Мiкалай ДАМАШКЕВIЧ: «Ёсць гарантыя аховы здароўя людзей»
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Сумная статыстыка: каля шасцiдзесяцi працэнтаў ад усiх смяротных выпадкаў у Мiнскай вобласцi адбываецца з-за хвароб сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. «Сардэчныя» праблемы, ад якiх пакутуе большая частка насельнiцтва нашай планеты, ужо даўно ператварылiся ў адну з самых сур’ёзных пагроз для жыцця. З ёй змагаюцца медыкi ўсiх краiн, у тым лiку i беларускiя. У другой палове года на Мiншчыне з’явiцца новая медыцынская служба, якая будзе займацца аказаннем кардыялагiчнай дапамогi насельнiцтву.
Для гэтага ў кожным раёне вобласцi будуць створаны адпаведныя пасады профiльных спецыялiстаў. Iх работу будзе кардыянаваць абласны кардыяхiрургiчны цэнтр — ён пачне дзейнасць сёлета ў жнiўнi—вераснi. Такiм чынам, акрамя медыкаў, якiя працуюць у бальнiцах i палiклiнiках, прафiлактыкай i лячэннем сардэчна-сасудзiстых захворванняў будуць займацца асобныя кардыёлагi, для гэтага ў кожны раён запросяць на работу двух новых урачоў. Як падкрэслiў старшыня Мiнскага аблвыканкама Мiкалай Дамашкевiч, праблема дэмаграфiчнай бяспекi залежыць у вялiкай ступенi ад прафiлактыкi i лячэння кардыялагiчных захворванняў, таму выспела неабходнасць сур’ёзнага ўдасканальвання медыцынскай сiстэмы ў гэтай галiне. — Для прыцягнення кардыёлагаў на працу i павышэння iх прафесiйнай зацiкаўленасцi мы створым адпаведныя ўмовы. У прыватнасцi, спецыялiсты новай службы на працягу года атрымаюць добраўпарадкаванае жыллё, будуць мець i трывалую прыбаўку да заработнай платы, — расказаў Мiкалай Дамашкевiч. — Рэгiянальныя кардыялагiчныя службы будуць забяспечаны спецыяльным аўтатранспартам для таго, каб кардыёлагi маглi працаваць больш эфектыўна i ў любы час мелi магчымасць выехаць да хворага нават у самы далёкi пункт раёна. Днямi была ўведзена ў строй бальнiца ў Старобiне. «Звязда» пiсала аб тым, што гэты даўгабуд прастаяў у гарадскiм пасёлку больш за пятнаццаць гадоў. Яшчэ ў 1991 годзе работы па ўзвядзенню аб’екта былi распачаты, аднак з-за адсутнасцi фiнансавання будаўнiцтва спынiлася. I толькi зараз, лiтаральна за дзевяць месяцаў, работнiкi «Салiгорскпрамбуда» лiквiдавалi даўгабуд. На аднаўленчыя работы, рэканструкцыю, будаўнiцтва i абсталяванне бальнiчнага комплексу Мiнскi аблвыканкам выдаткаваў каля 26 мiльярдаў рублёў. — У Старобiне з’явiлася мультыпрофiльная медыцынская ўстанова, у якой ёсць самая сучасная апаратура. Акрамя неабходнага набору медыцынскiх паслуг, тут створана ўнiкальная база для лячэння пазваночнiка, — расказвае галоўны ўрач Салiгорскай цэнтральнай раённай бальнiцы Аляксандр Лапуста. — Бальнiца абсталявана лакальнай камп’ютарнай сеткай, таму мы можам збiраць i сiстэматызаваць усю iнфармацыю аб пацыентах, i гэтыя даныя будуць захоўвацца ў электроннай базе. Комплекс, а гэта палiклiнiка i бальнiчны стацыянар на 100 месцаў, будзе абслугоўваць не толькi 7 тысяч чалавек, якiя жывуць ў гарадскiм пасёлку, але i каля 29 тысяч жыхароў Салiгорскага раёна. Дадаткова Мiнаблвыканкам накiруе 150 мiльёнаў рублёў на набыццё ў бальнiцу апаратуры для абследавання шчытападобнай залозы. — На Мiншчыне засталося яшчэ некалькi даўгабудаў, работы па аднаўленню якiх сёлета будуць завершаны. Плануем, што ў вераснi ў Мiнскiм раёне, у вёсцы Азярцо, будзе адчынена сярэдняя школа на 360 навучэнцаў. Гэта незавершаны аб’ект прастаяў больш за 15 гадоў. Завяршаецца будаўнiцтва корпуса iнфекцыйнай бальнiцы ў Жодзiне, — паведамiў намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Анатоль Мiрчук. — Сёлета на будаўнiцтва сацыяльных аб’ектаў будзе накiравана iнвестыцый на 50 мiльярдаў рублёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумная статыстыка: каля шасцiдзесяцi працэнтаў ад усiх смяротных выпадкаў у Мiнскай вобласцi адбываецца з-за хвароб сардэчна-сасудзiстай сiстэмы
|
|