21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вясковы "бiзнэс-план"

26.08.2009 09:59 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вясковы "бiзнэс-план"

Камандзіроўка па пiсьму

Гэта пiсьмо прыйшло ў рэдакцыю газеты "Звязда" па электроннай пошце. Пад iм стаяць 162 подпiсы. Пiсьмо было выклiкана рашэннем Рагачоўскага райвыканкама спынiць гаспадарчую дзейнасць у вёсцы Шапчыцы i знесцi там малочную ферму. Змест пiсьма — не скарга, а прапанова, прычым са спробай эканамiчнага абгрунтавання: замест зносу фермы — яе рэканструкцыя. Падпiсалiся жыхары названай вёскi. Пагадзiцеся, што памкненне людзей адрадзiць гаспадарку ўжо само па сабе выклiкае павагу. Тым больш, калi яны для гэтага прапануюць нешта канкрэтнае. Карэспандэнт "Звязды" адправiўся ў Рагачоўскi раён высветлiць, як да вясковага "бiзнэс-плана" аднеслася кiраўнiцтва раёна.

Востраў нешанцавання

Малочнатаварная ферма ў Шапчыцах да параўнальна нядаўняга часу не проста iснавала — яна была асновай i гонарам калiсьцi лепшай у раёне гаспадаркi — саўгаса "Бальшавiк" (пазней Камунальнае сельскагаспадарчае ўнiтарнае прадпрыемства "Званец").

"Старыя людзi апавядалi, — сказана ў лiсце, — што яшчэ да ўвядзення машыннай дойкi ферма здавала штодня да 5 тон малака!" Сёння яшчэ засталiся сведчаннi былых "залатых часоў": садок з басейнам, асфальтаваныя дарогi, водаправод i даволi вялiкая, пакуль яшчэ, колькасць дзяцей (толькi ў садку iх — 30). Але сёння ў Шапчыцах працаваць няма дзе. Паводле даных Званецкага сельвыканкама, з 211 чалавек працаздольнага ўзросту, якiя пражываюць у Шапчыцах, у КСУП "Званец" працуе толькi 31 чалавек.

Ракавым стаў 1997 год, калi нязменны на працягу апошняй чвэрцi стагоддзя старшыня саўгаса Леанiд Фралоў (нiводнага разу за гэты час гаспадарка не была стратнай) пайшоў на пенсiю. За наступныя 10 гадоў змянiлася такая ж колькасць кiраўнiкоў — дзесяць...

— Напэўна, ёсць у тым i наша вiна, — прызнае першы намеснiк старшынi райвыканкама, начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi Аляксандр ВАСIЛЬЕЎ не столькi сваю асабiстую вiну, колькi, напэўна, вiну былой раённай улады, якая змянiлася тры гады таму. Там было 2500 галоў буйной рагатай жывёлы: каровы, цялушкi, быкi, вырошчвалi свiней, коней, нават грыбы вешанкi, меўся свой швейны цэх — шылi пасцельную бялiзну. Цалкам за свае грошы гаспадарка будавала спiртзавод, якi павiнен быў стаць другiм у рэспублiцы па магутнасцях... Але апошнiя тры гады гаспадарка жыве ў доўг. Няма з чаго плацiць людзям заробкi. Таму было вырашана КСУП "Званец", у склад якога ўваходзiла ферма ў Шапчыцах, далучыць да Рэспублiканскага сельскагаспадарчага ўнiтарнага прадпрыемства "Эксперыментальная база "Доўск". Зараз мы праводзiм працэдуру далучэння. Восенню закрылi ў Шапчыцах ферму, там заставалася 200 кароў. Утрымлiваць iх стала нерэнтабельна: выдаткi на электраэнергiю, падвоз, ветэрынарнае i заатэхнiчнае абслугоўванне не апраўдвалi сябе.

— Гэта ўвогуле не канфлiктная сiтуацыя, — лiчыць Аляксандр Васiльеў. — Яна сёння непазбежная ў сувязi з рэфармаваннем гаспадаркi. Доля праўды ў лiсце ёсць. Але пра тое, каб пабудаваць сёння жывёлагадоўчы комплекс у Шапчыцах, не можа быць i размовы.

— Людзi пiшуць, што вакол Шапчыц унiкальныя для ўтрымання кароў мясцiны — 722 гектары залiўных лугоў... — прыводжу адзiн з аргументаў аўтараў пiсьма.

