Закат імперыi USD?
Закат імперыi USD?
Экспертыза Амерыканскi долар губляе статус сусветнай валюты"Свет на парозе крызiсу". "Крызiс, што нарастае, не толькi канчаткова расправiцца з доларам, але i пацягне за сабой у небыццё эканомiкi многiх краiн"... Iнфармацыйная шумiха, узнятая некаторымi экспертамi, у тым лiку i ў двухкоссях, вакол сiтуацыi з сусветнай эканомiкай i яе будучым выбiвае з каляiны часам нават аптымiстаў. Начытаешся падобных прагнозаў i, прызнацца, мурашкi па спiне бегаюць. Нават людзям, якiя жывуць iншымi клопатамi, але мiжволi наслухалiся такiх "страшылак", становiцца не па сабе — няўжо сапраўды ўсё так дрэнна, i нас застане гэта гора? З iншага боку, у звычайнага абывацеля дакладнага ўяўлення аб тым, што адбываецца ў сусветнай эканомiцы, няма. Так, мы нешта такое чулi, ды яшчэ i долар падае... Адным словам, навальваюцца невясёлыя думкi, кшталту "жыць стане весялей". У тым сэнсе, што трэба рыхтавацца да росту цэнаў, значыць, прыйдзецца i нам у будучым зацягваць паясы... Аднак, цi ўсё так сумна i безвыходна на самой справе? Разабрацца ў гэтым мы паспрабавалi з дапамогай намеснiка дырэктара "Цэнтра сiстэмнага аналiзу i стратэгiчных даследаванняў НАН Беларусi", кандыдата эканамiчных навук Георгiя Грыца. Спад — не крызiс На думку Георгiя Грыца, не трэба драматызаваць сённяшнюю сiтуацыю. — Проста, — тлумачыць эксперт, — часам на дылетанцкiм узроўнi праходзiць асацыяцыя такой тэрмiналогii, як крызiс i рэцэсiя. I некаторыя публiцысты цi эканамiсты, якiя не займаюцца макраэканомiкай, блытаюць гэтыя два паняццi. Сапраўды, ёсць пагроза рэцэсii сусветнай эканомiкi, якая выклiкана рэцэсiяй эканомiкi ЗША. Дарэчы, што такое рэцэсiя? Гэта спад тэмпаў росту эканомiкi на працягу пэўнага перыяду. Летась, напрыклад, у Злучаных Штатах тэмп росту валавога ўнутранага прадукту складаў 2,1 працэнта, а сёлета экспертамi прагназуецца толькi да 1,5 працэнта. Гэта значыць, рост эканомiкi працягваецца i, натуральна, аб крызiсе размова не iдзе. Але Злучаныя Штаты скачваюцца ў рэцэсiю: у краiне скарачаецца вытворчасць рэальнага нацыянальнага прадукту. Для даведкi Рост сусветнага гандлю замарудзiўся з 8,5 працэнта ў 2006 годзе да 5,5 працэнта летась i яшчэ больш скароцiцца сёлета: пры самым аптымiстычным сцэнарыi ён складзе толькi 4,5 працэнта. Да такога вываду прыйшлi аналiтыкi Сусветнай гандлёвай арганiзацыi (СГА), якiя вывучалi ўплыў сусветнага валютнага крызiсу на сiтуацыю ў гандлёвым сектары. Нягледзячы на тое, што пакуль крызiс фiнансавага рынку не адбiўся ў значнай меры на гандлi, скарачэнне трат павiнна будзе прывесцi да скарачэння гандлёвых аперацый. — Георгiй Васiльевiч, а наколькi ўсё ж такi нечакана тое, што адбываецца? — Спад альбо пад’ём эканомiкi маюць пэўную цыклiчнасць. Як правiла, гэта 12—15 гадоў. Цяпер сусветная эканомiка знаходзiцца на спадзе. Хутчэй за ўсё, праз 2—3 гады пачнецца яе пад’ём. Праўда, цяперашняя сiтуацыя адрознiваецца ад папярэдняй тым, што сёння — iншая сусветная эканомiка. Пачынаючы з 1944 года, калi ў якасцi рэзервовай валюты быў прыняты долар ЗША, нацыянальная эканомiка гэтай краiны фактычна i вызначала сусветнагаспадарчыя адносiны. Чаму? Таму што ў аб’ёме сусветнага ВУП доля прадукцыi, што вырабляецца Злучанымi Штатамi, складае 22 працэнты. Для прыкладу, доля Расii ў сусветнай эканомiцы складае толькi каля 3 працэнтаў. Таму, мiж iншым, сёння амерыканская эканомiка i з’яўляецца "вiноўнiцай" спаду сусветнай эканомiкi. Аднак, у адрозненне ад таго, што было раней — гадоў 15 таму, калi ЗША былi проста безальтэрнатыўным манапалiстам (тым болей, што распаўся сацыялiстычны лагер), цяпер сусветная эканомiка больш залежыць ад развiцця