Грошы — у балоце
Грошы — у балоце
Эканамiчны эфект ад рэалiзацыi праграмы "Торф" чакаецца ў 3 разы большым за панесеныя на яго ажыццяўленне затраты Каля 85 працэнтаў цеплавой i электрычнай энергii, якая спажываецца сёння народнай гаспадаркай, Беларусь атрымлiвае з сыравiны, што iмпартуецца. Прычым у асноўным ад аднаго пастаўшчыка — Расii. З пункту гледжання энергетычнай бяспекi гэта недапушчальная сiтуацыя. Нашай краiне неабходна ў самы блiжэйшы час зменшыць долю iмпарту энергарэсурсаў, задзейнiчаць уласныя рэзервы. Да 2012 года аб’ём айчыннай энергii павiнен узрасцi да 25—30 працэнтаў. За кошт чаго гэтага можна дасягнуць? Нафты ў нас мала. Атамная энергiя — гэта справа хай i недалёкай, але перспектывы. Для будаўнiцтва гiдраэлектрастанцый спатрэбiлася б затоплiваць значныя плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў. Энергii сонца i ветру таксама недастаткова. Два самыя рэальныя варыянты — лес i торф. Паводле падлiкаў спецыялiстаў, для выхаду на ўстаноўленыя аб’ёмы айчыннай энергii (25—30 працэнтаў) толькi драўнiны нам неабходна нарыхтоўваць каля 11 млн кубаметраў у год. Лясная гаспадарка сёння не мае такiх магутнасцяў. Застаецца торф. У савецкiя часы Беларусь нездарма называлi тарфяным Данбасам. Па аб’ёмах яго здабычы БССР была ў лiдарах сярод астатнiх рэспублiк. У пасляваенны час для беларусаў торф быў асноўнай крынiцай цяпла i электрычнасцi (у агульнарэспублiканскiм аб’ёме на яго долю прыходзiлася да 70 працэнтаў вырабляемай энергii). Былi пабудаваны магутныя цеплаэлектрастанцыi, якiя працавалi на торфе, буйныя перапрацоўчыя прадпрыемствы (усяго ў БССР iх было каля 40). Фактычна торф вырашыў энергетычны лёс нашай краiны. З 50-х да канца 80-х гадоў на Беларусi было здабыта больш як 1 млрд тон торфу. Натуральна, для забеспячэння такiх аб’ёмаў неабходна была адпаведная развiтая iнфраструктура, вытворчыя магутнасцi прамысловасцi, кадры. Побач з перапрацоўчымi заводамi выраслi рабочыя пасёлкi, дзе з’явiлiся дарогi, школы, бальнiцы, клубы — уся сфера сацкультбыту. Актыўна выкарыстоўваўся торф i ў сельскай гаспадарцы — як арганiчнае i арганамiнеральнае ўгнаенне. У 70-х на палi Беларусi штогод уносiлася больш як 30 млн тон торфу (14 тон на гектар). — Менавiта дзякуючы торфу мы практычна ўсюды стварылi станоўчы баланс гумусу, — патлумачыў журналiсту "Звязды" акадэмiк, доктар тэхнiчных навук, прафесар Іван Лiштван. — Пажнiўных рэшткаў не хапала, каб кампенсаваць расход арганiчных i мiнеральных рэчываў, спажытых раслiнамi. А торф павысiў урадлiвасць глебы. Нашы землi ў тыя часы па ўраджайнасцi былi блiзкiмi да расiйскiх i ўкраiнскiх чарназёмаў. З прытокам у БССР танных газу i нафты доля торфу ў энергетычным балансе скарацiлася да 3—4 працэнтаў. Нафта i газ аказалiся куды больш каларыйнымi энергакрынiцамi i патрабавалi менш затрат на транспарцiроўку. У вынiку аб’ёмы здабычы торфу ў Беларусi ўпалi. З развалам Саюза сельскагаспадарчыя прадпрыемствы апынулiся ў складанай фiнансавай сiтуацыi. У iх не заўсёды хапала сродкаў для таго, каб вывезцi на палеткi неабходныя мiнеральныя ўгнаеннi — азот, фосфар, калiй. Абыходзiлiся без торфу. А гэта прывяло да вельмi непрыемных экалагiчных наступстваў. — У нас глебы лёгкага механiчнага складу, прамыўнога рэжыму — патлумачыў Iван Лiштван. — Мiнеральныя ўгнаеннi на палеткi ўносiлiся россыпам. Угнаеннi растваралiся i пранiкалi ў грунтовыя воды, у рэкi, шахтавыя калодзежы. Акрамя таго, калi ў глебе нестае "арганiкi", раслiны пачынаюць назапашваць у сваiм складзе азот, фосфар i калiй. Па гэтай прычыне наша сельскагаспадарчая прадукцыя i сёння насычана гэтымi элементамi. Насамрэч мiнеральныя ўгнаеннi неабходна ўносiць толькi на добрым фоне арганiкi (торфу). Ён "звязвае" азот, фосфар i калiй i ператварае iх ва ўгнаеннi доўгатэрмiновага дзеяння, якiя застаюцца ў глебе i сiлкуюць раслiны, а не вымываюцца ў падземныя воды. Вынiк эканомii Перспектыва павелiчэння здабычы торфу не можа не выклiкаць занепакоенасцi аб стане экалогii. Актыўная мелiярацыйная кампанiя, разгорнутая ў савецкiя часы на Палессi, значна змянiла прыродны ландшафт i стан мясцовай экасiстэмы. — Калi першабытны чалавек узяў у рукi палку i пайшоў на паляванне, ён ужо ўнёс пэўныя змяненнi ў навакольнае асяроддзе, — адзначыў Iван Iванавiч. — Развiццё грамадства не можа праходзiць iзалявана ад прыродных рэсурсаў. Антрапагеннае, тэхнагеннае ўздзеянне на прыроду непазбежнае, аднак мы павiнны пастарацца мiнiмiзаваць яго наступствы. Мелiярацыя Палесся была сацыяльна i эканамiчна неабходная. Раней там квiтнелi хваробы. Людзi жылi ў цяжкiх умовах. Асушэнне балот дазволiла пабудаваць буйныя пасёлкi, жывёлагадоўчыя комплексы, развiтую сферу сацкультбыту. На мелiяраваных землях Палесся рэспублiка атрымлiвала палову ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыi. Асноўная задача, для вырашэння якой i задумвалася ўся кампанiя, — вызвалiць дастатковую колькасць зямлi пад пашу для пракорму буйной рагатай жывёлы, каб выйсцi на ўзровень 1 млн тон мяса ў год. А многiя сельскiя гаспадаркi пачалi засяваць асушаныя тэрыторыi пра- пашнымi культурамi (бульбай, буракамi), якiя ў прамым сэнсе разбуралi пладародны слой глебы. Вучоныя заўсёды выступалi супраць такога нерацыянальнага выкарыстання мелiяраваных зямель. Каб захаваць гумус, неабходна падтрымлiваць на пэўным узроўнi грунтовыя воды, для чаго на асушаных тэрыторыях прадугледжвалася будаўнiцтва сiстэмы штучных вадасховiшчаў. Яны акумулявалi лiшкi вады ў дажджлiвае надвор’е i сiлкавалi палеткi падчас спёкi. На жаль, на вадасховiшчах часта эканомiлi, таму рэальная iх колькасць на справе аказалася ўдвая меншая за тую, якую прапаноўвалi вучоныя. Гэта разам з няправiльным выкарыстаннем мелiяраваных зямель i прывяло да сумных экалагiчных наступстваў на Палессi. — Сёння многiх турбуе той факт, што дзяржаўнай праграмай "Торф" прадугледжана значнае павелiчэнне аб’ёмаў здабычы торфу, што можа прывесцi да пагаршэння стану экалогii, — тлумачыць Iван Лiштван. —Такiя думкi ўзнiкаюць з-за недахопу iнфармацыi. Сёння ў нашай краiне ў пераўвiльготненым стане знаходзiцца 1,7 млн гектараў. Для выканання заданняў дзяржпраграмы (да 2020 года атрымлiваць з торфу 1,5 млн тон умоўнага палiва i каля 3 млн тон торфу здабываць для патрэб сельскай гаспадаркi) неабходна дадаткова вывесцi з абарачэння 34 тысячы гектараў. На фоне 1,7 млн гектараў гэта дробязь, калi дакладней, — 2 працэнты. Для захавання балансу прыродных комплексаў мы абавязкова пакiнем пэўную тэрыторыю радовiшчаў некранутымi, у iх натуральным стане. Паводле слоў акадэмiка, у праграме распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, якiя будуць рэалiзаваныя пасля заканчэння здабычы торфу на кожным з радовiшчаў. I першым пунктам у гэтым плане пазначана абавязковае абвадненне тэрыторыi. У залежнасцi ад канкрэтных асаблiвасцяў ландшафту на месцы выбранага радовiшча можна будзе ўтварыць балота, вадаём цi высадзiць лес. "Мы вернем прыродзе тэрыторыю ў лепшым стане, чым бралi, — запэўнiў Iван Лiштван. — Падчас распрацоўкi праграмы экалагiчнай бяспецы мы надзялялi асаблiвую ўвагу, плённа супрацоўнiчалi з Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя". Шырокiя перспектывы Сёння радовiшчы торфу займаюць каля 14 працэнтаў тэрыторыi нашай краiны. Гэта прыкладна 2,4 млн гектараў, каля 4 мiльярдаў тон торфу. З 40 перапрацоўчых заводаў, створаных у гады iснавання Савецкага Саюза, на плыву засталiся 30. Усе яны патрабуюць капiтальнага рамонту i рэканструкцыi. Для аднаўлення торфаздабывальнай галiны неабходны немалыя грошы. Толькi на энергетычны складнiк дзяржаўнай праграмай "Торф" прадугледжана больш як 1 трлн 165 млрд рублёў. Яшчэ каля 1 трыльёна мяркуецца выдаткаваць на выкарыстанне торфу ў сельскай гаспадарцы. — У нашай краiне сёння 200 буйных жывёлагадоўчых комплексаў, — працягвае Iван Iванавiч, — дзе ў год утвараецца каля 8 млн тон вадкiх арганiчных адходаў. Iх вывозяць на палеткi, што з пункту гледжання экалагiчнай бяспекi вельмi шкодна. Гной утрымлiвае шмат нiтратаў, якiя трапляюць у грунтовыя воды, а адтуль — у вадаёмы i шахтавыя калодзежы. Калi ж гной змяшаць з торфам, i вывозiць на палi ў якасцi торфагноевых кампостаў, забруджвання падземных водаў можна пазбегнуць. Чакаецца, што агульны эканамiчны эфект ад рэалiзацыi ўсiх мерапрыемстваў праграмы "Торф", разлiчанай на перыяд да 2020 года, будзе ўтрая вышэйшы, чым затраты на яе ажыццяўленне. У прыватнасцi, Беларусь зможа замянiць 12,6 млрд кубаметраў прыроднага газу ўласнымi тарфянымi энергарэсурсамi. Нават калi ў Беларусi будуць уведзены два блокi атамнай электрастанцыi, яны здолеюць пакрыць толькi 15 працэнтаў энергетычных патрэб краiны. Без торфу нам не абысцiся. Тым больш што ён, апроч iншага, з’яўляецца перспектыўнай хiмiка-тэхналагiчнай сыравiнай. З яго можна вырабляць сарбцыйныя матэрыялы, роставыя рэчывы i бiфiдадабаўкi, лекавыя прэпараты, касметыку, воск для патрэб прамысловасцi i бытавой хiмii i г.д. Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эканамiчны эфект ад рэалiзацыi праграмы "Торф" чакаецца ў 3 разы большым за панесеныя на яго ажыццяўленне затраты
|
|