Як радасны адказ на вечныя пытаннi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
У нядзелю, 15 красавiка, а 10-й гадзiне ранiцы адкрыецца IX Мiжнародны фестываль Праваслаўных Песнапенняў. Пра ўзровень падзеi кажа ўжо той факт, што сустаршынямi аргкамiтэта, якi ўзначальвае Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт, з’яўляюцца чатыры мiнiстры i мэр сталiцы. Але галоўны паказчык узроўню конкурсу — гэта склад удзельнiкаў. Сёлета на фестывалi можна будзе пачуць i ўбачыць калектывы, трапiць на канцэрты якiх — рэдкая магчымасць.
Напрыклад, на выступленне Армянскага камернага хору, якi прыязджае на спаборнiцтва ў намiнацыi прафесiяналаў, бiлетаў у Маскве не дастаць. Альбо дзе вы яшчэ пачуеце манашак-бандурыстак? Наўрад цi нават у самiм жаночым манастыры ва Украiне, дзе яны жывуць. Спаборнiчаць памiж сабой будуць таксама два архiрэйскiя хары — з Брэста i Уладзiмiра-на-Клязьме (Расiя). Акрамя 14 царкоўных хароў i ансамбляў у фестывалi возьмуць удзел 25 свецкiх калектываў, з iх — 5 прафесiйных. У Мiнск прыязджаюць госцi з Расii, Латвii, Балгарыi, Украiны, Славакii, Польшчы, Сербii, Арменii. Дзякуючы гэтаму фестывалю 15 гадоў таму ў Беларусi ўпершыню прагучалi са сцэны праваслаўныя лiтургiчныя песнапеннi. З 1995 года фестываль робiцца трошкi iншым — цяпер гэта своеасаблiвы абмен вопытам памiж царкоўнымi i свецкiмi (дзiцячымi i дарослымi) харамi. Фестываль праваслаўных песнапенняў мае свае асаблiвасцi, для ўдзелу ў iм неабходна валодаць майстэрствам выканання старажытнага знаменнага распеву, а таксама ўжытковага песнапення, звычайна прысвечанага беларускiм святым, акрамя таго, для свецкiх калектываў абавязковым з’яўляецца выкананне праваслаўнага песнапення сучаснага аўтара. Па сутнасцi, для таго фестываль i ладзiцца — каб заахвоцiць рэгентаў i дырыжораў звяртацца да асноў музычна-пеўчай культуры Праваслаўнай царквы. Менавiта царкоўная музыка, лiчаць знаўцы, здольная раскрыць патаемны сэнс Божага Пiсання, у натхнёным iмгненнi пераўтварыць душу. — Абуджэнне ў чалавеку духоўнага пачатку, дапамога яму ва ўсведамленнi сябе асобай непаўторнай, выхаванне ў iм пачуцця дабраты да сябе падобных — гэта справа першаснай важнасцi, — сказаў Уладыка Фiларэт. — Будзе ў душы чалавечай мiр i парадак — будзе добрапрыстойна i ў нашым грамадстве. Сёлета фестываль пашырае сваю геаграфiю: акрамя сталiчных храмаў i канцэртных пляцовак ён пройдзе ў Клецку, Нясвiжы, Жодзiне, Бабруйску, Мiханавiчах. У рамках фестывалю адбудзецца навуковая канферэнцыя «Знаходжанне вобраза: духоўны вопыт i адкрыццi рэстаўратараў». Усе канцэрты, акрамя тых, якiя пройдуць у залах Белдзяржфiлармонii, з’яўляюцца дабрачыннымi — уваход на iх вольны. Адкрыецца фестываль Лiтургiяй у Кафедральным саборы Мiнска, пасля якой сталiцу i гарады-ўдзельнiкi напоўнiць саборны звон галоўных храмаў. У сераду, 18 красавiка, у Канцэртнай зале Белдзяржфiлармонii на канцэрце адкрыцця фестывалю выступяць ансамбль царкоўнаслужыцеляў «Срэценне» (Кiеў) i Дзяржаўны камерны хор Рэспублiкi Беларусь. За гадзiну да гэтага, на прыступках фiлармонii, адбудзецца канцэрт званоў, якi зможа пачуць кожны, хто пажадае. Такi ж званарны канцэрт стане прэлюдыяй i да гала-канцэрта з удзелам лаўрэатаў i дыпламантаў Фестывалю, якi таксама адбудзецца ў Белдзяржфiлармонii, але ўжо падчас закрыцця фестывалю — 22 красавiка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю, 15 красавiка, а 10-й гадзiне ранiцы адкрыецца IX Мiжнародны фестываль Праваслаўных Песнапенняў. Пра ўзровень падзеi кажа ўжо той факт, што
|
|