21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Радаўнiца — дзень усеагульнай споведзi i пакаяння

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Народная энцыклапедыя

У сiстэме святкаванняў традыцыйнага беларускага календара побач са святамi, настрой якiх скiраваны на абнаўленне жыцця, ёсць святы, якiя заклiканы абуджаць памяць, ажыўляць галiнкi радаводнага дрэва, прымушаць яшчэ i яшчэ раз пераасэнсоўваць сваю ролю i месца ў гiстарычнай эстафеце пакаленняў свайго i агульначалавечага Роду. У аснове гэтых святаў ляжыць глыбокая пашана да продкаў, да тых прадзедаў, якiя ў розныя часы шматлiкiх лiхалеццяў абаранялi сваю зямлю i сям’ю ад паганых чужынцаў, якiя не скарылi галаву пад прэсiнгам палiтычных абставiнаў i аддавалi Богам надоранае Жыццё за сваю Радзiму, за шматвяковае iмкненне «людзьмi звацца!»



Даўняя беларуская традыцыя правядзення каляндарных або сямейна-родавых святаў абапiралася на некалькi залатых правiлаў нашай духоўнай культуры, сярод якiх найважнейшым было абавязковае ўшанаванне продкаў. Жанчына, у якой памерлi дзецi, не мела права есцi яблыкi новага ўраджаю да Яблычнага Спаса, каб, не дай Бог, святы Пётр не абмiнуў душу яе дзiцяцi райскiм яблыкам у такiм жа Райскiм садзе. Тая ж жанчына, калi прыходзiла ў лес збiраць ягады, то першыя тры жменькi кiдала ўбок — ахвяравала душы памерлага. Адразу ж пасля вянчання маладыя наведвалi могiлкi, каб заручыцца бласлаўленнем продкаў на доўгi шлях сумеснага жыцця.

Шмат гадоў таму адна беларуская жанчына з-пад Лоева сказала нам мудрую, выключную па сваёй высакароднасцi фразу: «Не чапай зямлю да Радаўнiцы, — можа быць смерць у тваёй сям’i». Адвечная мудрасць гэтага залатога правiла тлумачыцца наступным чынам: перш чым узяцца за рыдлёўку i пайсцi наводзiць парадак на сваiм прысядзiбным участку, схадзi i навядзi парадак на магiлах сваiх продкаў.

Аднак найбольшае пашырэнне, асаблiва ў апошнiя дзесяцiгоддзi, на Беларусi атрымала традыцыя памiнаць продкаў на дзевяты дзень пасля Пасхi — Вялiкадня, у аўторак на другiм паслявелiкодным тыднi, якi атрымаў самую загадкавую назву — Радаўнiца. Гiсторыя нашай шматвяковай традыцыйнай культуры абрала ў якасцi адзiнага дня ўшанавання памерлых суботу. Некалi iх было шмат: Мясаедная субота перад Масленiцай, Мiкольскiя Дзяды — субота перад зiмовым Мiколам, шэраг субот у перыяд Вялiкага посту. I толькi Радаўнiца выбiлася з гэтай адпрацаванай сiстэмы. Аднак аўторак на другiм, Фамiным, тыднi пасля Вялiкадня стаў ключавым днём нашай усеагульнай пашаны зусiм невыпадкова. У традыцыйнай культуры беларусаў дзейнiчае вельмi ўплывовы ўнiверсальны рытм, аснову якога складаюць наступныя магiчныя лiчбы: 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год. У даным выпадку якраз дзевяты дзень пасля святкавання Вялiкадня i стаў найбольш пашыраным днём правядзення свяшчэннага дыялогу памiж памерлымi продкамi i iх жывымi нашчадкамi.

Радаўнiца — свята споведзi, дзень духоўнага прасвятлення, асаблiвай павагi да сваiх каранёў. Безумоўна — гэта дзень высакароднага яднання нацыi, рытуал, якi скiраваны на «лячэнне» ад нашага бяспамяцтва, дзень пачцiвага гонару за моц нашага радаводнага дрэва. Адначасова гэта свята ўсеагульнага духоўнага ачышчэння, перш за ўсё ад страху, якi быў асiнавым калом убiты ў свядомасць шэрагу апошнiх пакаленняў савецкiх людзей. Узгадайце: у кожнай вясковай хаце яшчэ на пачатку ХХ ст. была бэлька (яна знаходзiлася блiжэй да чырвонага кута), на якой выразалiся або ўпiсвалiся iмёны памерлых дамачадцаў на працягу не менш чым стагоддзя. У 30—40-я гады мiнулага стагоддзя дзесяткi тысяч нашых суайчыннiкаў былi этапiраваны на бяскрайнiя прасторы Усходняй Сiбiры, пасля чаго амаль што ў кожнай сям’i было накладзена няпiсанае табу на ўспамiны пра сваiх бацькоў, дзядоў i прадзедаў. А каб часам унукi не прачыталi гэтыя iмёны на радаводных бэльках сваiх хат, iх проста зашылi абгабляванымi да бляску дошкамi. I памяць унукаў стала нагадваць блiскучую паверхню чыстых дошак. Менавiта таму сучасныя фамiльныя склепы на вясковых могiлках застаюцца адзiнай повяззю не толькi са сваiм родам, але i з гiсторыяй свайго шматпакутнага народа.

Як знак агульначалавечай памяцi, нашы продкi пакiнулi нам у спадчыну некаторыя правiлы рытуальнага дыялогу памiж прадстаўнiкамi розных пакаленняў, памiж жывымi i памерлымi. Прывядзём некаторыя з iх.

Сiмвалам нашай памяцi з’яўляецца абавязковае прыбiранне кожнай магiлкi. Яе ачышчаюць ад смецця, а затым пасыпаюць свежым жоўтым пяском. Нельга, каб на магiле раслi высокiя кусты жывых кветак: магiлы ўпрыгожваюць толькi нежывымi кветкамi. Каля кожнага крыжа, каля кожнага помнiка ставяць маленькi жалобны стол-ахвяраванне: сподачак, чарку гарэлкi, наверх кладуць адзiн кавалачак хлеба, побач — адно чырвонае яйка, адну цукерку, адну пячэнiну. Сёння ўслед за незразумелым iмкненнем iсцi да памерлага з дзвюма кветкамi, каля крыжа могуць пакласцi дзве цукеркi, што заўсёды было, а ў нашых усiх суседзяў i засталося сiмвалам жывых людзей. Успомнiце: дома, калi вы чакаеце гасцей, то на кожную персанальную талерку вы пакладзяце па два кавалачкi хлеба, таму што госцi прыходзяць да вас парамi.

Затым распачынаецца сцiплая рытуальная трапеза. Але гэта не застолле, гэта не п’янка-лаянка, а сiмвал далучэння да многiх пакаленняў продкаў, сiмвал iх запрашэння да свайго стала. Таму абрад «хрыстосавання» з памерлымi праходзiў наступным чынам. Папрасiце дзяцей пакачаць фарбаваным яйкам па кожнай магiле i пакласцi яго каля помнiка або крыжа. Потым адно пасвяцонае яйка вы падзелiце на столькi кавалачкаў, колькi чалавек сабралася за вашым памiнальным сталом. Па кругу пускаецца толькi адна чарка — яна зробiць сiмвалiчнае кола, тым самым паяднае ўсiх жывых, адновiць цэласнасць вашага роду, якая была парушана смерцю апошняга сваяка.

Пры гэтым кожны з дарослых (той, каму можна прыгубiць кiлiшак) выканае наступнае рытуальнае дзеянне: некалькi кропель гарэлкi вылье на магiлку, сярэднюю частку вып’е сам, а на дне пакiне некалькi кропель. Чарку напоўняць зноў i перададуць наступнаму прысутнаму. Той, у сваю чаргу, усё паўторыць у той самай паслядоўнасцi. Кропля-сляза, кропля-бяда будзе хадзiць па ланцужку жывых i знiтоўваць-аднаўляць радаводнае кола. Менавiта з гэтай нагоды на вяселлях кажуць: «Першую чарку дапiвай да дна, не пакiдай бяды (зла, гора, слёз)!»

Сiмвалiчным знакам абнаўлення жыццёвых клопатаў будзе не толькi свежы пясок, пасыпаны на магiлу, але i новыя фартушкi, вяночкi або ручнiкi, якiя павязваюць на надмагiльны крыж. Фартушкi звычайна белыя — гэта сiмвал «таго» свету, у якiм лунае душа памерлага. Але на кожным з iх жанчыны вышываюць або нашываюць невялiкi чырвоны крыжык — гэта сiмвал нашай памяцi, прыналежнасцi да свайго Роду, сiмвалiчны тэкст малiтвы, праз якую жывыя (iх сiмвалiзуе гарызантальная палоска) звяртаюцца па дапамогу да памерлых (iх сiмвалiзуе вертыкальная палоска), да Нябёсаў, да Бога надарыць iх шчасцем Жыцця, Радасцi i Любовi ў новым колазвароце клопатаў, распачатым Вялiкiм днём Уваскрэсення Збавiцеля.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сiстэме святкаванняў традыцыйнага беларускага календара побач са святамi, настрой якiх скiраваны на абнаўленне жыцця, ёсць святы, якiя заклiканы абу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика