Грошы пароўну. Галоўнае — пачаць
Сяргей ГРЫБ
З пачатку года колькасць грамадзян, што знаходзяцца на ўлiку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, павялiчылася i склала 1,49 млн чалавек. Пры гэтым, паводле звестак Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у банку даных цэнтраў налiчвалася амаль 150 тыс. адзiнокiх пенсiянераў, а таксама каля 592 тыс. пенсiянераў, якiя пражываюць асобна ад дзяцей i iншых працаздольных сваякоў.
Як зазначыла начальнiк галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва Надзея Басюк, апошнiм часам ва ўсiх населеных пунктах, у тым лiку ў самых аддаленых i малаколькасных, наладжаны штогадовыя абследаваннi ўмоў жыцця адзiнокiх пажылых грамадзян. Да прыкладу, летась такiм чынам былi абследаваны амаль 150 тыс. чалавек, сярод якiх 66 тыс. пражывала ў сельскай мясцовасцi. Прычым вынiкi «хатнiх абходаў» аказалiся даволi красамоўнымi: у той цi iншай дапамозе мелi патрэбу 101,2 тыс. адзiнокiх пенсiянераў. — Адзiнокiм пажылым людзям, асаблiва ў вёсках, перш-наперш была неабходна дапамога ў апрацоўцы прысядзiбных участкаў, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы бульбы i агароднiны на зiму, забеспячэннi палiвам, рамонце печак, электраправодкi, жылля, устаноўцы кватэрных тэлефонаў i аўтаномных пажарных апавяшчальнiкаў, — кажа Надзея Басюк. — I, апроч таго, часцяком можна было пачуць просьбы аб прыняццi на надомнае абслугоўванне, змяшчэннi ў дамы-iнтэрнаты, на медыка-сацыяльныя ложкi, просьбы аб аказаннi матэрыяльнай падтрымкi. Пры гэтым усе заяўкi ў абавязковым парадку пазначаюцца, а потым — выконваюцца па зацверджаных планах. А пытаннi, якiя не патрабуюць дадатковых фiнансавых укладанняў, вырашаюцца ў аператыўным парадку. З пачатку года ў краiне адзначана павелiчэнне колькасцi грамадзян, якiх наведваюць сацыяльныя работнiкi. Узрасла (на 15 працэнтаў у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам) i сума паступленняў ад аказання платных сацыяльных паслуг. Пры гэтым такая дапамога прадастаўлялася як непасрэдна праз тэрытарыяльныя цэнтры, так i праз iх фiлiялы цi сацыяльныя пункты. Не менш цiкавай стала i практыка арганiзацыi па рашэнню райвыканкамаў работы комплексных выязных мабiльных брыгад з удзелам сацыяльнай, медыцынскай службаў, службы быту, прадстаўнiкоў культуры, адукацыi, Белпошты. Такiя брыгады, як правiла, наладжваюць прыём грамадзян у 1317 дамах сацыяльных паслуг. Дарэчы, працягвае пашырацца iнфраструктура сацыяльнай падтрымкi. Толькi за студзень — сакавiк у тэрытарыяльных цэнтрах адчынiлiся 9 дадатковых аддзяленняў, i ў тым лiку 4 сацыяльныя пункты, а таксама адно аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей i iнвалiдаў. Разам з тым, адзначаюць у мiнiстэрстве, пакуль iнфраструктура цэнтраў з’яўляецца недастатковай i не дазваляе забяспечыць насельнiцтва сацыяльнымi паслугамi ў поўным аб’ёме. Так, рэальна надомным абслугоўваннем пакуль ахоплена крыху больш за палову вёсак, а паслугi сядзелкi прапануюцца жыхарам толькi 56 раёнаў. У шэрагу тэрытарыяльных цэнтраў адчуваюцца цяжкасцi з транспартам. Да таго ж 57 працэнтам будынкаў цэнтраў патрабуецца рамонт. А ў кожным дзесятым цэнтры востра стаiць праблема недахопу плошчаў. Таксама вострая тэма — дамы-iнтэрнаты. Зараз чаргi на змяшчэнне сюды чакаюць больш за тысячу псiханеўралагiчных хворых. А практычна ў кожнай чацвёртай з такiх устаноў не вытрымлiваюцца нормы плошчы ў разлiку на аднаго чалавека. — Не сакрэт, што праблема iнфраструктуры нестацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, тых жа тэрытарыяльных цэнтраў, iх фiлiялаў i сацыяльных пунктаў, павiнна найперш вырашацца на месцах, — зазначае Надзея Басюк. — Што да ўстаноў стацыянарных, то тут варта ўзгадаць аб дзяржаўнай iнвестыцыйнай праграме. Сёлета ў праграму ўключана 13 аб’ектаў, i ў тым лiку 7 — рэспублiканскай, а таксама 6 — камунальнай уласнасцi. Прычым i па выдзяленню сродкаў, i па iх асваенню пачатак года прайшоў практычна без збояў. У той жа час нельга не адзначыць: прыняцце падобнай праграмы на наступныя гады шмат у чым залежыць зноў-такi ад iнiцыятывы на месцах, у прыватнасцi, ад распрацоўкi праекта i пачатку фiнансавання. Тым больш, што ёсць магчымасць падтрымкi гэтай iнiцыятывы на ўзроўнi рэспублiкi. Прынамсi, тут прадугледжаны варыянт будаўнiцтва цi рэканструкцыi дамоў-iнтэрнатаў напалову за кошт мясцовага, а напалову — за кошт рэспублiканскага бюджэтаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З пачатку года колькасць грамадзян, што знаходзяцца на ўлiку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, павялiчылася i склала 1,
|
|