Тым больш што першыя вялiкiх цяжкасцяў i клопатаў бацькам не прыносiлi. Вучылiся заўсёды з цiкавасцю, з ахвотай. Асаблiвую схiльнасць праяўлялi да матэматыкi i ўсiх дакладных навук.

Раслi дзецi. Бацькi нават адзiн час падумвалi аб тым, як перабрацца ў райцэнтр. Работа для медыкаў знайшлася б у горадзе, i з жыллём нешта вымалёўвалася... Можа так у рэшце рэшт i адбылося б. Але аднойчы ў яе аддзяленнi лячыўся святар. Алена Васiльеўна любiла пагаварыць з гэтым вельмi iнтэлiгентным i надзвычай цiкавым чалавекам. Яна лячыла яго цела, а ён нiбы лекаваў яе душу. I неяк паступова той незвычайны пацыент падвёў свайго доктара да думкi аб неабходнасцi вянчання.

Яны вянчалiся ў невялiчкай вясковай царкве пасля дзесяцiгоддзя сумеснага жыцця. Алена i зараз успамiнае тую падзею як найвялiкшае свята сваёй сям’i i сваёй душы. Каб расказаць, якое шчасце адчула ў тым старэнькiм храме, не шкадуе самых узнёслых слоў.

У наступныя гады нарадзiлiся дочкi Таццяна i Вольга. Так сталася. «Хiба маглi мы перашкодзiць паяўленню на свет дзяўчынак пасля вянчання?» — задае рытарычнае пытанне Алена. Тым больш што Бог паслаў ёй дачок, як хацела, памочнiц. Таня зараз вучыцца ў трэцiм класе, Волечка, усеагульная любiмiца, толькi пайшла ў дзiцячы садок. Яна вельмi хуткая, рухавая, гэткая трохгадовая мастачка i натуралiстка. Схiльнасцi да малявання юнай паненкi прыкметныя i на шпалерах, на фiранках, на яе любiмай падушачцы. А вось жывую прыроду малодшая з Лукашэвiчаў вывучае не толькi па адпаведнаму каналу «Бi-бi-сi». Два каты выдрэсiраваныя ёй уласнаручна так, што выконваюць любы капрыз гаспадынi. Калi яна ўнесла ў пакой за шкурку вялiкага чорнага ката, мне зрабiлася страшна. Але бацькi супакоiлi: ён не падрапае i не пакусае дзiця, ён прывык. I сапраўды, магутны кацяра вiсеў, як мяшок, у руках сваёй валадаркi, пакуль тая яго не адпусцiла. Потым на змену таварышу прыйшоў белы кот i яго велiкадушна пагладзiлi. Каты, вядомая справа, лiслiвыя жывёлiны. Але цiкава было назiраць, як лашчацца да дзяцей казляняты, акурат як тыя каты, труцца галовамi аб нагу. У гаспадарцы Лукашэвiчаў ёсць каза i двое малых, якiх усе разам даглядаюць.

Гаспадарка ў сям’i невялiкая: каза, свiнка ды куры. Але падмога сямейнаму бюджэту з гэтай жыўнасцi выходзiць добрая. Заадно i дзецi да працы прывучаюцца, пазнаюць, што адкуль бярэцца. Таня, старэйшая дачка, вучыцца ў трэцiм класе. Захапляецца маляваннем, рознымi падзелкамi, аплiкацыямi. Яе работамi завешана сцяна ў бацькоўскай спальнi, бо свае творы Танечка найбольш любiць дарыць маме. Аляксандр Гаўрылавiч перакананы, што час, у якi нараджаюцца дзецi, мае вельмi вялiкi ўплыў на станаўленне iх асобы. Дачок ён называе прадстаўнiкамi сучаснага камп’ютарна-iнфармацыйнага пакалення. Сярэднi Алег таксама дзiця новай хвалi, ужо з камерцыйна-прагматычнымi схiльнасцямi. Толькi вось яго любоў да чытання не ўпiсваецца ў стэрэатып сучасных падлеткаў, якiя «Вайну i мiр» чытаюць па Iнтэрнэту ў пераказе. Ён чытае запоем. Нават калi бацькi зробяць заўвагу, што час заняцца матэматыкай, васьмiкласнiк прызвычаiўся хаваць у падручнiк мастацкi твор i пацiхеньку чытаць любiмы сюжэт. Гэта можна растлумачыць хiба толькi генамi. I дзед, i бабуля Алега працавалi настаўнiкамi. Чытанне было сямейнай традыцыяй i ў доме Алены, i ў доме Аляксандра.

А ўжо старэйшыя сыны, якiх бацька называе яшчэ трошачкi савецкiмi дзецьмi, дакладна пайшлi ў дзеда, настаўнiка матэматыкi. Аляксандр займаецца на чацвёртым, Вiталь на другiм курсе факультэта прыкладной матэматыкi Белдзяржунiверсiтэта. Старэйшы ўжо працуе ў вольны ад вучобы час праграмiстам у адной фiрме. Калi ён паступiў, расказаў бацька, то адчувалася адставанне выпускнiка сельскай школы ад равеснiкаў, якiя скончылi сталiчныя лiцэi, гiмназii, гадамi займалiся з рэпетытарамi. Але Саша Лукашэвiч сваiм стараннем, сваёй працавiтасцю ўжо ў першы год дагнаў аднакурснiкаў. Такiм чынам малодшаму брату было з каго браць прыклад. Цяпер хлопцы жывуць у адным пакоi iнтэрната. I гэтым вельмi задаволена мацi. Зручней перадаваць валiзку з харчамi ў адзiн адрас i быць спакойнай, што двое будуць негалодныя.

Вывучыць усiх, вызначыць у жыццi — зараз галоўная задача сям’i Лукашэвiчаў. «Раней я мог з прыяцелямi пасля лазнi-рыбалкi i за чаркай пасядзець, — смяецца Аляксандр Гаўрылавiч. — А цяпер не дазваляю сабе. Трэба ж здароўе добрае мець, каб усiх на ногi паставiць. Вось i стымул для тых, хто сумняваецца ў патрэбе вялiкай сям’i».

Алена Васiльеўна таксама лiчыць, што сям’я не аднiмае сiлы, а наадварот служыць крынiцай энергii i аптымiзму. У iх доме ў пашане гумар i дапамога адно аднаму. Зноў варта ўспомнiць свякроў з яе выразам: «Бог дасць дзяцей, дасць i сiлы iх гадаваць». У дэкрэтным водпуску яна нiколi не была больш за паўгода. Наймала няньку, што даглядала дзiця да трох гадоў. А сама спяшалася на работу ў сваё аддзяленне, дзе чакалi хворыя. Раней у яе лячылася да 60 чалавек адначасова. Як у любой сельскай бальнiцы, выпадала праводзiць рэанiмацыю, аказваць экстранную дапамогу. Сельскi доктар — у пэўным сэнсе «ўнiверсальны салдат». Работу сваю доктар Лукашэвiч заўсёды любiла. А калi апошнiм часам Антопальская бальнiца значна скарацiлася, тут была адкрыта раённая бальнiца сястрынскага догляду. Яе i ўзначалiла Алена Лукашэвiч, а ў сваiм ранейшым аддзяленнi яна засталася ўрачом-тэрапеўтам. Зараз яе галоўны клопат — 25 старых, нямоглых людзей, якiя ў асноўным толькi зiмуюць у бальнiцы. Алена Васiльеўна кажа, што такiя ўстановы — вельмi гуманны i правiльны падыход дзяржавы да праблемы састарэлых людзей. Iх, па сутнасцi, ратуюць ад гiбелi ў адзiноце i падаўжаюць жыццё. У бальнiцы жывуць людзi або зусiм бяздзетныя, або тыя, каго па нейкiх прычынах няма каму даглядаць. А большасць з гэтых старых усё жыццё сумленна працавалi на карысць дзяржавы. Вось дзяржава i аддае iм належнае.

— Нядаўна ў нас зроблены капiтальны рамонт, — расказвае не без гонару загадчыца ўстановы сястрынскага догляду. — Пацыенты жывуць у цяпле, у чысцiнi, санiтаркi, што працуюць круглыя суткi, уважлiвыя. I гэта ўсё мой клопат. Я цэлымi днямi на рабоце. З хатняй гаспадаркай спраўляецца муж. А за адзiн дадатковы выхадны, што даецца шматдзетнай мацi, паспяваю разабрацца з уборкай, бялiзнай, агародам, у горад з’ездзiць па справах, сама ваджу машыну. Вось так i жывём. Не сумуем. Сумаваць дакладна няма калi. Любiмыя святы? Вiдаць, днi нараджэння. Iх усе адзначаем, абавязкова ўсе сем.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Фота аўтара.

Драгiчынскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто сказаў, што шматдзетная мацi — вечна стомленая хатняя гаспадыня? Алена Лукашэвiч — паспяховы спецыялiст, цiкавая жанчына, мацi пяцярых дзяцей
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика