Лiдары па продажах у Беларусi — сродкi ад артэрыяльнай гiпертэнзii
Надзея НIКАЛАЕВА
Цытрамон, анальгiн, аспiрын, валяр’янка, настой сардэчнiку, карвалол, парацэтамол, актываваны вугаль — усе гэтыя лекавыя сродкi за рэдкiм выключэннем прысутнiчаюць практычна ў кожнай хатняй аптэчцы. Напрыклад, цытрамону за 2006 год у Беларусi было прададзена 21 573 630 упаковак — больш чым па дзве ўпакоўкi на кожнага яе жыхара, уключаючы немаўлят! Тым не менш рэйтынг вядучых па аб’ёмах продажу лекавых сродкаў узначальваюць у Беларусi эналапрыл, мiлдранат i Nа хларыд, ва Украiне — эсэнцыале, актавегiн i вiягра, а ў Расii — актавегiн, вiягра i арбiдол. Беларускiя мужчыны, вiдаць па ўсiм, такой вострай патрэбы ў вiягры не адчуваюць. Большай папулярнасцю, паводле назiранняў фармацэўтаў, у беларусаў карыстаецца «Прастамол-Уно».
Увогуле, паводле ацэнак экспертаў, сярэднестатыстычны беларус пакiдае ў аптэках штогод 46 долараў ЗША, а расiянiн — 76 долараў. Для параўнання, сярэднесусветнае спажыванне лекавых прэпаратаў складае каля 100 долараў на чалавека. У Японii гэта сума даходзiць да 500, а ў ЗША — да 600 долараў на кожнага жыхара. Сярэднi кошт упакоўкi лекаў знаходзiцца ў Беларусi ў межах аднаго долара, у Расii ён складае 2,3 долара, ва Украiне — 1,2, а ў Казахстане — 1,5 долара. На думку старшынi Савета дырэктараў групы кампанiй «Рэмедыум», прафесара Маскоўскай медыцынскай акадэмii iмя Сечанава, доктара медыцынскiх навук Айдара Iшмухаметава, i расiян, i беларусаў аб’ядноўвае аднолькавая праблема — пераважная большасць насельнiцтва аддае перавагу прэпаратам з маладаказанай клiнiчнай эфектыўнасцю, якiя засталiся нам у спадчыну ад савецкай урачэбнай школы. «Напрыклад, няма анiякiх доказаў таго, што любiмая ўсiмi валяр’янка хоць у нейкай меры эфектыўная. Папулярнасць гэтага сродку заключаецца, хутчэй, не ў яго карыснасцi, а ў трывалым стэрэатыпе, якi перадаецца з пакалення ў пакаленне. Валяр’янка проста абавязана заўсёды быць пад рукой, — сцвярджае спецыялiст. — У Маскве нейкi час таму прадпрымалася спроба выключыць з пералiку жыццёва неабходных лекавых сродкаў тыя, якiя медыкi лiчаць малаэфектыўнымi, аднак старэйшае пакаленне пацыентаў iх адстаяла, сцвярджаючы, што iм дапамагаюць менавiта гэтыя лекi». Усяго ў Беларусi на сёння зарэгiстравана 6 тысяч найменняў лекавых сродкаў, а ў свеце налiчваецца каля 300 тысяч найменняў. Тым не менш, як сцвярджаюць беларускiя медыкi, гэтага асартыменту цалкам дастаткова для лячэння любога захворвання. Праўда, ёсць адна тэндэнцыя, на якой не прынята канцэнтраваць увагу — джэнэрыкi i традыцыйныя прэпараты складаюць у Беларусi 78 працэнтаў ад агульнай колькасцi лекаў. Для чытачоў патлумачым, што джэнэрыкi — гэта аналагi арыгiнальных лекавых сродкаў, на якiя закончыўся тэрмiн iх патэнтнай аховы. Для прыкладу, ёсць венгерская но-шпа, а ёсць яе беларускi аналаг — дратаверына гiдрахларыд, якi на парадак больш танны i, адпаведна, больш даступны для пакупнiка. А iнавацыйнае лякарства — гэта «лякарства-прарыў», здольнае не проста лячыць, а вылечваць захворванне цi iстотна паляпшаць якасць жыцця пацыента. Для стварэння аднаго такога прэпарата патрабуецца каля 1 млрд долараў i як мiнiмум дзесяцiгоддзе карпатлiвай працы. Увогуле сусветная фармацэўтычная галiна прайшла за нейкае стагоддзе вялiзны шлях ад аспiрыну i пенiцылiну да геннаiнжынерных лекавых сродкаў. Штогод у свеце ствараецца больш за 50 найменняў iнавацыйных i арыгiнальных лекавых сродкаў. Асноўныя «мiшэнi» — гэта сардэчна-сасудзiстыя, ракавыя захворваннi, туберкулёз i ВIЧ-iнфекцыя. Для прыкладу, для пацыентаў з ВIЧ-iнфекцыяй створана 20 розных прэпаратаў, аднак ВIЧ-iнфiцыраваныя даволi хутка выпрацоўваюць да iх iмунiтэт, што прымушае пастаянна шукаць новыя эфектыўныя сродкi. Актыўна вядуцца таксама работы па стварэнню ротавiруснай вакцыны i вакцыны супраць птушынага грыпу. Сярод апошнiх навiнак — вакцына супраць раку маткi. Праўда, даследаваннi вымагаюць усё больш часу i становяцца ўсё больш дарагiмi. Не сакрэт, што кошт прэпарата нярэдка з’яўляецца асноўнай праблемай даступнасцi для пацыента лячэння. I чым меншая распаўсюджанасць таго цi iншага захворвання — тым больш дарагiм атрымлiваецца яго лячэнне. У многiх выпадках усе выдаткi дзяржава вымушана браць на сябе. Цi варта гаварыць, што бюджэтныя сродкi, якiя выдаткоўваюцца на лячэнне, павiнны працаваць максiмальна эфектыўна. Старшыня Мiждзяржаўнай камiсii па стандартызацыi, рэгiстрацыi i кантролю за якасцю лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медтэхнiкi дзяржаў—удзельнiц СНД Вiктар Дзмiтрыеў звяртае ўвагу на тую акалiчнасць, што апошнiя 15 гадоў фармацэўтычны рынак на постсавецкай прасторы развiваецца вельмi iмклiвымi тэмпамi, прычым тэмпы росту фармрынкаў у краiнах СНД намнога апераджаюць тэмпы росту сусветнага фармацэўтычнага рынку. Гэта станоўчая тэндэнцыя, аднак не варта забываць пра тое, што адначасова з ростам рынку павiнны расцi i пакупнiцкiя здольнасцi пацыентаў, каб яны маглi дазволiць сабе набываць больш сучасныя i эфектыўныя лекавыя прэпараты. Трэба рабiць усё, каб гэтыя прэпараты станавiлiся больш даступнымi, прычым як фiзiчна, так i эканамiчна. У Беларусi даступнасць з’яўляецца галоўнай умовай лекавага забеспячэння насельнiцтва, а ў плане прадастаўлення льгот пры набыццi лекавых сродкаў Беларусь можа быць узорам для многiх краiн, у тым лiку i для Расii. Праўда, у расiян перад беларусамi таксама ёсць перавагi — у нашых суседзяў доля iнавацыйных лекавых сродкаў павялiчылася за апошнiя гады да 35 працэнтаў у агульным аб’ёме лекаў. За 15 апошнiх гадоў беларускiм фармацэўтычным прадпрыемствам удалося здзейснiць сапраўдную «рэвалюцыю»: павялiчыць колькасць выпускаемых лекавых сродкаў у 9 разоў — са 105 да 927 найменняў. Праўда, доля арыгiнальных прэпаратаў пакуль што не перавышае сярод агульнага асартыменту айчынных лекаў 2 працэнтаў. Напрыклад, у навукова-фармацэўтычным цэнтры РУП «Белмедпрэпараты» быў створаны арыгiнальны сродак для фотадынамiчнай тэрапii раку (фоталон), якi атрымаў высокую ацэнку мiжнародных экспертаў. Фоталон паспяхова выкарыстоўваецца ў Беларусi i Расiйскай Федэрацыi, а таксама праходзiць зараз рэгiстрацыю на тэрыторыi Еўрасаюза. Добра вядомыя на постсавецкай прасторы i такiя арыгiнальныя беларускiя распрацоўкi, як бутамiнафен i дыясiнол. I ўсё ж такi стварэнне новых арыгiнальных прэпаратаў не з’яўляецца галоўным напрамкам дзейнасцi беларускiх фармацэўтычных прадпрыемстваў. Чаго хаваць, але сусветны фармацэўтычны рынак даўно падзелены, i беларусаў, як i расiян, там не чакаюць. Дарэчы, сярод зарэгiстраваных у Беларусi лекавых сродкаў першае месца ўтрымлiвае прадукцыя расiйскiх вытворцаў. Асноўны ўпор робiцца ў Беларусi на iмпартазамяшчэнне i выпуск джэнэрыкаў. Напрыклад, у 2006 годзе эканомiя ад асваення джэнэрыкаў склала 858 тысяч долараў ЗША. А за перыяд з 1996 па 2006 год эканамiчны эфект ад замяшчэння iмпарту дасягнуў 23 мiльёнаў долараў. На 2007 год прадпрыемствамi канцэрна «Белбiяфарм» запланавана асваенне 28 новых найменняў прэпаратаў, 13 з якiх уваходзяць у пералiк асноўных лекавых сродкаў, 24 прэпараты з’яўляюцца джэнэрыкамi i 4 — гэта арыгiнальныя прэпараты. Паводле слоў дырэктара Цэнтра экспертыз i выпрабаванняў у ахове здароўя Генадзя Гадавальнiкава, ва ўсiм свеце актуальнасць набывае праблема бiяэквiвалентнасцi джэнэрыкаў арыгiнальным прэпаратам. Ёсць джэнэрыкi з даказанай эфектыўнасцю, а ёсць прэпараты, эфектыўнасць якiх трэба даказаць. У ЗША, напрыклад, ёсць спецыяльная «Аранжавая кнiга», дзе пералiчваюцца ўсе лекавыя сродкi з пазнакай, эквiвалетныя яны цi не арыгiнальнаму iнавацыйнаму прэпарату. I на падставе гэтай кнiгi складаюцца стандарты лячэння. Урач разам з пацыентам вырашаюць, якi прэпарат апошняму прызначаць. Больш танны цi больш дарагi, менш цi больш эфектыўны. Вось вам уся iнфармацыя аб праведзеных даследаваннях на бiяэквiвалентнасць, а вы ўжо самастойна вырашайце, колькi часу вы жадаеце лячыцца — два, тры тыднi цi месяцы. Зразумела, з улiкам пакупнiцкай здольнасцi пацыента. Беларусам таксама была б вельмi карысная такая кнiга, — лiчыць спецыялiст.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цытрамон, анальгiн, аспiрын, валяр’янка, настой сардэчнiку, карвалол, парацэтамол, актываваны вугаль — усе гэтыя лекавыя сродкi за рэдкiм выключэннем |
|