Гаючыя кроплі ад свенскiх дзяцей
Гаючыя кроплі ад свенскiх дзяцей
Вучнi сельскай школы са Свенска Слаўгарадскага раёна склалi чарнобыльскую казку. Конкурс "Раскажы мне, воблака..." прайшоў у межах мiжнароднай праграмы "Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi" (CORE). Галоўным героем свенскай казкi стала, вядома ж, воблака. Толькi не чарнобыльскае — варожае i шкоднае. А белае i пухкае, якое адарыла людзей залатымi кроплямi здароўя i дабрынi. Казка так i называецца: "Залатыя кроплi". Галоўная гераiня — хворая дзяўчынка, якой балюча хадзiць. Ёй прыснiўся каляровы цудоўны сон, дзе яна была матыльком, але з апаленымi крылцамi. У казачнай краiне яна ўбачыла, якую шкоду нарабiлi злыя мурашы: з-за iх Павучок не можа плесцi сваю цуда-павуцiну, засумавала Яблынька, знiклi лiсцiкi ў Кветкi, захварэлi Цётка-чарнiца i яе госцi, Сунiчка i Баравiчок. Але ўсiх выратавала белае воблачка сваiмi залатымi гаючымi кропелькамi. Мурашы ў сне знiклi, а воблака з’явiлася i ў рэальным жыццi хворай дзяўчынкi. "...Кроплi звонка ўпалi на зямлю, на дзяўчынку, на яе ножкi, на кветкi i травы. Дзяўчынка гучна смяялася, i ад гэтага смеху на небе з’явiлася вясёлка, распусцiлiся кветкi, дзяўчынка стала на свае паздаравелыя ножкi i пайшла. Пайшла насустрач ветру, сонцу i дабрынi..." — Мурашы — гэта шкодныя радыенуклiды, а воблака — гэта чыстая экалогiя, дапамога медыкаў, высiлкi ўсiх людзей. Усё разам! Навакольны свет, якi змянiўся да лепшага, i дапамог адрадзiць прыроду i вярнуць здароўе тым, хто пацярпеў ад Чарнобыля, — тлумачыць намеснiк дырэктара Свенскай школы Ала Маслоўская. Казачны расповед пра тое, як радыяцыйная катастрофа адбiлася на лёсе дзяцей, зацiкавiў дарослых. Неўзабаве ў Свенску з’явiўся рэжысёр Андрэй Саўчанка, якi зняў фiльм "Арыгамi са Свенска". Ён правёў паралель памiж Хiрасiмай i Свенскам, памiж японскiм мастацтвам арыгамi i жыццём дзяцей са Слаўгарадскага раёна. — Нам усё гэта было вельмi цiкава, — шчыра сказаў дарэктар школы Мiкалай Чумакоў. — Фiльм сёлета павiнен паехаць у Францыю. А мы яго i тут глядзiм. Робiм прагляды i для вучняў, i для бацькоў. Дарослыя на сходах расчульваюцца i плачуць, асаблiва калi малыя на экране запускаюць у ручай каляровыя папяровыя караблiкi са свечкамi. Дзецi, якiя бралi ўдзел у здымках фiльма i якiя цяпер глядзяць яго, пра Чарнобыль ведаюць толькi з расповедаў. — 22 гады мiнула з дня катастрофы, нашых цяперашнiх вучняў тады яшчэ не свеце не было, — гаворыць Чумакоў. — А ў той дзень наша школа пайшла дапамагаць калгасу перабiраць бульбу. Гэта быў прыгожы, яркi дзень. Пад спякотным сонцам некаторыя з дзяцей нават прытомнасць страчвалi. Тады меркавалi, што гэта ад паху амiяку, якiя быў у цыстэрне непадалёк. І толькi пазней мы даведалiся, што здарылася насамрэч. Бясспрэчна, час iдзе, гавораць педагогi, Чарнобылю надаецца менш увагi. Яны прызнаюцца, што хочацца не абвастраць праблему, а большы нацiск рабiць на тым, што людзi i на забруджаных тэрыторыях жывуць нармальна. Аднак i постчарнобыльскiя дзецi часта задаюць пытаннi: пра пустыя вёскi, пахаваныя хаты, пра тую ж штогадовую неабходнасць аздараўлення ў чыстай зоне. Урэшце, як у той казцы, побач з iмi жывуць людзi — малыя i дарослыя, якiя пакутуюць на хваробы шчытападобнай залозы i анкалогiю. — Праблема ёсць i нашы дзецi павiнны ведаць, што яна ёсць, — упэўнена Ала Маслоўская. — Яны павiнны ведаць, як сябе паводзiць, каб зрабiць сваё жыццё больш бяспечным. Элементарныя правiлы радыяцыйнай бяспекi ведае кожны свенскi вучань. Пра гэта настаўнiкi распавядаюць на ўроках асноў бяспекi жыццядзейнасцi i фiзiкi, на спецыяльным курсе па здаровым ладзе жыцця. Таму сумную дату 26 красавiка сёлета ў Свенскай школе вырашылi адзначыць карысным кiналекторыем, якi яшчэ раз нагадае правiлы жыцця на пацярпелых ад Чарнобыля тэрыторыях. Тут лiчаць, што веды пра тое, якiя грыбы i ягады можна збiраць, а якiя — нi ў якiм разе, спатрэбяцца дзецям у жыццi. — Мы, безумоўна, пра Чарнобыль нiколi не забудземся, — абяцае Мiкалай Чумакоў. — Мы ведаем, дзе мы жывём. Але i памятаем пра тое, што мы жывём i працуем нармальна. Жыццё працягваецца — так павiнна быць. Iлона Iванова. Слаўгарадскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучнi сельскай школы са Свенска Слаўгарадскага раёна склалi чарнобыльскую казку. Конкурс "Раскажы мне, воблака..." прайшоў у межах мiжнародн
|
|