Валёнкi бабы Ганны
Алена СКРЭБЕЦ
Ад прадзедаў... — Адразу воўну трэба разважыць. На валёнак — па паўкiлаграма. Калi лепшыя хочаш зрабiць, то воўны трэба больш узяць, — тлумачыць мне Ганна Карповiч, — потым анучку бярэш i валёнак рабiць пачынаеш, фармуеш яго. Праца цяжкая. Пакуль пару зробiш — хату выстудзiш, вадой усё пазалiваеш. З гарачай вады ў сцюдзёную кiдаеш, на копыле выбiваеш, месiш, сартуеш, шыеш...Цяпер яна валёнкi не робiць, кажа, што старыя спачатку знасiць трэба. Стаяць яны ў вялiзным ворку ў склепе, часу свайго чакаюць. Ды i копыл яна аддала, сiл не хапае на такую працу. — Дзетка, ты ж толькi басанож не хадзi! Укусiць можа хто! — пачула я, калi прыехала да Ганны Карповiч у вёсачку Даўгялы Воранаўскага раёна. На той момант я ўжо разулася i босая iшла па падворку. А трава мяккая-мяккая, i, здаецца, не тоiць ў сабе нiякай небяспекi. Хадзiла б i хадзiла па гэтым амаль пуховым зялёным пакрывале. I паветра там надзiва свежае, чыстае. Толькi высокая вiльготнасць адчуваецца, бо побач — вялiзнае балота, што расцягнулася на кiламетры. Уяўляеце, як там добра ў спёку? Хоць можа па-дацца, што жыць на гэтым хутары вельмi страшна. Лес, балота, дзiкiя звяры, вужы, гадзюкi... Дарэчы, слова гадзюка я там нi разу не пачула. Мо, людзi, якiя жывуць побач з балотамi, не ўспамiнаюць уголас назву гэтай iстоты, каб да сябе дадому незнарок яе не наклiкаць? Блiжэйшае жыллё, дзе людзi ёсць, — за кiламетр ад дома Ганны Карповiч. Але звыклася яна са сваiм становiшчам. 13 гадоў таму мужа пахавала, з той пары адна i жыве. Сходзiць да сваёй знаёмай, з’ездзiць да касцёла, па хлеб, малачко занясе, людзей паслухае — вось i ёсць пра што падумаць. Глядзiць тэлевiзар. А газет яна не выпiсвае — паштальёнаў шкадуе. Дабiрацца да яе дома цяжка, асаблiва вясной, калi снег раставаць пачынае. Дарогi тады зусiм няма — балота адно. На дзень нараджэння купiлi ёй дзецi мабiльнiк. Сувязь ёсць у адным месцы — каля студнi. Даводзiцца выходзiць на вулiцу, каб з роднымi паразмаўляць. За сваё жыццё Ганна Карповiч шмат працавала: i ў брыгадзе, i даглядчыцай на ферме, i даяркай. Працаваць яна любiць, а таму i цяпер заўсёды знаходзiць сабе справу. Гадуе кароўку, курэй, свiнак. Яшчэ гародчык трымае. Невялiкi, каб сабе чаго з’есцi было. Карова ў бабы Ганны надзiва дагледжаная, адкормленая. I разумная. Надыдзе час даiць, дык яна гаспадыню сама клiча сваiм муканнем. Праўда, адрываецца часта i iдзе, як гаворыць баба Ганна, «на шкоду». Каб жывёлiна не ўцякала далёка, прыйшлося ногi спутаць, але рагулю гэта не стрымлiвае — усё роўна iдзе шукаць лепшай травы. Не ведаю, што б гэта карова рабiла на пашы побач з нашай вёскай. Пэўна, бегала б цэлы дзень у пошуках i галодная дадому прыйшла. Безумоўна, ва ўзросце бабы Ганны сена самастойна не нарыхтуеш — даводзiцца наймаць людзей, каб дапамагалi. I дровы калоць, i падрамантаваць сёе-тое. На ўсё рука гаспадара патрэбная. А слова «гаспадар» яна неяк асаблiва вымаўляе, нiбы ўкладвае ў яго нейкi таемны сэнс. I ўспамiнае пры гэтым свайго мужа. Расказвае, што ён хоць i любiў выпiць, але парадак у доме быў заўсёды. За гаспадаркай глядзеў, ды i ёй дапамагаў як мог. Трох дачок выгадавалi. Адна тавары возiць па раёне, дзве iншыя ў Лiтву выехалi. А баба Ганна жыве на сваiм хутары. Працуе, даношвае зробленыя некалi валёнкi. Збiраецца ў горад. Толькi баiцца: як там, у горадзе, будзе? Тут яна сама сабе гаспадыня — устае калi хоча, есць што падабаецца. Вось нядаўна сала захацела вэнджанага. Сваё салёнае ёсць, а хацелася, каб з дымку было. Аднак несцi няма да каго. Раней жа людзi вэндзiлi цэлай грамадой. Збяруць добры цэнтнер сала, мяса i — на некалькi сутак пад дым ядлаўцовы. I ядловец разам збiралi. Многа яго трэба было, каб капцiлку некалькi дзён i начэй у дзеяннi падтрымлiваць. Усё разам рабiлi. Народ дружнейшы быў. Грамада, вёска... Раней менавiта так называлi людзей. Казалi: вёска сена косiць, вёска бульбу капае. А цяпер гэта дружнасць знiкла. Людзi паасобку больш, нiбы i не жывуць побач... А валёнкi бабы Ганны яшчэ некага саграваюць, даўгавечныя яны, не тое што сучасны абутак з рынку. I каштуюць дорага, бо праца цяжкая, ручная. Вунь як кiдаюцца замежнiкi на старажытны абутак! Попыт ёсць, а майстроў усё менш. Шкада... Марознымi зiмовымi днямi стаiць у Лiдзе на рынку дзядок i прадае свой няхiтры ваўняны тавар. I купляюць. Тыя ж рынкавыя гандляры, паляўнiчыя... Насiць ёсць каму, а рабiць? Нешта няма жадаючых асвоiць гэту складаную справу, не хоча нiхто вучыцца валяць валёнкi. Зносяцца калi-небудзь валёнкi Ганны Карповiч. А потым, праз шмат гадоў, нашы нашчадкi будуць глядзець на выпадкова знойдзены валёнак i пытаць: а як жа зрабiць такi абутак? Але не будзе каму расказаць пра гэту старажытную справу... Воранаўскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Адразу воўну трэба разважыць. На валёнак — па паўкiлаграма. Калi лепшыя хочаш зрабiць, то воўны трэба больш узяць, — тлумачыць мне Ганна Карповiч, — |
|