«У вашай газеты асаблiвая мiсiя»Да юбілею «Звязды» засталося 72 дні Альберт Дабранскi, начальнiк iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па Маладзечанскаму раёну i падпiсчык «Звязды» з больш чым 25-гадовым стажам дзелiцца думкамi з нагоды юбiлею газеты.Некалькi слоў пра суразмоўцу. Пазнаёмiўся з iм яшчэ ў 1980 годзе. Першае, што тады запомнiлася, яго выдатная, як кажуць, сакавiтая размоўная беларуская мова. Я тады працаваў у газеце «Знамя юности» i ў камандзiроўках прывык да таго, што звычайна ўсе камсамольскiя функцыянеры, нават i тыя, якiя яшчэ ўчора вучылiся ў вясковых школах на беларускай мове, цяпер старанна размаўлялi па-руску. А вось першы сакратар Маладзечанскага райкама камсамолу Альберт Дабранскi з задавальненнем ужываў матчыну мову. Яна з яго вуснаў гучала натуральна, арганiчна i прыгожа. На мове ён заўсёды, колькi памятаю, лiчыў за лепшае абмяркоўваць навiнкi беларускай лiтаратуры, публiцыстыкi, вершы знаёмых паэтаў, аналiтычныя артыкулы ў друку, у тым лiку i ў «Звяздзе». — Альберт Iосiфавiч, адкуль такая адданасць «Звяздзе»? — Я ўвогуле люблю чытаць беларускiя выданнi. Яшчэ камсамольцам некалькi гадоў запар выпiсваў «Чырвоную змену». Потым, калi выйшаў з камсамольскага ўзросту, пераключыўся на «Звязду». З таго часу з ёй не развiтваюся. А некалькi гадоў таму спаткаўся з «Чырвонкай». Праўда, ужо ў якасцi дадатку да вашай газеты. Такiм чынам маю ў адным камплекце два цiкавыя выданнi. Мяне гэта задавальняе. — Ад нашых агульных знаёмых чуў, што вы, калi працавалi першым сакратаром Маладзечанскага райкама камсамолу, насуперак традыцыям праводзiць пленумы на рускай мове па ўласнай iнiцыятыве пачалi рабiць гэта на беларускай мове. Цi так? — Сапраўды, у свой час я прапанаваў камсамольскаму актыву раёна правесцi чарговы пленум на беларускай мове. Мяне падтрымалi. Мой беларускамоўны даклад выступоўцы таксама абмяркоўвалi па-беларуску. Наколькi я памятаю, яны веданне мовы асвяжалi чытаннем беларускамоўных газет, той жа «Звязды». I такiм чынам мы правялi некалькi пленумаў. Затым традыцыя праводзiць маладзёжныя мерапрыемствы на рускай мове, на жаль, перамагла. Мы моцна вылучалiся на агульным фоне i нас пачалi «не разумець». Хоць, мушу заўважыць, юнакi i дзяўчаты той пары ахвотна размаўлялi па-беларуску. Вiдаць, таму, што маё пакаленне новых гараджан было пераважна з вёскi, яго прадстаўнiкi адчувалi ў гарадах тугу па малой радзiме, яе культуры, традыцыях, звычках, мове. Я, напрыклад, з Мядзельшчыны, з вёскi Баяры. Яна i сёння ўяўляе адзiн з такiх куткоў, дзе наша мова жыве, паважаецца i ўжываецца. Я люблю туды прыязджаць, сустракацца з землякамi, размаўляць з iмi па-беларуску. Дарэчы, Мядзельская зямля дала нямала знакамiтых дзеячаў беларускай культуры. Я, скажам, хадзiў у адну школу з Максiмам Танкам, праўда, у розныя гады. Яго родная Пiлькаўшчына знаходзiцца за 12 кiламетраў ад Баяраў. Мая зямлячка народная артыстка Беларусi Марыя Захарэвiч цудоўна валодае роднай мовай, сваiм жыццём i творчасцю дае iншым прыклад шанаваць усё беларускае. — У гэтым сэнсе якой вам падаецца роля адзiнай беларускамоўнай штодзённай газеты «Звязда»? — Адказ утрымлiваецца ў вашым пытаннi. Тое, што «Звязда» з’ўяляецца адзiнай беларускамоўнай штодзённай газетай, гаворыць пра многае, у тым лiку i пра асаблiвую мiсiю вашай рэдакцыi па захоўванню беларускай мовы. — А як вы ставiцеся да крытыкi на старонках «Звязды»? — Я лiчу, што ў кожным выданнi павiнен захоўвацца баланс крытычных i некрытычных матэрыялаў. Бо, скажу шчыра, калi ў газеце рэгулярна перабольшвае негатыў, няхай i заснаваны на правераных фактах, рэальных дакументах, то з часам усё роўна ўсё менш узнiкае жадання браць яе ў рукi. Што датычыцца «Звязды», то яна апошнiм часам, на мой погляд, не вельмi грашыць крытычнымi публiкацыямi. Я б вам параiў узмацнiць гэты накiрунак, бо, памятаю, некалi звяздоўскiя «вострыя» матэрыялы з канструктыўнай крытыкай станавiлiся прадметам абмеркавання як шырокiх колаў чытачоў, так i ў дзяржаўных установах i органах. Гэту традыцыю варта было б адрадзiць. На мой погляд, 90-годдзе «Звязды» — вадатная нагода для шырокай гутаркi аб нашай культуры, лёсе беларускай мовы, шляхах яе захавання, праблемах выжывання ў рынкавых умовах беларускамоўных выданняў. Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Альберт Дабранскi, начальнiк iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па Маладзечанскаму раёну i падпiсчык «Звязды» з больш чым 25-гадовым стажам д |
|