Наш «Бабруйскаграмаш»
Вiктар ХУРСIК
«Бабруйскаграмаш» будаваўся для Саюза, але знайшоў сваё месца i пасля яго знiкнення. Ды яшчэ з якой прадукцыяй! Не з самалётамi цi камп’ютарамi, а са звычайнай прычапной сельгастэхнiкай. Водгукi аб ёй — выдатныя, iдзе нарасхват.
Яўген Палiкарпавiч Пахiлка — з залатога фонду дырэктараў. Такiя, як ён, захавалi ад рабаўнiцтва прадпрыемствы, якiя на працягу апошнiх гадоў кармiлi не адну тысячу працоўных. Гэта яны працавалi ў незвычайна цяжкiх умовах «пераходнага перыяду» не здабываючы для сябе анiякiх выгод. Дзяржаўцамi яны засталiся i зараз, бо ў развiццi вытворчасцi клапоцяцца перш за ўсё iнтарэсамi краiны. Успамiнае намеснiк дырэктара па эканомiцы Мiкалай Арцёмавiч Хулуп, якi працуе побач з дырэктарам не адзiн дзесятак гадоў: «Мы ўвайшлi ў пару сталення ў пачатку шасцiдзесятых. У тую пару (i пазней) у гаспадарчым жыццi СССР iшлi самыя розныя эканамiчныя эксперыменты. Многiя з iх маглi стаць падмуркам для слушных пераўтварэнняў. З самага пачатку наш завод не цураўся тых навацый, за што i быў прыкмечаны ў Маскве. Праўда, зорны дождж на нас не сыпаўся: даводзiлася адстойваць свае iнтарэсы перад чыноўнiкамi, аднак патрачаныя нервы вярталiся дабрабытам калектыву. На прадпрыемстве закладваўся стыль кiравання, калi ўсю адказнасць за вынiкi дзейнасцi кiраўнiцтва брала на сябе. I вынiкi былi. На момант развалу Саюза на рахунку прадпрыемства знаходзiлася 24 млн рублёў! Па тых мерках за 1,2 млн рублёў можна было пабудаваць дзевяцiпавярховы дом. Хай успомняць банкi: за чые грошы яны тады стваралiся... «Адступалi» мы з саюзнага плацдарма паступова. Адшуквалi розныя заканадаўчыя зачэпкi. Але ў рэшце рэшт замест саюзнага рэгулявання i рынку апынулiся сам-насам з беларускiмi праблемамi i спажыўцамi. Успомнiм пару абсалютнага безграшоў’я: кожны быў павiнен кожнаму, i кожны быў жабраком. Кiраўнiцтва прадпрыемства адшуквала самыя неверагодныя, шматхадавыя схемы ўзаемазалiкаў па продажу машын. I прадавала. Калi б тады адступiлi, змянiлi профiль вытворчасцi (што настойлiва нам прапаноўвалi зверху), дзе б мы сёння былi? Як толькi жыццё паспакайнела, з’явiлася самазаспакоенасць. Маўляў, гандлюем жа, рынкi ёсць. Але такая пазiцыя — памылковая». Нават пры тых складаных умовах, у якiх апынулiся вытворцы краiны ў сувязi з падаражаннем энерганосьбiтаў, на «Бабруйскаграмашы» мараць аб перспектыве. Дарэчы, сам расклад выйсця з цяжкай сiтуацыi гаворыць аб тым, што прадпрыемства мае запас трываласцi i ў зносiнах з iнвестарамi можа выступiць як надзейны партнёр. Аб гэтым красамоўна сведчаць i лiчбы. Удзельная вага энерганосьбiтаў у сабекошце прадукцыi, выклiканая iх падаражаннем, павялiчыцца да канца года на 0,3 працэнта. Гэты рост можна было б кампенсаваць i цаной на прадукцыю, аднак прадпрыемствам былi распрацаваны i ўзгоднены з мiнiстэрствам мерапрыемствы, якiя дазволяць пазбегнуць iнфляцыi. Не перакладзены на спажыўца кошт у 1,016 млрд рублёў будзе кампенсаваны за кошт унутраных рэзерваў. У прыватнасцi за кошт знiжэння праца-, энерга- i металаёмiстасцi прадукцыi, павелiчэння вырабу прадукцыi з больш высокiм узроўнем рэнтабельнасцi, набыцця сыравiны i камплектуючых непасрэдна з заводаў-вытворцаў, тэхналагiчных навiнак. Правiльнасць выбранага курсу пацвярджаюць i вынiковыя лiчбы працы ў першым квартале. Знешнегандлёвае сальда павялiчылася на 2,2 мiльёна долараў адносна запланаванага, рэнтабельнасць рэалiзаванай прадукцыi склала 10 працэнтаў, iнвестыцыi ў асноўны капiтал у 1,56 раза перавысiлi запланаваныя. I гэта пры тым, што завод працуе ў асноўным на iмпартным метале i камплектуючых, у рэальных умовах сучаснай эканомiкi, вырашае сацыяльныя пытаннi калектыву i горада. Дырэктара на прадпрыемстве застаць цяжка: увесь час у палёце. У прамым сэнсе. Наводзiць «масты» з Расiяй, партнёрамi з iншых краiн. Лiчыць задачу маркетынгу галоўнейшай i сам з’яўляецца галоўным маркетолагам. Дырэктарскi ўзровень дазваляе яму ўступаць у кантакты з тымi асобамi, якiя вырашаюць. Таму поспехi ад вандровак вiдавочныя: аб’ёмы экспарту растуць, за мяжой ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. — Яўген Палiкарпавiч, Татарыя, з якой вы толькi вярнулiся, бадай, самы заможны край Расii. Навошта там вашы сельгасмашыны? — Пачну з Беларусi. Нам вядома, што некаторыя «канкурэнты» iмкнуцца тут вырабляць машыны, падобныя на нашы. Гэта ад безвыходнасцi, ад жадання сарваць куш. Дзiва, але гаспадаркi купляюць гэту нiзкаякасную, але дарагую тэхнiку. — Вiдавочна, нехта лабiруе не нацыянальны, а асабiсты iнтарэс? — То не наша справа. Я хацеў звярнуць увагу на iншае: у Расii шукаюць якасную тэхнiку для сельгасработ. I хто б нi займаўся там падробкамi, яму гэта не ўдалося. У Екацярынбургу даверылi справу стварэння прэс-падборшчыка абароншчыкам. Не атрымалася. Кожная вытворчасць мае свае тонкасцi. Што ж датычыцца Расii, то насамрэч там багацее купка. Большасць насельнiцтва — гэта бедныя людзi. Перад уладай стаiць задача павысiць узровень iх жыцця, не дапусцiць беспра- цоў’я, даць сродкi для iснавання. Кiраўнiцтва Татарыi адчувае сваю адказнасць перад народам i робiць усё для таго, каб заняць людзей. У тым лiку i ў сельскай гаспадарцы. Наша прапанова стварыць сумеснае прадпрыемства па зборцы сельгастэхнiкi там была сустрэта прыхiльна. Зразумела, што мясцовыя спецыялiсты ведаюць рынак i суадносiны цаны i якасцi замежных узораў тэхнiкi. Мы ў гэтых паказчыках на вышынi, таму з намi i пасябравалi. Перад тым я пабываў у Краснадарскiм краi, Цюменi, iншых рэгiёнах Расii i былога Саюза. I ўсюды ўдавалася дамовiцца калi не аб сумеснай дзейнасцi па вытворчасцi, то аб продажы нашай тэхнiкi — дакладна. Аддам належнае i прадстаўнiкам нашай краiны ў гэтых рэгiёнах. Яны шмат спрыяюць добрай справе. Экспансii, наступальнай палiтыкi — вось чаго не хапае сёння нашым вытворцам. I бачання перспектывы. Жыццё дырэктара ўжо нiколi не будзе спакойным. На вырабе аднаго вiду прадукцыi ўжо не выедзеш якое б эканамiчнае цi палiтычнае надвор’е нi ўсталявалася. — Кажуць, што завод «дарос» да вытворчасцi сельгасмашын з камп’ютарным кiраваннем. — Мы вырабляем раздатчык кармавых сумесяў, якi працуе па закладзенай праграме. Дастаткова выбраць рацыён кармлення жывёлы, загрузiць у агрэгат зыходныя кампаненты, а iх дазiраванне i падача будуць ажыццёўлены аўтаматыкай. — Але пра такую тэхнiку, вiдаць, спажыўцы не ведаюць? — Хто чым цiкавiцца. На тое i выставы... — Кажуць, што вы стварылi самы магутны прычэп для самапагрузкi i транспарцiроўкi з поля шматвагавых рулонаў з саломай? — Калi «Джон Дзiр» i сапраўды трактар, то шэсцьдзесят тон яму па сiле... На падмурку назапашанага вопыту трэба шукаць i засвойваць новыя вiды прадукцыi, той, якая будзе запатрабавана на замежных рынках заўтра. — Лёгка сказаць. Не збiраецеся ж вы перайсцi на выраб легкавых аўто? — Зразумела, не. Наш вопыт можа быць задзейнiчаны ў стварэннi iншых машын. Зараз шмат увагi надаецца экалогii, чысцiнi акаляючага асяроддзя. Швецыя i iншыя заходнiя краiны ўжо маюць вопыт па ўтылiзацыi цвёрдых бытавых адходаў шляхам iх прасавання i захоўвання ў полiэтыленавай упакоўцы. Такi падыход дазваляе значна зменшыць (калi не выключыць) забруджанне вады i глебы. Зараз мы з прадстаўнiкамi фiрмы з Санкт-Пецярбурга прапрацоўваем магчымасць стварэння мабiльных комплексаў, якiя б працавалi па згаданай тэхналогii. Запрашаем да iнвестыцый у гэты праект айчынных i замежных iнвестараў. — Але ж гэта iзноў напружанне iнтэлектуальных сiл прадпрыемства, грашовыя траты. — Усё так, але гэта перспектыўны праект. — Новая тэхналогiя дазволiць як мiнiмум у тры разы зменшыць плошчы палiгонаў бытавых адходаў, — дадае намеснiк галоўнага iнжынера па вытворчасцi i новай тэхнiцы Алег Iванавiч Лук’яненка.— Работы ў стадыi стварэння эксперыментальнага ўзору, а навiнкай ужо зацiкавiлiся адпаведныя службы Масквы i iншых мегаполiсаў Расii. На жаль, беларусы больш кансерватыўныя ў гэтым пытаннi. — Згодзен. У нас да сённяшняга часу не навучылiся захоўваць свежыя кармы ў плёнцы. Па-ранейшаму iх захоўваюць на адкрытым паветры, што вядзе да страты iх энергетычнай каштоўнасцi. — Вось бачыце. Я б тут дадаў яшчэ, што нямногiя ведаюць пра тое, што намi вырабляюцца раздатчыкi-змясiцелi кармоў з самазагрузкай, аснашчаныя фрэзай для рэзкi сiласу, што намi вырабляюцца здрабняльнiкi рулонаў i iншая прагрэсiўная тэхнiка, якая механiзуе працу жывёлавода. — Алег Iванавiч, можа, каб вы выраблялi свае машыны пад нейкай заходнееўрапейскай шыльдай, то цiкаўнасцi i даверу да «Бабруйскаграмаша» было б болей? — Не. Як кажуць, хай яны да нас... У нас аўтэрытэт. Калi мы i купiм нешта за мяжой, то толькi тое, што будзе нам выгадна. Гайкi замежныя, як гэта робяць iншыя, мы на свае машыны ставiць не будзем. Скажам, калi з галандскай фiрмай «Трыялет» пачнём сумесную вытворчасць здрабняльнiка кармоў, то гарантавана, што 90 працэнтаў дэталяў там будзе беларускiх. Сёння прадпрыемства пастаўляе на рынак звыш сарака ўзораў сельгасмашын самага рознага прызначэння i, па сутнасцi, з’яўляецца адзiнай буйной кампанiяй у сваiм класе вырабаў на прасторах былога Саюза. Перамяшчэннем i рэалiзацыяй прадукцыi займаецца ўпраўленне маркетынгу. Кожны з работнiкаў гэтага ўпраўлення адказвае за свой сектар краiн: Расiя, Украiна i Малдова, Сярэдняя Азiя i Закаўказзе, Прыбалтыка, Польшча i Чэхiя. Аддача ад маркетолагаў патрабуецца рэальная, i яна ёсць у выглядзе росту экспартных паставак. Напрыклад, у Фiнляндыю ў гэтым годзе плануецца паставiць прадукцыi на мiльён долараў. Гэта не шмат, але важна, што бабруйская марка будзе прысутнiчаць у гэтай краiне. «Бабруйскаграмаш» вядзе наступальную экспартную палiтыку. Вырабы завода адзiн за другiм атрымлiваюць залатыя ўзнагароды на замежных выставах (толькi за гэты год iх атрымана чатыры). Яго памкненнi скiроўваюцца i за акiян, дзе, як вядома, таксама трэба касiць, вазiць, прасаваць. Высокi ўзровень распрацовак бабруйскiх канструктараў гарантуе паскарэнне замежных рынкаў. Вiдавочна, што з высокапатрыятычных пазiцый, на якiх стаiць i будуе сваю працу кiраўнiцтва «Бабруйскаграмаша», упэўненасцi ў сваiх сiлах павiнны развiвацца i iншыя накiрункi машынабудавання краiны. Беларусам розуму — не займаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Бабруйскаграмаш» будаваўся для Саюза, але знайшоў сваё месца i пасля яго знiкнення. Ды яшчэ з якой прадукцыяй! Не з самалётамi цi камп’ютарамi, а са |
|