21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Наперадзе ў Беларусі — толькi развiццё

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наперадзе ў Беларусі — толькi развiццё

У сваiм штогадовым Пасланнi беларускаму народу i Нацыянальнаму сходу Прэзiдэнт Рэспублiкi БелаРусь Аляксандр Лукашэнка даў ацэнку работы ўсiх уладных структур, развiцця грамадства ў цэлым, а таксама намецiў асноўныя накiрункi далейшай напружанай працы. Беларусы ўжо даказалi ўсяму свету сваё права на суверэнiтэт, права "людзьмi звацца". Цяпер галоўнае — не спыняцца на дасягнутым, "знаходзiцца ў пастаянным руху наперад". 

Невыпадкова кiраўнiк дзяржавы распачаў Пасланне з галоўнай тэмы для кожнага чалавека — тэмы здароўя. Як вядома, 2008 год у Беларусi абвешчаны Годам здароўя, да таго ж сiстэма аховы здароўя — адна з найбольш сацыяльна значных сфераў.

"Здароўе чалавека — адзiн з прыярытэтаў нашай дзяржаўнай палiтыкi", — заявiў Аляксандр Лукашэнка. Лiтаральна за некалькi гадоў удалося прыйсцi да таго, што беларускiя спецыялiсты прымяняюць найноўшыя медыцынскiя тэхналогii не толькi ў Мiнску, але i ў абласных цэнтрах. Ідзе масавае перааснашчэнне раённых бальнiц i палiклiнiк. Толькi ў мiнулым годзе для iх закуплена медыцынскае абсталяванне на агульную суму больш як Br20 млрд.

"Урачы ў нас — сусветнага класа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Толькi трэба стварыць iм належныя ўмовы для работы, забяспечыць усiм неабходным. I тады не мы, а да нас будуць ездзiць на кансультацыi i лячэнне". У якасцi нагляднага прыкладу ён прывёў нядаўна праведзеную ў сталiчнай клiнiцы аперацыю па перасадцы печанi.

Аднак усе намаганнi будуць марнымi, калi медыцынская дапамога не будзе задавальняць патрэбы людзей, калi не будуць забяспечаны яе максiмальная наблiжанасць да насельнiцтва i даступнасць.

Прэзiдэнт запатрабаваў прыняць неадкладныя меры па лiквiдацыi чэргаў у палiклiнiках, пашырэннi прыёму грамадзян у зручны для iх час. Таксама неабходна забяспечыць даступнасць лекавых сродкаў усiм катэгорыям насельнiцтва.

"Мы сур’ёзна занялiся развiццём айчыннай фармацэўтычнай вытворчасцi. Зараз беларускiя прадпрыемствы забяспечваюць сваёй прадукцыяй айчынны рынак толькi напалову, а ў грашовым выражэннi гэта i зусiм 20 працэнтаў. Нам трэба аднавiць страчаныя пазiцыi, — паставiў задачу Аляксандр Лукашэнка.

З гэтага года праводзiцца ўсеагульная дыспансэрызацыя насельнiцтва. "Гэта цяжкi, але неабходны крок на шляху захавання здароўя чалавека", — лiчыць Прэзiдэнт. Галоўная мэта — дабiцца значнага павышэння працягласцi жыцця людзей.

Прэзiдэнт папярэдзiў Урад, Мiнiстэрства аховы здароўя аб тым, што пад усеагульную дыспансэрызацыю нi ў якiм разе не павiнны выдаткоўвацца дадатковыя мiльярды рублёў. "Няхай урачы ўспрымаюць гэта як грамадскае даручэнне. Гэта iх задача: ведаць стан здароўя людзей на сваiх участках", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кiраўнiк дзяржавы выказаў занепакоенасць станам здароўя школьнiкаў i навучэнцаў. Нармальнае здароўе сёння мае толькi кожны дзесяты школьнiк, а ў 30 працэнтаў дзяцей — хранiчныя захворваннi. Ураду Беларусi Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць комплекс канкрэтных мераў, накiраваных на кардынальнае паляпшэнне здароўя моладзi, бо гэта "гарантыя медыка-сацыяльнага дабрабыту грамадства ў будучым".

Аднак мала разумець паняцце "здароўе" ў вузкiм фiзiчным аспекце. Паводле слоў беларускага лiдара, у ХХI стагоддзi людзi хварэюць фiзiчна i духоўна. Гэта набывае характар эпiдэмiй, i ёсць пагроза, што чалавек увогуле пачне дэградзiраваць.

"Такiя праблемы пакуль што не паразiлi Беларусь да такой ступенi, як некаторыя iншыя краiны, але гэта не прычына для самазаспакаення", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт лiчыць неабходным "узмацняць iмунiтэт беларускага грамадства, каб захаваць здароўе чалавека i процiстаяць той "маральнай заразе", якая прыходзiць звонку".

Вялiкую ўвагу трэба звярнуць на фармiраванне здаровага ладу жыцця.

"Вядома, мы не можам забаранiць некаму пiць i курыць. Але зусiм недапушчальна патураць гэтым негатыўным з’явам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — ...Складваецца парадаксальная сiтуацыя: чалавек уласнымi рукамi губiць сваё жыццё i здароўе, рушыць сям’ю, калечыць лёсы сваiх дзяцей!"

Прэзiдэнт запатрабаваў самым жорсткiм чынам спыняць п’янства за рулём i на працоўных месцах. Бо яны становяцца прычынай дарожна-транспартных здарэнняў, пажараў, злачынстваў.

Аляксандра Лукашэнку непакоiць праблема наркаманii ў Беларусi. Раней пра гэта гаварылi як пра чужую з’яву. Сёння знаходзяць шпрыцы ў рэстаранах, выяўляюць факты ўжывання наркотыкаў у школах, раскрываюць схемы паставак зелля.

"Папярэджваю праваахоўныя органы i суды: звычайнай з’явай гэта быць не павiнна. Нiякiх патуранняў нi спажыўцам, нi распаўсюджвальнiкам наркотыкаў", — запатрабаваў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт папярэдзiў аб недапушчальнасцi ператварэння клопату аб захаваннi здароўя чалавека ў чарговую кампанiю. Не абавязкова ўсiх агулам ставiць на лыжы цi канькi, з палiц магазiнаў убраць усё спiртное, а на святах выстаўляць на сталы чай. Перагiбаў быць не павiнна. Гэта мы ўжо праходзiлi.

Нармальная альтэрнатыва — зрабiць карыстанне спортзбудаваннямi максiмальна даступным для ўсiх катэгорый насельнiцтва. "Чалавек не павiнен аддаваць палову свайго дзённага заробку за аднаразовае наведванне басейна", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер больш як 13 працэнтаў насельнiцтва Беларусi рэгулярна займаецца фiзкультурай. Гэта больш, чым у Расii або ва Ўкраiне, але ўсё яшчэ недастаткова для выканання задач па аздараўленнi людзей.

"Iнвесцiруючы ў спартыўныя аб’екты, мы ўкладаем грошы ў здароўе дзяцей", — падкрэслiў Прэзiдэнт.

Першачарговую ўвагу важна надаць рабоце спартыўных школ i секцый. Прэзiдэнт паставiў задачу вырашыць праблему iх даступнасцi ў сельскай мясцовасцi. Трэба адкрываць фiлiялы спартыўных школ па ўсёй краiне. Гэта не толькi пытанне аздараўлення, але i аснова для прафесiйнага спорту.

"Паглядзiце, па вельмi многiх вiдах спорту ў нас практычна няма рэзервовай "лаўкi" спартсменаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пойдуць цяперашнiя лiдары, хто прыйдзе iм на змену?"

Наперадзе летнiя Алiмпiйскiя гульнi ў Пекiне. Усе мы з нецярпеннем будзем назiраць за выступленнямi беларускiх спартсменаў. "Нельга не апраўдаць ускладзеных спадзяванняў!" — адзначыў кiраўнiк дзяржавы.

Тым больш што спартсмены, трэнеры, спартыўныя функцыянеры не могуць паскардзiцца на тое, што дзяржава мала ўвагi надае iх праблемам.

