Калi мы будзем побач...
Вiкторыя ЗАХАРАВА.
Беларускiя «зоркi» агучылi свае абяцаннi ў барацьбе са СНIДам
Гэтай эпiдэмii больш як 20 гадоў — лiчыцца, што першыя масавыя выпадкi заражэння ВIЧ-iнфекцыяй адбылiся напрыканцы 1970-х. Нягледзячы на тое, што вiрус з той пары быў вывучаны лепш, чым любы iншы вiрус у свеце, мiльёны людзей працягваюць памiраць ад СНIДу, а многiм iншым ставiцца страшны дыягназ: ВIЧ-iнфiцыраваны. I страшная не толькi сама хвароба, але i тое, што навакольныя ў большасцi адварочваюцца ад хворага, пакiдаючы яго сам-насам з праблемай. Але так не павiнна быць. «Мы адна краiна, мы адзiн народ, трэба быць разам, тады мы зможам пераадолець усе беды», — заклiкаюць удзельнiкi «Зорнай каманды», створанай у Беларусi дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця i прафiлактыкi СНIДу. «Асноўны прынцып прафiлактыкi гэтай хваробы — зберагчы здароўе здаровых», — падкрэслiвае намеснiк мiнiстра аховы здароўя Мiхаiл Рымжа. Паводле яго слоў, першая фаза праекта, якi здзяйсняецца ў Беларусi сумесна з Праграмай развiцця ААН «Прафiлактыка i лячэнне ВIЧ-СНIДу ў Беларусi», пачалася яшчэ ў 2004 годзе. Наша краiна атрымала з дапамогай Глабальнага фонду ААН для барацьбы са СНIДам, сухотамi i малярыяй грант на суму 14 мiльёнаў долараў ЗША. I на сёння хворыя забяспечаны сучаснымi медыкаментамi — прыкладна на 1,5 мiльёна долараў было набыта лекаў, на такую ж суму — медыцынскага абсталявання. Застаецца самае цяжкае — утрымаць людзей, якiя яшчэ не перайшлi рысу дыягназу «ВIЧ», захаваць i зберагчы iх здароўе. Акцыя з удзелам «Зорнай каманды» — вядомых у краiне людзей, кумiраў моладзi, — называецца «Я абяцаю!». — Нам не ўсё роўна, што адбываецца ў нашай краiне. I ад iмя ўсiх спартсменаў мы хочам сказаць, што экстрым i адрэналiн можна атрымлiваць не ад наркотыкаў, а, напрыклад, ад заняткаў экстрэмальнымi вiдамi спорту, — кажуць сярэбраныя прызёры Алiмпiйскiх гульняў па фрыстайлу Асоль Слiвец i Дзмiтрый Дашчынскi. Iх абяцанне — «Спорт. Няма месца наркотыкам!» Лiдар гурта «J:Mорс» Уладзiмiр Пугач — яшчэ i прафесiйны юрыст, якому ў свой час давялося правесцi вялiкi аналiз нарматыўна-прававой базы ў галiне прафiлактыкi СНIДу. Тады ён i пераканаўся, наколькi маштабная гэта праблема. — Часта навакольныя дыстанцыруюцца ад хворага, робяць выгляд, што праблемы ўвогуле няма. Але гэта не выйсце, — перакананы Уладзiмiр. — Таму наша абяцанне гучыць так: «Абяцаем быць побач з ВIЧ-станоўчымi людзьмi!». Я адразу пагадзiўся на ўдзел у праекце, усе хлопцы таксама падтрымалi мяне. I мы зробiм усё ад нас залежнае, каб хворыя на СНIД не засталiся ў адзiноце. Дуэт «Аляксандра i Канстанцiн» даў абяцанне быць вернымi свайму каханню, прапагандуючы такiм чынам адказныя паводзiны. «Калi мы зможам дапамагчы гэтым хоць бы аднаму чалавеку, значыць, наша мiсiя выкананая», — лiчыць Саша Кiрсанава. — СНIД — праблема мiжнародная, якую па значнасцi можна параўнаць з расавай дыскрымiнацыяй. А паколькi любая форма дыскрымiнацыi заўжды была для мяне брыдкая, я з радасцю далучыўся да праекта, — разважае музыкант i акцёр Аляксей Шэдзько. Яны разам з тэнiсiсткай, спявачкай Вольгай Барабаншчыкавай паабяцалi «цяпло i разуменне людзям з ВIЧ». Актрыса Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская i спявак Аляксандр Патлiс далi сваё абяцанне: «Дапамагаць ВIЧ-станоўчым дзецям» — тым больш, у абодвух ужо ёсць вопыт удзелу ў дабрачынных i сацыяльных акцыях. — Даць абяцанне — гэта вельмi сур’ёзная рэч, — перакананая Святлана. — Гэта значыць выступiць не ў ролi суддзi, а ў ролi чалавека, якi бярэ на сябе частку адказнасцi за вырашэнне праблемы. I мы з адкрытым сэрцам зробiм свой уклад у агульную справу. У вядучых праграмы «Наша ранiца» на АНТ Валерыя Кашчэева i Наталлi Немагай ёсць агульныя знаёмыя, якiя жывуць з дыягназам ВIЧ, таму гэта праблема мае для ўдзельнiкаў «Зорнай каманды» асабiстае адценне. «Мы абяцаем гаварыць аб праблеме СНIДу!» — абвясцiлi вядучыя. А вось вядучая Першага музычнага канала Люся Лушчык i рэкардсмен свету па цяжкай атлетыцы Андрэй Рыбакоў паабяцалi здаць тэст на ВIЧ — магчыма, уласным прыкладам пабудзiўшы частку маладых людзей, якiя знаходзяцца ў групе рызыкi, зрабiць тое самае... Напэўна, адзiн з самых аптымiстычных лозунгаў — у гурта «Тяни-Толкай», якi паабяцаў «выдатны настрой без наркотыкаў». «У свой час я здаваў аналiзы, i хоць быў абсалютна перакананы, што ўсё са мной у парадку, але той тыдзень чакання вынiкаў быў ледзьве не самым страшным у жыццi, — прызнаўся клавiшнiк гурта Кiрыл Клiшэвiч. — Каб людзям не было чаго баяцца, мы прапануем iм знаходзiць задавальненне не ў наркотыках i разгульным жыццi, а, напрыклад, «адрывацца» пад музыку разам з сябрамi. Калi камiсiя ААН прызнала нас дастаткова ўплывовымi на меркаваннi моладзi, мы пастараемся зрабiць усё залежнае, каб як мага больш людзей прыслухалiся i абаранiлi ад небяспекi сябе i сваiх блiзкiх». Лiтаральна з учарашняга дня ў рэспублiцы з’явiлiся бiлборды з выявамi ўдзельнiкаў «Зорнай каманды» i iхнiмi абяцаннямi. Гэтаксама плануецца выпуск iншых вiдэа- i друкаваных матэрыялаў, прэзентацый, розных акцый iнфармацыйнай кампанii «Спынiць СНIД. Выканаць абяцанне», у тым лiку прымеркаваных да Дня памяцi памерлых ад СНIДу i Сусветнага дня барацьбы са СНIДам. Акрамя таго, у рамках гэтай праграмы ў Беларусi праводзiцца конкурс вершаў i абяцанняў на тэму «Я абяцаю!», узяць удзел у якiм можа кожны жадаючы. Лепшыя звароты-абяцаннi будуць змешчаныя на сайце праекта hiv-аids.bу. «Вiрус дагэтуль не спынены, i адна з прычын гэтага — безадказныя паводзiны людзей, — мяркуе прадстаўнiк ПРААН у Беларусi Джыхан Султанаглу. — Аднак калi мы ўсе будзем гаварыць аб гэтым i дадзiм кожны сваё абяцанне — напрыклад, не ўжываць наркотыкi, клапацiцца аб сваiх блiзкiх, — прычым не проста дадзiм, а выканаем гэта абяцанне — то сiтуацыя абавязкова зменiцца да лепшага».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускiя «зоркi» агучылi свае абяцаннi ў барацьбе са СНIДам
|
|