Каментарый да праекта Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб вышэйшай адукацыi»
Закон «Аб вышэйшай адукацыi» з’яўляецца ўнiкальным, па-першае, таму, што да гэтага часу ў нашай краiне адсутнiчаў адзiны дакумент, якi б вызначаў работу беларускiх ВНУ. А па-другое, з яго прыняццем на заканадаўчым узроўнi канчаткова замацоўваецца беларуская мадэль развiцця вышэйшай адукацыi i спыняюцца ўсялякiя спрэчкi адносна таго, якой быць гэтай мадэлi.
Скажу праўдзiва, вельмi няпроста iшла шматгадовая (больш за тры гады) работа над праектам гэтага Закона. Неабходна было ўлiчыць шматтысячныя меркаваннi студэнтаў i выкладчыкаў, рэктараў дзяржаўных i прыватных, грамадзянскiх i ваенных ВНУ, узгаднiць пытаннi нацыянальнага i iнтэрнацыянальнага, плаўна ўлiцца ў сусветны адукацыйны працэс i пры гэтым не згубiць лепшыя дасягненнi беларускай вышэйшай школы. Iснавалi два палярныя меркаваннi адносна нашай адукацыi, у тым лiку вышэйшай. Адны лiчылi, што яна даўно ўстарэла, не адпавядае патрабаванням сучаснасцi, таму мае патрэбу ў карэнным рэфармаваннi, пажадана па ўзору адукацыйных сiстэм Германii або ЗША. Iншыя, наадварот, расцэньвалi яе як самую найлепшую сярод мадэляў усiх краiн свету i адмоўна ставiлiся да любых новаўвядзенняў. Дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, рэальна ацэньваючы стан беларускай адукацыйнай сiстэмы, лiчылi i лiчаць яе дастаткова ўстойлiвай, з назапашаным у савецкi i постсавецкi час сур’ёзным патэнцыялам, якая не патрабуе радыкальных зменаў. Галоўная задача, якую мы ставiлi перад сабой, ствараючы Закон, не пагоршыць тое, што ёсць на сёння ў вышэйшай школе. Будучыя пакаленнi не даруюць нам капiраванне чужых i нават непрымальных беларускаму народу адукацыйных сiстэм, якiя могуць быць горшымi, чым наша ўласная сiстэма. Таму ў гэтым дакуменце мы захавалi лепшыя здабыткi беларускай вышэйшай адукацыi (нацыянальныя рысы, дзяржаўную падтрымку, даступнасць, бясплатнасць, справядлiвасць пры прыёме ў ВНУ, высокую якасць адукацыi, стабiльнасць функцыянавання, улiк сацыяльна-эканамiчных умоў) i адначасова, абапiраючыся на сусветныя адукацыйныя тэндэнцыi, выкарыстоўваючы вывераны вопыт iншых краiн, правялi мадэрнiзацыю структуры вышэйшай адукацыi. Дзякуючы сумеснай творчай рабоце Савета Мiнiстраў, дэпутатаў Нацыянальнага сходу, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканатворчай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, Рэспублiканскага савета рэктараў гэты дакумент, несумненна, стане першым у гiсторыi нашай краiны Законам, якi не толькi замацоўвае асаблiвасцi сучаснай вышэйшай адукацыi, яе прававыя, эканамiчныя, сацыяльныя i арганiзацыйныя асновы, але i Законам, якi вызначае перспектыву развiцця вышэйшай адукацыi шляхам устанаўлення дзяржаўнай палiтыкi ў сферы вышэйшай адукацыi. Згодна з гэтым Законам, дзяржава павiнна ствараць умовы для рэалiзацыi нашымi грамадзянамi канстытуцыйнага права на атрыманне вышэйшай адукацыi на конкурснай аснове, у тым лiку за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, для павышэння якасцi адукацыi, для развiцця сiстэмы вышэйшай адукацыi пры дапамозе фiнансавання дзяржаўных ВНУ, а таксама садзейнiчаць функцыянаванню i развiццю ВНУ ўсiх формаў уласнасцi. Арганiзацыйнай асновай рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы вышэйшай адукацыi з’яўляюцца праграмы яе развiцця, якiя зацвярджаюцца ўрадам Беларусi. Права на атрыманне вышэйшай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь будзе мець кожны, у тым лiку i замежныя грамадзяне, i асобы без грамадзянства, але на конкурснай аснове. Гарантуецца свабода выбару ВНУ, спецыяльнасцi, формы навучання (дзённая, вячэрняя або завочная, у тым лiку дыстанцыйная) i навучання на адной з дзяржаўных моў. Прычым рэалiзацыя права грамадзян на выбар дзяржаўнай мовы, якая выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, забяспечваецца шляхам стварэння ў ВНУ беларускамоўных i рускамоўных груп (патокаў). Прыём у ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыi будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасцi з Правiламi прыёму ў ВНУ, якiя зацвярджаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. У гэтых Правiлах прапiсаны ўсе моманты ўступнай кампанii: ад тэрмiну правядзення ўступных iспытаў да пералiку абiтурыентаў-iльготнiкаў. Раней былi выпадкi, калi, рыхтуючыся паступаць у ВНУ, абiтурыент вывучаў адзiн прадмет, а лiтаральна за месяц да ўступнай кампанii ВНУ мяняла экзамен па гэтаму прадмету на экзамен па iншаму або заяўляла, што замест тэста будзе свой унутраны экзамен. Цяпер Законам устаноўлена, што да 1 кастрычнiка ўсе ВНУ зацвярджаюць парадак прыёму i ў двухтыднёвы тэрмiн даводзяць яго да абiтурыентаў. Прынцыпова новым для беларускай вышэйшай школы з’яўляецца афiцыйнае ўстанаўленне дзвюх ступеняў вышэйшай адукацыi. Першая ступень — падрыхтоўка дыпламаваных спецыялiстаў (тэрмiн навучання на дзённай форме —1 год). Заўважу, што да 2005 года ў Беларусi не было адзiнага падыходу нi да колькасцi ступеняў вышэйшай адукацыi, нi да iх зместу. Прапаноўвалiся тры варыянты: бакалаўрыят — магiстратура, бакалаўрыят — падрыхтоўка дыпламаваных спецыялiстаў — магiстратура, падрыхтоўка дыпламаваных спецыялiстаў — магiстратура. Прычым, напрыклад, пад бакалаўрам у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце разумелi чалавека, якi валодае толькi тэарэтычнымi ведамi, але не валодае практычнай падрыхтоўкай (г.зн. няздольнага прыступiць да працоўнай дзейнасцi). Старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу У.М. ЗДАНОВIЧ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закон «Аб вышэйшай адукацыi» з’яўляецца ўнiкальным, па-першае, таму, што да гэтага часу ў нашай краiне адсутнiчаў адзiны дакумент, якi б вызначаў рабо |
|