Актывiстка з Верамеек
Iлона IВАНОВА
Спакойнае жыццё — не для яе Яна зусiм не тыповая сельская пенсiянерка: жвавая, энергiчная, стройная, апранаецца ў спартыўным стылi. Такi вобраз старасты вельмi пасуе да сучаснага аблiчча самiх Верамеек — вялiкага аграгарадка на Чэрыкаўшчыне. Тамара Рыгораўна нарадзiлася ў вёсцы Норкi непадалёк ад Верамеек. Тут прайшло дзяцiнства, а потым давялося паездзiць па Савецкаму Саюзу — ад Масквы да Урала. Маладая жанчына вярнулася ў Беларусь, выйшла замуж, нарадзiла дзяцей i працавала ў сельскай школе роднай вёскi. Вышэйшую адукацыю настаўнiка пачатковых класаў яна атрымала толькi ў 40 гадоў. — Я засталася ўдавой у 34 гады, i адна падымала дзяцей на ногi, — узгадвае Тамара Рыгораўна. — Аднак мэта ў мяне была: самой дасягнуць чагосьцi ў жыццi i дзецям даць адукацыю. Гэта я i зрабiла! Макарава ўсё жыццё была на грамадскай працы. Гаворыць, што проста не магла спакойна сядзець на месцы i заўсёды iмкнулася рабiць добрыя справы: напрыклад, калi была дырэктарам школы, то ў свой законны водпуск удзельнiчала ў рамонце школьнага будынка i апрацоўцы ўчастка ў 75 сотак, каб бясплатна кармiць вучняў: бульбу i гароднiну вырошчвалi для сябе, а на грошы за прададзенае збожжа набывалi iншыя прадукты. — Я не магу раўнадушна прайсцi мiма, калi нешта не так, — тлумачыць сваю жыццёвую пазiцыю актывiстка з Верамеек. — Мне хочацца, каб нашы вясковыя вулiцы былi чыстыя. Напэўна, гэта засталося ад маiх маскоўскiх уражанняў у юнацтве, калi я на свае вочы ўбачыла, што рознiца памiж вёскай i сталiцай — таксама i ў чысцiнi. Мяне гэта хвалявала вельмi. I я брала касу ў рукi i iшла да падворкаў адзiнокiх бабулек, каб дапамагчы iм навесцi парадак. Яна пайшла на пенсiю i меркавала спакойна пажыць. Але так i не здолела: спачатку падмяняла настаўнiкаў у Верамейкаўскай школе, потым вазiла дзяцей на аздараўленне, а цяпер стала старшынёй селькама. Адгаварыла пiць гарэлку У камiтэце працуе 5 чалавек. У яго ўваходзяць старшыня сельскага Савета i прадстаўнiк гаспадаркi, але грамадскую працу сярод насельнiцтва вядуць усё ж актывiсты. Напрыклад, селькам сочыць за жыццём праблемных сем’яў. Макарава ўзяла шэфства над Таццянай Iванаўнай Вапручковай, якая нарадзiла 13 дзяцей. Старэйшаму з iх — 26 гадоў, а малодшай дзяўчынцы — толькi 5. Таццяна Iванаўна — ужо на пенсii, нават унук ёсць. Цяпер 7 дзяцей, грамадзянскi муж i сама шматдзетная мацi жывуць у доме, якi набыла iм дзяржава, i практычна пачынаюць жыццё нанова. — Гэта праўду гавораць, што Тамара Рыгораўна вас адвучыла пiць гарэлку? — пытаюся ў Таццяны Iванаўны. — Праўда! — усмiхаецца яна. — А якiм чынам? — Яна са мной пагутарыла, i да мяне дайшло, што трэба жыць для дзяцей, — жанчына не адводзiць вочы. — Я ёй сказала, што калi вып’еш, дык нiчога не ўбачыш, у поўным сэнсе гэтага слова, — патлумачыла Макарава. — Нiчога цудоўнага ў гэтым жыццi п’яны чалавек не бачыць. А жыццё такое цiкавае! Таму трэба не пiць, а прытрымлiвацца здаровага ладу жыцця. Таццяна Iванаўна — кандыдатка на ўдзел у групе здароўя, якую цяпер арганiзуе энергiчная Тамара Рыгораўна. Сама яна ўсё жыццё прытрымлiваецца здаровага ладу жыцця. Фiзкультура, аптымiзм i народныя лекi — Нельга курыць, пiць i, прабачце, гуляць пры законнай «палавiне», — тлумачыць Макарава. — Я так вучыла сваiх дзяцей i вучняў. А па-другое, трэба працаваць, рухацца i, што вельмi важна, мець аптымiстычны настрой, якi пераадолее стомленасць. Яна лiчыць фiзкультуру галоўнай справай для чалавека, якi хоча доўга жыць. Сама Макарава можа паказаць усiм цiкаўным, як садзяцца на шпагат у 67 гадоў. Штодня — 200 скокаў са скакалкай, i жанчына можа сёння апрануць сукенку 20-гадовай даўнiны. Калi дрэнна сядзiць на фiгуры — значыць, трэба працаваць над сабой. А цяпер яна хоча стварыць групу здаровага ладу жыцця для вясковых жанчын, якiм болей за 60 гадоў. У кампанii Макаравай ужо больш за дзесятак жадаючых. — Жанчыны ёсць, спартыўную залу прадастаўляе школа — хоць сёння iдзi i займайся, — расказвае стараста. — Але я не магу весцi заняткi сама: гэта павiнен рабiць спецыялiст пад наглядам урача. Медыка-пенсiянерку мы знайшлi. А цяпер просiм раённыя ўлады даць дадатковую стаўку настаўнiку фiзкультуры са школы, якi б вёў заняткi i з намi, пенсiянеркамi. Тады i спаборнiцтвы можна будзе праводзiць. А што, цi мы не здолеем? Макарава i яе сяброўкi, дарэчы, аддаюць перавагу народнай медыцыне. Захапленне зёлкамi Тамары Рыгораўны пачалося з хваробы калена. Паехала ў бальнiцу: у чарзе сядзяць сумныя дзядулi i бабулi, у iх моцна баляць ногi, i ўсе ў адзiн голас скардзяцца, што лячэнне не дапамагае. Макарава вярнулася дадому i вырашыла змагацца з болем самастойна. Цяпер яна дэманструе цэлую «батарэю» лекаў, якая захоўваецца ў бары: «Гэта — мая бальнiца. Вось настоеныя на гарэлцы бярозавыя пупушыкi, а гэта бярозавы лiст. Сушаныя маладыя лiсты бярозы добра патроху дадаваць у чай — для пячонкi, страўнiка, суставаў. А вось лекавы мёд з маладых сасновых пупышак, якi вясной лiквiдуе недахоп вiтамiнаў. Пупышкi трэба гатаваць, настойваць, а потым дадаваць цукар i даводзiць да кiпення. Незаменны цуд!» Надзённыя клопаты Дыплом за трэцяе месца ў абласным спаборнiцтве сярод старастаў вiсiць на сцяне ў пакоi Тамары Рыгораўны, упрыгожаным зробленымi рукамi гаспадынi вышыванкамi. Яна зусiм не хавае, што ганарыцца ўзнагародай i прэмiяй. Тым, што яе працу заўважылi i ацанiлi. — Я цяжкасцяў не баюся i люблю дапамагаць людзям. А на прэмiю набыла веласiпед, каб хутчэй рухацца i яшчэ болей паспяваць зрабiць. Заўважыць ямiны на дарозе — просiць старшыню сельскага Савета зрабiць падсыпку. Зламаўся калодзеж — знайшла старшакласнiкаў, якiя ўсё адрамантавалi i атрымалi ад сельвыканкама грошы. Цяпер трэба калодзеж пафарбаваць, i стараста шукае фарбу. А калi не знойдзе — не бяда: гаворыць, збяром з жыхароў ўсёй вулiцай па тысячы рублёў i пафарбуем. Таксама пад яе пiльнай увагай адзiнокiя старыя — можа, каму патрэбна дапамога. А нядаўна ў краме спажывецкай кааперацыi Тамара Рыгораўна арганiзавала выставу хлеба з дэгустацыяй. Каб павялiчыць рэалiзацыю хлебабулачных вырабаў Чэрыкаўскага завода, вяскоўцаў пачаставалi новымi вiдамi прадукцыi i правялi апытанне — падабаецца альбо не. Людзi засталiся задаволеныя мерапрыемствам, i чэрыкаўскi хлеб сталi набываць больш актыўна. — У старасты павiнна быць унутры закладзена патрэба дапамагаць людзям i атрымлiваць ад гэтага задавальненне, — гаворыць пра сваю грамадскую пасаду Тамара Рыгораўна. — Я нi з кiм не сваруся, а па-добраму раблю заўвагу. Напрыклад, прашу прадаўца крамы не класцi на падлогу прадукты альбо жыхароў вёскi прыбраць смецце на вулiцы... Дарэчы, пра смецце. Раней яго кiдалi каля хат, а свядомая Макарава... закопвала смецце на сваiм агародзе. Таму верамейкаўская дэлегацыя на прыём у райвыканкам ездзiла, каб для збору смецця далi трактар. Цяпер праблем няма. — Людзi ў нас добрыя, i я вельмi хачу, каб з боку ўладаў да iх заўсёды была ўвага, — кажа Тамара Рыгораўна. Чэрыкаўскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тамара Рыгораўна Макарава — старшыня сельскага камiтэта вёскi Верамейкi Чэрыкаўскага раёна. Паводле вынiкаў спаборнiцтва сярод органаў тэрытарыяльнага |
|