Песня як вобраз краiны
Ларыса ЦIМОШЫК
«Маладзечна-2007» Ёсць песнi. I ёсць — песнi... Як цуды, як казкi. Як творы мастацтва, для якiх, на жаль, не прыдумана музеяў. Вось дзеля такiх песень робяцца такiя фестывалi, як Маладзечанскi. Гэта як агляд — i музычных твораў, якiя нам прадстаўляюцца ў якасцi ўзору, i артыстаў, якiя ўмеюць гэтыя творы спяваць. А галоўнае — робяць гэта па-беларуску. Раней, праўда, было часцей — штогод адбываўся Нацыянальны фестываль песнi i паэзii, потым было прынятае рашэнне праводзiць яго раз у два гады, каб назапасiлiся самi беларускiя песнi i каб людзi ўжо чакалi сустрэчы з iмi.Дачакалiся — 15 чэрвеня адкрываецца чарговы фестываль беларускай песнi i паэзii ў Маладзечне. Нацыянальны фестываль па статусу, што само па сабе ўжо вызначае ўвагу да яго, але i ўдзельнiчаць у iм будуць знаныя артысты i калектывы краiны. Iдэя прысвяцiць сёлета свята паэтам Янку Купалу i Якубу Коласу належала Мiхаiлу Фiнбергу, мастацкаму кiраўнiку фестывалю. З iм напярэдаднi фестывалю мне хацелася пагаварыць пра беларускую песню як пра культурную з’яву. — Нацыянальны фестываль песнi i паэзii ў Маладзечне стаў доўгажыхаром, яму сёлета чатырнаццаць гадоў. Увесь гэты час вы паказваеце, што ў нас багата добрых, прыгожых песень на беларускай мове, якiя могуць сабраць публiку не тое што ў залы — на плошчы гарадоў. Але з дынамiкаў паўсюдна гучаць зусiм iншыя песнi... — Што дзе гучыць i чаму — асобная гаворка... Асабiста я хачу, каб Беларусь мела сваю музычную вiзiтную картку. На мой погляд, вобраз краiны ствараюць песнi задушэўныя, песнi пра прыгажосць роднага краю, пра каханне, песнi, якiя любiць народ, якiя ён разумее. Гiсторыя беларускай песнi вельмi багатая. Я ўсе гэтыя гады iмкнуся да таго, каб гучалi песнi, у якiх словы вельмi добрыя, высокiя, шчырыя. Каб не проста набор нейкiх радкоў iшоў пад музыку, на што сёння пакутуе наша сучасная папулярная музыка. За гэтыя гады нам удалося зрабiць шмат праграм на словы беларускiх паэтаў-класiкаў: Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча, Уладзiмiра Караткевiча, Адама Мiцкевiча, Аркадзя Куляшова... I многiх сучасных беларускiх паэтаў. Я вельмi радуюся, калi чую, як дзе-небудзь гучаць песнi, якiя ўпершыню выканаў наш аркестр. Песнi, якiя выйшлi з аркестра i пайшлi ў народ, нам вельмi дарагiя. Як i тыя песнi, якiя пражылi вельмi доўгае жыццё, адсвяткавалi не адзiн юбiлей i ўсё яшчэ выклiкаюць цёплыя пачуццi ў людзей. Напрыклад, на фестывалi ў Маладзечне сёлета прагучыць песня, якую напiсаў кампазiтар Юрый Семяняка ў 1962 годзе — «Ты мне вясною прыснiлася». Дзе б мы нi знаходзiлiся, у любой краiне свету, калi мы ўспомнiм гэтую песню, сэрца будзе плакаць па нашай Беларусi... Вось тая асноўная мэта, дзеля якой я працую. Таму я ганаруся, што быў знаёмы i сябраваў з кампазiтарам Юрыем Уладзiмiравiчам Семянякам, народным артыстам Беларусi. I сёння ў нас ёсць магчымасць выканаць гэтую песню па-новаму. Яе спявалi «Песняры», усялiлi ў яе сваё гучанне, але цяпер на фестывалi яе будзе выконваць Саша Нема. — Фестываль — нiбыта агляд песеннай творчасцi. Ёсць цiкавыя песнi, а ёсць iх творцы. На жаль, калi гаворка iдзе пра песнi, звычайна людзi ведаюць, хто iх выконвае, а не хто напiсаў... — Я магу назваць яшчэ многа песень, якiя нам вельмi дарагiя. Яшчэ адна песня, якая мае сваю гiсторыю дзякуючы менавiта фестывалю ў Маледзечне, — «Даставай, Язэп, гармонiк». Яе на першым фестывалi ў 1993 годзе выканаў Мiкалай Скорыкаў, i ўсе гады яна была ў рэпертуары нашага вядучага салiста, народнага артыста Беларусi. Прагучыць i цяпер. Як i iмёны аўтараў. Мы прадставiм нашых сучасных прафесiйных кампазiтараў. Iмя Уладзiмiра Прохарава стала рэдка гучаць, на мой погляд, несправядлiва. Творы Iгара Лучанка, Яўгена Глебава, Уладзiмiра Буднiка, Алега Елiсеенкава, Эдуарда Зарыцкага, Леанiда Захлеўнага могуць стаць упрыгожваннем любога канцэрта. Гэта кампазiтары, якiя шмат зрабiлi для нашай краiны. Я падчас фестывалю буду мець магчымасць на канцэрце iм аб гэтым сказаць. I падзякаваць нашу краiну, нашу дзяржаву за пыдтрымку беларускага музычнага мастацтва. — Заўсёды цiкава пачуць новыя песнi. Цi чакаюць нас прэм’еры? — Сёлета прагучаць беларускiя песенныя прэм’еры, i я ведаю, што гэтыя творы стануць папулярнымi, таму што вельмi здорава напiсаныя. Iх стварылi нашы высокапрафесiйныя беларускiя кампазiтары. Напрыклад, Эдуард Зарыцкi, народны артыст Беларусi, напiсаў вялiкi цыкл песень на вершы Янкi Купалы i Якуба Коласа. Ёсць песнi, якiмi мы можам ганарыцца i якiя павiнны гучаць часцей i не толькi на фестывалях. Шкада, што ў нас няма высокапрафесiйнай студыi гуказапiсу, каб потым гэтыя песнi былi папулярызаваныя. — А як да iх ставяцца самi выканаўцы? — Выканаўцы — нашы салiсты, наша творчая моладзь, наша будучыня. Яны з вялiкай адказнасцю, з вялiкiм прафесiяналiзмам i натхненнем ставяцца да гэтай музыкi i да слоў. Яны палюбiлi беларускае слова, палюбiлi праз яго сваю краiну, i iм вядомае пачуццё, якое называецца патрыятызмам. А яно прыходзiць праз беларускую песню таксама. Я лiчу, што гэта галоўнае ў мастацтве. Таму што нас, грамадзян краiны, нешта павiнна аб’ядноўваць. Мастацтва ўвогуле аб’ядноўвае, але песня аб’ядноўвае больш за iншае. I Нацыянальны фестываль, якi мы робiм з 1993 года, нас аб’ядноўвае вакол роднай Беларусi. Таму пацвярджэнне — цудоўныя праграмы, якiя раней на iм гучалi i будуць гучаць сёлета. Я магу парадавацца, што фестываль з музычнага стаў фестывалем мастацтваў. Будзе тэатр, паэзiя, прыедуць у госцi фестывалi з Заслаўя, Мiра, Нясвiжа, Турава, Мсцiслава, разам з iмi завiтае добрая беларуская музыка ў выкананнi калектываў нашага аркестра. — Ёсць фестываль у Маладзечне, ёсць праграмы беларускiх песень, якiя вы рыхтуеце для яго. Цi возiце вы iх потым па iншых гарадах краiны, i як людзi ўспрымаюць песнi на беларускай мове? — Вельмi добра! Толькi сёлета мы выканалi больш за 15 канцэртаў, якiя прысвяцiлi Янку Купалу i Якубу Коласу. Я шчаслiвы, што iх цудоўна прымаюць, i кажу, што разам з папулярнымi песнямi на рускай мове могуць гучаць i станавiцца папулярнымi песнi на беларускай мове. Мы з iмi дасягаем поспеху. Мы ўсе разумеем, што ў нашай краiне дзве дзяржаўныя мовы, што людзi спяваюць i любяць розныя песнi. Але мы ў Беларусi, i важна, што ў нас ёсць свята беларускай мовы i песнi — фестываль у Маладзечне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць песнi. I ёсць — песнi... Як цуды, як казкi. Як творы мастацтва, для якiх, на жаль, не прыдумана музеяў. Вось дзеля такiх песень робяцца такiя фес
|
|