Голуб з залатымi рукамiБацькi i дзецi Сваiмi рукамi ён сабраў ужо тры дэльтапланы ГЕНIЙ-САМАВУЧКА Пасля заканчэння дзесяцiгадовай школы, усiм на здзiўленне, нi тэхнiчная ВНУ, нi нават тэхнiкум яго не чакаў. Пайшоў працаваць загадчыкам сельскага клуба. Тата — вясёлы i энергiчны чалавек, нiколi не даваў сумаваць сябрам i аднавяскоўцам. Па вечарах у клубе паказваў фокусы. Яму хацелася здзiўляць i радаваць людзей. Пасля службы ў армii 10 гадоў працаваў у «Райсельгасэнерга» наладчыкам энергаабсталявання. Неаднаразова ўдзельнiчаў у абласных i рэспублiканскiх фестывалях: займаў прызавыя месцы, прывозiў граматы, медалi, грашовыя прэмii. ...Пасля жанiцьбы з матуляй Людмiлай вырашыў застацца ў роднай вёсцы Пласток Любанскага раёна. Дабудавалi хату, у якой нi акон нi дзвярэй не было. Паступова тата цалкам аўтаматызаваў гаспадарку. Сёння ў прасторнай нашай хаце каля двух дзесяткаў электрарухавiкоў. Спуск i пад’ём лесвiцы на гарышча аўтаматызаваны, хлеб да абеду сам пячэцца, толькi iнгрэдыенты не забудзь засыпаць. Вароты ў двор адчыняюцца радыёўпраўленнем, вада з калодзежа падаецца ў дом аўтаматычна. А ў двары, каля дубовага стала з лаўкай, красуецца басейн з фантанам. Побач з домам ужо даўно размясцiўся вялiкi ангар — гараж. Бо ў таты вельмi шмат тэхнiкi: трактар, збожжа- i бульбаўборачны камбайн i ўсе неабходныя прыстасаваннi для апрацоўкi зямлi. Тата арандуе ў мясцовым калгасе каля 7 гектараў зямлi. Прычым зямлi не самай лепшай. Але папрацаваўшы над ёй некалькi гадоў, ён дасягнуў вялiкiх поспехаў. У калгасе такiх паказчыкаў даўно не было! АДЗIН ДЗЕНЬ У ПОЛI Зямля нас кормiць, поiць, апранае. I я бачу, як цяжка даводзiцца маiм бацькам працаваць на зямлi, каб жыць у дастатку. З самага маленства мяне i брата Андрэя прывучылi зарабляць грошы не самым простым шляхам. Акрамя працы на сваёй зямлi, бацька стараецца дапамагчы i аднавяскоўцам: пасадзiць бульбу, апрацаваць яе, выкапаць, сабраць збожжа i г.д. Як толькi надыходзяць спякотныя жнiвеньскiя днi, кожны дзень мы з братам спяшаемся ў поле да таты. Матуля збiрае нам абед, налiвае бутэльку халодненькай вады i з самага ранку адпраўляе да бацькi. Бабулькi ўжо ў восем ранiцы з нецярпеннем чакаюць Галубоў з камбайнам, каб убраць ураджай. А тата заўсёды кажа: «У мяне Аленка i касiр, i начальнiк. Звяртайцеся да яе!» Ну i я, каб нiкога не пакрыўдзiць, кажу: «Будзем жаць усiм па чарзе, нiкога не прамiнём». Ды i сотку-другую, бывае, скiну бабульцы на бохан хлеба. Канешне, вельмi цяжка вытрымаць тую спёку ў жнiўнi, але я заўсёды памятаю наказ таты: «Хочаце добра i багата жыць, умейце працаваць». «ХВАРОБА НА ДЭЛЬТАПЛАН» Сярод усёй тэхнiкi, якая знаходзiцца ў велiзарным ангары, ганаровае месца займае крылатая птушка-дэльтаплан. Мотадэльтапланамi тата «захварэў» яшчэ гадоў 15 таму. Але гэтае хобi ў Беларусi не было развiтае. У асноўным толькi ў аэраклубах. Збiраў свой першы дэльтаплан па чарцяжах з часопiса «Моделист-конструктор». Праўда, першыя палёты прайшлi не вельмi паспяхова. Але тата не здаўся ... Ён пазнаёмiўся з дэльтапланерыстамi з Брэсцкага аэраклуба, з Мiнскага. Першым настаўнiкам стаў Аляксандр Чарноў, зараз — начальнiк аддзела лёгкай авiяцыi Рэспублiканскага дома мастацтва i тэхнiчнай творчасцi. Ён навучыў яго лятаць i дапамог зрабiць новы дэльтаплан. Нiколi не забуду выпадак, калi тата са сваiм настаўнiкам звалiўся ў возера глыбiнёй чатыры метры (яго яшчэ называюць «Дзiкае возера» ). Дзякуй Богу, паспелi адчапiцца. Тата доўга не прызнаваўся, што з iмi здарылася. Чаму яны вярнулiся ноччу, ды яшчэ мокрыя? Але той злашчасны выпадак сябры знялi на вiдэакамеру i адаслалi на телеперадачу «Сам сабе рэжысёр». Гэты сюжэт некалькi разоў пракручвалi па тэлебачанню. Вось тады i стала ўсё зразумела! Прыемна ўсведамляць, што з маiм татам у небе пабывала большая палова беларускай алiмпiйскай зборнай: футбалiсты, гiмнасты, плаўцы, хакеiсты. Не адмаўляюцца палятаць i знакамiтыя артысты беларускай эстрады, журналiсты i проста госцi. Ведаючы, што дэльтаплан — задавальненне не з самых танных, многiя пытаюцца: цi не было ў вас думкi паставiць усё на камерцыйную аснову? Але не, на гэтым хобi не спрабавалi зарабляць. Лятаем толькi дзеля свайго задавальнення. АДЧУТАЕ НА САБЕ Сваiмi рукамi тата сабраў тры дэльтапланы. I на кожным з iх я разам з татам ўзнiмалася ў неба, каб убачыць наваколле з вышынi птушынага палёту. Родную вёску, родную Любанскую зямлю, Дзiкае возера, Салiгорскiя горы, якiя недзе красуюцца ўдалечынi. I кожны раз, узнiмаючыся ў неба, я малюся, бо не раз даводзiлася прызямляцца з насцярожанасцю. То вецер падзьме не ў той бок, то навальнiца засцігне... I мама заўсёды трывожыцца, калi я збiраюся ў палёты. Яна нават збягае з дому, каб не чуць гул прапелера. Але яна таксама адзiн раз узнiмалася з татам. Ёй спадабалася, толькi вельмi страшна было. А вось брат заўсёды згаджаецца заняць месца другога пiлота. Бо падняўшыся адзiн раз у неба, адчуўшы асалоду нябеснага жыцця, нiколi не адмовiшся зрабiць гэта яшчэ раз. Алена ГОЛУБ, студэнтка факультэта журналiстыкi БДУ. Фота Паўла САКОВIЧА. Вёска Пласток Любанскага раёна — Мiнск. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сваiмi рукамi ён сабраў ужо тры дэльтапланы |
|