iншых краiн, напрыклад, таго ж Кiтая. Эканомiка ж КНР дынамiчна развiваецца i прагназуецца, што кiтайцы да 2020—2030 года апярэдзяць па аб’ёме росту ВУП амерыканцаў. Таму цяперашнi рэцэсiйны спад мае больш пакатую тэндэнцыю. "Страшылка" ад Сораса Такiм чынам, паводле меркавання спецыялiста, асаблiвых падстаў для панiчных настрояў, быццам, няма. Акрамя таго, свой погляд у эканамiста ёсць i на заявы некаторых экспертаў наконт непазбежнасцi крызiсу. — Давайце паглядзiм, хто гаворыць пра крызiс, — разважае эксперт. — Я пакiну ўбаку заявы некаторых нашых калег: усё ж такi мы краiна не з традыцыйна глабальнымi iнтарэсамi — доля беларускай эканомiкi ў сусветнай складае толькi 0,15 працэнта. А прыгадаю сiмпозiум, што праходзiў у красавiку гэтага года ў ЗША, на якiм вядучыя фiнансiсты свету з 12 краiн дзялiлiся прагнозамi пра будучае — на 2008, 2009 гады. Дык вось яны ацанiлi верагоднасць рэцэсii глабальнага маштабу (аб крызiсе размова нават не iдзе) сёлета ў 25 працэнтаў. Iншая справа, што апошнiм часам многiя спасылаюцца на меркаванне Сораса, якi на апошнiм форуме ў Давосе заявiў аб наступленнi сусветнага крызiсу i сказаў пра неабходнасць "злiваць" долары. Той, хто цiкавiцца публiчнай эканомiкай, ведае, што Сорас не толькi эксперт у галiне фiнансаў, ён таксама займаецца i фiнансавымi спекуляцыямi. Вядомы фiнансiст да гэтага часу з’яўляецца злейшым ворагам Вялiкабрытанii пасля таго, як абвалiў у 70-х гадах фунт стэрлiнгаў. Таму, чаму Сорас iнiцыюе крызiс эканомiкi краiны, грамадзянiнам якой з’яўляецца, можна толькi здагадвацца. Я лiчу, што, хутчэй за ўсё, такiм чынам запускаецца чарговая хваля спекуляцыi з мэтай зарабiць. Рэсурсы даражэюць — Беларусь — незакрытая краiна i сусветныя тэндэнцыi аказваюць уплыў i на яе эканомiку. У прыватнасцi, праблемы на сусветным фiнансавым рынку выклiкалi iмклiвы рост цэнаў на тую ж сыравiну. — Сапраўды, на вялiкi жаль, пачынаючы з 2007 года рост цэнаў на iмпарт (Беларусь, як правiла, спажывае энергетычныя i сыравiнныя рэсурсы) апярэджваў у сярэднiм на 4—5 працэнтаў рост цэнаў на экспарт. Прычым iмпартныя цэны выраслi больш як у два разы на газ i на 34,6 працэнта — на нафту. I гэта агульнасусветная тэндэнцыя, якую спрыяльнай для нашай краiны, вядома ж, не назавеш. Аднак мы дабiлiся таго, што Расiя — асноўны наш партнёр па пастаўцы сыравiнных i энергарэсурсаў — праводзiць паэтапнае iх павышэнне да росту сусветных цэнаў. Дзякуючы гэтаму, па цэнавай кан’юктуры нам усё ж такi ўдаецца захоўваць нейкi баланс. Аднак, заўважу, такая тэндэнцыя дастаткова трывожная. I тут ёсць яшчэ адзiн нюанс: сёння нам нi ў якiм разе нельга пераходзiць штосекундна ва ўзаемаразлiках за тыя ж газ i нафту на расiйскi рубель (расiйская валюта сёння моцная, рубель нават пераацэнены). Цяпер па разлiках плацежнага балансу больш за 50 працэнтаў рэсурсаў мы закупляем у Расii за долары. У нас доўгатэрмiновыя кантракты на куплю таго ж газу заключаюцца ў доларавым эквiваленце, а гатовую прадукцыю рэспублiка прадае, напрыклад, у Еўропу (больш за 40 працэнтаў нашага экспарту) за еўра. Калi адмовiцца ад падобнай схемы цяпер, то мы згубiм маржу, якую маем дзякуючы разбежцы курсаў долар/еўра. Тут, думаю, да месца прывесцi прыклад краiн АПЕК, якiя таксама не зацiкаўлены ў абвале рынку. Генеральны сакратар АПЕК заявiў аб намеры перайсцi на больш узважаны курс продажу нафтапрадуктаў па кошыку валют, дзе ўжо будзе iстотная доля еўра. Аднак гэтыя планы яны хочуць рэалiзаваць на працягу 10 гадоў. Вось гэта сапраўды ўзважаная пазiцыя. Пераход на кошык валют, хутчэй за ўсё, непазбежны: долар губляе статус сусветнай валюты. Але гэтыя працэсы неабходна праводзiць не спяшаючыся, рацыянальна, iнакш можна "пакласцi" эканомiку. Што пакласцi ў "кашалёк" Тое, што адбываецца сёння на сусветным валютным рынку (рэкорднае падзенне курса долара да еўра), эксперты тлумачаць знiжэннем даверу да амерыканскага долара. Першапрычынай жа гэтага называюць праблемы на iпатэчным рынку ЗША. Аналiтыкi найбуйнейшых банкаў свету з песiмiзмам глядзяць на перспектывы USD у гэтым годзе: на канец 2008 прагназуюцца суадносiны каля 1,6 долара за адзiн еўра. А курсавыя хiстаннi на сусветным рынку напрамую ўплываюць i на аб’ём наяўнасцi ў нашых кiшэнях i на рахунках у банках. Дык у якой жа валюце лепш зберагаць грошы з улiкам таго, што адбываецца на фiнансавых рынках? — Мы праводзiлi аналiз па даходнасцi зберажэнняў за мiнулы год, — гаворыць Георгiй Грыц. — Дарэчы, у першым квартале сёлета гэтыя тэндэнцыi захавалiся. Магу адразу сказаць, што захоўваць наяўныя сродкi у беларускiх рублях, цi ў валюце на руках — няправiльна: iнфляцыя "з’ядае" гэтыя грошы. Калi параўноўваць з пункту гледжання даходнасцi банкаўскiя ўклады, то аналiз паказвае, што найбольш выгаднымi з’яўляюцца дэпазiты ў еўра i расiйскiх рублях, крыху меншая даходнасць — укладаў у беларускiх рублях. Долар — на апошнiм месцы. Мiж iншым, узгадаю пра яшчэ адзiн варыянт укладання сваiх сродкаў, аб якiм беларусы, мяркую, чулi — расiйскiя ПIФы (паявыя iнвестыцыйныя фонды), дзе даходнасць укладання ў каштоўныя паперы была вышэйшай — каля 16 працэнтаў. Аднак мы дакладна павiнны разумець, што такiя дывiдэнды з’яўляюцца не проста так, а з-за вялiкай рызыкi ўкладання. Прытрымлiваючыся пэўных правiлаў, беларус, безумоўна, можа ўкласцi грошы ў якi-небудзь ПIФ. Але, выступаючы там iнвестарам, ён самастойна нясе рызыкi — атрымаць больш высокi працэнт, альбо страцiць усё. Для даведкi Значэнне долара цяжка пераацанiць. У доларах ЗША, паводле слоў Георгiя Грыца, сувымяраюцца затраты працы, ацэньваецца кошт фактараў вытворчасцi, тавараў i паслуг, знаходзiцца 70 працэнтаў рэзерваў усiх краiн, у той час як доля еўра складае ўсяго 12—15 працэнтаў. У доларах вядзецца 52 працэнты сусветнага гандлю. Большая частка валютаабменных аперацый (75 працэнтаў) у свеце ажыццяўляецца з яго ўдзелам. Гэта значыць, у 8 з 10 выпадкаў прадметам здзелкi з’яўляецца долар. А галоўная прычына падзення долара — у няўхiльным узрастаннi ў эканомiцы ЗША бюджэтнага i знешнегандлёвага дэфiцытаў (так званага "двайнога дэфiцыту"). Сумарная доля двайнога дэфiцыту перавысiла 1 трлн долараў, а знешняя запазычанасць — 6 працэнтаў ВУП краiны. Атрымлiваецца даволi-такi парадаксальная карцiна: амерыканскi ўрад расходуе больш, чым мае ва ўласнай казне, а эканомiка, нягледзячы на гэта, застаецца на плыву. У гэтай сувязi i ўзнiкае пытанне: адкуль жа ўлады ЗША бяруць сродкi на фiнансаванне грувасткiх праграм, калi яны маюць такi гiганцкi бюджэтны дэфiцыт? Падзеi апошнiх гадоў паказваюць, што амерыканцы не вельмi перажываюць за лёс сваёй валюты. Як нi дзiўна, падзенне амерыканскага долара нават выгаднае для ЗША. На думку заходнiх аналiтыкаў, аслабленне амерыканскай валюты адказвае iнтарэсам эканомiкi Злучаных Штатаў. Яны лiчаць, што дэвальвацыя долара спрыяе скарачэнню знешняга доўгу Амерыкi, стымулюе амерыканскiх вытворцаў i адначасова павялiчвае экспарт. Менавiта таму шэраг сур’ёзных амерыканскiх экспертаў, у тым лiку i з бюджэтнага ўпраўлення кангрэса ЗША, лiчаць, што курс долара ў адносiнах да асноўных сусветных валют будзе падаць на працягу блiжэйшых двух гадоў. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Свет на парозе крызiсу". "Крызiс, што нарастае, не толькi канчаткова расправiцца з доларам, але i пацягне за сабой у небыццё эканомiкi
|
|