Эканомная эканомiка
Iгар ШЧУЧЭНКА
Каб айчынная эканомiка развiвалася i надалей стабiльна i дынамiчна, а якасць жыцця беларусаў толькi павышалася, перад нашай краiнай стаiць шэраг задач, якiя жыццёва неабходна вырашаць. На сёння — адна з прыярытэтных — рэалiзацыя праблем, якiя звязаны з энергетычнай бяспекай па ўсiх напрамках: гэта i знiжэнне энергаёмiстасцi, асваенне новых тэхналогiй, звязаных з гэтым, нават змяненне структуры эканомiкi ў цэлым у бок тых вытворчасцяў, тых паслуг, якiя даюць больш дабаўленай вартасцi. На жаль, пакуль па паказчыку энергаёмiстасцi мы знаходзiмся далёка ад сусветных стандартаў. Каб не страцiць набытыя перавагi, краiна павiнна ўлiчваць агульнасусветныя тэндэнцыi па знiжэнню энергаёмiстасцi. А таму эканомiя i беражлiвасць павiнны стаць галоўнымi фактарамi сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi.
— У шырокiм сэнсе размова iдзе не столькi i не толькi аб эканомii i беражлiвасцi, а аб эфектыўным выкарыстаннi рэсурсаў, эфектывiзацыi ўсёй нашай эканомiкi, — лiчыць эксперт «Звязды», дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл КАВАЛЁЎ. — У першыя гады, калi мы выходзiлi з крызiсу, калi спрабавалi стабiлiзаваць i забяспечыць рост эканомiкi, уся энергiя ў асноўным накiроўвалася на гэту стабiлiзацыю i ўтрыманне замежных рынкаў. Зараз мы ўжо зразумелi, што канкурэнтаздольная наша прадукцыя пры новых цэнах на газ i нафту можа быць толькi ў тым выпадку, калi ўся эканомiка ў цэлым будзе эфектыўнай. Эфектыўнай — значыць будзе эфектыўна выкарыстоўваць любыя рэсурсы. Хацелася б, каб i рашэнні ўлады былі максiмальна шырокімі, каб размова iшла не толькi пра беражлiвасць i эканомiю энергii, вады, а каб гэта праблема разумелася ў шырокiм сэнсе — як выкарыстанне любых рэсурсаў: у першую чаргу, фiнансавых, людскiх. Што датычыцца апошнiх, то не павiнна быць ва ўмовах нашай дэмаграфiчнай праблемы лiшкавай працоўнай сiлы, не павiнна быць непатрэбных лiшнiх бюракратаў i чыноўнiкаў у апаратах, таму што ў нас у самым блiжэйшым будучым для растучай айчыннай эканомiкi не будзе хапаць працоўнага патэнцыялу. I, зразумела, звышважна — эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў. — Тым больш, што з часам кошт iх будзе толькi павышацца. — Так, эксперты ўсяго свету сыходзяцца ў меркаваннi, што нафта i газ, калi i будуць таннець, то часова. А па глабальнаму — яны будуць толькi даражэць. У Давосе ў гэтым годзе на эканамiчным форуме называлася лiчба 150 долараў за барэль нафты. Нагадаю, што зараз яна знаходзiцца на ўзроўнi 60—70 долараў. Гэта значыць, размова iдзе аб магчымым будучым падваеннi цэн на нафту, на газ. Да гэтага трэба рыхтавацца. — I якi, на ваш погляд, галоўны рэцэпт вырашэння ўсiх гэтых праблем? — У рынкавай эканомiцы. Канкурэнцыi вытворцаў. Яны ўжо сёння канкурыруюць на знешнiх рынках i разумеюць, што нi сiнтэтычныя нiцi, нi ўгнаеннi не прадасi, калi будзеш шмат расходаваць энергii. — Гэта значыць, выйграе тая эканомiка, якае мае найбольш нiзкую энергаёмiстасць. — Размова не толькi пра энергаёмiстасць. Энергаёмiстасць эканомiкi залежыць у першую чаргу ад яе iнтэлектуальнай ёмiстасцi, ад укаранення шматлiкiх iнавацый — ад прасцейшых да больш складаных. Прыклад прасцейшай — два выключальнiкi ў пад’ездзе шматпавярховага дома. Адзiн з iх знаходзiцца на тваiм паверсе, i калi ты выходзiш з кватэры, то ўключаеш святло, а другi ўнiзе — выходзiш з пад’езда i выключаеш святло. Малая iнавацыя, але яна таксама дазваляе эканомiць энергiю. Яшчэ раз падкрэслю: я бачу рэцэпт тут толькi ў адным — фiрмы, прадпрыемствы будуць эканомiць рэсурсы толькi ў тым выпадку, калi ў iх будуць жорсткiя канкурэнты. I, як правiла, перарасход энергii атрымлiваецца ў сектары тых юрыдычных асобаў, у якiх няма жорсткiх канкурэнтаў. Таму адзiн з галоўных напрамкаў рэсурсазберажэння — гэта стварэнне ўмоў для канкурэнцыi. Больш рашучую пазiцыю павiнна займаць упраўленне па антыманапольнаму рэгуляванню i цэнах: цэны не столькi неабходна рэгуляваць, колькi iх павiнен знiжаць рынак у вынiку канкурэнцыi. Гэтаму неабходна больш удзяляць увагi. Помнiцца, выступаючы перад студэнтамi БДУ некалькi гадоў таму, Прэзiдэнт сказаў: «Канкурэнцыя — гэта лепш, чым сацспаборнiцтва». Гэта сапраўды так: канкурэнцыя прымусiць эканомiць рэсурсы. — Як вы мяркуеце, якiм чынам неабходна стымуляваць насельнiцтва да эканомii рэсурсаў? — Насельнiцтва таксама спажывае рэсурсы i расплачваецца за iх сваёй зарплатай. Дзяржава, каб змякчыць цэнавы прэсiнг на насельнiцтва, датуе рэсурсы, што прапануюцца жыхарам, — датуе электраэнергiю, транспарт, жыллёвы сектар. На маю думку, усё ж такi лепш павышаць зарплаты i пенсii. Аднымi заклiкамi мы не прымусiм насельнiцтва эканомiць энергiю. У тым жа выпадку, калi людзi будуць плацiць сапраўдную цану або ведаць, што ў блiжэйшай будучынi будуць плацiць за спажытую гарачую ваду, ацяпленне, то яны пачнуць ставiць лiчыльнiкi, эканомiць, выходзiць з пакоя i выключаць электрычнасць. Лепшы спосаб эканомii — разуменне таго, што ты нясеш значныя затраты, калi не эканомiш. I, зразумела, у дзяржаўным сектары, у арганiзацыях кiраўнiкi павiнны несцi нейкую адказнасць за эканомiю, каб на прадпрыемствах за гэтым дакладна сачылi: не трэба асвятляць пустыя калiдоры, аўдыторыi, ацяпляць памяшканнi ў непатрэбны час. Нават у дастаткова багатых нямецкiх прафесараў я бачыў, што ў iх спальнях тэмпература iстотна нiжэйшая, чым у зале: яны кажуць, што так спаць лепш, i гэта дае эканомiю ў аплаце энергii амаль на 100 еўра ў месяц. Калi мы так загаворым, то i прыйдзе сапраўдная эканомiя энергii. Ёсць яшчэ шмат напрамкаў, дзе можна эканомiць. Напрыклад, калi мы эканомiм паперу, то эканомiм не толькi лясныя рэсурсы, але ў тым лiку i энергiю, таму што перапрацаваць лес у паперу дастаткова энергаёмiстая вытворчасць. Трацiцца шмат энергii, высякаецца лес. А паглядзiце, як шмат мы расходуем паперы без патрэбы, як часцяком неапраўдана вялiкiм тыражом выдаём нейкiя брашуры, кнiгi — на два тыднi. I гэта ў век беспапяровай тэхналогii. Найпросты прыклад. Вынiкi тэстаў будуць апублiкаваныя для школьнiкаў дзесьцi праз тры месяцы, каб яны змаглi праверыць, цi правiльна на iх адказвалi. Навошта гэтыя зборнiкi праз тры месяцы? Лепш назаўтра правiльныя адказы вывесцi ў Iнтэрнэт, i ўсе правераць iх. Так, у гэтым выпадку нехта не атрымае грошай на выданне i продаж гэтых кнiг. Але гэта будзе эканомiя, i гэта будзе дзяржаўны падыход. Такiх прыкладаў можна прывесцi тысячы, калi мы пераводзiм паперу ўпустую. Аднак хачу вярнуцца да зыходнага лозунгу: канкурэнцыя прымусiць эканомiку быць эканомнай. Самае канкрэтнае вызначэнне эканамiчнай навукi, эканомiкi — гэта навука аб эфектыўным выкарыстаннi рэсурсаў. Хацелася б, каб усе мы — ад школьнiка да мiнiстра — лепш i глыбей засвоiлi сучасную эканамiчную тэорыю. I тады нам будзе бачна — дзе i як эканомiць рэсурсы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб айчынная эканомiка развiвалася i надалей стабiльна i дынамiчна, а якасць жыцця беларусаў толькi павышалася, перад нашай краiнай стаiць шэраг задач
|
|