Беларусам далі толькі 20 квіткоў на адкрыццё Гульняў у Пекіне
Як даведалася Еўрарадыё, кітайцы выдзелілі Беларусі ўсяго каля 500 квіткоў на Алімпіяду, з іх толькі 20 - на адкрыццё і закрыццё. Але па падліках “Белзнештурыста”, спаборніцтвы ў Пекіне наведае да 800 беларусаў. З іх 200-300 сябры афіцыйнай алімпійскай дэлегацыі. Як абяцае НАК, ніводнага міністра ў Пекіне не будзе. Нягледзячы на тое, што яны кіруюць спартовымі федэрацыямі. Каб “простаму” беларусу патрапіць на адрыццё Гульняў, прыйдзецца набываць так званы “брыльянтавы” тур за 13 тысяч еўра.
Квота квіткоў на адкрыццё-закрыццё Гульняў для Беларусі ўсяго 20. Іх амаль адразу раскупілі. Застаўся толькі “брыльянтавы” пакет за 13 тысяч еўра. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік аддзела ўнутранага і выязнога турызму “Белзнештурыста” Уладлен Сакалоў. Уладлен Сакалоў: “Калі зараз беларус хоча патрапіць на адкрыццё альбо закрыццё Алімпіяды, яму неабходна набываць брыльянтавы пакет. Там ёсць “брыльянтавы” пакет, “плацінавы” і “залаты”. “Залаты” пакет каштуе 8600 еўра. Ён на 10 дзён. Сюды ўваходзіць пералёт, пражыванне, па 1 спартовым мерапрыемстве ў дзень, уключаючы адкрыццё альбо закрыццё. Наступны пакет - 11 тысяч еўра. Гэта ўсё тое ж самае, толькі пералёт у бізнэс-класе. І апошняе - 13 тысяч еўра. Усё тое ж самае, толькі індувідуальны трансфер і індывідуальны гід”. У самы просты пакет на 10 дзён ўваходзіць наведванне аднаго мерапрыемства ў дзень, пражыванне, пералёт, харчаванне. Каштуе ен 4400 еўра. Але гэта групавы тур, з вылетам з Масквы. Выбіраць, якія спаборніцтвы наведваць, турыст не можа - яны ўжо запланаваныя загадзя. Адзінае, што можна выбраць - у першую палову Алімпіяды ехаць ці ў другую. Праўда, могуць скласці індывідуальны тур. Уладлен Сакалоў: “Калі вы хочаце наведаць нешта, што цікава толькі вам, калі вы хочаце жыць не ў тым гатэлі, дзе жывуць усе, альбо ў іншыя тэрміны, бо ўсе пакеты тэрмінам на 10 дзён, то вам неабходна асобна браніраваць квіткі на пералёт, гатэль і квіткі на спаборніцтвы”. Але тады немагчыма нават прагназаваць, у колькі такі індывідуальны тур абыйдзецца турысту. Да таго ж, могуць узнікнуць праблемы з квіткамі на самалёт. Уладлен Сакалоў: “Квіткоў на самалёты ў Пекін засталося мала. Рэальна, каб нешта падабраць у патрэбныя тэрміны і па прымальным кошце, трэба пасядзець з паўгадзіны павыбіраць. Таму што праз Аўстрыю практычна ўсё прададзена, праз “Аэрафлот” - таксама. Штосьці засталося толькі ў кітайскіх авіяліній”. Нягледзячы на кошты тураў, па меркаванні супрацоўніка “Белзнештурыста”, на Алімпіядзе пабывае да 800 беларусаў. Гэта - з улікам удзельнікаў афіцыйных дэлегацый. Па яго звестках, такіх у Пекін паедзе каля 200-300 чалавек. Уладлен Сакалоў: “Я думаю, шмат беларусаў паедзе ў рамках афіцыйных дэлегацый. Дзесьці чалавек 200-300. Яшчэ столькі ж турыстаў паедзе сваёй хадой”. Тое, што ў афіцыйнай дэлегацыі будзе некалькі соцень чалавек, пацвердзіў Еўрарадыё першы віцэ-прэзідэнт НАК Генадзь Аляксеенка. Праўда, нават папярэдні спіс удзельнікаў пачнуць складаць толькі ў траўні. Але па словах прадстаўніка НАКу, міністраў, якія па сумяшчальнасці з’яўляюцца кіраўнікамі розных спартовых федэрацый, на Алімпіяду не возьмуць. Генадзь Аляксеенка: “Яны кіраўнікі федэрацый, а склад дэлегацый складаецца так, што турыстаў у нас няма магчымасці вазіць”. У афіцыйную дэлегацыю ўвойдуць толькі трэнеры і дактары. І яшчэ - прадстаўнікі НАК. Збіраецца ў Пекін і прэзідэнт Лукашэнка. Невядома пакуль, колькі на Алімпіяду паедзе спартоўцаў. Генадзь Аляксеенка: “У красавіку будзе складзены так званы доўгі спіс, а ў траўні на выканкаме яго будуць зацвярджаць. Трэба мець на ўвазе, што адбор яшчэ ў 10 відах спорту не завершаны. У барацьбе грэка-рымскай, акадэмічнай і вольнай, веславенні, веласпорце, стральбе з лука, тэнісе, плаванні і г.д.” Але не толькі міністраў не бяруць на Алімпіяду. Не будзе ў беларускіх спартоўцаў і маральнай падтрымкі з боку айчыннага шоў-бізнэсу. Нават “твар Беларусі” Ірыну Дарафееву з канцэртам у алімпійскую вёску беларусаў не запрасілі. Зміцер Панямонаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як даведалася Еўрарадыё, кітайцы выдзелілі Беларусі ўсяго каля 500 квіткоў на Алімпіяду, з іх толькі 20 - на адкрыццё і закрыццё.
|
|