Халодны душ i гарачая зялёная гарбата: наш адказ анамальнай гарачынi
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Спёка... Падаецца, толькi нядаўна мы чакалi цёплага надвор’я, ласкавага сонейка, а цяпер большасць з нас марыць толькi аб адным — калi ж хоць бы крышачку пахаладае, каб адчуваць сябе больш камфортна i ўдзень, i ўноч, калi ж пройдуць доўгачаканыя дажджы. А пакуль ад анамальных спякотных будняў i выхадных кожны ратуецца як можа: нехта лiтрамi спажывае прахаладжальныя напоi цi пачкамi — марожанае; хтосьцi бавiць час на беразе вадаёма; iншы бяжыць у магазiн за вентылятарам цi кандыцыянерам; «у вёску!» — крычаць астатнiя i збягаюць з тлумна-душнага горада...А ЯК АСАБIСТА ВЫ ПЕРАНОСIЦЕ ВЫСОКУЮ ТЭМПЕРАТУРУ ПАВЕТРА? ЯК ЗМАГАЕЦЕСЯ СА СПЁКАЙ? Нiна ШЧУР, эканамiст планавага аддзела фiлiяла «Аўтапарк № 1» КУП «Мiнсктранс»: — Для мяне спякотнае надвор’е — сапраўдная праблема. Iмкнуся як мага меней знаходзiцца на адкрытым сонцы, болей пiць вады. Але спажываць лепш не мiнералку, дзе шмат соляў, а ахалоджаную пiтную. У выхадныя ратуюся ад спёкi на дачы, там прасцей знайсцi выратавальную прахалоду. А ўвогуле, шчыра кажучы, хочацца звычайнай беларускай тэмпературы для гэтай пары (смяецца). Мне асабiста найбольш камфортна пры 24—25° С. Мiхаiл СIМАНЮКОЎ, супрацоўнiк музея Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь: — Такую высокую тэмпературу паветра я пераношу не вельмi добра, але бывае яшчэ горш, калi ўсталёўваецца вялiкая вiльготнасць. «Выратавальных» мерапрыемстваў асаблiва няма нiякiх. Калi знаходжуся на працы, галоўнае, каб быў прыток у пакой свежага паветра, значыць, фортка павiнна быць адчыненай. Падчас перапынку добра выйсцi з будынка. У нас вельмi ўтульны ўнутраны дворык, тут ёсць дзе схавацца ад спёкi. Дома захоўваю той жа прынцып барацьбы са спёкай — або вентылятар, або адчыненыя вокны. Настасся КЛЕБАН, прэс-сакратар Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС: — Спёку пераношу добра, хоць без лiшняй патрэбы на адкрытым паветры iмкнуся быць як мага меней. Выкарыстоўваю галаўны ўбор, п’ю шмат вадкасцi. Што яшчэ? Халодны душ ранiцай i вечарам i ў прынцыпе жыць можна. Iосiф ДАШЧЫНСКI, дырэктар УП «Цепласеткi» Мядзельскага раёна: — Думаю, што вяскоўцы больш прызвычаеныя да спякотнага надвор’я. Прынамсi, зараз i механiзатары, i паляводы, i пастухi працуюць у звычайным рэжыме. Спёка спёкай, але работа не спыняецца. Такое надвор’е зараз нават садзейнiчае вяскоўцам, напрыклад, яно апошнiм часам вельмi спрыяла пры нарыхтоўцы сена. А сёння (размова была ў чацвер. — С.С.), не ведаю, як там у вас у Мiнску, а ў нас крышачку тэмпература паветра знiзiлася, дык можна заняцца iншымi работамi. Гэта i нарыхтоўка кармоў, сяўба аднагадовых культур на пашу для жывёлы, касьба траў першага ўкосу i г.д. Зразумела, адна з галоўных задач пры такiм тэмпературным рэжыме — гэта забеспячэнне дойнага статку вадой. Iмкнёмся, каб яна была ў жывёлы круглыя суткi, арганiзоўваем падвоз. Людзi? У абедзенны перапынак, акрамя комплекснага абеду, механiзатары атрымлiваюць дадаткова бутэльку мiнеральнай вады. Падчас полудня яны атрымлiваюць разам з другой стравай гарбату, морс, зразумела, самi бяруць з сабой у поле нейкую вадкасць. Анатоль ЧАЙКОЎСКI, загадчык фермы СВК «Шчорсы» Навагрудскага раёна: — Цяжка i людзям, цяжка i жывёле. Каровам увесь час возiм ваду, вельмi вялiкi расход яе. Калi выпадае магчымасць, на гадзiну еду на Нёман ахаладзiцца. Людзей на рацэ зараз вельмi шмат, асаблiва ў выхадныя днi. Ды асаблiва не паадпачываеш, бо i дома ж ёсць гаспадарка. Балазе, у катэджы больш камфортная тэмпература, на ўчастку цянёк можна знайсцi. Бярозавiк ужо ўвесь выпiлi (смяецца), ратуемся магазiннымi прахаладжальнымi напоямi, кладзём iх у халадзiльнiк. Фёдар АРЦЯМЧУК, начальнiк тэхнiчнага аддзела «Мiнскзелянбуда»: — Я нарадзiўся i да 45 гадоў пражыў ва Узбекiстане, у Беларусь пераехаў у 1997 годзе. Дык я вам скажу, што там +45° С пры сухiм клiмаце пераносiцца значна лягчэй, чым тут +30° С пры вялiкай вiльготнасцi. Але нiчога, ужо прызвычаiўся. Ратуюся зялёнай гарбатай, як прынята на Усходзе, абавязкова вельмi гарачай. Прычым пiць яе трэба з пiялы, а налiваць толькi на трэць ёмiстасцi. Выпiў, зноў падлiў гарачай з чайнiка. Калi ў нас знак павагi — гэта, напрыклад, поўна налiты кубак, дык на Усходзе павага праяўляецца не ў колькасцi, а ў гарачынi напою. Калегi, супрацоўнiкi таксама прызвычаiлiся да такiх умоў працы, бо большасць працуе ўжо не першы год. Загарэлыя ўсе, нiбы з таго курорта (смяецца).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спёка... Падаецца, толькi нядаўна мы чакалi цёплага надвор’я, ласкавага сонейка, а цяпер большасць з нас марыць толькi аб адным — калi ж хоць бы крыша
|
|