21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

У Місхор цi на Нарач?

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Місхор цi на Нарач?

або Чаму сiстэма аздараўлення дзяцей з "чарнобыльскiх" раёнаў патрабуе ўдасканальвання

Месяцы два-тры таму давялося быць у камандзiроўцы ў Чачэрскiм раёне i выпадкова чуць размову дзвюх жанчын, якiя абменьвалiся думкамi аб тым, цi будуць яны адпраўляць сёлета на аздараўленне ў санаторыi сваiх дзяцей. Адна з iх сказала, што не мае такой магчымасцi, бо яе дачушцы пайшоў толькi пяты годзiк i яна, мацi, павiнна суправаджаць яе туды, а грошай для такiх паездак у яе няма. Другая ж выказалася не так катэгарычна, ужыўшы слова "напэўна". У тым сэнсе, што i трэба было б адправiць сына за межы свайго радыяцыйнага раёна ў час летнiх канiкулаў, ды цi набярэцца ён у тым санаторыi здароўя, калi там, маўляў, больш увагi надаецца не лячэбным працэдурам, а клопатам, каб дзецi больш елi i спалi. Апошняе ў яе сям’i — не праблема.

Пагаварыць з тымi жанчынамi тады не было часу, але выснова была зроблена: да гэтай тэмы трэба будзе вярнуцца, улiчваючы яшчэ i тыя абставiны, што гэты год аб’яўлены ў нашай краiне Годам здароўя. І нагода такая здарылася: у Гомелi прайшла рэспублiканская нарада па тэме выканання падпраграмы "Дзецi Чарнобыля" як складовай часткi комплекснай прэзiдэнцкай праграмы "Дзецi Беларусi" ў справе аздараўлення i санаторна-курортнага лячэння дзяцей Гомельшчыны, што пражываюць на радыяцыйна-забруджаных тэрыторыях.

Хоць гэтаму пытанню надаецца вялiкая ўвага з боку дзяржавы, што на аздараўленне падрастаючага пакалення чарнобыльскiх раёнаў рэспублiкi выдзяляецца ўсё больш i больш фiнансавых сродкаў (а адна бясплатная пуцёўка для дзяцей у санаторый абыходзiцца дзяржаве ў 700 тысяч рублёў), тым не менш у апошнiя гады ў арганiзацыi групавога аздараўлення дзяцей пастаянна ўзнiкае нямала праблем.

I невыпадкова, што, напрыклад, летась, нягледзячы на ўсе намаганнi, Гомельшчыне ўпершыню не ўдалося ў поўным аб’ёме выканаць планавыя паказчыкi аздараўлення.

За 2007 год "па лiнii ЧАЭС" прайшлi аздараўленне 101 437 дзяцей (97,9 працэнта скарэктаванага плана). Акрамя таго, 1234 дзiцяцi былi аздароўлены за кошт сацстрахаўскiх пуцёвак, 279 — за кошт сродкаў саюзнай дзяржавы, 185 — па пуцёўках для дзяцей-iнвалiдаў i 64 — студэнтаў да 18 гадоў у студэнцкiх санаторыях-прафiлакторыях. Такiм чынам атрымалася, што агульная колькасць аздароўленай дзятвы, якая пражывае на забруджаных тэрыторыях, склала 103 199, або 99,7 працэнта ад плана. Для яго выканання фактычна не хапiла 464 чалавек. На Гомельшчыне лiчаць, што планавыя паказчыкi аказалiся завышанымi на 6 працэнтаў.

А як сёлета? План аздараўлення i санаторна-курортнага лячэння выглядае наступным чынам: 98 593 дзiцяцi, у тым лiку ад 3 да 6 гадоў — 8795 i ад 7 да 17 — 89798. План для дашкольнiкаў разлiчаны зыходзячы з колькасцi месцаў для iх у здраўнiцах, але ж колькасць гэтай катэгорыi для аздараўлення большая, i таму, каб выканаць агульны план, павялiчылi колькасць для аздараўлення дзяцей ад 7 да 17 гадоў. А тут, як гаворыцца, ёсць такая закавыка. У катэгорыi апошнiх — выпускнiкi школ, навучэнцы прафтэхвучылiшчаў, студэнты першых курсаў ВНУ, большасць якiх практычна поўнасцю не ўдзельнiчаюць у аздараўленнi па прычынах рэпетыцыйнага тэсцiравання, алiмпiяд, уступных кампанiй, падрыхтоўкi да экзаменаў, адсутнасцi належнага навучальна-выхаваўчага працэсу ў здраўнiцах i г.д. Таму, як сказаў кiраўнiк Гомельскага прадстаўнiцтва рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi Сяргей Бандарэнка, для выканання плана неабходна будзе аздаравiць 85 працэнтаў дзяцей 7—14 гадоў, што складае лiчбу 68 100. А гэта — нельга выканаць, з чым пагадзiлiся i прадстаўнiкi абласнога ўпраўлення адукацыi i мiнiстэрства, што пацвердзiлi ўжо i аператыўныя даныя за сёлетнiя два месяцы.

Як паказвае аналiз, адной з прычын невыканання планавых заданняў — адмова бацькоў адпраўляць сваiх дзяцей у здраўнiцы з-за таго, што iм даводзiцца аплачваць праезд у два канцы за свой кошт, а гэта для многiх вясковых сем’яў звязана з цяжкасцямi. Тым больш што тут яшчэ дзейнiчае i так званы псiхалагiчны фактар: тыя дзецi, якiя атрымалi санаторна-курортныя карты, едуць у здраўнiцы бясплатна i праходзяць там комплекс медыцынскiх паслуг, а тыя, у якiх такiх картаў няма, задавольваюцца толькi культурна-масавымi мерапрыемствамi ды лясным паветрам.

Многiя бацькi лiчаць, што няма сэнсу адрываць сваiх дзяцей ад школы ў час навучальнага года, асаблiва калi яны накiроўваюцца на аздараўленне без прадастаўлення iм лячэбных працэдур.

Як вядома, органы адукацыi i iх установы забяспечваюць камплектаванне груп дзяцей на аздараўленне i накiраванне туды педагогаў (ёсць адпаведная iнструкцыя мiнiстэрства, дзе прапiсана сiстэма ўзаемадзеяння зацiкаўленых арганiзацый). Так, напрыклад, прадугледжана, што рэспублiканскi цэнтр па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi i яго абласныя структуры з улiкам заявак i прапаноў упраўленняў (аддзелаў) адукацыi i згодна з графiкамi заездаў фармiруюць размеркаванне пуцёвак па абласцях прапарцыянальна колькасцi дзяцей. Тая iнфармацыя даводзiцца да ведама абласных упраўленняў адукацыi, i яны сумесна з аддзеламi адукацыi райвыканкамаў распрацоўваюць перспектыўны гадавы план накiравання груп дзяцей у разрэзе ўстаноў адукацыi (дзiцячых садкоў, школ i г.д.), якi кожны квартал удакладняецца.

Здаецца, задумана гэта правiльна. На жаль, на практыцы сiстэма не працуе, бо звесткi ад цэнтра, як правiла, паступаюць толькi на квартал. I ў вынiку вельмi цяжка першапачаткова спланаваць i арганiзаваць работу на месцах, адразу ўзнiкаюць цяжкасцi пры фармiраваннi груп, таму што бацькi пры адсутнасцi поўнай iнфармацыi не хочуць браць пуцёўкi, асаблiва калi яны прапаноўваюцца не ў тыя здраўнiцы, якiя яны хацелi, i чакаюць, што будзе прапанавана ў наступным квартале.

Iншым разам пуцёўкi выдзяляюцца наогул перад выездам, i тады даводзiцца ў тэрмiновым парадку фармiраваць групы, у спешцы падбiраць настаўнiкаў, угаворваць бацькоў, бо тыя не паспяваюць аформiць санаторна-курортныя карты. Плюс да гэтага яшчэ i тое, што не заўсёды задавальняюцца заяўкi аддзелаў адукацыi, якiя складаюцца на аснове прапаноў бацькоў.

Калi б размеркаванне пуцёвак ажыццяўлялася на год, можна было б прадумаць, якiя групы накiраваць на канiкулы, якiя — у вучэбны перыяд, у якiм выпадку адправiць клас цi школу. Тады б загадзя можна было арганiзаваць афармленне медыцынскiх дакументаў, скарэктаваць вучэбныя планы, спланаваць час настаўнiкаў. У рэспублiканскiм цэнтры кажуць, што арганiзаваць закупку пуцёвак на год немагчыма, таму што яна робiцца ва ўстаноўленым агульным парадку. Магчыма, у гэтым выпадку трэба распрацаваць асобны нарматыўны акт, якi б рэгуляваў увесь спектр пытанняў арганiзацыi аздараўлення i санаторна-курортнага лячэння дзяцей.

Не вытрымлiвае логiкi i такая практыка, калi групы фармiруюцца пад пуцёўкi. Скажам, едзе клас з 30 чалавек, а яму выдзелена 10 пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне, хоць у iм маюць патрэбу 12 чалавек, i 18 пуцёвак на аздараўленне. Што рабiць тады з тымi двума дзецьмi? Дарэчы, як сведчаць ва ўпраўленнi аховы здароўя аблвыканкама, на 1 студзеня 2008 года паказаннi да санаторна-курортнага лячэння мелi 43 тысячы дзяцей. Але наколькi дакладная гэта лiчба, бо адпаведная пастанова Мiнздрава па ўказаным пытаннi пачала працаваць толькi са снежня 2007 года? I практыка работы за тры месяцы паказала павелiчэнне колькасцi дзяцей, якiм патрэбна тое лячэнне.

У мiнулыя гады перавозка дзяцей у два канцы рабiлася на аснове дагаворных адносiнаў з аўтатранспартнымi арганiзацыямi. А цяпер перавозкi павiнны ажыццяўляцца на чыгуначным цi аўтамабiльным пасажырскiм транспарце агульнага карыстання з набыццём бiлетаў.

Дык вось пытаннi: як быць, калi даты заезду ў Сочы цi Мiсхор не адпавядаюць датам руху цягнiкоў Беларускай чыгункi? Якiм чынам фармiраваць разавыя маршруты ад месца жыхарства да месца лячэння, калi шматлiкiя пуцёўкi аднаго заезду выдзелены былi ў розныя раёны вобласцi i школы таксама розныя? Хто тады i дзе будзе прадаваць тыя бiлеты? I гэтак далей. Пытанняў наконт гэтага шмат. Адказаў на iх яшчэ трэба чакаць.

Адным словам, жыццё падказвае, што сiстэму аздараўлення i санаторна-курортнага лячэння дзяцей з забруджаных радыенуклiдамi раёнаў неабходна ўдасканальваць. Таму на нарадзе прагучалi некаторыя прапановы. Сярод iх i такая: каб павялiчыць долю ахопу дзяцей-дашкольнiкаў для накiравання iх у санаторна-курортныя арганiзацыi ў суправаджэннi аднаго з бацькоў, пуцёўку для апошняга трэба набываць за кошт так званага рэспублiканскага "чарнобыльскага бюджэту".

Адначасова ў сувязi з немагчымасцю рэалiзацыi права на аздараўленне дзяцей выпускных класаў, якiм на пачатак студзеня споўнiлася сёлета 17 гадоў, прапанавана выключыць гэту катэгорыю з лiку дзяцей, што падлягаюць аздараўленню. Тое ж самае зрабiць (але толькi з 50 працэнтамi) з навучэнцамi прафтэхвучылiшчаў па прычыне таго, што ў здраўнiцах для iх адсутнiчаюць умовы для арганiзацыi вучэбнага працэсу i немагчымасцю выезду ў планавай колькасцi ў перыяд канiкулаў на адзiн месяц.

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
або Чаму сiстэма аздараўлення дзяцей з "чарнобыльскiх" раёнаў патрабуе ўдасканальвання
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика