Прага зямлі
Прага зямлі
Настаўнiца пакiнула горад, купiла ў вёсцы дом i стала фермерам Знайсцi жанчыну-фермера, якая вяла б справу самастойна, няпроста. Ва ўсякiм разе, у Баранавiцкiм раёне з 44 фермераў Алена Сальнiкава — адзiная, хоць жанчыны, якiя працуюць пры мужах-фермерах, ёсць. Круглiкi — вёска мёртвая, i калi б тут не асела Алена Сальнiкава, то на дзесяць хат — нiводнай жывой душы. Але чаму менавiта тут, на балоце, пачала жанчына ладзiць жыццё i што падштурхнула яе стаць фермерам? Яна працавала ў каледжы, выкладала канструяванне, а затым прадала кватэру i падалася ў вёску шукаць шчасця. Цi нармальна гэта? — здзiвiцца нехта. Нам часта здаецца дзiўным тое, што не ўкладваецца ў наша ўяўленне пра "правiльнае" i "няправiльнае". Згодна са стэрэатыпам, маладую жанчыну больш прывычна бачыць з акуратным манiкюрам i добрай прычоскай у горадзе, пры "пасуючай" прафесii. — Вось i мая мама ў смутку, таксама кажа, што пры жыццi сябе пахаваю. У свой час мне давялося пабываць за мяжой. Убачыўшы, як там жывуць людзi, падумала: а чаму б не паспрабаваць мне наладзiць такое жыццё? Чым мы горшыя? А тое, што апынулася ў Круглiках, то выбiраць не давялося. Тры гады прасiла зямлю, але ў гаспадарках, як пачуюць, што жыву ў горадзе, то толькi ўсмiхалiся... Ды i цяпер смяюцца, — так коратка расказала пра свой шлях да зямлi жанчына. Напэўна, тут былi i нейкiя сямейныя абставiны, але мы гэту тэму амаль не закраналi. Аграном гаварыў, што зямля "што трэба", а на справе тыя 7 гектараў аказалiся балотам. У нечым памылiлiся мелiяратары, i па вырытай iмi канаве вада не адыходзiць. Калi пад нагамi захлюпала, то падумалася, што не хутка тут падсохне, можа, летам... Першым часам Алена Iванаўна занялася гароднiнай. Але аказалася, што бульба, буракi ды морква на торфе расцi не хочуць. Пройдзе дождж — вадой залiвае, сонца прыгрэе — глеба трэскаецца. I вырашыла Сальнiкава гадаваць кароў. Цяпер у яе статку 8 галоў, пакуль толькi тры дойныя, але яна верыць, што праз некалькi гадоў на ферме ўжо будзе паўсотнi. Праўда, тую ферму трэба яшчэ пабудаваць. Каля хаты кароўнiк узводзiць забаронена, а ў нiзiне таксама не выходзiць, ды i з грашыма туга. Крэдыт не даюць, бо абароту няма. I малако здаць бывае няпроста. Летам прыязджае зборшчык на канi, а зiмой тую бiклагу ў 70 лiтраў трэба несцi за кiламетр, на дарогу. Ды i з ёю, дарогаю, узнiкла праблема. Яна пралягла па зямлi мясцовага сельгаскааператыва, i Сальнiкаву папярэдзiлi, што калi яна будзе карыстацца дарогай, то не пазбегнуць "базавых велiчынь"... Жанчына звярнулася ў раён i адтуль прыйшоў адказ з прыкладзенай картай-схемай. Чыноўнiк намаляваў, як Сальнiкавай трэба ездзiць — рабiць круг кiламетраў у дванаццаць. Трэба было б выправiць i сiтуацыю з мелiярацыйнай канавай, але зноў жа прыйшла паперка, што фiнансы на гэта не выдзелены. Неабходна падвесцi трохфазавы ток, але i тыя 16 слупоў ад падстанцыi, якiя ёсць, час памяняць, а не тое што па iх дрот цягнуць. I хто гэта рабiць будзе? Мне падалося, што ў перспектыву фермерскай гаспадаркi "Далонь" у раёне нiхто не верыць. Гэта было бачна з выказванняў некаторых людзей пры пасадзе. Але ў Алены Iванаўны свая пазiцыя. — Няхай гэта i балота, але яно маё, i адсюль я ўжо нiкуды не пайду! I адкуль у жанчыны такая прага да зямлi? Сальнiкава паказала лiсты-адказы, загорнутыя ў пажоўклую "Звязду". Яе прадзед Клюйко жыў у в. Асавец Слуцкага раёна i меў 80 гектараў зямлi, а ў 1931 годзе ён разам з сям’ёй знiк. Дзед з бабай таксама ў кулакi трапiлi, а ўжо яны, Латушкi, уцяклi з зямлi ў горад i iх пакiнулi ў спакоi. То не дзiўна, што жанчыну пацягнула да зямлi — спадчына ад прадзедаў дасталася. I не падзецца нiкуды ад тых генаў, ад прагi гаспадарыць на сваiм кавалку, пераўтвараць яго. Вядома, што зямлю дзядоў Сальнiкавай нiхто не вярнуў, бо як было напiсана ў адказах, яна не прамая спадчыннiца. Праўда, закон аб вяртаннi зямлi ў нас не прымаўся, але сёння пра тую зямлю Сальнiкава ўжо i не думае. Цяпер жанчына жыве сваiм i верыць у лепшае. На яе думку, не ўсё так i кепска, бо зямля пры хаце, а не за пяць—дзесяць кiламетраў, як у iншага фермера. Выйшаў за парог, i перад вачыма — твае гектары. Сёння жанчына не адна на гаспадарцы. Цяпер ёй дапамагае муж, iншым разам наведваюцца сыны — iх у Сальнiкавай двое, але зямля iх не цiкавiць. Наведаюць, ды назад у горад. Каб на "Далонi" пульсавала жыццё, у гаспадарку неабходна ўкласцi вялiкiя грошы. Не толькi ўзводзiць ферму, але i купiць хоць нейкую тэхнiку. Быў трактар, але гаспадыня пакiнула дом без нагляду i трактар той укралi. Ад наведвання фермы "Далонь" з’явiлася дваiстае пачуццё. З аднаго боку, у жанчыны вялiкi жыццёвы патэнцыял, а з другога — быт накладвае свой адбiтак на дзейнасць чалавека. Чаму праз два-тры гады ў Сальнiкавай не будзе некалькi дзесяткаў кароў? Будуць! I можа ўсё ж дадуць магчымасць ездзiць па дарозе ў кiламетр, а не наў-кол? Прыпiсаць да сельгаскааператыва паўгектара ад "Далонi" i аддаць ёй дарогу шырынёй у два метры. Пясок сельгаскааператыва i балота фермершы — землi амаль раўнацэнныя. З прыходам у Круглiкi Сальнiкавай у вёску вярнулася дыханне жыцця. Вось ужо i буслы побач з яе хатай збудавалi гняздо, а калi "Далонь" акрэпне, то патрэбны будуць рабочыя рукi i ёсць верагоднасць, што яшчэ нехта паселiцца ў вёсцы. Не адразу, а крок за крокам на зямлю вяртаецца гаспадар. А як iначай? Сядзець у горадзе i разважаць пра пераўтварэннi? I Сальнiкава верыць, што неўзабаве ў яе будзе конь, касiлка... вось павiнна яшчэ адна карова ацялiцца i цану на малако паднялi... Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знайсцi жанчыну-фермера, якая вяла б справу самастойна, няпроста. Ва ўсякiм разе, у Баранавiцкiм раёне з 44 фермераў Алена Сальнiкава — адзiная, хоць
|
|