Пчаляр з Вiдамлi ведае рэцэпт удалай рэалiзацыi сябе на пенсii
Святлана ЯСКЕВIЧ
Свая справа Сцяпан Iльiч Абламскi з вёскi Вiдамля Камянецкага раёна ўсяго толькi месяц, як на пенсii. Працаваў загадчыкам гаража амаль да 72 гадоў. Сам папрасiўся, сказаў тады дырэктару сельгаспрадпрыемства, што няёмка ўжо, пара маладым дарогу саступаць. Змену сабе падрыхтаваў. Дзмiтрый Каладзей менавiта пад уплывам Сцяпана Iльiча пасля доўгiх разваг застаўся ў роднай вёсцы. Зараз завочнiк адной з маскоўскiх ВНУ заняў месца былога кiраўнiка аўтатранспартнага цэха гаспадаркi. Новаспечаны ж пенсiянер нарэшце поўнасцю прысвяцiў сябе любiмай справе апошняга часу.А пачатак захаплення пчалярствам можна вызначыць, бадай, выразам «жыццё прымусiла». Хоць гэта справа была сямейнай традыцыяй Абламскiх, пчоламi займалiся дзед i бацька, Сцяпанава жыццё iшло ў iншым накiрунку. Iнжынеру па адукацыi Сцяпану Iльiчу хапала калгасных клопатаў. На розных пасадах у розны час звязанага з тэхнiкай гаспадаркi, яго быццё вызначаў цыкл хлебароба: сяўба, уборка, нарыхтоўка кармоў, рамонт i прафiлактыка машын. Але ж з маладых гадоў калгаснiк пакутаваў на радыкулiт. I вось аднойчы, у 1982 годзе хвароба прымусiла пралячыцца ў бальнiцы. Там добрыя людзi падказалi, што ад такой немачы часам добра дапамагаюць пчолы. Памятаеце, як у фiльме «Белыя росы» герой Мiкалая Карачанцава вылечыў бацьку, выпускаючы з пакета на спiну адну за адной пчол? Тады i Сцяпан Абламскi прыгадаў сямейную справу. Праўда, вопыту асабiстага не было, ведаў таксама. Давялося засесцi за кнiжкi. Дапамог часопiс «Чалавек i прырода», сякая-такая лiтаратура з сельскай бiблiятэкi. Словам, завёў для пачатку некалькi пчалiных сем’яў, найбольш для таго, каб былi свае ўласныя крылатыя лекары. I дапамагло, радыкулiт менш стаў непакоiць. Ды i свежы мёд, як вядома, толькi на карысць здароўю. Iшлi гады, i пчалiная гаспадарка пачала разрастацца. А цяпер яна налiчвае амаль 40 вулляў. Зараз гаспадар на правах заўзятага пчаляра можа падоўгу расказваць, як трэба рыхтаваць да зiмоўкi пчол, як прайшла зiмоўка. Сцяпан Iльiч, напрыклад, нiколi не дае насякомым антыбiётыкаў, каб папярэдзiць розныя хваробы, як рэкамендуе спецыяльная лiтаратура. З аптэчных прэпаратаў, паводле яго слоў, выкарыстоўвае мурашовую кiслату. I вельмi хораша распавядае ён пра звычкi шчырых працаўнiкоў насякомага свету. Так, сёлета, калi май быў халаднаваты, пчолы пазней прыступiлi, так бы мовiць, да масавай нарыхтоўкi мёду. У той дзень, як мы з iм сустрэлiся, з ранку было халаднавата. «Калi холадна цi дажджлiва, — расказвае суразмоўца, — яны сядзяць нiбы тыя механiзатары ў час уборкi, чакаюць. А як толькi сонца выгляне, роем, сотнямi вылятаюць на промысел». Аказваецца, пчолы не пусцяць у вулей хворую або «п’яную» таварку. Бывае такое, што якая-небудзь пчолка паддасца спакусе паесцi забрадзiўшай садавіны альбо варэння. Тады ў яе парушаецца каардынацыя руху, яна становiцца падобнай на п’яную. I даводзiцца небарацы начаваць на дварэ, што з’яўляецца цяжкiм жыццёва небяспечным выпрабаваннем. Вельмi забаўна выглядае працэс выкiдвання з вулля трутня. У канцы лета аграмадных, непаваротлiвых у параўнаннi з рабочымi пчоламi асобiн адразу некалькi працаўнiц бяруць за крылы i выпiхваюць з вулля. Што зробiш, так прырода дыктуе абыходзiцца з адпрацаваным матэрыялам. Гiсторый у Сцяпана Iльiча пра яго гадаванцаў шмат. Цяпер ён заняты iх доглядам практычна кожны дзень. Зараз яшчэ i пчалярню пачаў будаваць. Правiльней сказаць, не будаваць, а перарабляць пад гаспадарчае памяшканне былы гараж. Раней, пакуль быў на рабоце, рукi не даходзiлi... Мёду ўжо хапае i сабе, i дзецям, i што-кольвечы прадаць можна. Дачка Абламскiх жыве ў Брэсце, сын зусiм побач — у Вiдамлi. Так што яны нярэдкiя госцi ў бацькоў. Марыя Мiкалаеўна зараз найбольш шчыруе ў агародзе. На градах пачынае ўзыходзiць пасеянае, трэба не дапусцiць пустазелле. Усё жыццё адпрацавала гаспадыня дома фельчарам на мясцовым ФАПе. 14 вёсак абслугоўвала iх установа. Зараз на Вiдамлянскiм ФАПе рэгулярна хворых прымаюць урачы, а раней асноўная нагрузка прыпадала на фельчара. Даводзiлася абыходзiць-аб’язджаць усе населеныя пункты. «У адной з тых вёсак, — расказвае Марыя Мiкалаеўна, — застаўся толькi адзiн жыхар. Адмiраюць многiя сёлы. Затое Вiдамля будуецца, прыгажэе. Нядаўна яна стала аграгарадком». Жонка падтрымлiвае мужа ў яго захапленнi. Кажа, што ён чалавек вельмi спакойны, памяркоўны, свае сумесныя гады яны пражылi ў згодзе. А ў Сцяпана Iльiча апошнiм часам паявiлася многа калегаў, аднадумцаў, з якiмi ён любiць сустракацца, абменьвацца нейкай iнфармацыяй па тэлефоне. Жыццё набыло новы цiкавы iмпульс. Пчаляр з Вiдамлi раiць усiм, хто наблiжаецца да запаветнага пенсiйнага рубяжа, загадзя абдумаць i падрыхтавацца да новага занятку, што прынясе карысць i задавальненне. Камянецкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сцяпан Iльiч Абламскi з вёскi Вiдамля Камянецкага раёна ўсяго толькi месяц, як на пенсii. Працаваў загадчыкам гаража амаль да 72 гадоў. Сам папрасiўся |
|