— Мясцiны ў нас усюды ўнiкальныя, — парыруе Васiльеў. — Гэты довад несур’ёзны. I асаблiва несур’ёзны — наконт людзей. Быццам бы людзей там многа. Ёсць iнфраструктура — гэта сапраўды так. Але працаваць няма каму. I калi ферму там аднавiць, не знойдзецца ахвотнiкаў даглядаць кароў. Сёння кiраўнiк эксперыментальнай базы "Доўск" не можа знайсцi ў Шапчыцах даярак на ферму ў Старым Доўску. Калi б набралася дастаткова людзей, ён гатоў быў бы вазiць. Сёння ў "Званцы" — гэта былая цэнтральная сядзiба гаспадаркi — самыя нiзкiя паказчыкi ў раёне па жывёлагадоўлi.

— Калi гаварыць пра ферму, — працягвае ён, — то яе мэтазгодна будаваць не ў Шапчыцах, а ў суседняй вёсцы Званец. Бо гэта — цэнтр. Шапчыцы ўжо не маюць перспектывы. Яны больш аддаленыя ад цэнтральнай трасы, згубiлi спецыялiстаў, добрых працаўнiкоў... Там магчыма паставiць цялушак на адкорм, 400 галоў. Натуральныя лугi, пра якiя сказана ў пiсьме, дазволяць нарыхтаваць сена, кукурузны сiлас. Для гэтага не трэба будзе нават ферму будаваць, дастаткова агарадзiць 4—5 гектараў зямлi, зрабiць навес, у сярэдзiне паставiць тарпы сена i саломы — i там цудоўна будзе адчуваць сябе жывёла. А людзей для iх догляду спатрэбiцца чалавек 6—8.

— У пiсьме напiсана, што ў Шапчыцах пражывае 229 чалавек працаздольнага ўзросту.

— Паверце, пасля маскоўскiх будоўляў з iх заробкамi яны не прыйдуць на мясцовую ферму! Гэта ўтопiя. Сярэдняя зарплата ў раёне за мiнулы год у вёсцы склала 328 тысяч. Як гэта, па-вашаму?

— Не шмат.

— А ў Званцы — удвая менш.

***

Каб патрапiць у Шапчыцы, трэба спачатку праехаць Доўск, якi знаходзiцца на скрыжаваннi знакамiтага шляху Пецярбург — Адэса i шашы Бабруйск — Крычаў. Аляксандр Васiльеў паказвае будынак на рагу вулiц:

— У 1941 годзе тут падчас абеду быў арыштаваны камандуючы Заходнiм фронтам генерал армii Дзмiтрый Паўлаў. Той самы, якога абвiнавацiлi ў нераспарадлiвасцi i развале кiравання войскамi ў першыя днi вайны. Потым яго расстралялi.

— Што ў гэтым будынку знаходзiцца цяпер? — з цiкавасцю аглядаюся я назад, але не заўважаю нiякай шыльды. Мiльгае думка, што карчма альбо аўстэрыя на такiм бойкiм i памятным месцы карысталася б у падарожнiкаў вялiкай папулярнасцю. Нагода спынiцца, прыгадаць трагiчныя падзеi i задумацца пра мiтуслiвасць быцця i вечнасць... А таксама пра тое, што нераспарадлiвасць i развал кiравання для нас ужо неаднаразова былi горкiм урокам.

***

У Шапчыцах мы адразу паехалi на ферму.  Больш-менш захавалася толькi памяшканне для беспрывязнога ўтрымання цялушак на 150 галоў. Кармакухня, кароўнiк, сiласасховiшча, сiласныя траншэi, млын, склад для захавання мiнеральных угнаенняў... — усё гэта, паводле меркавання кiраўнiцтва раёна, ужо не падлягае аднаўленню.

— Гэтыя будынкi настолькi зношаныя, разбураныя i разрабаваныя, што аднаўляць iх няма сэнсу, — далучаецца да размовы дырэктар РСУП "Эксперыментальная база "Доўск" Рыгор КАБЫЛIНСКI, пад кiраўнiцтва якога пераходзяць шапчыцкiя i званецкiя ўгоддзi. — Для гэтага спатрэбяцца большыя грошы, чым на новую ферму. Але будаваць яе ў Шапчыцах, я лiчу, нерацыянальна. Галоўная прычына — тут няма людзей, каб гэтую ферму абслугоўваць.

Востраў Надзеi

Наступным прыпынкам пасля шапчыцкай фермы стала званецкая. Яна стаiць недалёка ад сумнага помнiка няздзейсненых мараў — недабудаванага спiртзавода.

— Сёння ў Званцы ўтрымлiваюць усяго толькi 216 галоў дойнага статка, i кожная карова ў сярэднiм дае 4 лiтры малака ў дзень, — паведамляе Аляксандр Васiльеў. — У той час як раён у сярэднiм надойвае 9 лiтраў, а Доўск — 9,5. Пагалоўе ў Доўску — 780 галоў. Узнiкае пытанне: чаму сёння тыя 160 аўтараў пiсьма не могуць 216 кароў дагледзець, накармiць i надаiць з кожнай па 14 лiтраў?

Адказаць не было каму. Каровы маўчалi. А людзей на ферме не было.

— Гэтых кароў таксама трэба перавесцi ў Доўск, — кажа Рыгор Кабылiнскi. — А тут, як i ў Шапчыцах, паставiць цялушак на адкорм.

Кабылiнскi працуе ў Доўску толькi паўтара года. Гаспадарка, якую ён атрымаў у спадчыну, адносiцца да "сярэднiх". Але новы кiраўнiк адразу паказаў сябе як чалавек, якi збiраецца дабiцца большага. За год ён здолеў амаль утрая павялiчыць вытворчасць зерня i рапсу, удвая — мяса. Палепшылiся ўраджайнасць, прадуктыўнасць i заробкi. Далучэнне да "Доўска" Званецкай гаспадаркi — для Кабылiнскага не падарунак, гэта новы клопат i яшчэ адна нагода для галаўнога болю. Яму нявыгадна трымаць дойны статак нi ў Шапчыцах, нi ў Званцы. I менавiта ён як гаспадар тут усё будзе вырашаць. Але ёсць адзiн нюанс. Кабылiнскi — чалавек новы. Званецкую гаспадарку застаў не ў самыя лепшыя яе часы, пра былыя поспехi яе ведае толькi па размовах, а падстаў, каб паверыць у мясцовых людзей, у iх здольнасць сумленна працаваць — не меў. Можа, адсюль гэта дзiўная сiтуацыя, калi адны кажуць: "Дайце нам працу", а другiя: "Працаваць тут няма каму".

Я прашу зайсцi да былога кiраўнiка званецкай гаспадаркi, пры якiм яна дасягнула свайго росквiту, — Леанiда Фралова. Васiльеў пагаджаецца, кажа пра тое, што раён гэтага заслужанага чалавека не забывае, шануе. Ён i адрас яго ведае. Кабылiнскi пакуль з Фраловым пазнаёмiцца не паспеў. Фралоў — гэта той, хто лепш за iншых ведае i тутэйшых людзей, i землi, i патэнцыял вёсак, якiя неўзабаве будуць далучаны да "Эксперыментальнай базы "Доўск".

— Людзi хочуць працаваць, — павiтаўшыся ля веснiчак свайго двара, сказаў Леанiд ФРАЛОЎ. — Але няма дзе. Што iм рабiць? Пятнаццаць гадоў таму на Шапчыцкай ферме працавалi больш за 40 чалавек. Мы на лугi адвозiлi па 4—5 машын з людзьмi. Нам тут прырода зрабiла такi падарунак — 990 гектараў залiўных, натуральных лугоў! Столькi было ў "Бальшавiку". Раней яны ўсе абкошвалiся. Безумоўнай, тых, хто тады працаваў, ужо няма. Моладзi сёння патрэбна цывiлiзацыя, добрыя ўмовы работы. Але, я думаю, яшчэ не позна гаспадарку аднавiць. Для гэтага трэба стварыць прадпрыемства ў Званцы. Я не бачу вялiкага сэнсу ў аб’яднаннi гаспадарак, калiсьцi гэта ўжо было i не апраўдала сябе. Думаю, аб’яднанне з "Доўскам" — часовае. Можа, варта было б запусцiць спiртзавод, да завяршэння якога калiсьцi не хапiла года? Чаму ў нас уся ўвага толькi на аграгарадкi? А тут што — не людзi жывуць? Такiя ж людзi, нiчым не горшыя. Званецкiя жыхары шмат гадоў чакаюць газiфiкацыi. А цяпер пагаворваюць, што вёска гэта неперспектыўная. Але яна нiколi не была неперспектыўнай. Пятнаццаць гадоў таму справы ў яе iшлi настолькi добра, што ў планах было пераўтварыць яе ў гарадскi пасёлак. Хто яе раптам зрабiў неперспектыўнай? Тое, што адбылося з фермамi ў Шапчыцах i Званцы — вынiк безгаспадарнасцi.

— Званецкiя не менш за шапчыцкiх перажываюць тое, што адбываецца, — працягвае былы старшыня саўгаса. — Бо ўсiм вядома: калi гаспадарка сыходзiць з вёскi, сыходзiць з яе i жыццё. Калiсьцi мы прадавалi паўтысячы тон малака, 1200 тон мяса, 800 тон бульбы, 1000 тон збожжа. Зразумела, калi б сёння "Званец" прадаваў палову гэтага — яго нiхто б да "Доўску" не далучаў. Хоць мне здаецца, што сёння працаваць нашмат лягчэй. I лягчэй кiраваць. У нас было 70 трактароў, на кожным працавалi 2 трактарысты. Сёння столькi тэхнiкi ўжо не трэба.

Такiм чынам размова зноў закручвалася вакол цяжкай раны, якую беларуская вёска атрымала ў 90-я гады: калi сышлi з яе старыя людзi, якiя выцягнулi яе пасля вайны, паднялi з попелу, а новыя, маладыя, — не прыйшлi. "Няма людзей", — зноў паўтарыў Кабылiнскi i Фралоў раптам пагадзiўся: "Так, няма. Адкуль жа iм быць, калi няма працы, няма за што трымацца?"

Кожны бок у гэтай сiтуацыi мае сваю праўду. Нiхто не хлусiць. У гэтым я ўпэўнiлася i калi потым патэлефанавала ў сельвыканкам, i ў магазiн, у якiм збiралiся подпiсы пад пiсьмом. Усе подпiсы рэальныя. Людзi добра разумеюць змест пiсьма. Яны сапраўды яго калектыўны аўтар. Праўда, сярод тых, хто падпiсаўся, нямала пенсiянераў, ёсць падлеткi. Але ёсць i такiя, як Надзея Жукава — мацi пяцярых дзяцей. Яна штодня ездзiць на працу ў Званец за 5 кiламетраў. На веласiпедзе, у любое надвор’е. За сваю работу ў паляводчай брыгадзе атрымлiвае "капейкi". Падобных гэтай жанчыне ў Шапчыцах, ды i Званцы, нямала.

— Калiсьцi я працавала эканамiстам у калгасе i атрымлiвала больш, чым мой брат, якi працаваў у выканкаме, — падзялiлася начальнiк аддзела эканомiкi ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Рагачоўскага райвыканкама Ганна Барташ. — Але потым насталi часы, калi мы па паўгода не атрымлiвалi заробкаў. Жывi як хочаш. Вось усе спецыялiсты i з’ехалi з вёскi. У тым жа Званцы была сiтуацыя, калi кiраўнiком прызначылi былога вадзiцеля, бо проста не было каго. Разумееце? Як ён мог кiраваць? А ў сельскай гаспадарцы, напэўна, як нiдзе, усё залежыць ад асобы кiраўнiка. Прыклад з Фраловым — яскравы таму доказ.

Ёсць надзея, што кiраўнiк "Доўска", як i кiраўнiцтва раёна, не скiне з рахунку праўду другога боку ў гэтай званецка-шапчыцкай гiсторыi. Возьме пад увагу тое, пра што пiшуць людзi. Напэўна, новаму кiраўнiцтву патрэбны пэўныя намаганнi, каб пераадолець устаноўку, што тут, у Шапчыцах i Званцы, iх — людзей — няма. Магчыма, тут патрэбны нейкi ўзаемны рух насустрач. Людзi павiнны прыйсцi да новага кiраўнiка i папрасiць работу. А ён павiнен пачуць iх i зразумець.

Няхай не буйны жывёлагадоўчы комплекс, не спiртзавод... Пакуль. Але ўсё ж такi прадпрыемства, дзе людзi змогуць працаваць i атрымлiваць годныя грошы, на якiя можна жыць i расцiць дзяцей... I каб людзi тыя ведалi, што яны ўладай пачутыя i меркаванне iх, жаданне працаваць i жыць у гэтым месцы, узятыя пад увагу. Як i сама надзвычай прыгожая вёска з яе шыкоўнымi залiўнымi лугамi, Дняпром, асфальтаванымi дарогамi, садком, дзецьмi, старымi...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

Рагачоўскi раён.

На спадарожнiкавым фотаздымку бачна, колькi залiўных лугоў у пойме Дняпра знаходзiцца побач з Шапчыцамі.

Узята з пошукавай сiстэмы GООGLЕ.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта пiсьмо прыйшло ў рэдакцыю газеты "Звязда" па электроннай пошце. Пад iм стаяць 162 подпiсы. Пiсьмо было выклiкана рашэннем Рагачоўскага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика