З горада ў вёску. Сэнс ёсць
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
МЯСЦОВЫ ЧАС Пасля заканчэння сярэдняй школы Марына Рашэтнiкава з вёскi Залессе Чачэрскага раёна апынулася ў Гомелi, дзе ўладкавалася на завод «Карал» вучанiцай. Прафесiю зборшчыцы асвоiла хутка... Але з распадам Савецкага Саюза, калi разарвалiся эканамiчныя сувязi, прадпрыемства, якое ўваходзiла ў ваенна-прамысловы комплекс, пачало масавае скарачэнне кадраў... Марына ж без работы не засталася — паступiла ў радзiльны дом санiтаркай дзiцячага аддзялення.Потым — у пошуках лепшага заробку — перайшла ў медыка-генетычны цэнтр горада (у пральню). Да гэтага часу Марына ўжо змянiла сваё прозвiшча, бо выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскi Пятра Пацiпку. Маладая сям’я жыла на прыватнай кватэры. Калi ж на свет з’явiлiся сын i дачка, Пятру, кантралёру следчага iзалятара, выдзелiлi пакой у iнтэрнаце. Дванаццаць квадратных метраў на чатырох — асаблiва не разгонiшся. Праўда, была надзея, што сям’я атрымае кватэру. Сваю, уласную. Але — не выйшла. Не з’явiлася перспектыў i пасля таго, як Пётр перайшоў працаваць на фанера-запалкавы камбiнат. I тады сям’я моцна задумалася над тым, як лепш наладзiць сваё жыццё. I гэтыя думкi ўсё часцей пачалi скiроўвацца ў бок вёскi Залессе роднага Чачэрскага раёна. Ну чым там дрэнна? Прыгожыя краявiды: лес, азёры, Сож за нейкi кiламетр-два. Райцэнтр недалёка. У мясцовым магазiне тавараў розных амаль як у Гомелi. Гаспадарка, якая ператварылася ў прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства «Звязда-2003», — адна з самых моцных у раёне. Ёсць патрэба ў рабочых руках... I вось iдэя пераезду ў вёску пасля амаль чатырнаццацi гадоў жыцця ў горадзе набыла канкрэтную акрэсленасць... Марыне (пасля спецыяльных курсаў) далi работу тэхнiка па штучнаму асемяненню кароў, адначасова яна паступiла ў Рэчыцкi дзяржаўны аграрны каледж на аддзяленне заатэхнii. Акрамя фермы ў Залессi, жанчыне даручылi i работу на ферме ў вёсцы Покаць. Зараз яна абслугоўвае каля пяцiсот кароў, а муж працуе даглядчыкам цялят. Я размаўляю з iмi ў доме, якi сям’i выдзелiла гаспадарка. Дыхтоўны такi дом, прыгожы. Прасторная зала, два пакоi, кухня. Тэлевiзар, халадзiльнiк, пральная машына. Прыгожыя шпалеры на сценах, а столь распiсана марскiм пейзажам з пальмамi. Усе камунальна-бытавыя выгоды ў доме. Ацяпляецца ён з дапамогай катла, якi знаходзiцца ў асобным памяшканнi. Па ўсiм вiдаць, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Ды Пацiпкi i не хаваюць гэтага. За нейкiя тры гады жыцця ў вёсцы яны моцна сталi на ногi. Заробкi добрыя, таму набылi ўсё неабходнае. А што пры доме? Агарод, вядома, дзе пасадзiлi яблынi, абрыкосы, малiну, клубнiцы, чорныя i чырвоныя парэчкi. I ў полi ўчастак, дзесяць сотак. Там i на бульбу месца хопiць, i на капусту, i на буракi з морквай. Купiлi каня, трое парасят гадуюцца, куры па двары ходзяць. Вунь лазня стаiць. Пакуль не даведзеная да ладу, праўда. Але Пётр вось-вось пойдзе ў водпуск, i ўсе работы будуць закончаны. Спытаў я i пра дзяцей. Юля вучыцца ў восьмым, а Дзiма ў шостым класе. У Чачэрск iх разам з iншымi вучнямi возяць на аўтобусе штодзень, бо ў Залессi школа згарэла (зараз пачынаюць тут будаваць новую). — Мы задаволены, што пераехалi ў вёску, — падводзяць рысу Марына Мiкалаеўна i Пётр Пятровiч. — Тут мы знайшлi, калi гаварыць шчыра, сябе. I не разумеем тых, хто, не маючы ў горадзе свайго асабiстага кутка, свайго жылля, а iншым часам i работы, ледзь зводзiць канцы з канцамi. Пераязджайце ў вёску, там будзе ўсё! Каментарый Святланы Iвановай, начальнiка ўпраўлення па занятасцi насельнiцтва камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Гомельскага аблвыканкама: — Заўважу, што сям’я, аб якой iдзе гаворка, мела ў горадзе работу i не звярталася па дапамогу ў нашу службу. Выбар людзi зрабiлi самi, заключыўшы дагавор з гаспадаркай, якая прыняла iх. Адначасова хачу сказаць, што кожны беспрацоўны як з горада, так i з вёскi можа атрымаць работу i жыллё ў iншым месцы, дзе патрэбны рабочыя рукi. Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўпраўленнi па працы, занятасцi i сацыяльнай абароны гаррайвыканкамаў. Прывяду некаторыя даныя. Пры ўдзеле нашай службы ў 2005 годзе змянiлi сваю прапiску 36 сем’яў беспрацоўных (120 чалавек). Дарэчы, у Мiнскую вобласць з нашай пажадалi выехаць 8 i ў Брэсцкую — 2 сям’i. Сёлета за першы квартал наша служба накiравала на работу ў вёску ўжо 9 сем’яў беспрацоўных. У гаспадарках, якiя летась i сёлета прадаставiлi людзям жыллё i пастаянную працу, пераважаюць такiя спецыяльнасцi i прафесii, як аператар машыннага даення кароў, аператар па догляду жывёлы, вадзiцель, электрагазазваршчык, брыгадзiр малочнатаварнай фермы i будаўнiчых спраў, галоўны эканамiст, аграном, энергетык i г.д. Беспрацоўнаму, якi заключыў дагавор на пераезд у вёску, выплачваецца пяць бюджэтаў пражытковага мiнiмуму, а кожнаму члену яго сям’i — дадаткова адна ўказаная велiчыня. Бывае такая сiтуацыя, калi ў сям’i некалькi беспрацоўных. З iмi таксама заключаецца дагавор i прадастаўляецца гарантаванае рабочае месца з выплатай вышэйпамянёнай пяцiразовай велiчынi бюджэту пражытковага мiнiмуму. Калi ж перасяленне беспрацоўных на новае месца жыхарства адбываецца з малых гарадоў i населеных пунктаў з устойлiва высокiм узроўнем беспрацоўя (пералiк такiх штогод вызначаецца дзяржаўнай i абласнымi праграмамi садзейнiчання занятасцi насельнiцтва) у рэгiёны, дзе рабочай сiлы не хапае, iм у дадатак да пяцi велiчынь бюджэту пражытковага мiнiмуму выплачваецца яшчэ дзве. Акрамя таго, беспрацоўнаму, калi ён едзе ў гаспадарку ў так званую «разведку» для азнаямлення з тымi ўмовамi, якiя яму прапануе наймальнiк, выплачваюцца камандзiровачныя (да чатырох дзён), згодна з прадстаўленымi дакументамi. Яму i членам яго сям’i кампенсуюцца фактычныя расходы за праезд i перавоз маёмасцi на новае месца жыхарства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля заканчэння сярэдняй школы Марына Рашэтнiкава з вёскi Залессе Чачэрскага раёна апынулася ў Гомелi, дзе ўладкавалася на завод «Карал» вучанiцай. П |
|