Жыць, каб пiць?I мы там былi Журналiст паўдзельнiчала ў мерапрыемствах «дня прафiлактыкi», мэта якiх — барацьба з п’янствамАўдыторыю, якая сабралася ў той дзень у Доме культуры вёскi Дзешчанка Уздзенскага раёна, тыповай не назавеш. Грамадзян з прыпухлымi няголенымi тварамi, якiя збiлiся ў купку па цэнтру глядзельнай залы, пры ўсiм жаданнi цяжка было аднесцi да заядлых кiнаманаў цi аматараў кiналекторыяў. «Не зразумеў, — гучна вымавiў адзiн з iх, важна развалiўшыся ў крэсле, — што мы тут забылiся?». Прынамсi, астатнiя паводзiлi сябе дастаткова цiха, з апошнiх сiл iмкнучыся адпавядаць духу культурнай установы. Цi можна перамагчы п’ян-ства — як хваробу i як сацыяльную з’яву? Спытайце ў спецыялiстаў — нарколагаў, псiхолагаў, педагогаў, супрацоўнiкаў праваахоўных органаў — i ўпэўнiцеся ў тым, што iх адказы будуць далёкiмi ад аптымiстычных. I хоць народная мудрасць сцвярджае, што «п’яны праспiцца, а дурань — нiколi», жыццё ўносiць свае карэктывы, усё часцей ставячы памiж паняццямi «п’яны» i «дурны» знак роўнасцi. Арганiзм, якi метадычна i паслядоўна падпiтваецца алкаголем, «праспацца» ўжо не можа. Ва ўсякiм разе, без дапамогi збоку. Наколькi дзейснай можа быць гэта дапамога? Ужо амаль два гады ў Уздзенскiм раёне праводзяцца так званыя днi прафiлактыкi — з выездам на месцы, у сельсаветы... Чуць пра iх даводзiлася i раней, а вось пабачыць, папрысутнiчаць атрымалася толькi нядаўна. Шчыра кажучы, настройвалася на ўзорна-паказальную лекцыю ў духу 80-х, з лозунгамi i заклiкамi. I рада, што памылiлася. Выступоўцы, канешне, былi, але большасць з iх спрабавала весцi з залай дыялог (наколькi гэта атрымлiвалася) цi проста размову. Дарэчы, старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў Мiхаiл Лапотка ўзначальвае не толькi раённую камiсiю па справах непаўналетнiх, але i камiсiю па барацьбе з п’янствам. Менавiта з лёгкай рукi Мiхаiла Мiхайлавiча правядзенне «дзён прафiлактыкi» стала ў раёне рэгулярным, да iх сур’ёзна рыхтуюцца самыя розныя службы i адказныя асобы. Нiколi не праяўляюць абыякавасць намеснiк начальнiка раённага аддзела ўнутраных спраў Руслан Коршак, iнспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях Аляксей Рак, работнiкi суда i пракуратуры. — Гэта мерапрыемства не «дзеля галачкi», — сцвярджае Мiхаiл Лапотка. — Раней я працаваў у райвыканкаме, адказваў за сацыяльна-культурную сферу. За гэты час цвёрда ўпэўнiўся, што самым вялiкiм злом з’яўляецца п’янства. З-за яго распадаюцца сем’i, пакутуюць дзецi, людзi страчваюць работу i — што самае страшнае — самiх сябе... Правядзенне дзён прафiлактыкi ў пераважнай большасцi выпадкаў супадае з выязнымi пасяджэннямi камiсii па справах непаўналетнiх, якiя звычайна праходзяць у школах. Дзешчанскай школе, з якой пачалася ў той дзень прафiлактычная работа, можа пазайздросцiць iншая гарадская. Пабудавана яна нядаўна, мае сучасны знешнi выгляд i такое ж унутранае аздабленне... Начальнiк аддзела адукацыi Уздзенскага раёна Уладзiмiр Казючыц не стаў чытаць старшакласнiкам доўгiя i нудныя натацыі. Яго размова з падлеткамi заняла ад сiлы 7—10 хвiлiн i была пабудавана на канкрэтных, рэальных рэчах. «Вы ведаеце, колькi каштавала дзяржаве ваша школа?.. А ў якую суму абыходзiцца ёй адзiн вучань?.. Цi кожная сярэдняя навучальная ўстанова рэспублiкi мае свой стадыён i свой аўтобус — так, як ваша?..» Апошняе пытанне мела на ўвазе адказ, што далёка не кожная. А значыць, рабiлi выснову дзецi, гэта трэба цанiць i берагчы. Запрошаныя ў школу спецыялiсты — падлеткавы нарколаг, супрацоўнiкi аддзела ўнутраных спраў, пажарнай службы — гаварылi са старшакласнiкамi на розныя тэмы: аб знешнiм выглядзе, аб праве карыстацца мабiльным тэлефонам падчас урокаў, аб правiлах паводзiнаў у прысутнасцi супрацоўнiка мiлiцыi, аб штрафах за лжывы выклiк спецслужбаў, аб наступствах знаходжання на ўлiку ў iнспекцыi непаўналетнiх... Карысная, скажу я вам, атрымалася размова. Вялiкаўзроставыя хлопчыкi i дзяўчынкi слухалi з непадробнай цiкавасцю. Ды i я на ўсякi выпадак запiсала ў сваiм нататнiку: «Энергетычны напiтак «Рэд бул» складаецца з вялiкай колькасцi кафеiну i глюкозы, а таксама алкаголю». (Раскажу дачцэ i пляменнiку.) Згодна з тым i дзвюма рукамi за тое, што прафiлактыку п’янства трэба пачынаць з падлеткавага асяроддзя. Ды i тое часам бывае позна... Валянцiна Пруднiкевiч, намеснiк старшынi раённай камiсii па справах непаўналетнiх, займаецца праблемамi «цяжкiх» сем’яў 29 гадоў. Але да гэтага часу трагедыю кожнага дзiцяцi ўспрымае як сваю асабiстую i за кожны, пакуль яшчэ не да канца скалечаны, лёс гатова змагацца столькi, колькi спатрэбiцца. Размаўляючы падчас пасяджэння камiсii з гора-бацькамi, Валянцiна Мiхайлаўна цiкавiцца ўсiм: цi збiраюцца яны лячыцца ад алкагалiзму, адкуль бяруць сродкi на iснаванне, цi пасадзiлi агарод, калi апошнi раз прыбiралi ў хаце, што прыгатавалi на вячэру... I тут жа — пытанне дзецям (якiя знаходзяцца на ўлiку ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх): «А вы хацелi б стварыць такую сям’ю?» У адказ — маўчанне, больш красамоўнае за словы... Азерскi сельскi Савет, на тэрыторыi якога знаходзiцца вёска Дзешчанка, па наяўнасцi праблем з «цяжкiмi» сем’ямi i падлеткамi адзiн з самых складаных у раёне. Значны працэнт правапарушэнняў — на рахунку некалькiх старшакласнiкаў з Дзешчанскай школы. Карцiна тыповая: мама i тата злоўжываюць алкаголем, у пераважнай большасцi не працуюць. Падчас пасяджэння Валянцiна Мiхайлаўна лiтаральна ўгаворвала адну такую маму прайсцi на базе раённай бальнiцы лячэнне ад алкагалiзму i закадзiравацца. На рахунку яе сыноў-старшакласнiкаў ужо некалькi правапарушэнняў — знаходжанне ў нецвярозым стане, хулiганства, крадзеж... А знешне — вельмi сiмпатычныя хлопцы, акуратныя, сцiплыя. I абодва за маму — гарой. Вось толькi мама... цi разумее? Пасля завяршэння работы камiсii па справах непаўналетнiх са школы пераходзiм у Дом культуры, дзе збiраецца ўжо больш дарослая аўдыторыя i адпаведны «кантынгент» — тыя, хто ўжывае алкаголь. Прыходзяць i iх суседзi, аднавяскоўцы, проста цiкаўныя... Падчас такога мерапрыемства, расказаў мне Мiхаiл Лапотка, любы чалавек можа ўстаць i сказаць прылюдна «асацыяльнай асобе» ўсё, што пра яе думае. (Падазраю, што «асобам» у большасцi сваёй ад гэтага ўжо не горача i не холадна.) Аднак некаторыя з iх рэагуюць бурна i нават буйна, патрабуючы захоўваць паважлiвае стаўленне да сябе, або пагражаюць звярнуцца ў суд: маўляў, пiць цi не пiць — наша справа. Але адзiн (гэта было ў iншым сельсавеце) падышоў да Мiхаiла Мiхайлавiча... са словамi падзякi: маўляў, нiхто са мной нiколi так не гаварыў, нiхто раней не звяртаў на мяне ўвагi. Цяжка сказаць, наколькi дзень прафiлактыкi прадуктыўны ў выхаваўчым плане для самога дарослага кантынгенту... Перад iмi выступае з тэматычнай пастаноўкай школьная агiтбрыгада, iм паказваюць дакументальныя фiльмы аб усемагчымых жахлiвых наступствах п’янства, знятыя, дарэчы, аддзелам унутраных спраў i аддзелам па надзвычайных сiтуацыях Уздзенскага раёна на мясцовым матэрыяле. Там i спаленыя хаты, i абгарэлыя гаспадары, i дзецi з вачамi, поўнымi болю, i мамы, якiя ад гарэлачнай «перадазiроўкi» не могуць звязаць двух слоў. Для нармальнага чалавека глядзець на гэта дзiка i страшна. Тыя ж, дзеля каго было задумана мерапрыемства, пазяхаюць i нязлосна перакiдваюцца лаянкай i рэплiкамi. Сцiхаюць толькi, калi на сцэну паднiмаецца святар Азерскай царквы айцец Вiктар. «Жыццё — час выпрабаванняў, i яно вельмi кароткае. Пакаяцца нiколi не позна, бо п’янiца не наследуе царства Бога», — гаворыць ён, акрапляючы прысутных святой вадой... Урач-нарколаг Ларыса Гiлеўская прапаноўвае «кантынгенту» полiклiнiчную дапамогу — ад кансультацыi па прычыне цырозу, гепатыту i злаякасных пухлiн да недарагога кадзiравання. Пры гэтым Ларыса Вiктараўна звяртаецца да iх больш чым карэктна: дарагiя мужчыны... «Пад занавес» старшыня Азерскага сельскага Савета Iван Якавiцкi просiць галоўных «герояў» дня падысцi да сцэны. Яны крыху супрацiўляюцца, але ў рэшце рэшт выходзяць. Вiдовiшча, скажу шчыра, не з прыемных. Кульмiнацыя трагедыi пад назвай «жыццё алкаголiка». Бо тыя, што стаяць ля сцэны, i ёсць самая сапраўдная «прафiлактыка» — жывы «прыклад» таго, да якiх межаў можа дайсцi чалавечая iстота ў сваiм адваротным развiццi... Наталля КАРПЕНКА, Уздзенскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналiст паўдзельнiчала ў мерапрыемствах «дня прафiлактыкi», мэта якiх — барацьба з п’янствам |
|