Званне народнага мастака Анiкейчыку было прысвоена... «насуперак правiлаў»
Таццяна ПАДАЛЯК.
Мемарыяльны комплекс «Прарыў» (каля г.п. Ушачы) i «Праклён фашызму» (на месцы спаленай вёскi Шунеўка Докшыцкага раёна), помнiк Мiкалаю Гастэлу i яго экiпажу каля г.п. Радашковiчы, мемарыяльныя знакi ў Цэнтральным скверы каля Купалаўскага тэатра на месцы пакарання смерцю членаў Мiнскага падполля i на плошчы Незалежнасцi на месцы гiбелi галоўнага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» Уладзiмiра Амельянюка, фантаны «Юнацтва» i «Купалiнкi», надмагiллi С. Прытыцкага, М. Лынькова, П. Машэрава... Як шмат паспеў зрабiць гэты таленавiты чалавек за 56 гадоў, адмераных яму лёсам... Напярэдаднi 75-годдзя Анатоля Анiкейчыка мы гутарылi з яго ўдавой Ларысай Iсакаўнай. — Толькi што Беларусь адзначыла 125-годдзе Янкi Купалы. Менавiта купалаўская тэма — адна са знакавых у творчасцi Анатоля Анiкейчыка... — Помнiк на магiле на Вайсковых могiлках — там адлюстраваны адзiн стан паэта. Купала ў скверы — зусiм iншы, урачысты. Купала ў Ляўках (гэта самая любiмая мая работа): смутак, трывога за Беларусь напярэдаднi вайны... Купала ў Араў-парку ў Нью-Йорку: туга па Радзiме нават у вачах прачытваецца... У кожнай рабоце — зусiм iншы стан паэта, нiбыта жыццё Купалы ўвасобiлася ў работах Анатоля Анiкейчыка. Ён любiў i цудоўна ведаў творчасць Янкi Купалы. Яго работы — гэта не проста пошук знешняга падабенства, а спроба перадаць унутраны стан паэта ў розныя перыяды жыцця. — А якiм быў Анатоль Аляксандравiч сам — па натуры, па характару? — Чалавек надзвычай экспансiўны, шчыры, якi даволi лёгка паддаваўся свайму настрою. Але разам з тым вельмi справядлiвы i вельмi добры. Такое вось спалучэнне... Часам некаторыя людзi i крыўдзiлiся за, магчыма, надта рэзкае, эмацыянальнае яго выступленне, але ўсё роўна не было адчування зла. Такi ён чалавек... Яго дакладная копiя — наша дачка Вольга. Яна падобная на бацьку i знешне, i ўнутрана. Ён браў яе заўсёды з сабой — на дэманстрацыi, на агульныя святы кафедры. — Дачка пайшла па бацькавым шляху? — Вольга скончыла тэатральна-мастацкi iнстытут, аддзяленне керамiкi. Ларыса Iсакаўна паказвае работы Вольгi — яны суседнiчаюць з бацькавымi. — Анатоль — манументалiст, а Вольга займаецца малой пластыкай. — А вы, Ларыса Iсакаўна, таксама маеце дачыненне да мастацтва? — Я «чысты тэхнар». Скончыла полiтэхнiчны iнстытут (прамысловае i грамадзянскае будаўнiцтва). 13 гадоў адпрацавала ў праектным iнстытуце, куды мяне накiравалi па размеркаванню. А потым перайшла ў энергакаледж на будаўнiчае аддзяленне, выкладала там 32 гады, толькi летась пакiнула работу. — Дзе ж маглi пазнаёмiцца скульптар i iнжынер? — Пазнаёмiлiся ў маёй сяброўкi. У яе ў гасцях былi Толя Анiкейчык i скульптар Бора Маркаў (ён даўно ўжо ў Маскве). Была Масленiца, 22 лютага. З таго часу мы заўсёды адзначалi не дзень вяселля (бывала, i забывалiся пра яго), а менавiта дзень знаёмства. Сустракалiся мы каля года, перш чым пажанiцца... Мабыць, дзякуючы таму, што я чалавек больш рацыянальны («тэхнар!»), а Толя ўзрыўны i экспансiўны, i атрымалася гарманiчнае спалучэнне — той «кацёл, у якiм i можна варыцца». Мне так здаецца... — Ён расказваў аб сваiх творчых планах, раiўся? — Мы пастаянна размаўлялi, штодзень я прыходзiла ў майстэрню. Ён прыслухоўваўся да майго меркавання. I нават калi ў першы момант катэгарычна не пагаджаўся, потым, астыўшы: «Лорка, ты маеш рацыю...». — З якой ён сям’i? — Нарадзiўся ў Барысаве ў 1932-м. Бацька — урач, тэрапеўт. У 1937 годзе яго забралi, тады ў адзiн дзень арыштавалi шмат урачоў. У 1938 годзе Аляксандра Анiкейчыка расстралялi — там жа, у Барысаве. Вельмi многа яго лёсам займаўся Толеў дзядуля Фёдар Нiлавiч. Прычым ён не родны дзед: бабуля выйшла за яго замуж, ужо маючы чацвярых дзяцей. Узяў жанчыну з чатырма (!) дзецьмi i ўсiх выгадаваў... Было шмат лiстоў напiсана, у тым лiку Сталiну, у абарону Аляксандра Анiкейчыка, але гэта не мела нiякага значэння — чалавек ужо быў расстраляны. Мацi Толi — настаўнiца, выкладала рускую i беларускую мову i лiтаратуру. Сястра Люся (яна жыве ў Слуцку) — урач, як i бацька. — Анатоль Аляксандравiч адзiн з сям’i пайшоў у мастацтва? — Так. I невядома, адкуль гэта ў яго: нiхто сярод родных не вызначаўся такiмi здольнасцямi. Праўда, гавораць, што дзядзька Коля нешта ўмеў... Здаецца, Толя на яго нават знешне падобны — таксама «цыганiсты», цёмнавалосы, з блакiтнымi вачыма (хоць у сям’i пераважна ўсе светлавалосыя)... Ляпiць Толя пачаў зусiм маленькiм, у дзiцячых выстаўках удзельнiчаў. Курыраваў яго Заiр Азгур. А мацi, каб падтрымаць сына, адвяла яму спецыяльнае месца, дзе ён i ляпiў з глiны. Пасля школы паступiў у Ваенна-транспартную акадэмiю ў Ленiнградзе. Вучыўся — i ўвесь час займаўся скульптурай. Адзiн з выкладчыкаў, убачыўшы работы, сказаў: «Ты вучышся не па прызванню, гэта не тваё. Табе трэба займацца мастацтвам...». Анатоль паехаў у Мiнск паступаць у тэатральна-мастацкi iнстытут. Скульптуру здаў на «пяць», а малюнак правалiў, атрымаў двойку. Але Заiр Iсакавiч Азгур настаяў, каб Анiкейчыка ўзялi кандыдатам у студэнты. Не памылiўся мэтр. Праз год па малюнку ў Анiкейчыка ўжо была пяцёрка... Iнстытут скончыў з адзнакай, вучыўся ў А. Бембеля, А. Глебава... Выкладаў, а ў 1978 годзе стаў загадчыкам кафедры скульптуры. У яго працоўнай кнiжцы запiсана толькi адно месца працы — Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут: выкладчык, старшы выкладчык, потым прафесар... — ... i народны мастак Беларусi. — Так. Прычым званне народнага мастака ён атрымаў, не будучы заслужаным дзеячам мастацтваў. А iерархiя прысваення званняў захоўваецца дакладна... — Як жа Анiкейчыку ўдалося «скокнуць праз прыступку»? — Да яго вельмi цёпла ставiўся Пётр Мiронавiч Машэраў. Толя быў у добрых адносiнах з яго дачкой Наташай, там увогуле выдатная сям’я... У 1972 годзе (акурат на Толева 40-годдзе) у Мiнску адкрываўся помнiк Янку Купалу. Дарэчы, Машэраў некалькi разоў прыязджаў яшчэ ў перыяд устаноўкi помнiка, часам без аховы (ва ўсякiм выпадку, яе нiхто не бачыў). Пётр Мiронавiч усё ўважлiва аглядаў, усiм цiкавiўся — сам ён таксама быў чалавек творчы... Пасля адкрыцця помнiка мы паехалi адпачываць на Нарач. Неяк пасля снедання я слухаю радыё — i раптам сярод навiн: «Анатолю Аляксандравiчу Анiкейчыку прысвоена званне народнага мастака Беларусi». ...А ведаеце, якая была яго рэакцыя? Ён сеў i абхапiў галаву рукамi. Кажу: гэта ж радасць, такое шчасце!.. А ён: «Лора, я ж не быў заслужаным дзеячам». А потым, калi Анiкейчыку прысвойвалi званне прафесара ў 1981 годзе (дакументы iшлi праз ВАК СССР), таксама нiяк не маглi зразумець: чаму ў чалавека ёсць званне народнага мастака i няма звання заслужанага дзеяча мастацтваў! — Анатоль Анiкейчык рана пайшоў з жыцця... — У 56 гадоў. Яго смерць была для ўсiх такой нечаканасцю... — Усё здарылася хутка i неспадзявана?.. — Ранiцай на вакзале Толя сустрэў дачку Вольгу, якая вярталася з Масквы ад сваякоў. У цягнiку разам з Вольгай ехалi Гаўрыла Вашчанка з жонкай Мацiльдай. Толя iх забраў. Але ўжо на вакзале адчуваў сябе няважна. Гаўрыла кажа: «Давай паедзем у клiнiку». А ён: «Ды якая клiнiка»...». Разумееце, ён мужык быў — ва ўсiх iпастасях! Якiя там урачы!.. Прыехалi дахаты, пайшоў распранацца. Я зайшла ў спальню — ён белы ляжыць. Гэта секунды! Крычу: «Вольга, хуткую!». «Хуткая дапамога» не так хутка прыехала... Мы з дачкой спрабавалi рабiць штучнае дыханне. Прычым такое супадзенне — я зусiм не мiстык, а цвярозы, прагматычны чалавек,— напярэдаднi Толева сястра Люся была ў Мiнску на курсах павышэння квалiфiкацыi, дзе разбiралiся нечаканыя смерцi мужчын (у той год такiх выпадкаў было нямала). На кухнi, мiж iншым, яна расказвала, як трэба рабiць штучнае дыханне... «Хуткая» прыехала, урачы выклiкалi машыну рэанiмацыi, але ўжо было позна. Лiтаральна 10 хвiлiн — i не стала чалавека. Гэта было звышнечакана. I страшна. — Ларыса Iсакаўна, у Нацыянальным мастацкiм музеi праходзiць выстаўка Анатоля Анiкейчыка... — Яна адкрылася ў канцы чэрвеня. Выстаўка камерная. У цэнтры экспазiцыi — вялiкi партрэт, якi напiсаў Май Данцыг. Побач — злепак рукi Анiкейчыка на галiнках жывога папаратнiку. Бо папараць была сiмвалам усяго жыцця Анiкейчыка: пошук шчасця i дасканаласцi... Тым больш, нарадзiўся ён праз некалькi дзён пасля Купалля. 11 лiпеня ў музеi адбудзецца вечарына памяцi Анатоля Анiкейчыка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мемарыяльны комплекс «Прарыў» (каля г.п. Ушачы) i «Праклён фашызму» (на месцы спаленай вёскi Шунеўка Докшыцкага раёна), помнiк Мiкалаю Гастэлу i яго э
|
|