21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Тут робяць справу дзяржаўнай важнасцi

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб’яднанню «Белутармет» — 85 гадоў

— І бычкоў-свiней вырошчваем, станкi, электрарухавiкi вырабляем, i металалом збiраем, i нават плавiм метал....

Так гаварылi ў дзяржаўным аб’яднаннi «Белутармет» падчас нашага вiзiту сюды. А нагода для вiзiту была самая што нi ёсць сур’ёзная: тут адзначаюць 85-годдзе з дня стварэння ў савецкай краiне колiшняга ведамства «Металагандаль», або арганiзацыi, якая некалi i паклала пачатак «Белутармету». На гэту арганiзацыю на той час i была ўскладзена задача па збору i нарыхтоўцы металалому. Нямала гэтага металалому сабрана з таго часу, шмат якой прадукцыi атрымалi з яе народныя гаспадаркi былога Саюза i ўжо нашай краiны. Былое ведамства «Металагандаль» колькi разоў пераўтваралася i рэарганiзоўвалася, мяняла свае назвы, пакуль не набыло цяперашнi выгляд. Што ўяўляе сабой сучасны «Белутармет»? Гэта шырокаразгалiнаванае аб’яднанне, якое, як зразумела ўжо, мае разнастайныя вiды дзейнасцi. У яго склад уваходзяць 6 профiльных абласных самастойных прадпрыемстваў, якiя налiчваюць дзесяткi спецыялiзаваных цэхаў i ўчасткаў у зонах сваёй дзейнасцi; прадпрыемства «Белколермет» разам з даччыным прадпрыемствам у Жодзiне, прамысловыя прадпрыемствы «Палессеэлектрамаш» з Лунiнца i «Тэхнапрыбор» з Магiлёва, а таксама сельскагаспадарчае прадпрыемства «Арэхаўскае» ў Кобрынскiм раёне, або, згодна з афiцыйным структурным раскладам, — фiлiял «Арэхаўскае» прадпрыемства «Брэстутармет». Словам, цэлая вытворчая iмперыя, якой, безумоўна, не так лёгка кiраваць, у якой пры гэтым нямала якiя структурныя адзiнкi патрабуюць, так сказаць, кiравання ў чыста ручным рэжыме, г.зн. непасрэднага кiравання, а не шляхам тэлефонных званкоў з Мiнска. Напрыклад, на час падрыхтоўкi гэтага матэрыялу кiраўнiкi «Белутармета» практычна не вылазiлi з магiлёўскага прадпрыемства «Тэхнапрыбор». Аднак пра асобныя аспекты дзейнасцi «Белутармета» яшчэ будзе сказана нiжэй, а цяпер больш дэталёва спынiмся на яго асноўнай функцыi, а яна, вядома ж, па-ранейшаму заключаецца ў зборы, нарыхтоўцы i ў карпатлiвай перапрацоўцы металалому. Прычым у «Белутармеце» да гэтай сваёй асноўнай функцыi ставяцца з надзвычайнай адказнасцю. Напрыклад, тут вельмi востра рэагуюць, калi бачаць, як у некага з iх патэнцыяльных здатчыкаў лому гэты самы лом лiтаральна валяецца пад плотам.

— Ды здайце яго нам, — заклiкае намеснiк генеральнага дырэктара аб’яднання Мiкалай Бондар. — Не чакайце, пакуль ваш камбайн, якi ўжо адпрацаваў сваё i стаiць без усялякай патрэбы, з’есць iржа. Здасце — яшчэ i немалыя грошы за гэта атрымаеце, якiя многiя выпрошваюць то на сяўбу, то на жнiво, то яшчэ на што-небудзь. Гэта — па-першае, а па-другое, трэба i пра экалогiю думаць, не загрувашчваць сваiм ломам навакольнае асяроддзе.

Да слоў Мiкалая Бондара варта дадаць: у «Белутармеце» не толькi i не проста заклiкаюць сваiх iснуючых i патэнцыяльных здатчыкаў лому да таго, каб яны, фiгуральна кажучы, нiчога не трымалi ў сябе пад плотам, але пры паступленнi адпаведнай заяўкi тут жа, са сваiм аўтатранспартам, прыедуць да заяўнiка, парэжуць яго габарытны лом, самi пагрузяць гэты лом i даставяць да сябе. Падчас падрыхтоўкi матэрыялу мы пабывалi ў двух цэхах прадпрыемства «Мiнскутармет» — Гатаўскiм (пад Мiнскам) i Барысаўскiм. У прыватнасцi, барысаўчане за мiнулы месяц з усяго перапрацаванага iмi металалому амаль палову яго забралi ў здатчыкаў менавiта такiм вось чынам, г.зн. самi, а ў Гатаве падобны самавываз даходзiць да 80 працэнтаў. Плата за ўсе адпаведныя паслугi або за тое, каб парэзаць металалом на месцы, пагрузiць яго i даставiць у цэх (для далейшай перапрацоўкi), як зазначаюць у Гатаве, зусiм невялiкая.

***

Вiдаць, не варта нагадваць пра важнасць збору i нарыхтоўкi металалому ў нашай краiне, якая не мае адпаведных прыродных багаццяў. Металалом аб’яўлены ў нас стратэгiчным рэсурсам, нi адзiн кiлаграм яго не павiнен заставацца безгаспадарным, без усякай карысцi валяцца пад тым жа плотам. На яго нарыхтоўку практычна ўведзена дзяржаўная манаполiя, iснуе дзяржаўны заказ; яго забаронена прадаваць за мяжу (за выключэннем таго металалому i адходаў металаапрацоўкi, якiя нельга выкарыстаць у краiне). Правядзенне адзiнай палiтыкi ва ўсёй гэтай адказнай справе i даручана менавiта дзяржаўнаму аб’яднанню «Белутармет», якое пры гэтым выступае ў ролi дзяржаўнага заказчыка. Разам з тым «Белутармет», згодна з папярэдне заключанымi дагаворамi, непасрэдна сам i нарыхтоўвае металалом на прадпрыемствах i ў арганiзацыях. Пры гэтым варта ўдакладнiць: тыя ж прадпрыемствы, калi яны маюць сваю лiцейную вытворчасць, могуць выкарыстоўваць свой металалом i адходы металаапрацоўкi непасрэдна ў сябе або адгружаць яго для лiцеек iншых прадпрыемстваў. Усё гэта, тым не менш, робiцца са згоды «Белутармета», па яго нарадах. I яшчэ: зборам металалому, але ўжо ў насельнiцтва, займаецца i Белкаапсаюз. Колькасць «саюзаўскага» металалому зусiм невялiкая, пры гэтым ён усё роўна паступае потым у цэхi i на ўчасткi «Белутармета». Словам, увесь рух металалому ў краiне тут дакладна фiксуецца, вядзецца яго строгi ўлiк.

Такiм чынам, «Белутармет» выступае як непасрэдным арганiзатарам i каардынатарам усёй справы, так i яе непасрэдным удзельнiкам. Прычым «Белутармет» нарыхтоўвае i найбольшую колькасць металалому. У мiнулым годзе ў краiне вернута ў гаспадарку 1250 тысяч тон металалому i адходаў так званых чорных металаў — з гэтай колькасцi амаль мiльён тон прайшоў менавiта праз цэхi i ўчасткi «Белутармета». «Мы яго ў сябе сартуем, напрыклад, асобна адбiраем адходы з легiраванай сталi, адходы чыгуна i г.д., пакетуем, рэжам на кавалкi патрэбных размераў — у адпаведнасцi з патрабаваннямi стандартаў i тэхнiчнымi ўмовамi. Словам, усё робiм для таго, каб потым металургi маглi без усякiх праблем загрузiць гэты металалом у свае плавiльныя печы», — расказваў намеснiк начальнiка вытворча-нарыхтоўчага аддзела ў Гатаве Iгар Аўтуховiч.

Куды адгружаецца сабраны i перапрацаваны «Белутарметам» металалом? У асноўным на Беларускi металургiчны завод у Жлобiне, якi ў свой час, пры яго ўзвядзеннi, i быў зарыентаваны выключна на выкарыстанне металалому. Гэта самы буйны ў краiне спажывец, туды з «Белутармета» накiроўваецца 80 працэнтаў усяго лому (апошнi таксама пастаўляецца для гомельскага «Цэнтралiта», Мiнскага завода ацяпляльнага абсталявання i на iншыя прадпрыемствы, якiя маюць сваю лiцейную вытворчасць; усiх такiх прадпрыемстваў у краiне — 50). БМЗ пры гэтым мае гадавую патрэбнасць у металаломе, якая перавышае 2 мiльёны тон. Як добра бачна, гэтага важнага стратэгiчнага рэсурсу яўна не хапае (нагадаем: усяго лому чорных металаў нарыхтавана ў краiне за мiнулы год 1250 тысяч тон). На тым жа БМЗ практычна больш за палову лому вымушаны купляць за мяжой, прычым па больш высокай цане. I яшчэ тут жа варта дадаць: метал, якi выплаўлены з металалому, значна таннейшы за той, што выплаўляецца непасрэдна з руды. «Вось таму i гэткi актуальны для нас заклiк да таго, каб нiводзiн кiлаграм гэтага рэсурсу не прападаў марна», — падкрэслiваюць на «Белутармеце».