"Мець здаровую, паўнацэнную сям’ю з некалькiмi дзецьмi павiнна быць прэстыжна i выгадна"

Колькасць насельнiцтва Беларусi ў перспектыве павiнна ўзрасцi як мiнiмум у тры разы. Паводле слоў Прэзiдэнта, для дзяржавы гэта пытанне жыцця i будучынi.

"Беларусам заўсёды былi ўласцiвыя гаспадарлiвасць, любоў да сваёй сям’i, дзяцей. Гэтыя нацыянальныя рысы дапамаглi нам выстаяць, зберагчы на працягу стагоддзяў сваю самабытнасць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У наш час мець здаровую, паўнацэнную сям’ю з некалькiмi дзецьмi павiнна быць прэстыжна i выгадна".

Першымi вынiкамi нацыянальнай палiтыкi па забеспячэннi дэмаграфiчнай бяспекi стала стабiльнае павелiчэнне нараджальнасцi, колькасцi заключаных шлюбаў. У рэйтынгу краiн, якiя забяспечваюць спрыяльныя ўмовы для мацярынства, Беларусь займае высокае трыццатае месца, апераджаючы Польшчу, Расiю, Украiну, iншыя суседнiя дзяржавы. Дзiцячая смяротнасць у рэспублiцы самая нiзкая сярод краiн СНД i адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. Для замацавання гэтых станоўчых тэндэнцый дзяржава i ў далейшым будзе рабiць усё неабходнае для ўсямернай падтрымкi сям’i, павышэння яе значнасцi ў грамадскiм жыццi. Важная частка дзяржаўнага клопату аб дзецях — маштабнае наступленне на такую недапушчальную з’яву, як сацыяльнае сiроцтва.

Няхай i з цяжкасцю, але ўключаюцца механiзмы прыцягнення да адказнасцi гора-бацькоў, якiя кiнулi сваiх дзяцей на волю лёсу. Як паведамiў Аляксандр Лукашэнка, у блiжэйшы час у Прэзiдэнта будзе разгледжана, як iдзе работа ў гэтым напрамку.

Беларускi лiдар назваў прыемным той факт, што частка бацькоў, якiя калiсьцi кiнулi сваiх дзяцей, вяртаецца да выканання сваiх бацькоўскiх i мацярынскiх абавязкаў. У мiнулым годзе ў суды паступiла 205 заяў аб аднаўленнi ў бацькоўскiх правах.

Акрамя таго, многiя дзецi-сiроты прымаюцца ў новыя для iх сем’i. Так, у 2007 годзе на выхаванне ўладкавана звыш 70 працэнтаў сiрот.

Прэзiдэнт зрабiў акцэнт на неабходнасцi засяродзiць пiльную ўвагу на праблеме хатняга насiлля.

"Беларусь на сусветнай арэне выступае адным з iнiцыятараў каардынацыi мiжнародных намаганняў у барацьбе з гэтым сацыяльным злом, — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. — Але як бы нам не выпусцiць з-пад кантролю сiтуацыю ва ўласным доме!"

Тут патрабуецца ўзаемадзеянне дзяржавы i iнстытутаў грамадства — жаночых, маладзёжных, рэлiгiйных арганiзацый.

"Заўсёды абапiраўся i абапiраюся на народ"

Падчас нядаўняй паездкi па рэгiёнах, пацярпелых ад аварыi на ЧАЭС, Аляксандр Лукашэнка выказваў свае адносiны да прапрэзiдэнцкiх палiтычных структур. Вастрыня пытання, шматлiкiя спекуляцыi вакол грамадскага аб’яднання "Белая Русь" вымусiлi кiраўнiка дзяржавы звярнуцца да гэтай тэмы i ў Пасланнi да беларускага народа i Нацыянальнага сходу.

"Катэгарычна не прымаю ўсякiя прапрэзiдэнцкiя палiтычныя структуры. Заўсёды абапiраўся i абапiраюся на народ, а не на якiя-небудзь групы або кланы. Галоўнае — давер народа", — заявiў беларускi лiдар.

"Гавораць, што Лукашэнка стварае сабе партыю ўлады. I ледзь не ў анкетах будзе ўведзена графа аб прыналежнасцi да "Белай Русi", — дадаў кiраўнiк дзяржавы.

Паводле яго слоў, да яе як Прэзiдэнт ён ставiцца як да ўсiх арганiзацый, якiя падтрымлiваюць палiтыку нармальных узаемаадносiнаў з уладай, той курс, што сёння рэалiзуецца ў краiне, якiя дзейнiчаюць у iнтарэсах народа, а не насуперак яго iнтарэсам.

Пры гэтым ён папярэдзiў чыноўнiкаў аб недапушчальнасцi "сiлай заганяць людзей у якую-небудзь з грамадскiх арганiзацый або партый". "Больш за тое, я яшчэ пагляджу, якiя чыноўнiкi знаходзяцца ў гэтай арганiзацыi i што яны там робяць. Значыць, iм не хапае работы на асноўных рабочых месцах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нядобразычлiўцы часта крытыкуюць Беларусь за адсутнасць так званай грамадзянскай супольнасцi. Разам з тым у нашай краiне дзейнiчае больш за дзве тысячы грамадскiх арганiзацый. У чым жа прычына крытыкi?

Беларуская грамадзянская супольнасць павiнна расцi на сваёй глебе, без замежных "аграномаў i ўгнаенняў", лiчыць Прэзiдэнт Беларусi.

"Грамадская дзейнасць па сваёй прыродзе бескарыслiвая. У нас жа некаторыя дзеячы ператварылi яе ў "хлебнае месца". Гэта ж абсурд, калi грамадзянская супольнасць ствараецца i развiваецца на падачкi замежнага дзядзькi, за якiм заўсёды цi амаль заўсёды стаiць урад замежнай дзяржавы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кiраўнiк дзяржавы пашкадаваў "дзяцей, што строяць з сябе змагароў", бо iх, як мяса, выстаўляюць у першыя шарэнгi. А за юнымi плячамi хаваюцца тыя, хто задавальняе свае асабiстыя палiтычныя амбiцыi. Але ж за столькi гадоў iх палiтычны iнтарэс трансфармаваўся ў фiнансавы. Сталi з’яўляцца цэлыя дынастыi прафесiйных апазiцыянераў — людзей, якiя гадамi нiдзе не працуюць i сваё цёплае месцейка трымаюць для сыноў i дачок. Рыхтуюць iх у пераемнiкi на кiраўнiцкiя пасады ў партыях i рухах. Што было б, прыйдзi яны да ўлады...

"З гэтай трыбуны я павiнен заявiць: правапарадак i стабiльнасць у краiне будуць забяспечаны, падабаецца гэта Захаду цi не", — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

"Задача дзяржавы — даць магчымасць чалавеку сваiмi рукамi забяспечыць сабе пажаданы ўзровень дабрабыту"

У Беларусi назiраецца востры недахоп рабочых рук. Па статыстыцы, летась колькасць вакансiй больш як на 15 працэнтаў перасягнула колькасць беспрацоўных. Больш за тое, беларускiя спецыялiсты запатрабаваны ў многiх краiнах свету.

"Узровень рэгiструемага беспрацоўя ў краiне цяпер не перасягае 1 працэнта, але i яго можа не быць, калi змянiць разуменне рынку працы", — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзiдэнта, у якасцi рынку працы трэба разглядаць усю краiну, а не толькi месца пражывання. I работу трэба шукаць у цэлым па рэспублiцы, а не ў канкрэтным населеным пункце. Пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў па рэгiёнах — самая галоўная задача.

"Для рэалiзацыi гэтай задачы неабходна вырашыць сацыяльна-эканамiчныя пытаннi i навучыць людзей пераадольваць псiхалагiчную непрымальнасць перамяшчацца па рэспублiцы, здымацца з абжытага месца", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Ён падкрэслiў, што Ўраду трэба прыняць комплекс прававых, арганiзацыйных i эканамiчных мераў па стварэннi ўмоў для дастойнай працы грамадзян незалежна ад месца iх пражывання.

