Школа — у законе
Святлана БАРЫСЕНКА
Ажыццявiць пераход да такой агульнай сярэдняй адукацыi, якая б нарэшце сапраўды была арыентаваная на выхаванне Асобы з вялiкай лiтары, павiнен Закон «Аб агульнай сярэдняй адукацыi». Дакумент уступiў у сiлу ў студзенi гэтага года, але практычных зменаў у навучаннi дзяцей можна будзе чакаць толькi з наступнага навучальнага года. Цi гатовая школа працаваць па новаму закону? Такое пытанне агучыў на пасяджэннi «круглага стала» на тэму «Аб рэалiзацыi Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыi» старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i гуманiтарных пытаннях Анатоль Новiкаў. З выступленняў некаторых дакладчыкаў стала вiдавочна: не зусiм гатовая.
Паводле слоў намеснiка мiнiстра адукацыi Рэспублiкi Беларусь Казiмiра Фарыно, перш-наперш закон, якi складаецца з 8 раздзелаў i 51 артыкула, — гэта дакумент, якi зафiксаваў «усё, што мы маем у галiне агульнай сярэдняй адукацыi: яе даступнасць, бясплатнасць, абавязковасць базавай адукацыi, а таксама стварэнне ўмоў для атрымання абавязковай агульнай сярэдняй адукацыi, бо, па вялiкаму рахунку, практычна ўсе выпускнiкi базавай школы атрымлiваюць агульную сярэднюю адукацыю ў межах, напрыклад, сярэднiх спецыяльных або прафесiйна-тэхнiчных навучальных устаноў». У рэшце рэшт толькi 7 працэнтаў выпускнiкоў базавай школы не атрымлiваюць агульную сярэднюю адукацыю. Стварэнне ўмоў для атрымання апошняй усiмi вучнямi плануецца зафiксаваць i ў Кодэксе аб адукацыi, якi ў хуткiм часе павiнен быць прадстаўлены на зацвярджэнне ў Савет Мiнiстраў. Такiм чынам, закон замацаваў структуру агульнай сярэдняй адукацыi: дзве вышэйпамянёныя ступенi, тры ўзроўнi — базавы, павышаны i паглыблены, вызначыў статус новых тыпаў навучальных устаноў — лiцэя, гiмназii, школы з паглыбленым вывучэннем пэўнага прадмета. I ўсё гэта дзеля таго, каб школы наладзiлi вучэбны працэс так, каб ён спрыяў развiццю iндывiдуальных здольнасцяў дзяцей. Адзiн з артыкулаў паведамляе, што дырэктар агульнаадукацыйнай школы становiцца юрыдычнай асобай. На думку намеснiка мiнiстра, дырэктар сёння — гэта кiраўнiк-менеджар, якi адказвае за ўсе працэсы, у тым лiку за матэрыяльнае становiшча i настаўнiка, i ўласна ўстановы. Што датычыцца «перагрузак», то «перамагчы» iх дапамогуць 42 адукацыйныя стандарты, распрацаваныя па ўсiх вучэбных прадметах. А тыпавы вучэбны план, якi знаходзiцца зараз на ўзгадненнi ў Мiнiстэрстве юстыцыi, вызначае пералiк прадметаў, абавязковых для вывучэння. «Усё астатняе — ваш, кiраўнiкi школ i настаўнiкi, творчы падыход у справе раскрыцця iндывiдуальных схiльнасцяў i здольнасцяў вучняў», — падкрэслiў Казiмiр Фарыно. Ён указаў на недапушчальнасць укаранення да 40 гадзiн на тыднi абавязковых заняткаў. Безумоўна, у справе з нагрузкамi павiнен быць iндывiдуальны падыход, аднак аптымальнай застаецца нагрузка ў 30 гадзiн — па 6 на 5 дзён. Гаворка iдзе аб тым, што тыя ж гiмназii, каледжы, лiцэi павiнны браць у сэнсе павышэння якасцi адукацыi не колькасцю гадзiн у плане, а новымi тэхналогiямi. Прыведзена ў адпаведнасць i напаўняльнасць класаў. Так, у пачатковых класах — з 1-га па 4-ы — павiнна быць 20 вучняў, ва ўсiх астатнiх — 25, у профiльнай школе — не больш за 20. Аднак паводле слоў старшынi камiтэта па адукацыi Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта Уладзiмiра Шчэрбы, для сталiцы такi расклад справакуе павелiчэнне клас-камплектаў дзесьцi на 740 адзiнак, педагагiчных ставак — на 2140 адзiнак. Таму толькi на заработную плату з верасня па снежань 2007 года спатрэбiцца дадаткова вылучыць 4 мiльярды рублёў. А такiя сродкi, зразумела, не былi прадугледжаны ў бюджэце горада. — Для вырашэння сiтуацыi з 1 верасня гэтага года мы разглядаем прывядзенне ў норму напаўняльнасцi толькi першых класаў, — тлумачыць Уладзiмiр Шчэрба. — Разлiкi паказваюць, што для гэтага да канца года спатрэбiцца 0,3 мiльярда рублёў. Вылучыць такiя сродкi будзе цяжка, але магчыма за кошт змяншэння расходаў па iншых накiрунках. Прывядзенне ў норму напаўняльнасцi ўсiх астатнiх класаў магчымае толькi з 2008 года. Грашовыя выдаткi могуць быць прадугледжаны ў дадзеным выпадку ў праекце бюджэту на 2008 год пры ўмове павелiчэння агульнага аб’ёму фiнансавання i канструктыўнай пазiцыi мiнiстэрства фiнансаў. Сярод iншых спрагназаваных праблем называюцца i недахоп вучэбных плошчаў, i павышэнне каэфiцыента зменнасцi заняткаў. Што датычыцца апошняга, то ўжо зараз напаўняльнасць мiнскiх школ значна вышэй планавай магутнасцi. У дзве змены працуюць 40 працэнтаў. Акрамя таго, у сувязi з павелiчэннем тарыфаў на палiўна-энергетычныя рэсурсы нашай галiне, адзначае Уладзiмiр Шчэрба, дадаткова спатрэбiцца 11,2 мiльярда рублёў, а павелiчэнне зменнасцi заняткаў з верасня па снежань 2007 года справакуе дадатковыя расходы электраэнергii на суму 0,5 мiльярда рублёў. Куды, па якому прынцыпу пераводзiць «лiшнiх» дзяцей з класаў, напаўняльнасць якiх складае зараз, напрыклад, 28 чалавек? Як пазбегнуць фiнансавых праблем на шляху рэалiзацыi новага закона? На гэта i многiя iншыя пытаннi яшчэ трэба знайсцi адказ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ажыццявiць пераход да такой агульнай сярэдняй адукацыi, якая б нарэшце сапраўды была арыентаваная на выхаванне Асобы з вялiкай лiтары, павiнен Закон « |
|