Адам Глобус. PLAY.BY. РанецАдам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. Сон жахаў, які бачыў досыць доўгі час, на цвярозы розум выглядаў досыць лірычна. У ім няма ні адрэзаных іржаваю пілою чалавечых галоваў, ні іклаў вогненнавокіх крывасмокаў, ні пакрытых запыленай поўсцю чартоў, ні пярэваратняў ваўкалакаў, і нават усюдыіснага д’ябла ў тым сне нямашака. У сне нішто не нагадвае пра смерць. Я не падаю там з вялікай вышыні, і столь не абрынаеццы мне на голаў. Мой жахлівы сон пачынаецца з прахалоднага туману… Верасень, раніца, туман, пад нагамі вузкая загнаная пад асфальт сцежка. Іду па цёмным асфальце ўздоўж дзецкасадаўскага драцянога плота. З другога боку сцежачкі высаджаны маладыя клёны. Іх лістота ўжо пажоўкла, і ад туману яна вільготна паблісквае. Зрэдзь часу з нейкага ліста зрываецца вялікая сляза цяжкой кроплі. Навокал так ціха, што я выдатна чую гук разбівання кляновае слязы аб зямлю. Мне адзінадцаць гадоў, і я кіруюся ў школу. Туман такі шчыльны, што школы не відаць. Я стараюся ісці якмага марудней, але школа ўсё адно набліжаецца. Квола-жаўтлявымі плямамі яе вокны свецяцца ў прахалодным блакіце. Школа наплывае на мяне, як усёпаглынальная цунамі. І тут на мяне абрынаецца крык, вакол мяне крычаць тысячы і тысячы людзей. Я прахопліваюся, устаю з ложка, п’ю ваду, сяджу ў цемрадзі і баюся немаведама чаго. Сон гэты бачыўся мне прыблізна разы два на год, і ён так надакучыў, ажно я вырашыў пазбавіцца ад яго. Але як пазбавіцца ад жахлівага сна? Пайсці да доктара, які пачне задурваць галаву, а калі зразумее, што задурванне не дзейнічае выпіша хімічны прэпарат пасля якога ты будзеш выдатна засынаць але прачынацца будзе цяжка. Ці можа схадзіць у царкву да святара, які паспрабуе прымусіць цябе паверыць у казкі складзеныя пісьменнікамі, якія і ведаць не ведалі пра драцяную дзецкасадаўскую агароджу? Варыянты з доктарам і святаром мяне зусім не задавальнялі. Я вырашыў вызваліцца ад пакутлівага сна самастойна. Паехаў у раён, дзе жыў у дзяцінстве, і стаў на тое самае месца, дзе пачынаецца сон. Канешне, шмат што моцна змянілася: паміж дзіцячым садком і школаю пабудавалі ажно тры дванадцаціпавярховых дома. Клёны павырасталі. Замест драцяное агароджы стаіць акуратны плот з фарбаваных у сіняе дошак. Замест асфальта сцежку выклалі пліткаю. Толькі сутнаснае не змянілася, сутнаснае амаль ніколі не змяняецца, прынамсі для мяне. Але нечага важнага ўсё адно не хапала. Нечага важнага, што было ў сне, не прысутнічала ў рэальнасці. Я заплюшчыў вочы… Мне адзінадцаць, туман, я іду ў школу, кропля падае… Так! У мяне за спінаю быў ранец. Ранец! Ён — самая важная рэч у маім сне. Ранец быў толькі ў мяне, на ўсю школу меўся толькі адзін ранец. Раней я хадзіў у школу, дзе ранцы былі ў кожнага другога, а потым мы пераехалі ў новы раён, і ў маю новую школу ўсе хадзілі з партфелямі ды папкамі. Аднаго разу, старшакласнікі ціхенька падыйшлі да мяне і наклалі ў ранец мокрых кляновых лісцяў. Я азірнуўся, убачыў разшпілены ранец і задаволены рогат старшакласнікаў. Давялося кінуцца ў бойку. Шанцаў на перамогу не было, мяне пабілі, адлупілі моцна. Калі я завёўся біцца, дык цудоўна ведаў, што яны мацнейшыя і выйграюць бойку, але дараваць здзеку не змог. Збіты, я ляжаў пад клёнам, і думаў, што свет не справядлівы, што маці будзе сварыцца за парваныя сшыткі і перапэцканую вопратку, а яшчэ я суцяшася тым, што больш ніхто не будзе класці мне ў ранец мокрае лісце. Сваё права насіць ранец я адстаяў. У той дзень школу я прагуляў, бо вярнуўся дамоў і чысціў пінжак з нагавіцамі, а потым перапісваў хатнія працы ў новыя сшыткі. Маці нават не заўважыла слядоў бойкі, а перад вячэраю задала заўсёднае пытанне: «Ты ранец сабраў?» — «Сабраў!» — «Тады, кліч брата і бацьку, будзем вячэраць…» Я разплюшчыў вочы… Памяць паўтарыла далёкае пытанне пра сабраны ранец, і я зразумеў: сон жахаў застаўся ў незваротным мінулым. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус.
|
|