Прэзiдэнт Беларусi звярнуў увагу на вялiкую колькасць прэтэнзiй наконт падаходнага падатку, якi не зарыентаваны на iснуючы ўзровень заработнай платы. Самi спецыялiсты ўжо некалькi гадоў разважаюць аб неабходнасцi перагляду шкалы ставак падаходнага падатку, але далей за нейкiя касметычныя змены ў падатковай сiстэме справа не iдзе. У вынiку радавыя работнiкi ледзь не палову зарплаты аддаюць на падаткi.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што задача дзяржавы — даць магчымасць чалавеку сваiмi рукамi забяспечыць сабе пажаданы ўзровень дабрабыту. Адначасова дзяржава павiнна клапацiцца аб тых, хто не можа на роўных канкурыраваць на рынку працы з выпадку цяжкiх жыццёвых абставiнаў i таму не ў стане забяспечыць сабе прымальны ўзровень жыцця.

"Да такой формулы сацыяльных гарантый мы паслядоўна iшлi на працягу многiх гадоў. Яе ажыццяўленне даецца няпроста. Рэзананс ад упарадкавання льгот — нагляднае пацвярджэнне таго", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Але калi адысцi ад эмоцый, то цалкам вiдавочна, што сацыяльная абарона не толькi не змяншаецца, але i на парадак павышаецца i становiцца больш справядлiвай. У краiне забяспечваецца няўхiльны рост заработнай платы. За мiнулы год яна павялiчылася на 9,5 працэнта, а ў параўнаннi з 2000 годам — амаль у 3 разы. Пастаянна павышаюцца пенсii, стыпендыi, дапамогi.

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах вострага дэфiцыту прадуктаў харчавання на сусветным рынку, "шалёнага" попыту i росту цэнаў на iх утрымаць цэны ўнутры краiны нам не ўдасца.

"Трэба вяртацца да патрабавання павышэння зарплаты, iншага шляху ў нас няма", — адзначыў Прэзiдэнт. — На канец пяцiгодкi трэба давесцi зарплату да $700, нiкуды ад гэтага мы не падзенемся, $500 будзе мала. Тады мы зможам утрымаць стабiльнасць у грамадстве".

Беларускай моладзi неабходна даць магчымасць праяўляць iнiцыятыву, заявiў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт падкрэслiў, што моладзь павiнна вучыцца браць на сябе адказнасць за далейшае развiццё дзяржавы.

"У нас добрая, разумная, таленавiтая моладзь. Улiчваючы ўсё зробленае ў краiне для яе, мы маем права ўжо сёння чакаць ад моладзi як мага больш новых, цiкавых iдэй, накiраваных на пазiтыўнае пераўтварэнне эканомiкi, сацыяльнай сферы, культуры", — сказаў беларускi лiдар.

Гаворачы ў цэлым аб сiстэме развiцця адукацыi ў краiне, Прэзiдэнт адзначыў, што яе стратэгiю неабходна выбудоўваць у цеснай увязцы з патрэбнасцямi рынку працы.

"Сiстэма адукацыi не павiнна быць адарванай ад асноўнага заказчыка — эканомiкi. У апошнiя гады школа стала арыентаваць амаль што ўсiх вучняў на паступленне ў ВНУ. Аднак сёння ў нас не хапае квалiфiкаваных рабочых кадраў. Сiстэма прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi не гатова папоўнiць рынак працы гэтай катэгорыяй спецыялiстаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Важную ролю кiраўнiк дзяржавы адводзiць i стварэнню роўных умоў навучання для гарадскiх i сельскiх школьнiкаў.

У малых гарадах неабходна ствараць сучасныя кампактныя вытворчасцi, арыентаваныя на мясцовыя рэсурсы, традыцыi мясцовых жыхароў, патрэбнасцi канкрэтнага рэгiёна, лiчыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён заклiкаў не будаваць там заводы-гiганты. Да вырашэння праблем малых гарадскiх пасёлкаў трэба падыходзiць комплексна, улiчваючы рэальныя магчымасцi iх сацыяльна-эканамiчнага развiцця.

Для гэтага i з’явiлася новая праграма развiцця малых i сярэднiх гарадоў. "Мы паказалi, як трэба дзейнiчаць. У асноўным, трэба арыентавацца на мясцовыя сыравiну i рэсурсы, прыцягваючы самыя новыя тэхналогii. I прыватнiк павiнен там працаваць, i дзяржава", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

СМI павiнны выдаваць якасны прадукт

Беларускiя СМI ад пасiўнага "асвятлення падзей" i рэагавання на iнфармацыйныя нагоды павiнны перайсцi да стварэння ўласнага якаснага iнфармацыйнага прадукту, запатрабаваў Прэзiдэнт.

"СМI — такая ж вытворчасць, як i любая галiна эканомiкi. I спажывец чакае якасны iнфармацыйны прадукт. Прычым патрабаваннi да яго няўхiльна растуць. Тэле- i радыёкампанiям, газетам i часопiсам трэба ствараць сваю творчую прадукцыю, якая адпавядае традыцыям, што склалiся ў беларускiм грамадстве", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тое, што беларускiя СМI не павiнны слепа пераймаць часам далёка не лепшыя замежныя ўзоры i апускацца да пошласцi, амаральнасцi, жорсткасцi, насiлля.

"Рэальнае жыццё ў краiне i грамадстве трэба не фабрыкаваць, вырываючы з кантэкста асобныя факты, а праўдзiва асвятляць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узняць узровень рэгiянальных сродкаў масавай iнфармацыi. Ён даручыў Мiнiстэрству iнфармацыi ўшчыльную заняцца гэтай праблемай, пачынаючы ад тэхнiчнага аснашчэння, якасцi газетнай паперы, кадравага ўзмацнення.

Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што "мясцовыя СМI павiнны канкурыраваць не тое што з рэспублiканскай, а з расiйскай i замежнай прэсай", i заклiкаў цэнтральныя газеты, тэле- i радыёканалы аказаць практычную дапамогу ў развiццi рэгiянальных сродкаў масавай iнфармацыi.

Наменклатурнай прыватызацыi не будзе

У Беларусi не было i не будзе нiякай наменклатурнай прыватызацыi, заявiў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што продаж аб’ектаў дзяржаўнай уласнасцi або iнвестыцыйныя праекты будуць рэалiзоўвацца на конкурснай аснове, на ўмовах роўнадаступнасцi iх набыцця ўсiмi ахвотнiкамi. I пры абавязковым выкананнi патрабаванняў аб тым, што новы ўласнiк створыць рабочыя месцы, забяспечыць людзям дастойную зарплату, а дзяржаве — выплату падаткаў.

У Беларусi няма нацыянальных i рэлiгiйных супярэчнасцяў

У Беларусi сёння няма i быць не можа нацыянальных супярэчнасцяў, заявiў Прэзiдэнт.

"Мы не павiнны дапусцiць, каб этнiчнае процiстаянне раскалола наша маналiтнае грамадства. Глыбока памыляюцца тыя, хто разлiчвае ўстанавiць свае законы на нашай зямлi, ствараючы сцэнарыi тыпу "Карткi паляка" або разыгрываючы ролю "абаронцаў нацыянальных меншасцяў", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — Мы самая iнтэрнацыянальная краiна ў свеце". Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што вызначальнай рысай Беларусi заўсёды была мiжнацыянальная i мiжканфесiянальная згода.

Гаворачы аб паляках, якiя пражываюць у Беларусi, кiраўнiк дзяржавы адзначыў: "Гэта нашы людзi, якiя жывуць у нашай краiне. Яны не хочуць iншай краiны i заўсёды будуць жыць на нашай зямлi. Гэта не здраднiкi. Я ў гэтым перакананы, я добра ведаю сваiх людзей. Гэта палякi, але гэта нашы палякi, грамадзяне нашай краiны. Ну, а калi з-за мяжы дапамогуць, то я не супраць".

Узвядзенне АЭС будзе весцiся на самым высокiм якасным узроўнi

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка гарантуе, што пры будаўнiцтве ў краiне атамнай электрастанцыi будзе выбраны такi варыянт, пры якiм звязаныя з гэтым рызыкi будуць зводзiцца да мiнiмуму i ў поўнай меры будзе забяспечвацца экалагiчная бяспека. Узвядзенне станцыi будзе весцiся на самым высокiм якасным узроўнi.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з улiкам непазбежнага росту цэнаў на энерганосьбiты на пасяджэннi Савета Бяспекi ў студзенi гэтага года прынята канчатковае рашэнне аб будаўнiцтве ў Беларусi ўласнай атамнай электрастанцыi.

АЭС уяўляе для Беларусi павышаную цiкавасць. "I не толькi таму, што яна дасць нам уласны энергапрадукт i дасць магчымасць адысцi ад татальнай энергетычнай залежнасцi. Больш важна, што рэалiзацыя беларускага атамнага праекта будзе стымуляваць развiццё практычна ўсiх галiн эканомiкi краiны i навуковай думкi", — падкрэслiў Прэзiдэнт.

"Беларусь не хоча сварыцца нi з Усходам, нi з Захадам"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць развiцця адносiнаў Беларусi з Еўрасаюзам i ЗША.

"Падкрэслю, мы знаходзiмся ў Еўропе i не збiраемся пакаваць чамаданы або змяняць карту свету. Еўрасаюз для нас — гандлёвы партнёр нумар два. Ды i акрамя эканомiкi мы звязаны тысячамi нiцей агульных выклiкаў i праблем, неабходнасцю працаваць разам над iх вырашэннем. Наша ўзаемнае значэнне будзе толькi нарастаць", — заявiў Прэзiдэнт Беларусi.

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што суверэнiтэт i незалежнасць Беларусi, яе ўклад у еўрапейскую i глабальную бяспеку з’яўляюцца "важнымi фактарамi для нашага кантынента, i гэта ўсе ў Еўропе разумеюць".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што "рана або позна ЗША таксама зразумеюць гэта". "Беларусь нi з кiм не хоча сварыцца: нi з Усходам, нi з Захадам. Непераадольных  праблем памiж намi няма. Ёсць недастатковае разуменне, узаемныя прэтэнзii, шурпатасцi — над iмi трэба працаваць", — лiчыць ён. "Але працаваць сумесна, разам, а не аднабаковымi ўльтыматумамi i санкцыямi. Iх гiстарычны час мiнуў", — дадаў Прэзiдэнт Беларусi.

Iмклiвае развiццё эканомiкi Беларусi поўнасцю абвяргае сцвярджэннi нядобразычлiўцаў, заявiў Аляксандр Лукашэнка.

"Нядобразычлiўцы нярэдка абвiнавачваюць нас у тым, што ў Беларусi быццам бы застыў час, што мы стварылi нейкi "запаведнiк". Гэта супярэчыць вiдавочным фактам — iмклiваму росту эканомiкi, прыметнаму паляпшэнню жыцця людзей i пераўтварэнню краiны", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Да такiх вынiкаў, якiх дасягнула Беларусь за параўнальна невялiкi прамежак часу, на думку Аляксандра Лукашэнкi, iншыя дзяржавы iдуць дзесяцiгоддзямi, а то i стагоддзямi.

Прэзiдэнт назваў правiльным выбраны рэспублiкай шлях развiцця. "Мы рухаемся па тых жа рэйках, што i ўвесь свет. Няхай не так хутка дасягаем найвышэйшых мэтаў. На гэта патрэбны час", — падкрэслiў ён.

Наперадзе ў Беларусi — толькi развiццё, прадоўжыў кiраўнiк дзяржавы. "Адно можна сцвярджаць з дакладнасцю: нi таптання на месцы, нi тым больш адкату назад не будзе", — заявiў беларускi лiдар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што беларусы — здаровая, адукаваная, духоўная нацыя, якая можа вырашаць задачы, дастойныя ХХI стагоддзя. "Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае, уключаючы самае галоўнае, — вялiкi чалавечы патэнцыял, якi мы абавязаны берагчы, развiваць i прымнажаць у iмя дабрабыту роднай Беларусi", — перакананы беларускi лiдар.

У завяршэнне сустрэчы Прэзiдэнт Беларусi адказаў на пытаннi парламентарыяў, пагутарыў з iмi ў нефармальнай абстаноўцы.

Сяргей ПРОТАС. 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сваiм штогадовым Пасланнi беларускаму народу i Нацыянальнаму сходу Прэзiдэнт Рэспублiкi БелаРусь Аляксандр Лукашэнка даў ацэнку работы ўсiх уладных
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика