21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ТАМ, ДЗЕ ЎЗЫХОДЗIЦЬ СОНЦА

26.08.2009 08:57 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ДАНIЛУШКIНА. Фота аўтара.

ШТО вы ведаеце пра Японiю i яе культуру? У галаве адразу ўзнiкаюць словы «кiмано», «самурай», «хайку», «анiмэ»... А далей? Далей пачынаеце прызадумвацца, праўда? Аказваецца, не так i шмат мы, беларусы, ведаем пра гэту далёкую i загадкавую краiну. Краiну квiтнеючай сакуры, чайных цырымонiй i вытанчаных рытуалаў. Куды пайсцi ў першую чаргу, каб павялiчыць багаж сваiх ведаў? «Канешне, да нас!» — адказвае спадарыня Масако Тацумi, iнiцыятар стварэння i кiраўнiк Iнфармацыйнага цэнтра японскай культуры.




У невялiкiм пакоi чыста i светла. Фотавыявы некранутай японскай прыроды, рознакаляровыя габелены, малюнкi «пазiтыўных» iероглiфаў амаль пад самай столлю, арыгамi — фiгуркi з паперы, зашклёныя стэлажы з драўлянымi японскiмi лялькамi, посудам, «хасi» — палачкамi для ежы, фарфоравымi старадаўнiмi статуэткамi, паштоўкамi... i дзiцячымi кнiгамi, кнiгамi, кнiгамi. А сярод усёй гэтай прыгажосцi, нiбы дапаўненне намаляванай японскай карцiны, гасцiнна ўсмiхаецца мiнiяцюрная Масако-сан, стваральнiца i гаспадыня «часцiнкi Японii». Непадалёк ад яе, за невялiкiм сталом, заўважаю малое дзяўчо, якое з цiкаўнасцю пазiрае на мяне з-за японскай размалёўкi.

— Я нарадзiлася ў Кiёта, былой сталiцы Японii, — гаворыць Масако-сан пасля маёй просьбы расказаць пра сябе, — але лёс склаўся так, што Беларусь стала маiм другiм домам. I я гэтаму вельмi рада.

Як усё пачыналася

А пачыналася ўсё з казак. Так-так, са звычайных рускiх казак, кнiга з якiмi трапiла аднойчы маленькай Масако ў рукi. Казкi былi цiкавымi i нязвыклымi, не падобнымi на японскiя. У такiйскiм унiверсiтэце Кейо, куды Масако-сан паступiла на спецыяльнасць педагог-сацыёлаг, яна з поспехам абаранiла дыпломную працу на тэму «Новая сiстэма адукацыi ў Расiйскай Федэрацыi». Да гэтага шмат чытала пра Расiю, вывучала яе гiсторыю, запiсалася на лiнгвiстычныя курсы. I — нарэшце! — у 1992 годзе здзейснiлася запаветная мара — Масако-сан у якасцi турысткi месяц вандравала па Расii, Беларусi i Украiне. Вярнулася перапоўненая прыемнымi ўражаннямi i вырашыла ўдасканальваць сваё веданне мовы. «Пунктам удасканальвання» абрала школу для iншаземцаў пры Далёкаўсходнiм унiверсiтэце ва Уладзiвастоку.

— Гэта было жудасна! — з жахам у вачах усклiквае Масако-сан. — Увесь час прападала электрычнасць, мы забылiся, што такое гарачая вада — яе не было па пяць месяцаў! — а часам адключалi i халодную. Але не гэта было самым непрыемным. Больш за ўсё крыўдзiла дрэннае стаўленне да нас, iншаземцаў. У мяне зусiм не было рускiх сяброў. Мае суайчыннiкi памiж сабой размаўлялi па-японску, i я разам з iмi, таму зусiм не было моўнай практыкi.

Невыносныя ўмовы i нядобразычлiвасць уладзiвастокцаў вымусiлi дзяўчыну вярнуцца ў Японiю. Але свайго намеру на гэты раз яна не пакiнула i ў 1995 годзе стала слухачом курсаў для iншаземцаў пры Белдзяржунiверсiтэце. На той момант Масако Тацумi была адзiнай студэнткай-японкай на ўсе беларускія ВНУ! Японец — рэдкi госць беларускiх унiверсiтэтаў, у асноўным сюды паступаюць жыхары Кiтая.

— Тут, у Беларусi, чыста i прыгожа. Людзi добразычлiва паставiлiся да мяне. Хутка з’явiлася шмат беларускiх знаёмых, з многiмi я пасябравала.

Так, вясёлая кампанiя, лепшая беларуская сяброўка... Яна i пазнаёмiла аднойчы мiнiяцюрную, па-экзатычнаму прыгожую Масако-сан са Сцяпанам Бугайчуком. Вяселле згулялi па беларускiх традыцыях. Мацi i тата нявесты, якiя спецыяльна прыляцелi з Японii, увесь час перапытвалi ў новых сваякоў: «А што рабiць далей?», «Цi правiльна мы сябе паводзiм?» Выбарам дачкi засталiся задаволеныя. А праз некалькi гадоў яны атрымалi ў падарунак цудоўную ўнучку з незвычайным для Беларусi iмем Юэ.

— У Японii iмя складаецца з некалькiх iероглiфаў, кожны з якiх мае ўласнае значэнне, — тлумачыць жанчына, — i муж быў не супраць, калi менавiта я выбiрала iмя для дачушкi. «Ю» — «чалавек, якi злучае культуры Японii i Беларусi», а «Э» — «iмклiвасць, дзейснасць, накапленне жыццёвага вопыту». Але гэта было пазней. А пакуль...

...У 1996 годзе Масако Тацумi пачала выкладаць японскую мову на факультэце мiжнародных адносiнаў БДУ. Усяго ў группу запiсалiся дваццаць чалавек. I тут высветлiлася, што японскiх падручнiкаў i слоўнiкаў катастрафiчна не хапае. Выратаваў становiшча невялiкi лiст Масако-сан, надрукаваны ў японскай газеце «Iнфармацыя японскага iнтэрнацыянальнага цэнтра». У iм змяшчаўся зварот да японцаў з просьбай дапамагчы беларускiм студэнтам вучэбнай лiтаратурай. Шмат людзей адгукнулася, сярод iх быў i звычайны iнжынер з Такаямы спадар Усуй Хiроо.

Яднанне i дабрачыннасць

— Мы ўвесь час працавалi над лiтаратурай, але мне здавалася, што гэта вельмi мала, што я магу зрабiць нешта большае. Мне чагосьцi не хапала, хацелася прыносiць больш карысцi, хацелася, каб людзi больш ведалi пра маю радзiму.

Масако-сан ужо даўно абдумвала iдэю стварэння Iнфармацыйнага цэнтра японскай культуры. У 1999 годзе яна вырашыла, што цалкам гатова для яе ажыццяўлення. У фондзе з радасцю далi «зялёнае святло». Жанчына звольнiлася з унiверсiтэта i накiравалася... у 5-ю дзiцячую бiблiятэку ва Уруччы.

— Чаму менавiта сюды? З калектывам гэтай бiблiятэкi ў мяне склалiся добрыя адносiны, я ведала, што загадчык, Марына Пятроўна Бягун, мне не адмовiць. Да таго ж я жыву не вельмi далёка ад бiблiятэкi.

9 верасня 1999 года Iнфацэнтр пачаў сваё iснаванне. Дату абралi невыпадкова — у гэты дзень у Японii праходзiць Свята хрызантэм.

У рамках аздараўленчага праекта Масако Тацумi пры дапамозе фонду «Чыро» перадае медыкаменты, вiтамiны i iнструменты шасцi беларускiм дзiцячым медыцынскiм установам. Напрыклад, Рэспублiканскi дзiцячы хiрургiчны цэнтр двойчы, у 2002 i 2004 гадах, атрымаў медiнструменты. Таксама двойчы дзякавалi Масако-сан у Мазырскiм гарадскiм дабрачынным аб’яднаннi «Дзiцячы дыябет» (2005, 2006 гады). Зведала дапамогу i мiнская санаторная школа-iнтэрнат № 2.

Культурны праект Iнфармацыйнага цэнтра даволi аб’ёмны. Масако-сан пры дапамозе сваiх беларускiх сяброў перакладае японскiя дзiцячыя кнiгi i дорыць школам i бiблiятэкам Беларусi. Больш за сто з iх атрымалi кнiгу Мамоко Iсii «Нон-цян на воблаку», якую пераклала вядомая японка, спадарыня Мiура Мiдоры, i на свае грошы надрукавала ў Расii. Фонд «Чыро» выкупiў 120 экзэмпляраў i перадаў беларускiм дзецям. Сёння пераведзена больш за семдзесят дзiцячых кнiг, трыццаць з iх вы зможаце паглядзець у самiм Iнфацэнтры.

«Песнi Басё» — першы музычны праект, ажыццёўлены па iнiцыятыве Масако-сан у 2004 годзе i прымеркаваны да 360-годдзя японскага класiка.

— Я прапанавала кампазiтару Ганне Кароткiнай напiсаць музыку да вершаў Басё. Спалучэнне старадаўняй японскай паэзii ў выкананнi Вольгi Сотнiкавай i музыкi сучаснага беларускага кампазiтара дало цiкавы вынiк. Я засталася задаволенай тым, што атрымалася. У гэтым годзе Ганна плануе запiсаць «Чайныя лiсты», сюiту для фартэпiяна на японскiя тэмы. «Чайныя лiсты» — аранжыроўка японскай паэзii Х—ХII стагоддзяў. Я ўжо чула чарнавы варыянт — цудоўна!

«Месяц i Сонца» — другi муз-праект. Гэта, здаецца, спалучэнне неспалучальнага: японскiя народныя песнi на беларускай мове.

— Я пераклала песнi на рускую мову, Алесь Камоцкi — на беларускую, а Змiцер Вайцюшкевiч зрабiў аранжыроўку. Музыка выкарыстоўвалася розных накiрункаў. Атрымалася незвычайна i вельмi прыгожа. Мая дачка ў свае пяць гадоў вельмi любiць слухаць Вайцюшкевiча i з часоў запiсу дыска клiча яго не iнакш як «дзядзя Дзiма».

Дыскi Масако-сан таксама дорыць школам i бiблiятэкам, толькi музычным, разам з нотамi.

На базе Iнфацэнтра кожную нядзелю збiраецца клуб аматараў японскай моўнай культуры. Наведваюць яго ў асноўным студэнты i дарослыя людзi, якiя жадаюць вывучыць японскую мову.

Час ад часу Масако-сан наладжвае свята ў японскiм стылi, куды запрашае школьнiкаў з прылеглых школ. Такiя святы бываюць i раз’язнымi. Асаблiвая дзея — дэманстрацыя чайнай цырымонii. Яе гiсторыя бярэ свой пачатак яшчэ ў VIII стагоддзi. Цырымонiя акружана асаблiвай атмасферай, у ёй можа ўдзельнiчаць не больш за пяць чалавек, i размаўляць падчас яе на звычайныя, штодзённыя тэмы забараняецца. Даволi часта Масако-сан атрымлiвае запрашэннi правесцi такую цырымонiю падчас якога-небудзь свята. Яна нiколi не адмаўляецца. Напрыклад, летась улады Светлагорска запрасiлi японку на 45-годдзе горада. У чайнай цырымонii, праведзенай у дзiцячай раённай бiблiятэцы, удзельнiчала амаль уся сям’я Тацумi: прыляцелi бацькi Масако-сан, Кадзуко-сан i Ясуакi-сан, дапамагала маленькая Юэ.

Безумоўна, ёсць у Iнфацэнтра i свае праблемы.

— З дня чарнобыльскай трагедыi прайшло больш за дваццаць гадоў. У Японii пачынаюць забываць пра Беларусь. Зараз японцы з большай ахвотай дапамагаюць iракскiм дзецям, таму фонду цяжка збiраць грошы для беларускiх. Сёлета пакуль не атрымалася аказаць дапамогу медыцынскiм установам. Але я спадзяюся на лепшае.

Другая радзiма

— Цяжка было прызвычайвацца да беларускага клiмату? — цiкаўлюся.

— Не, проста тут крыху халадней i няма некаторых прадуктаў. Напрыклад, соевай пасты — адной з абавязковых складовых японскай кухнi.

— А якая кухня ў вашай сям’i дамiнуючая?

— Мой муж гатуе вельмi смачныя дранiкi, блiны, боршч. Я ж яго здзiўляю японскай экзотыкай.

— Якое ваша любiмае месца ў Мiнску?

— Царква! — здзiўляе адказам Масако-сан. — Пасля вяселля я прыняла хрысцiянства. Кожную нядзелю хадзiла ў царкву. У Беларусi прыгожыя цэрквы. Калi да мяне прыязджаюць бацькi або сябры з Японii, у першую чаргу мы наведваем царкву.

— Не шкадуеце, што пакiнулi Японiю?

— У мяне цiкавае жыццё, ёсць творчы запал i безлiч iдэй.

— А па радзiме не сумуеце? — пытаюся я.

— Паглядзiце навокал! — Масако-сан абводзiць позiркам пакой. — Я кожную ранiцу заходжу сюды i адчуваю, быццам вярнулася ў Японiю. Тут мой дом, Беларусь стала для мяне роднай. Тут каханы чалавек, дачка, — Юэ, якая ўжо даўно сядзiць побач з матуляй i слухае нашу размову, шчаслiва ўсмiхаецца. — Бацькi штогод прылятаюць да нас, дапамагаюць Iнфацэнтру. Гэта найлепшы жыццёвы шлях з тых, якiя я магла абраць для сябе.

Сонца ў жыццi Масако Тацумi ўзышло.

— Пачакайце! — спыняе мяне на парозе Масако-сан. — Калi ласка, напiшыце адрас бiблiятэкi ў газеце. Так хочацца, каб больш беларусаў пазнаёмiлася з культурай Японii.

З задавальненнем выконваю просьбу спадарынi Масако: Дзiцячая бiблiятэка № 5, вул. Русiянава, 48; тэл. 260-59-58.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ШТО вы ведаеце пра Японiю i яе культуру? У галаве адразу ўзнiкаюць словы «кiмано», «самурай», «хайку», «анiмэ»... А далей? Далей пачынаеце прызадумвац
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика