21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Рэпарцёр атрымаў заданне...

26.08.2009 08:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ

...тармазнуць дарожнага «лётчыка»

Iншамарка iмчала з хуткасцю 90 кiламетраў у гадзiну, абганяючы адну за адной легкавушкi. I гэта, не зважаючы на знак, якi патрабаваў ад вадзiцеляў на дадзеным участку вулiцы Мазурава прытрымлiвацца хуткасцi 60 кiламетраў. Праз 15—20 секунд вадзiцель джыпа Сяргей Р. па ўказанню iнспектара дарожна-патрульнай службы ДАI ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Вiталя Кухарава спынiў легкавушку i спакойна накiраваўся да машыны Дзяржаўтаiнспекцыi, у якой знаходзiўся я i iнжынер па спецтэхнiцы ДАI маёр Вячаслаў Руцкi. Сяргей Р. быў упэўнены, што да таго месца, дзе ён груба парушыў правiлы дарожнага руху, радар «дастаць» не мог — далекава. А калi i мог, дык трэба яшчэ даказаць, што менавiта джып, а не нейкая iншая машына ў суцэльным патоку перавысiла хуткасць. Таму, так сказаць, з незалежным выглядам ён i падыходзiў да нас: маўляў, у чым справа, у мяне ўсё ў парадку.

— Вы знаёмыя з гэтай тэхнiкай? — спытаў у яго Вячаслаў Уладзiмiравiч, не выходзячы з кабiны, дзе на спецыяльным прыборы высвечвалiся нумар джыпа, яго хуткасць, час i дата парушэння.

— Не, не знаёмы, — адказаў той, углядаючыся ў лiчбы.

— Пытаннi ёсць?

— Няма. Вiнаваты. Забiраў сваiх сяброў з работы. Спяшалiся дадому, i вось...

— Меру пакарання, згодна з новым Адмiнiстрацыйным кодэксам, вам вызначыць спецыяльная камiсiя. Я ж скажу, што перавышэнне хуткасцi ад 20 да 30 кiламетраў у гадзiну цягне за сабой штраф да 2 базавых велiчынь.

Лiтаральна праз некалькi хвiлiн на экране прыбора высвецiлiся ўказаныя вышэй параметры наступнага парушальнiка дарожнага руху — «Опеля», якi развiў хуткасць у 83 кiламетры. Вадзiцель з 8-гадовым стажам спрачацца не стаў, а папрасiў прабачэння, сказаўшы, што ў час язды задумаўся i не заўважыў жвавасцi свайго аўтамабiля. Тое ж самае зазначыў i другi, малады гаспадар «жыгулёнка», якому, пэўна, давядзецца тлумачыць адмiнiстрацыйнай камiсii, чаму ён зрабiў падобнае парушэнне ўжо ў другi раз (першае — у 2003 годзе).

Карацей кажучы, на дадзеным участку вулiцы мы падзяжурылi 40 хвiлiн, i за гэты час тармазнулi пяцярых дарожных «лётчыкаў». Усе яны з непадробленым iнтарэсам аглядвалi прыбор, якi вельмi дакладна фiксаваў усе падрабязнасцi iх парушэнняў. Што ж гэта за тэхнiка такая, расказалi мне Вячаслаў Уладзiмiравiч i Вiталь Анатольевiч. Называецца ён радыёлакацыйны вымяральнiк хуткасцi аўтамабiля з фотафiксацыяй «Арэна» i выраблены ў Санкт-Пецярбургу. Той, аб якiм iдзе размова, з’яўляецца пераносным комплексам. Частка яго ўстанаўлiвалася на вышынi больш за метр на ўзбочыне дарогi прыблiзна за кiламетр ад нашай легкавушкi, i гэты аўтаматычны рэгiстратар перадаваў фатаграфii парушэнняў на знешнi камп’ютар, што знаходзiўся ў легкавушцы. Вось i ўсё.

Гомельская дзяржаўтаiнспекцыя мае ў сваiм распараджэннi ўжо тры такiя дарагiя прыборы, здольныя дыстанцыйна ўстанаўлiваць парог хуткасцi аўтамабiляў усiх марак i «адсейваць» тыя машыны, вадзiцелi якiх не дапускаюць парушэнняў. Комплекс можа працаваць i ў стацыянарным рэжыме, калi ён устанаўлiваецца на вышынi ад 5 да 8 метраў над паласой руху i «бачыць» усё, што робiцца там. Адпрацаваўшы ў адным месцы, ён пераносiцца ў iншае, а на ранейшым участку ўстанаўлiваецца iмiтатар яго, аб чым вадзiцелi, якiя прывыклi да яго рэнтгенаўскай пiльнасцi, канешне ж, не ведаюць i таму стараюцца не падвесцi сябе «пад манастыр».

Заўважыў такую акалiчнасць. Вадзiцелi аўтамабiляў, якiя бралi кiрунак у адваротным ад нас напрамку, мiргалi фарамi сустрэчным машынам: маўляў, асцярожна, наперадзе аўтаiнспекцыя. Цi дапамагае тут парушальнiкам такая шафёрская салiдарнасць, спытаў я ў Вячаслава Уладзiмiравiча. Аказваецца, не, бо вадзiцелi апошнiх прымалi тое папярэджанне за 300—400 метраў ад нас у той час, як аўтаматычны рэгiстратар парушэнняў паслаў ужо свой сiгнал на камп’ютар, знаходзячыся за кiламетр ад яго.

Да нас пад’ехаў камандзiр батальёна дарожна-патрульнай службы ДАI УУС аблвыканкама Валерый Крупскi, якi прапанаваў мне прыняць удзел у выяўленнi вадзiцеляў, што любяць прыкласцiся да чаркi перад паездкай цi нават ужо знаходзячыся за рулём. Дзяжурства праходзiла ў жылым мiкрараёне Валатава i на трасе Гомель—Ветка. Была пятнiца, канец рабочага тыдня, калi адны гараджане адпраўлялiся на дачы, на ўлонне прыроды, а другiя вярталiся дадому з розных паездак. Вось iх i спынялi супрацоўнiкi ДАI, правяралi дакументы i, як гаворыцца, па паху ў час гутаркi вызначалi, хто ўжываў спiртное.

I вось вынiк: iнспектары Вячаслаў Юраў i Аляксандр Курылiн западозрылi ў гэтым уладальнiка «Фольксвагена» Арцёма Б., якi вёз ужо вясёлую кампанiю на начоўку на бераг Сожа. Па знешняму выгляду i сам ён быў такiм жа вясёлым. Нават празмерна. Iнспектары прапанавалi яму праехаць разам з iмi ў наркалагiчны дыспансэр, каб яго работнiкi, спецыялiсты сваёй справы, устанавiлi iсцiну. Зрабiць гэта адразу iм не давялося, бо ўказаную працэдуру праходзiў 57-гадовы ўладальнiк аўтамабiля «Аўдзi-100» Валянцiн М., якога туды даставiлi iнспектары Валерый Саўчанка i Вiталь Болсун.

Таму ў мяне быў час пагутарыць з Арцёмам. Яму ўсяго 19 гадоў, i вадзiцельскiя правы ён атрымаў толькi летась. З’яўляецца слухачом падрыхтоўчага аддзялення адной з ВНУ Гомеля. Кажа, што выпiў трохi пiва i маленькую чарку гарэлкi. Так, за кампанiю. Раней за рулём спiртнога не браў. Я п’яны цi што, задае ён мне пытанне, на што я адказваю, што гэта вызначаць урач i медсястра наркадыспансэра.

Тыя для пачатку вымяраюць яго цiск (140 на 80), прапаноўваюць зрабiць пяць паваротаў вакол восi, дастаць нос рукамi i зрабiць адзiн бесперапынны выдых у аналiзатар алкаголю. Заключэнне — знаходзiцца ў стане алкагольнага ап’янення, дарэчы, як i вышэйпамянёны Валянцiн М., з якiм я таксама пагутарыў. У адрозненне ад Арцёма ён заявiў, што да яго прыдзiраюцца, бо ён ужыў толькi дзве лыжачкi настойкi пропалiсу. А работнiкi наркадыспансэра далi мне такую даведку. За тры гадзiны вячэрняй работы яны прынялi ўжо дзевяць вадзiцеляў, якiх даставiлi сюды супрацоўнiкi ДАI i якiя заяўлялi, што яны спажывалi або пiва, або джын-тонiк. У малых памерах. Прыборы ж сведчылi зусiм адваротнае.

Тут трэба сказаць, што тая пятнiца была адным з двух чэрвеньскiх дзён, калi работнiкi ДАI арганiзавалi рэйд. Дык вось, у наркадыспансэры высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты канстатавалi, што 35 вадзiцеляў за рулём знаходзiлiся ў стане алкагольнага ап’янення. Што ж датычыцца так званых дарожных лётчыкаў, якiя таксама маглi стварыць на вулiцах аварыйную сiтуацыю, дык колькасць iх за гэтыя днi папоўнiлася на 46 чалавек. I вось яшчэ якую лiчбу прывёў нам камандзiр батальёна дарожна-патрульнай службы ДАI Валерый Крупскi — за пяць сёлетнiх месяцаў у Гомелi затрыманы 704 вадзiцелi, якiя, знаходзячыся за рулём, былi нападпiтку. Для параўнання: за адпаведны перыяд мiнулага года iх было 563. На 141 чалавека менш.

Пасля мы гутарылi з начальнiкам Дзяржаўтаiнспекцыi УУС аблвыканкама Аляксандрам Дзеркачом, i ён сказаў, што i ў мiнулыя выхадныя былi праведзены падобныя рэйды. Вынiкi такiя ж, як i ў папярэднiя днi. Як сведчыць аналiз, грубыя парушэннi дарожнага руху дапускаюць у асноўным вадзiцелi ўзростам ад 18 да 40 гадоў. Яны ведаюць, як, дарэчы, i астатнiя парушальнiкi, аб жорсткiх мерах, што прымяняюцца да тых, хто iгнаруе правiлы дарожнага руху, згодна з новым Адмiнiстрацыйным кодэксам, аднак спадзяюцца на славутае «авось пранясе».

Здавалася б, з уводам у дзеянне новага Кодэкса колькасць такiх парушальнiкаў павiнна была б зменшыцца, аднак гэтага пакуль не здарылася. Нягледзячы на тое, што вялася i вядзецца i ў рэспублiцы, i ў вобласцi вялiкая растлумачальная работа па радыё, тэлебачанню, у газетах аб патрабаваннях новага заканадаўства, што супрацоўнiкi дзярж- аўтаiнспекцыi правялi шэраг мерапрыемстваў (Днi бяспекi руху, наладжвалi сустрэчы ў працоўных калектывах, праводзiлi iншыя акцыi прапагандысцкага i прафiлактычнага характару). Асаблiва трывожыць тое, сказаў ён, што колькасць аматараў сесцi за руль нападпiтку, на жаль, не знiжаецца, як не знiжаецца i колькасць тых, хто перавышае хуткасць на дарогах.

Адсюль i рост дарожна-транспартных здарэнняў, учыненых на тэрыторыi вобласцi. Калi па стану на 10 чэрвеня мiнулага года iх было зафiксавана 281, загiнула 66 i паранены 283 чалавекi, дык сёлета на ўказаную дату гэтыя лiчбы наступныя — 298, 74 i 318. Тут ёсць над чым задумацца.



 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...тармазнуць дарожнага «лётчыка»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика