Лепшая ўзнагарода — удзячныя чытачыДа юбілею «Звязды» засталося 49 дзён «Звязду» я чытаю гадоў пятнаццаць — гэта найперш звязана з маёй работай. Як загадчык бiблiятэкi я павiнна ў першую чаргу прагледзець матэрыял для картатэкi — указы, законы, пастановы i гэтак далей. У нас у бiблiятэцы ёсць сацыяльна-iнфармацыйны цэнтр, дзе звычайна мы выстаўляем найбольш цiкавае з газет па самых розных тэмах i накiрунках. Скажу, што «Звязда» ў гэтым цэнтры — частая госця.На жаль, не заўсёды атрымлiваецца прачытаць газету «ад коркi да коркi» — трэба паспець абслужыць усiх чытачоў, наведаць пажылых людзей на даму, выканаць iх заказы, арганiзаваць дзiцячую вiктарыну цi падрыхтаваць экалагiчны ўрок... Але ў «Звяздзе» матэрыялы размешчаны вельмi кампактна, iх заўсёды шмат i на розныя тэмы, таму паспяваю выхапiць самае цiкавае, неабходнае — ад палiтыкi да жыцця звычайных працаўнiкоў. Падабаецца, што ваша выданне выключна беларускамоўнае, дзякуй, што не даяце забыцца на такую пявучую, такую мiлагучную i прыгожую матчыну мову. З рубрык i я, i iншыя вашы чытачы вылучаем «Хатнюю энцыклапедыю» — там заўсёды знойдзеш нешта карыснае, тое, што можа спатрэбiцца любому гаспадару. А яшчэ вельмi iмпануе здольнасць «Звязды» i звяздоўцаў сярод вялiкай колькасцi цiкавых людзей i калектываў знаходзiць самыя сапраўдныя «изюминки». Узяць хоць бы артыкул пра жыхароў нашай вёскi Анопаль Крупiцкага сельсавета — сям’ю Барцэвiчаў, якая нядаўна адзначыла залатое вяселле. Асабiста я ведаю iх ужо дваццаць гадоў: Соф’я Рыгораўна Барцэвiч спявала ў народным фальклорным калектыве Анопальскага сельскага клуба... Але ж калi прачытала ў «Звяздзе» артыкул пра iх — быццам паглядзела на гэтых людзей па-новаму, нават праслязiлася. Вельмi радасна было чытаць пра нягучныя пачуццi простых людзей, якiя яны здолелi пранесцi праз столькi гадоў. Як нераўнадушны чытач, якi павiнен не толькi ўхваляць, але i падказваць, параiла б газеце друкаваць на сваiх старонках больш юрыдычных кансультацый, заснаваных на рэальных пытаннях, жыццёвых выпадках. Толькi давайце iх на спрошчанай, не «казённай» мове, каб усё было зразумела. Паверце, людзей вельмi цiкавяць такiя парады. Ну i напрыканцы «Звяздзе»-юбiлярцы i ўсiм яе супрацоўнiкам хачу пажадаць творчага натхнення, росту папулярнасцi i як мага больш удзячных чытачоў! З павагай Людмiла ЛЮТАРОВIЧ, загадчыца Анопальскай сельскай бiблiятэкi Мiнскага раёна, кiраўнік народнага фальклорнага калектыву «Свiтанак». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Звязду» я чытаю гадоў пятнаццаць — гэта найперш звязана з маёй работай. Як загадчык бiблiятэкi я павiнна ў першую чаргу прагледзець матэрыял для карт
|
|