Гарадскiя вяскоўцы чакаюць перамен
Аляксандр ПУКШАНСКI
ФОРС-МАЖОР А вы заўважылi, што прыватны сектар у гарадах часта быццам выпадае з агульнай карцiны гарадскога добраўпарадкавання?! Чамусьцi «людзi ад улады» асаблiва не спяшаюцца знайсцi «асобны падыход» для вырашэння шматлiкiх прыватных праблем «з барадой».«Гарадскiя вяскоўцы»?! А як яшчэ назваць насельнiцтва прыватных дамоў у вялiкiх гарадах, такiх, як Вiцебск? Праблемы так званага прыватнага жылога сектара тут «вечныя»: у большасцi выпадкаў дарогi не асфальтуюцца, цэнтралiзаванага водаправода няма... Добраўпарадкаванне тэрыторыi прыватнiкi заўсёды павiнны рабiць самi. Добра, калi ёсць у доме працавiты мужчына, якому рукi ды i здароўе дазваляюць наводзiць парадак. А, калi тут жывуць старыя, адзiнокiя людзi, тым больш жанчыны, як iм быць? Ад сэрца мiжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску» — знакамiтага Летняга амфiтэатра — да вiцебскай вулiцы 4-я Фрунзе ўсяго некалькi сотняў метраў. Як вядома, зараз у амфiтэатры завяршаюцца работы па будаўнiцтву даху, паралельна праводзiцца першая чарга рэканструкцыi плошчы канцэртнага комплексу. На гэта трацяцца мiльярды рублёў. Капiтальна рамантуецца i праспект Фрунзе, дзе знаходзiцца амфiтэатр. А вось недалёка — зусiм iншая карцiнка. Вулачка 4-я Фрунзе знаходзiцца на спуску ад двароў дамоў, што на праспекце. Тут усяго каля дзесятка домiкаў. На месцы аднаго былога будынка — несанкцыянаваная звалка. У самым нiзе вулачкi знаходзiцца стары дом № 16, дзе жывуць дзве сталыя жанчыны — мацi i дачка Берлiны. Старэйшая, Праскоўя Харлампiеўна, нарадзiлася ў 1912 годзе, так што праз пяцiгодку, дай божа, справiць 100-гадовы юбiлей. Чуе яна дрэнна. Размаўлялi мы з дачкой — Аленай Андрэеўнай. Расказала яна пра лёс сям’i, гiсторыю дома: «Жывём мы тут з 1946 года. Пераехалi з Гомельшчыны, тады i дом пабудавалi. Бацька мой, Андрэй Якаўлевiч, i партызанiў у вайну, а потым з войскам да Берлiна дайшоў. Мацi мая ўсё жыццё гадавала дзяцей. Мой брат, якому 52 гады, жыве ў Балбасаве на Аршаншчыне, працуе ўрачом у вясковай бальнiцы. Прыязджае зрэдку ў госцi. Дзяцей у мяне няма — так ужо склалася. Працавала я ўсё жыццё эканамiстам — завочна ў свой час закончыла мiнскi фiнансава-эканамiчны iнстытут iмя Куйбышава... Канешне, у савецкiя гады я спрабавала пабудаваць кватэру, бо зарплата, як i многiм, дазваляла гэта зрабiць. Як i трэба, стала ў чаргу ў гарвыканкаме. Было гэта недзе ў 80-х. Але прыйшоў адказ, што ў будаўнiцтве адмоўлена з-за вялiкай плошчы нашага дома, дзе я прапiсана. Iдуць гады, дом старэе разам з намi. А каму рамантаваць яго? Няма ў нас мужчынскiх рук. А яшчэ, паколькi мы ў нiзiне знаходзiмся, шмат разоў вада паднiмалася, ды так, што з дому на вулiцу можна было выйсцi толькi ў гумавых ботах. Было, пералётныя качкi пачыналi ў нас «прыжывацца». Колькi разоў звярталася ў гарвыканкам, каб зрабiлi нешта для адводу вады. Цяжка было пераканаць чыноўнiкаў у неабходнасцi гэтага. Наогул, жыццё паказвае, што нiхто намi не цiкавiцца. Нiколi не заходзiў да нас дэпутат, участковы новы так i не з’явiўся. Калi трэба, напрыклад дах паправiць, чыноўнiкi адказваюць: вы ж «прыватнiкi». I нiкому справы няма, што не можам мы самi!.. Калонка з вадой знаходзiцца на «выхадзе» ў двары па праспекту, цяжка, бывае, зiмой па лёдзе па ваду хадзiць. А ў iншы час года балота стаiць на незаасфальтаванай вулiцы. Бачыце вялiкiя горкi пяску ля нашага дома? Гэта дажджы прыносяць з верху ўвесь пясок»! Побач з домам — былыя вытворчыя плошчы. Раней тут рабiлi карпусы для тэлевiзараў, потым — металiчныя канструкцыi. Дзiўна, што за агароджай дома стаiць сапраўдная чыгуначная цыстэрна... Зараз плошчы арандуюць прадпрымальнiкi. У гэтай «зоне» смецце i таксама няма асфальту. Дарэчы, раней у раёне вулiцы 4-й Фрунзе дамоў прыватных было значна больш. Ды ў 1990-х гадах пабудавалi на iх месцы шматпавярхоўкi. А вось Берлiным не пашанцавала. Так i жывуць. Разводзяць курэй — iх 9, раней казу трымалi. Вырошчваюць бульбу i iншую агароднiну. Больш нiкуды па дапамогу не звяртаюцца. «А хто займаецца ў вас прыватным сектарам?» — пацiкавiўся я ў прыёмнай ЖКГ Вiцебскага гарвыканкама. Аказваецца, нiхто! Мне параiлi звяртацца па каментарый па «прыватных пытаннях» у адпаведную адмiнiстрацыю раёнаў горада. У адмiнiстрацыi Кастрычнiцкага раёна так пракаментавалi сiтуацыю: «Сапраўды, жыхарам такiх вулачак трэба спадзявацца на сябе. Раней у аддзеле быў майстар, якi прымаў заяўкi, потым звяртаўся ў цэнтр занятасцi, каб выдзялялi людзей дапамагчы па гаспадарцы. Грошы на матэрыялы для рамонту прыватнiкам не выдаткоўваюцца. I не асаблiва часта яны звяртаюцца па дапамогу. Мо раз у квартал, ды i тое просяць правiльна зямлю падзялiць. А ўвогуле на 4-й Фрунзе плануецца пабудаваць шматпавярховыя дамы». Мiж iншым, галоўны архiтэктар горада падчас «прамой лiнii» таксама адзначыў, што распрацоўваецца праект забудовы, i тут плануецца знесцi прыватныя дамы. Канкрэтных тэрмiнаў, праўда, не назваў. Так што ёсць надзея на паляпшэнне жыллёвых умоў гераiнь артыкула. I ў «культурнай сталiцы» стане меней такiх непрыглядных «астраўкоў». А яшчэ нават кiраўнiк дзяржаўнага кантролю рэспублiкi Зянон Ломаць, якi доўгi час быў памочнiкам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, галоўным iнспектарам па Вiцебскай вобласцi, падчас сваёй «прамой лiнii» з жыхарамi рэгiёна адзначыў, што «на прыватны сектар трэба не толькi звярнуць увагу, але ж i пастарацца вырашыць праблемы рамонту вулiчнага пакрыцця, пытаннi асвятлення, водазабеспячэння...» Дарэчы, побач з вулачкай, аб жыхарах якой мы расказалi, знаходзiцца акадэмiя ветэрынарнай медыцыны. I пасуцца каля мемарыяльнага месца, прысвечанага ахвярам фашызму, «акадэмiчныя» конi, козы, авечкi... Культурная правiнцыя? Цi факт, дастойны асобнага артыкула?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А вы заўважылi, што прыватны сектар у гарадах часта быццам выпадае з агульнай карцiны гарадскога добраўпарадкавання?! Чамусьцi «людзi ад улады» асаблi |
|