Сродак супраць... чэргаў
Сяргей ГРЫБ
Да канца 2010 года ў Мiнскай вобласцi плануецца зняць усе пытаннi з чэргамi ў дамы-iнтэрнаты. У прыватнасцi, як паведамiла карэспандэнту «Звязды» намеснiк старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнскага аблвыканкама Тамара Антановiч, «праблема месцаў» павiнна знiкнуць пасля заканчэння рэканструкцыi Мiкалаеўшчынскага дома-iнтэрната для ветэранаў i iнвалiдаў, стварэння новай стацыянарнай установы для псiханеўралагiчных хворых, а таксама адкрыцця ў шэрагу раёнаў аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян, якiм цяжка пражываць у звычайных «хатнiх» умовах.
Сваё i надзейна, i танна Зараз на тэрыторыi Мiншчыны налiчваецца 13 дамоў-iнтэрнатаў, пяць з якiх прызначаны для ветэранаў i iнвалiдаў, шэсць — для псiханеўралагiчных хворых, а два — для дзяцей-iнвалiдаў. Пры гэтым, паводле слоў начальнiка ўпраўлення сацыяльных устаноў i матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсiянераў i iнвалiдаў камiтэта Валянцiны Александровiч, за апошнi час iнтэрнаты перайшлi на 4-разовае харчаванне, тут амаль цалкам выйшлi на стандарты па метражу — 7 квадратных метраў на аднаго чалавека. Важным момантам стала таксама стварэнне рэзервовых крынiц цеплазабеспячэння. Па сутнасцi зараз iнтэрнаты могуць падтрымлiваць належны ўзровень тэмпературы ў памяшканнях нават нягледзячы на магчымыя перабоi з пастаўкамi iмпартных палiўна-энергетычных рэсурсаў. Дарэчы, зазначыла Валянцiна Александровiч, дзякуючы паступоваму пераходу на мясцовыя вiды палiва iх доля ў балансе цеплазабеспячэння iнтэрнатаў выйшла на адзнаку 48,2 працэнта. I, як чакаецца, да канца гэтага года мясцовыя вiды палiва будуць даваць ужо палову ад усяго цяпла, а ў 2010 годзе — увогуле 60 працэнтаў. Сама па сабе гэта акалiчнасць, адначасова з мадэрнiзацыяй цепласетак, прывядзе да эканомii значных грошай. Дзеля справядлiвасцi, нельга не прызнаць, што ўтрыманне дамоў-iнтэрнатаў — справа заўсёды нятанная. Калi летась яна каштавала абласному бюджэту 22,4 млрд, то сёлета — ужо 24 млрд рублёў. Да таго ж вялiкiя фiнансавыя ўкладаннi пакуль не дазволiлi вырашыць яшчэ адну праблему — недахопу месцаў. На сёння ў цэлым па вобласцi 150 чалавек знаходзiцца ў чарзе на пасяленне ў iнтэрнаты для пенсiянераў i iнвалiдаў, а яшчэ 280 чалавек — у iнтэрнаты для псiханеўралагiчных хворых. Прычым не сакрэт: у сувязi з паступовым старэннем насельнiцтва колькасць людзей, якiм будзе неабходна дапамога, меншай не стане. Таму, лiчаць у камiтэце, рабiць стаўку толькi на пашырэнне ўмяшчальнасцi iнтэрнатаў не выпадае. Для пенсiянераў i iнвалiдаў не менш важна адчыняць аддзяленнi кругласутачнага знаходжання. Або ўстановы, дзе у выпадку неабходнасцi пенсiянер цi iнвалiд зможа пажыць часова, — скажам, узiмку. Суседнi раён — не лепшае выйсце Доўгi час адной з «адметнасцяў» гарпасёлка Урэчча з’яўляўся напаўзакiнуты ваенны гарадок. Сёння нiхто не хавае, што з цягам часу пустыя, без вокнаў i дзвярэй дамы маглi пайсцi проста пад знос — спадзяванняў на iх аднаўленне было мала. Зрэшты, такой думкi прытрымлiвалiся далёка не ўсе. Вясной мiнулага года з’явiлася рашэнне Любанскага райвыканкама аб стварэннi ў адным з будынкаў колiшняй санiтарнай часцi аддзялення дзённага знаходжання для ветэранаў i iнвалiдаў. Увосень пачалiся работы. А ўжо гэтай вясной аддзяленне (цi па-тутэйшаму — Дом мiласэрнасцi) прыняло першых жыхароў. — Мала хто верыў, што тут увогуле можна нешта зрабiць, а тым больш — зрабiць у вельмi сцiслыя тэрмiны, — кажа старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Грыбанаў. — Аднак мы ведалi: колькасць старых адзiнокiх людзей у раёне будзе толькi па-вялічвацца. I далёка не кожны з iх наважыцца на пераезд у звычайны дом-iнтэрнат на тэрыторыi iншых рэгiёнаў. Бо там iм цяжка прыстасавацца, а ў рэшце рэшт тут — родная зямля. Стварэнне аддзялення фiнансавалася як з мясцовага, так i з абласнога бюджэту. Але не толькi. Да будаўнiцтва далучылiся практычна ўсе арганiзацыi раёна, адно што давялося купляць матэрыялы. Так удалося зэканомiць значныя сродкi. I да таго ж — зрабiць усё, «як для сваiх». Таму сёння Дом мiласэрнасцi вылучаецца не толькi еўрадызайнам, утульнымi пакоямi, сучасным абсталяваннем. У iм прадумана, здаецца, любая дробязь — аж да рэгулятараў цяпла на батарэях. — Аддзяленне разлiчана на 40 чалавек, прычым пакуль яно заселена крыху больш чым напалову, — адзначае Валерый Грыбанаў. — Аднак аб тым, што «лiшнiх» месцаў тут не будзе, можна казаць ужо зараз. I асаблiва дарэчы Дом мiласэрнасцi прыйдзецца для жыхароў вёсак. Мiж тым, зазначаюць у камiтэце, новыя вiды дапамогi «па месцы жыхарства» становяцца рэалiяй не толькi на Любаншчыне. Ужо сёлета ў Старадарожскiм раёне з’явiлася сацыяльная гасцiнiца, працягвае павялiчвацца колькасць аддзяленняў дзённага знаходжання для iнвалiдаў, вынiкамi гэтага года стане адкрыццё аддзяленняў кругласутачнага знаходжання ў Бярэзiнскiм, Клецкiм i Мiнскiм раёнах, а таксама сацыяльных пунктаў у Крупскiм i Смалявiцкiм i фiлiялаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання — у Слуцкiм i Маладзечанскiм раёнах. Падобная iнфраструктура дасць магчымасць значнай частцы сацыяльна неабароненых жыхароў вобласцi заставацца дома. Гэткi ж шанц прадастаўляюць i сацыяльныя паслугi на даму. Аднак аб iх — гаворка асобная. Тарыф застанецца... прымальным? 23,6 тыс. чалавек або практычна сёмая частка пажылых людзей i iнвалiдаў вобласцi, якiя не маюць увогуле або жывуць асобна ад дзяцей i iншых працаздольных сваякоў. Па паказчыку сацыяльнага абслугоўвання на даму Мiншчына ўжо традыцыйна лiчыцца лiдарам па Беларусi. I не ў апошнюю чаргу — дзякуючы самаму нiзкаму тарыфу на паслугi. Сёння ён складае 592 рублi за гадзiну. Праўда, у хуткiм часе гэта «стаўка» можа змянiцца. — Цяперашнi тарыф быў зацверджаны яшчэ ў 2001 годзе, — заўважае начальнiк аддзела па праблемах пажылых людзей камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнскага аблвыканкама Алена Атрушкевiч. — Аднак з таго часу фактычныя выдаткi на паслугi сацыяльных работнiкаў узраслi адразу ў 5 разоў, а, да прыкладу, сярэдняя пенсiя па рэгiёну — у 4,3 раза. З улiкам гэтага ў хуткiм часе можа быць прынята рашэнне аб павышэннi стаўкi аплаты. Разам з тым аплата за паслугi па-ранейшаму застанецца даступнай. Асаблiва калi ўзяць пад увагу той факт, што 94 працэнты грамадзян, што знаходзяцца на абслугоўваннi, карыстаюцца пяцідзесяццю- цi саракапрацэнтнай скiдкай. Да слова, падкрэслiваюць у камiтэце, павышэнне аплаты дазволiць павялiчыць пералiк сацыяльных паслуг, i ў тым лiку — паслуг аднаразовых. Прычым ужо да канца гэтага года Мiншчына павiнна стаць адзiнай вобласцю краiны, дзе сацыяльныя работнiкi будуць працаваць ва ўсiх без выключэння вёсках. Любанскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да канца 2010 года ў Мiнскай вобласцi плануецца зняць усе пытаннi з чэргамi ў дамы-iнтэрнаты |
|