Яны шукаюць бацькоў
Iлона IВАНОВА.
НЕЗВЫЧАЙНАЯ ФОТАВЫСТАВА ПРАДСТАВIЛА БАБРУЙЧАНАМ ПАРТРЭТЫ ДЗЯЦЕЙ-СIРОТ
У Бабруйску праходзiць акцыя «Цёплы дом». Яе iнiцыятарамi выступiлi Адмiнiстрацыя Першамайскага раёна горада i сацыяльна-педагагiчны цэнтр раённага аддзела адукацыi. Акцыя праводзiцца дзеля падтрымкi i жыццеўладкавання дзяцей, якiя па розных прычынах засталiся без апекi бацькоў. У лепшым выпадку — гэта ўсынаўленне, аднак гараджан заклiкаюць яшчэ i проста браць пад апеку выхаванцаў дзiцячых дамоў i iнтэрнатаў. Можна запрашаць малых у госцi на выхадныя днi i канiкулы, у вандроўкi i на аздараўленне, дапамагаць дзецям i сябраваць з iмi. Акрамя дабрачынных канцэртаў, асветнiцкiх плакатаў i лекцый, бабруйчане арганiзавалi адмысловую фотавыставу. Яна прапануе паглядзець на партрэты дзяцей-сiрот. Больш за тры дзесяткi выхаванцаў дзiцячых дамоў сфатаграфавалi, i да здымкаў далучылi элементарныя звесткi — iмя, узрост i схiльнасцi. Аднак гэтая, як падавалася б, простая выстава робiць на людзей моцнае ўражанне. Яна перасоўная, раз’язджае па гарадскiх прадпрыемствах: тыдзень пабыла на «Беларусьгуматэхнiцы», потым — на заводзе трактарных дэталяў i агрэгатаў, цяпер спынiлася на «Белшыне». У сацыяльна-педадагiчным цэнтры расказалi, што некаторыя наведвальнiкi выставы цяпер звяртаюцца ў iнтэрнатныя ўстановы i органы апекi — шукаюць сiрот, з якiмi хочуць пазнаёмiцца. — «Цёплы дом» мы распачалi яшчэ летась, — расказаў начальнiк iнфармацыйна-аналiтычнага i метадычнага аддзела Андрэй Вакулюк. — I гэтая акцыя прынесла выдатныя вынiкi: было ўладкавана ў сем’i ўдвая больш дзяцей-сiрот, чым раней! I мы вырашылi працягваць. Бабруйчане ад заклiкаў i асветнiцтва перайшлi да канкрэтных спраў. Цяпер яшчэ i ў мясцовай газеце адкрыта рубрыка «Знайдзi мяне, бацька!», дзе друкуюцца па тры фотаздымкi дзяцей-сiрот, i расказваецца пра гiсторыi iх жыцця. Яны кранаюць сэрцы людзей, i сiроты праз гэта атрымаюць новы шанц на Цёплы дом i бацькоўскую любоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НЕЗВЫЧАЙНАЯ ФОТАВЫСТАВА ПРАДСТАВIЛА БАБРУЙЧАНАМ ПАРТРЭТЫ ДЗЯЦЕЙ-СIРОТ |
|