Гiсторыя жывая, калi яе помнiкi далучаны да жыцця
Ларыса ЦIМОШЫК
18 красавiка мы адзначылi Мiжнародны дзень помнiкаў i гiстарычных месцаў.
Больш за 100 мiльярдаў беларускiх рублёў выдаткавана сёлета з дзяржбюджэту на рэканструкцыю гiсторыка-культурных аб’ектаў. Пад увагай дзяржавы — аднаўленне Мiрскага замка, рэстаўрацыя Нясвiжскага палаца, палаца Пацёмкiна ў Крычаве, цэркваў у Полацку i Сынкавiчах. Усяго ў Беларусi больш за 4700 аб’ектаў гiсторыi i культуры, якiя знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Савет Мiнiстраў вызначыў 50 аб’ектаў, да якiх будзе прыкавана ўвага дзяржаўных структур у блiжэйшыя гады. Але больш за 400 аб’ектаў у краiне рэканструюецца ўжо зараз. На 18 аб’ектах вядуцца працы за кошт рэспублiканскiх сродкаў, але яшчэ шэраг помнiкаў аднаўляюцца дзякуючы абласным i мясцовым бюджэтам. Можна пагадзiцца, што ўсё добра, i цалкам давяраць спецыялiстам. Але час ад часу ў прэсе i на розных Iнтэрнэт-сайтах з’яўляецца iнфармацыя пра тое, што да планаў аднаўлення таго цi iншага гiстарычнага аб’екта трэба было б прыгледзецца больш пiльна. Адзiн з такiх знаходзiцца ў Мiнску, дзе ўвогуле адзiнкi гiстарычных будынкаў дажылi да нашага часу. У Верхнiм горадзе па вулiцы Кiрылы i Мяфодзiя захаваўся будынак кляштара Бернардынцаў, помнiк культуры ХVII стагоддзя, да якога цяпер прыкавана ўвага грамадскасцi. Лiст, падпiсаны архiтэктарамi Сарайкiным i Навумiкам, атрымала i наша рэдакцыя. У iм гаворыцца, што ёсць планы рэканструкцыi будынка былога кляштара, згодна з якiмi ён будзе прыстасаваны пад гасцiнiчны комплекс з размяшчэннем паркiнгу, шэрагу забаўляльных аб’ектаў. Гэтыя планы супярэчаць першапачатковаму прызначэнню былога манастыра, дзе людзi клапацiлiся найперш пра духоўнае жыццё, а не пра забавы. Аўтараў непакоiць, што «вялiзныя аб’ёмы зямельных прац пацягнуць за сабою вываз на сметнiк у выглядзе будаўнiчага смецця культурнага пласта, якi фармiраваўся з часоў сярэднявечча, знiшчэнне ўнiкальнага дэкору будынкаў, што захаваўся да нашых дзён». Гэта «буйны помнiк архiтэктуры ХVII стагоддзя гiстарычнага цэнтра Мiнска з багатай гiсторыяй i ўнiкальным культурным пластом», што павiнна быць улiчана пры распрацоўцы канцэпцыi яго аднаўлення. Васiль Абламскi, начальнiк упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, быў здзiўлены чуткамi вакол рэканструкцыi былога манастыра, таму што пра нейкiя планы i канцэпцыi пакуль размаўляць увогуле рана. Ён пракаментаваў сiтуацыю так: «У студзенi 2007 года ўпраўленне дало ўнiтарнаму прадпрыемству «Мiнскпраект» дазвол на правядзенне навукова-даследчых прац. Эскiзных планаў мы яшчэ не бачылi. Калi яны з’явяцца, то будуць разгледжаны на пасяджэннi рады. Эксперты ацэняць iнiцыятывы па аднаўленню i прыстасаванню аб’ектаў да сучасных умоў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
18 красавiка мы адзначылi Мiжнародны дзень помнiкаў i гiстарычных месцаў
|
|