***

Як адзначалася ўжо, на «Белут-армеце» не толькi нарыхтоўваюць лом, але i дэталёва перапрацоўваюць яго. Па сутнасцi, менавiта на перапрацоўцы тут i зарабляюць. Для гэтага ў многiх цэхах аб’яднання задзейнiчана ўнiкальнае высокапрадукцыйнае абсталяванне, якое зводзiць да мiнiмуму ручную працу, дазваляе атрымлiваць так званую металургiчную шыхту (што i з’яўляецца мэтай той жа перапрацоўкi) належных якасных кандыцый. Увогуле, варта адзначыць, працэс перапрацоўкi металалому не такi ўжо i просты, гэты працэс у цэлым даволi працаёмкi. Лом у цэхi «Белутармета» ў многiх выпадках паступае, так сказаць, навалам, i з яго, як адзначалася ўжо, трэба асобна вычленiць чыгун, сталь, трэба аддзялiць каляровыя металы i г.д. У гатаўскiм цэху не так даўно ўстанавiлi iмпартны так званы шрэдарны комплекс, пакуль што адзiны ў Беларусi, за якi давялося заплацiць 5 мiльёнаў еўра. Як адзначаюць у «Белутармеце», гэта ўстаноўка творыць лiтаральна цуд. Так, раней было даволi цяжка разбiраць аўтамабiльны хлам, прычым пераважна ўсё рабiлася менавiта ўручную. Цяпер той жа аўтамабiль, якi паступае у цэх ужо ў якасцi металалому, можна цалкам загрузiць у гэту самую шрэдарную ўстаноўку, i праз некаторы час чорны метал выйдзе з яе асобна, каляровы — асобна, шкло i пластык зоймуць сваё, для iх прызначанае месца. Прадукцыйнасць устаноўкi — 60 тон у гадзiну. За год на ёй можна перапрацаваць каля 80 тысяч тон; у сыравiне, якую яна выдае, — нiякiх пабочных прымесяў. Увогуле гэта, адзначаюць у Гатаве, не ўстаноўка, а цэлы завод.

Вельмi добра i хутка рэжацца ў Гатаве металалом на гiдраўлiчных прэс-нажнiцах нямецкай вытворчасцi. Тут, у прыватнасцi, устаноўлены нажнiцы з намаганнем 900 i 1200 тон. Тут задзейнiчаны таксама магутныя прэсы, якiя пакетуюць лом, стружкадрабiлка. Практычна ўсе цэхi «Белутармета» аснашчаны спецыяльнымi магутнымi высокапрадукцыйнымi пагрузачна-разгрузачнымi машынамi (у аб’яднаннi гэтыя машыны называюць фуксамi, па назве замежнай фiрмы-вытворцы). У выпадках, калi нельга перапрацаваць лом механiчным шляхам, з дапамогай тых жа нажнiц або прэсаў, да яго прыступаюць газарэзчыкi. Зрэшты, перапрацоўка лому з дапамогай ручной газарэзкi займае адносна невялiкi працэнт. Да газарэзчыкаў звычайна паступаюць станiны ад станкоў i да таго падобныя «дэталi», на барысаўскiм ўчастку з дапамогай газарэзкi разбiраюць бранiраваныя карпусы былых танкаў.

«Белутармет» мае свой немалы аўтамабiльны парк, якi налiчвае 360 МАЗаў, апошнiя i задзейнiчаны на тым жа самавывазе металалому ад здатчыкаў. Варта адзначыць такi факт: увесь лом, якi паступае ў цэхi «Белутармета», абавязкова правяраецца на радыеактыўнасць, пiратэхнiчнасць i iншыя паказчыкi яго бяспекi. Як зазначаюць у Гатаве, часам можна натрапiць на здадзены да iх аўтамабiль, у якiм нават бензiн не злiты. Лёгка ўявiць, якi небяспечны феерверк можна атрымаць у выніку той жа газарэзкi, калi не правесцi папярэднi строгi ўваходны кантроль.

***

Сваё 85-годдзе «Белутармет» сустракае з добрымi вытворчымi вынiкамi. Так, у мiнулым годзе рост таварнай прадукцыi склаў тут 108 працэнтаў, больш чым на 6 працэнтаў павялiчылася прадукцыйнасць працы, на 13 працэнтаў знiзiлася энергаспажыванне. Ужо сказана, колькi ў аб’яднаннi нарыхтавана лому чорных металаў. Тут разам з тым займаюцца нарыхтоўкай лому i адходаў каляровых металаў. Летась «каляровага» лому ў краiне накiравана ў гаспадарчы абарот 21,2 тысячы тон, з iх непасрэдна ў цэхi аб’яднання паступiла 16 тысяч тон. Прычым большая колькасць гэтага лому непасрэдна ў цэхах жа «Белутармета» перапрацавана ў неабходную металапрадукцыю — пруток, катанку, загатоўкi для будучых фланцаў, утулак i г.д., гэта прадукцыя пастаўлена прадпрыемствам Беларусi.

Пра тое, як гаспадараць у «Белутармеце», даволi красамоўна сведчыць наступны факт. Яшчэ не так даўно самастойна гаспадарыла на арандаваных плошчах Жодзiнскага кавальскага завода цяжкiх штамповак малое прадпрыемства, на якiм было наладжана лiццё каляровых металаў, — з таго ж лому i адходаў. Гэта прадпрыемства ў жнiўнi мiнулага года перадалi ў склад аб’яднання. Што было тут «да таго» i што цяпер? Як расказаў начальнiк цэха Уладзiмiр Клiмовiч, раней тут не былi добра загружаны работай, выпускалi за месяц усяго 7—10 тон лiцця, пры гэтым у вытворчасцi былi задзейнiчаны 35 чалавек. Цяпер жа ў цэху выпускаюць 200 тон лiцця, тут працуюць 85 чалавек, прычым у людзей у 2 разы ўзрасла заработная плата. Дарэчы, гэты жодзiнскi цэх вырабляе i экспартную прадукцыю — для Калiнiнградскага суднабудаўнiчага завода. Яго экспартная прадукцыя — з расiйскай сыравiны. Адходы каляровага металу айчыннага паходжання — у краiне на асаблiва строгiм улiку. I, напэўна, ужо не варта тлумачыць, чаму. Адпаведна, яны павiнны выкарыстоўвацца строга ў сябе.

Яшчэ такi прыклад. У тым жа 2006 годзе ў склад аб’яднання ўвайшло таксама лунiнецкае прадпрыемства «Палессеэлектрамаш», асноўнай прадукцыяй якога з’яўляюцца электрарухавiкi, электрапомпы i iншыя вырабы. Зразумела, не ад лёгкага жыцця пайшло лунiнецкае прадпрыемства пад крыло «Белутармета». Аднак што ў вынiку? Калi за студзень—лiпень тут мелi рэнтабельнасць мiнус 20,2 працэнта, то ўжо за жнiвень—снежань — плюс 7,8. На прадпрыемстве за 5 месяцаў зроблена ўдвая больш, чым да гэтага за 8 месяцаў... «Цяперашняе лунiнецкае прадпрыемства ўпэўнена выходзiць на шлях эканамiчнага пад’ёму», — падкрэслiваюць у «Белутармеце».

Можна прывесцi i такi прыклад. Атрымаў «Белутармет», так сказаць, у нагрузку i сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Кобрынскiм раёне (цяпер гэта, як адзначалася ўжо, фiлiял «Арэхаўскае»). Вядома, уклаў у яго немалыя сродкi. Цяпер сельскагаспадарчы фiлiял уваходзiць у пяцёрку лепшых гаспадарак у раёне.

***

Безумоўна, тое, што «Белутармет» працягнуў надзейны буксiр нашым асобным вытворчым суб’ектам, выклiкае ў яго работнiкаў законны гонар. Але нельга хаваць i таго, што ўсё гэта адначасова выклiкае ў iх i пэўны, цалкам абгрунтаваны непакой. Асаблiва гэты непакой выяўляецца адносна апошняга набытку — магiлёўскага «Тэхнапрыбора», якi прыйшоў у «Белутармет», маючы каля 50 мiльярдаў даўгоў. У прадпрыемства заблакiраваны ўсе разлiковыя рахункi, яго маёмасць практычна заложана. З усiм гэтым, вядома, цяпер трэба разбiрацца «Белутармету», прычым фiнансавыя органы i ўстановы не даюць яму нiякiх адтэрмiновак па тых жа даўгах «Тэхнапрыбора», хоць гэта выглядала б вельмi i вельмi лагiчна.

А яшчэ не так даўно «Белутармет» абавязалi дапамагчы птушкафабрыцы «Перамога», якая знаходзiцца на Лагойшчыне. Зноў-такi, гэта дапамога павiнна вылiцца не ў адзiн мiльярд рублёў...

Тым часам сама вытворчасць «Белутармета» патрабуе немалога абнаўлення. Як гавораць тут, трэба ж i сваю эканомiку настройваць. А пры гэтым падкрэслiваюць: тая ж унiкальна шрэдарная ўстаноўка, якая прынцыпова мяняе ўсю работу па перапрацоўцы лому (а гэта работа, яшчэ раз варта нагадаць, вельмi нялёгкая), у «Белутармеце» ўсяго ў адзiным экзэмпляры, а ў заходнiх калег такiх установак — дзесяткi.

Ужо адзначалася добра наладжаная работа «Белутармета» па самавывазу металалому ад яго здатчыкаў, што, увогуле, i дазволiла за апошнiя гады добра прыбраць многiя гаспадарчыя двары, уцягнуць у абарот вялiкую колькасць металалому. Для таго, каб добра наладжаны працэс самавывазу не прытарможваў, а нават, наадварот, набраў яшчэ лепшы тэмп, аб’яднанню трэба рэгулярна абнаўляць свой аўтапарк i штогод закупляць як мiнiмум па 40—50 новых машын. Гэта, вядома, таксама грошы.

У «Белутармеце» вельмi заклапочаны i наступнай праблемай: у яго цэхах, на iншых прадпрыемствах пакуль што не перапрацоўваецца металiчная стружка; яна, адпаведна, адпраўляецца на экспарт. А задача ў нашай краiне ў сувязi з яе абмежаванасцю ў сыравiнных рэсурсах, нагадаем, стаiць такая: усе адходы металу павiнны выкарыстоўвацца непасрэдна ў нас. Чаму, аднак, не вяртаецца на нашы лiцейныя вытворчасцi ў якасцi металургiчнай шыхты тая ж стружка? Для гэтага трэба наладзiць спецыяльныя тэхпрацэсы, набыць спецыяльнае абсталяванне, з тым, каб яе дэталёва ачышчаць ад засмечанасцi, ад масла i г.д. Зноў-такi, у гэту справу трэба ўкладваць сродкi. Дарэчы, тут жа адзначым: пытанне перапрацоўкi стружкi i вяртання яе на нашы лiцейныя вытворчасцi стаiць у «Белутармеце» на першым плане. У прыватнасцi, тут плануюць наладзiць адпаведныя тэхпрацэсы ўжо ў канцы гэтага года. А ў вынiку ў гаспадарчы абарот краiны павiнна вярнуцца каля 200 тысяч тон адходаў чорных металаў дадаткова.

***

Аднак у аб’яднання — юбiлей. Гэта добрая падстава для таго, каб асаблiва адзначыць: вельмi добрую справу робяць тут, вяртаючы ў гаспадарку краiны вельмi важны рэсурс, па сутнасцi даючы металу — гэтаму, як яго часта завуць, хлебу iндустрыi, — другое жыццё.

Вось што гаворыць генеральны дырэктар аб’яднання «Белутармет» Анатоль Багданаў:

— На прадпрыемствах аб’яднання працуюць больш за 5 з паловай тысяч чалавек, якiя жывуць у 42 гарадах i iншых населеных пунктах нашай краiны, таварную прадукцыю ствараюць прафесiяналы звыш 150 спецыяльнасцяў. Яны робяць вельмi добрую справу, справу вялiкай дзяржаўнай важнасцi, усе яны ўносяць немалы ўклад у развiццё сваiх прадпрыемстваў, а значыць, i ва ўмацаванне эканамiчнай стабiльнасцi нашай Беларусi. Усе яны разам з тым робяць важкi ўклад i ў агульную справу па навядзенню парадку на нашай зямлi.

У дзень юбiлею аб’яднання шчыра дзякую ўсiм iм за iх працу. Жадаю ўсiм нашым работнiкам i iх сем’ям шчасця, здароўя i дабрабыту.

Матэрыял падрыхтаваў Іван БАРАНОЎСКІ.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— І бычкоў-свiней вырошчваем, станкi, электрарухавiкi вырабляем, i металалом збiраем, i нават плавiм метал....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика