21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Каб Беларусь стала шырока вядомай у свеце...

26.08.2009 08:59 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

7 жнiўня 75-гадовы юбiлей святкуе прафесар Адам Мальдзiс — вядомы даследчык лiтаратуры, крытык, празаiк, публiцыст

Адам Іосіфавіч нарадзiўся ў вёсцы Расолы Астравецкага раёна. Скончыў аддзяленне журналiстыкi БДУ, працаваў у радашковiцкай раённай газеце. Пасля аспiрантуры — у Iнстытуце лiтаратуры iмя Янкi Купалы Акадэмii навук Беларусi. У 1991—1998 гадах — дырэктар Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра iмя Ф. Скарыны.

Адам Мальдзiс — старшыня камiсii «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, кiраўнiк аддзялення культуралогii Мiжнароднай Акадэмii навук Еўразii, ганаровы старшыня Грамадскага аб’яднання «Мiжнародная асацыяцыя беларусiстаў» (МАБ).

Старшыня МАБ Сяргей Запрудскi паведамiў, што асацыяцыя падрыхтавала спецыяльны том «Беларусь i беларусы ў прасторы i часе» ў гонар Адама Мальдзiса. У кнiгу ўвайшлi як артыкулы пра юбiляра, так i даследаваннi навукоўцаў розных краiн, напiсаныя ў значнай ступенi ў рэчышчы навуковых зацiкаўленняў прафесара. Кнiга плануецца да выдання ў вераснi.

...Адама Мальдзiса называюць фенаменальнай з’явай беларускай культуры. А вось што расказалi пра яго калегi...

Уладзiмiр ГНIЛАМЁДАЎ, галоўны навуковы супрацоўнiк Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы НАНБ, акадэмiк:

— Адама Iосiфавiча Мальдзiса ведаю даўно. Пазнаёмiлiся ў 1962 годзе, калi я паступiў у аспiрантуру Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы Акадэмii навук. У той час Мальдзiс ужо заканчваў аспiрантуру i падаў заяву на ўступленне ў партыю. А я ўжо быў членам КПСС i вёў сход, на якiм разбiралася пытанне аб прыёме. Так што з Мальдзiсам мы не толькi ў адным iнстытуце працавалi, але i ў адной партыйнай арганiзацыi.

Павiнен сказаць, што Адам Мальдзiс быў «нацыянальным камунiстам», якi нiколi не забываў пра тое, чый ён, хто ён, каму ён абавязаны навуковымi ведамi i лёсам. Ён нагадвае мне беларускiх камунiстаў, вучоных-навукоўцаў 1920-х гадоў, якiя ўзначальвалi Iнстытут беларускай культуры, а пасля i Акадэмiю навук Беларусi. Яны дбалi пра нацыянальныя iнтарэсы. Гэта былi сапраўдныя патрыёты беларускай зямлi. Тое ж можна сказаць i пра Мальдзiса. Гэта выдатны беларускi вучоны-гуманiтарый. Чалавек па-сапраўднаму таленавiты — як навуковец, як асоба, як грамадскi дзеяч.

У асобе Адама Мальдзiса мы маем выдатнага гiсторыка беларускай лiтаратуры. Яго доктарская дысертацыя была прысвечана так званаму пераходнаму перыяду лiтаратуры XVIII стагоддзя. Гэта быў досыць «запушчаны» перыяд, лiчылася, што ўвогуле гэта прагал, «белая пляма», нiчога з таго перыяду не засталося, нiхто нiчога не напiсаў... Мальдзiс даказаў, што гэта не так. У архiвах знайшоў шмат твораў розных жанраў — i атрымалася вельмi змястоўная работа, ён здолеў прасачыць заканамернасцi жанравага развiцця i мастацкага ўзбагачэння нашай лiтаратуры.

Мальдзiс — гэта цi не самы буйны наш паланiст. У яго шмат работ па польскай лiтаратуры, па сувязях беларускай лiтаратуры з польскай. Ён добра ведае Мiцкевiча, шмат напiсаў пра яго. А колькi сiл патрацiў Адам Iосiфавiч, каб выдаць рукапiс Бранiслава Тарашкевiча — пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Мiцкевiча. I ўсё-такi дамогся свайго, пераклад быў выдадзены i стаў сенсацыяй.

Адам Мальдзiс шмат здзейснiў не толькi для лiтаратуры, але i для Беларусi ў цэлым. Ён выдатны знаўца беларускай дыяспары. Мальдзiс нас злучае i з Польшчай, i з Лiтвой, i з Украiнай... Ён доўгi час быў старшынёй Мiжнароднай арганiзацыi беларусiстаў, шмат зрабiў i робiць дзеля таго, каб Беларусь была шырока вядомай у свеце.

Адам Мальдзiс — i аўтар вядомай аповесцi «Восень пасярод вясны» (1984).

...Увогуле i пра самога Мальдзiса ўжо пры жыццi можна пiсаць кнiгi. Колькi разоў ён праяўляў грамадзянскую пазiцыю, смеласць. Помню яго артыкул пачатку 1960-х гадоў «Каб з пер’я вырасталi галубы», апублiкаваны ў газеце «Лiтаратура i мастацтва». Аўтар А. Мальдзiс выступаў за наватарства ў лiтаратуры, супраць дагматыкi i кансерватызму. Тады гэта было рызыкоўна, ён меў непрыемнасцi...

Адам Мальдзiс — гэта дыямент, самародак, чалавек, якi ўвасобiў беларускi пачатак з найбольшай паўнатой.

Вячаслаў РАГОЙША, доктар фiлалагiчных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыi лiтаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта:

— Свае ўзаемаадносiны з Адамам Мальдзiсам я магу ахарактарызаваць трыма словамi: УСЛЕД, ПОБАЧ I ПОПЛЕЧ.

Калi гаварыць пра ЎСЛЕД, то трэба мець на ўвазе, што Адам Мальдзiс — мой настаўнiк. Настаўнiк у лiтаратуры, у лiтаратуразнаўстве. Я вучыўся ў старэйшых класах Ракаўскай сярэдняй школы, калi Мальдзiс прыехаў у наш Радашковiцкi раён, у радашковiцкую раённую газету «Сцяг Iльiча» працаваць адказным сакратаром. Я тады пiсаў вершы, дасылаў у газету — Мальдзiс друкаваў некаторыя з iх, ён быў старшынёй лiтаратурнага аб’яднання раёна. Ён скiраваў мяне на фiлфак, на беларускае аддзяленне. Сам ён скончыў аддзяленне журналiстыкi фiлфака БДУ... А мяне скiроўвалi на матэматычны факультэт. Магчыма, без уплыву Мальдзiса я i паступаў бы туды. Аднак Адам Іосіфавіч выкiраваў мяне на фiлфак, i за гэта яму шчыра ўдзячны. Я пайшоў услед за iм.

Калi гаварыць пра ПОБАЧ — ужо колькi дзесяткаў гадоў мы разам крочым па сцежцы лiтаратуразнаўства, даследавання гiсторыi беларускай лiтаратуры, узаемасувязяў лiтаратур. Праўда, ён займаецца больш беларуска-польскiмi сувязямi, а я — беларуска-ўкраiнскiмi, беларуска-рускiмi, але, натуральна, методыка i патрэба даследавання сувязяў застаецца адной i той жа.

Што датычыць ПОПЛЕЧ, то некалькi гадоў па запрашэнню Мальдзiса я працаваў яго намеснiкам — намеснiкам дырэктара навукова-асветнага цэнтра iмя Ф. Скарыны. Якраз напачатку 90-х гадоў, калi ў Мальдзiса з’явiлася iдэя арганiзаваць такi цэнтр, ён запрасiў мяне стаць яго намеснiкам. Мы працавалi поплеч з iм пад крылом Акадэмii навук, пасля — Мiнiстэрства адукацыi краiны... Абавязкi намеснiка дырэктара ў час арганiзацыi цэнтра — зразумела якiя. Мальдзiс звычайна бываў на канферэнцыях, у мiнiстэрствах, установах: нешта прабiваў, выбiваў. Ну а я вёў, можна сказаць, «руцiнную» арганiзацыйную, кiраўнiчую працу ў самiм цэнтры. На жаль, гэты цэнтр сёння, па сутнасцi, ужо не iснуе. Галоўная прычына, лiчу, — што адтуль пайшоў як дырэктар Адам Мальдзiс. А такi цэнтр, якi нагадваў бы нечым нямецкi Iнстытут iмя Гётэ, цi Мацiцу славацкую, Мацiцу харвацкую i г.д. — такi навукова-асветны цэнтр павiнен быць у кожнай краiне, але, на жаль, у сённяшняй Беларусi адсутнiчае, iдэя Мальдзiса не знайшла працягу.

Вельмi ўдзячны Адаму Іосіфавічу i за яго навуку, i за яго падтрымку, i за яго дружбу. Ужо некалькi дзесяткаў гадоў мы з iм на «ты», сябруем. Так здарылася, што Мальдзiс пазнаёмiў мяне з Уладзiмiрам Караткевiчам — яшчэ ў далёкiм 1966 годзе. З таго часу сталi сябраваць з Караткевiчам. А пасля сябравалi i сем’ямi, калi я ажанiўся i Караткевiч ажанiўся... Больш дзесятка гадоў часта сустракалiся на вулiцы К. Маркса ў Караткевiча — сям’я Мальдзiса, сям’я Рагойшы, сям’я Караткевiча. Гэта дружба мне вельмi шмат дала, як i маёй Таццяне Вячаславаўне Кабржыцкай.

Запiсала Таццяна ПАДАЛЯК.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 жнiўня 75-гадовы юбiлей святкуе прафесар Адам Мальдзiс — вядомы даследчык лiтаратуры, крытык, празаiк, публiцыст
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика