Там творчы дух, там святам пахне...
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Фестывальнае надвор’е традыцыйна непрадказальнае: то сонца прыпячэ, насуперак прагнозам сiноптыкаў, то лiтаральна праз некалькi хвiлiн дождж стаiць сцяной (на сольным канцэрце Валерыя Лявонцьева разыгралася навальнiца такой сiлы, што часам адмаўлялася працаваць апаратура — але абноўлены дах Летняга амфiтэатра «баявое хрышчэнне» паспяхова вытрымаў). I толькi надвор’е душэўнае, у сэнсе агульнага настрою, нязменна сонечнае:
ВIЦЕБСК ГУЛЯЕ! Летнi амфiтэатр i абласная фiлармонiя, Дом кiно i тэатр iмя Якуба Коласа, краязнаўчы музей, «горад майстроў» у парку iмя Фрунзе, Мiжнародны прэс-цэнтр... Жыццё вiруе на ўсiх гэтых пляцоўках, i часам мы з калегамi, як тая малпа, проста не ведаем, як бы гэта «разарвацца» на некалькi частак, каб ўсюды паспець. Найлягчэй назiраць за сваiмi, беларускiмi артыстамi. I не дзiўна — сёлета наша дэлегацыя вялiкая, як нiколi. Калi раней творчы «дэсант» у Вiцебск абмяжоўваўся 100—150 чалавекамi, то на гэты раз — каля 600. «Беларускi дзень», якi прайшоў у Вiцебску адначасова з Днём горада, стаў адным з самых насычаных i — амаль памiж радкоў заўважым — адным з самых запатрабаваных. Калi на канцэрт урачыстага адкрыцця «Славянскага базару ў Вiцебску» было прададзена 100 працэнтаў бiлетаў, то на гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусi — больш за 90, у той час як некаторыя iншыя канцэрты збiралi толькi палову залы. Што да збору на адной сцэне зорак «Еўрабачання», то, быць можа, у зале некаторыя крэслы i пуставалi, але ля агароджы арт-кафэ да апошняга шчыльнай сцяной стаялi людзi, якiя жадалi сфатаграфаваць сваiх кумiраў або ўзяць аўтограф. «Гэты канцэрт — падарунак нашым беларускiм гледачам за iх увагу i падтрымку праекта на ўсiх яго этапах», — паведамiлi арганiзатары. Праўда, атрымаюць гледачы гэты падарунак толькi ў вераснi — калi будзе паказана тэлеверсiя канцэрта. Тады ж будзе канчаткова рэалiзавана i цiкавая «фiшка»: падчас канцэрта публiцы даваўся шанц адзначыць на бiлеце таго выканаўцу, хто варты прадставiць Беларусь на «Еўрабачаннi-2008», што пройдзе ў Сербii, а ў вераснi вынiкi галасавання будуць падведзены. Зрэшты, галасаванне нi на што не паўплывае — толькi дасць карцiну чаканняў аўдыторыi, гэткiя папярэднiя стаўкi. «Можа, фаварыту гледачоў усё ж будзе дадзены нейкi бонус — бо Дзiму Калдуну ў свой час крэдыт даверу таксама выдалi менавiта гледачы?» — пацiкавiлiся мы ў арганiзатараў канцэрта. Адказ, на жаль, будучых кандыдатаў не парадуе: калi вас любiць публiка — гэта цудоўна, але звычайную схему конкурснага адбору нiхто не адмяняў, i яе давядзецца прайсцi. Дарэчы, як адзначыў арганiзатар гэтага канцэрта, кiраўнiк тэлепраекта «ЕўраФэст» Аляксандр Цiхановiч, правiльнай назвай мерапрыемства з’яўляецца ўсё ж «ЕўраФэст»—«Славянскi базар» — Песнi дружбы». Крыху пазней стала зразумела, чаму так: колькасць беларускiх i проста пабочных артыстаў значна пераважала над колькасцю ўдзельнiкаў i лаўрэатаў «Еўрабачання». Апошнiх, уласна кажучы, можна было нават па пальцах пералiчыць: Марыя Шэрыфавiч (Сербiя), Наталля Барбу (Малдова), Марыя Шэсцiч (Славенiя), Дзiма Калдун (Беларусь), Дана Iнтэрнэйшнл (Iзраiль), Цiна Караль (Украiна). Верка Сярдзючка, якая прымала ўдзел у канцэрце адкрыцця i нават падахвоціла кiраўнiка нашай краiны на танец, з-за шчыльнага гастрольнага графiку надалей на фестывалi не засталася. Фiлiп Кiркораў увогуле не прыехаў — паводле адных звестак, не змог, па другiх — нават i не быў запрошаны... Калi на канцэрт пачалi ўжо разыходзiцца бiлеты, адмовiўся ад выступлення расiйскi гурт «Серабро» — кажуць, з-за больш важнага выступлення. Так што гонар Расii засталася абараняць толькi Анiта Цой — яна ж старшыня мiжнароднага музычнага дзiцячага конкурсу. Чамусьцi ў тэрмiновым парадку пакiнула Вiцебск i Анжэлiка Агурбаш, якая села ў машыну праз паўгадзiны пасля выступлення на «беларускiм» канцэрце, а яе iмя выкраслiлi з праграмы. А Дзiма Калдун, якi выходзiў на сцэну некалькi разоў, трапiў у форс-мажор: дзесяткi разоў адпрацаваная пастаноўка «Wоrk Yоur Mаgiс» раптам дала збой, i з-за няправiльна зараджанай пiратэхнiкi феерверкi ледзьве не абпалiлi твары танцорам... Гурту «Dа Vinсi» увогуле не пашанцавала: канцэрт настолькi зацягнуўся, што блiжэй да пятай ранiцы музыкантам засталося толькi павiтаць гледачоў i... пакiнуць сцэну, нават не праспяваўшы. Што i як было з астатнiмi выканаўцамi — глядзiце ў вераснi... На беларускiм гала-канцэрце адной з цiкавых падзей стала маштабная прэзентацыя новага складу — дакладней, рэйнкарнацыi — ансамбля «Верасы». Зараз гэта дзве дзяўчынкi i два юнакi, якiх мастацкаму кiраўнiку ВIА Васiлю Раiнчыку, паводле яго ўласнага выказвання, «Бог паслаў». «У iх наперадзе вялiкая будучыня, я ўпэўнены», — катэгарычна абвясцiў прафесар. Iдэя ўз’яднання «Верасоў» лунала ў паветры даўно, але рэалiзаваная была толькi зараз. I ўжо выклiкала як захапленнi, так i нараканнi. Прычым з крытычнымi заўвагамi адной з першых выступiла... колiшняя ўдзельнiца i «зорка» ансамбля Ядвiга Паплаўская. «Вы прабачце за такую, быць можа, занадта эмацыйную рэакцыю, але для мяне «Верасы» — гэта дыягназ, а для Васiля Раiнчыка — спосаб заробку грошай. Калi я была на канцэрце ў Мiрскiм замку, то глядзела з акна машыны i здзiўлялася: як Вася Раiнчык, добры музыкант, моцны пiянiст, якога мы з Сашам некалi прывялi ў ансамбль, мог дазволiць, каб песнi «Верасоў» гучалi ў такiм варыянце? Было такое адчуванне, што гэта караоке пад мелодыi, скачаныя з Iнтэрнэта, — скардзiлася артыстка. — Гэтыя юнакi i дзяўчаты — яны неблагiя выканаўцы, але пакуль што гэта проста квартэт з не вельмi высокiм мастацкiм узроўнем, iм трэба расцi да таго, каб мець права насiць назву «Верасы». Зрэшты, «нованароджанаму» калектыву няма яшчэ i трох месяцаў — так што, верагодна, варта пачакаць, перш чым хвалiць або крытыкаваць гэтых маладых артыстаў. Затое што датычыцца артыстаў сталых, яны парадавалi прыхiльнiкаў. У рамках фестывалю былi прэзентаваныя два альбомы: Iрына Дарафеева прадставiла зусiм свежанькую пласцiнку «Я хачу быць марай», а Якаў Навуменка — зборнiк «Залатыя песнi», куды ўвайшлi добра вядомыя з савецкiх часоў хiты: «Лада», «Калодзеж», «Гарадскiя кветкi», «Усходняя» i г.д. Плануецца, што «Залатыя песнi» стануць серыяй, куды ўвойдуць як мiнiмум пяць альбомаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фестывальнае надвор’е традыцыйна непрадказальнае: то сонца прыпячэ, насуперак прагнозам сiноптыкаў, то лiтаральна праз некалькi хвiлiн дождж стаiць сц
|
|