Выжыць, каб даць жыццё
Выжыць, каб даць жыццё
Яна — адна з тых, для каго шлях па Ладажскім возеры стаў выратавальнай саломiнкай, дарогай жыцця ў лiтаральным сэнсе. Прайшоўшы праз блакаднае пекла, яна засталася жыць, каб даць жыццё адзiнаццацi сваiм дзецям. Гэтая сцiплая, добразычлiвая i мудрая сiвавалосая жанчына — 77-гадовая жыхарка вёскi Боркi Барысаўскага раёна Людмiла Паўлаўна Кудзiна. — Самае галоўнае, — лiчыць Людмiла Паўлаўна, каб на зямлi быў мiр, свяцiла сонейка i на стале ляжаў кавалак хлеба. А дабрабыт чалавек стварае сам, усё ў яго руках, толькi не трэба ленавацца: працуй i сваiмi добрымi ўчынкамi i прыкладам выхоўвай дзяцей. У Вялiкую Айчынную Людмiла Кудзiна страцiла сваiх мацi i брата. І сёння, калi яна дзелiцца ўспамiнамi пра тыя халодныя i галодныя часiны, слёзы коцяцца з яе вачэй, камяк у горле перашкаджае гаварыць, уся напружваецца, сцiскаецца, здаецца, што i без таго невысокага росту становiцца яшчэ нiжэйшай, зусiм маленькай. Ад болю. Ад гора, таго, перажытага... Прарыў блакады... Магчыма, гэта дата мала аб чым гаворыць людзям, якiя нарадзiлiся i выраслi пасля вайны. Тыя, каму, на шчасце, не даводзiлася перажываць голад, з цяжкасцю ўяўляюць, якiя выпрабаваннi выпалi на долю блакаднiкаў. З успамiнаў Людмiлы Паўлаўны: — Калi пачалася вайна, мне не было яшчэ i адзiнаццацi гадоў. Выезд з Ленiнграда з першага дня блакады быў забаронены. Усе жыхары горада ўдзельнiчалi ў будаўнiцтве супрацьтанкавых сродкаў. I мне разам з 13-гадовым братам Севам i мамай даводзiлася ездзiць на гэтыя работы. Там гiнула вельмi шмат людзей. 7 верасня вельмi моцна бамбiлi. Было нясцерпна страшна. Але немагчыма было паверыць у тое, што гэта вайна, блакада. Абстрэльвалi з усiх бакоў. Хавалiся ў бамбасховiшчы, але i там смерць знаходзiла сваiх ахвяраў... Хутка адключылi святло i ваду. Па ваду хадзiлi на Няву. Не стала ацяплення. Каб сагрэцца, на дровы секлi нават мэблю. ...Прадукты харчавання пачалi выдаваць па картках. У лiстападзе 1941 года рабочым давалi па 250 г хлеба на суткi, дзецям i ўтрыманцам — па 125 г. Дзялiлi гэты кавалачак на тры разы — на сняданак, абед i вячэру. Мама, памятаю, кiпяцiла ваду. Мы з братам мачалi ў соль (не памятаю, дзе яе набывалi, але яна была) кавалачак хлеба i запiвалi варам. Пакуль была магчымасць знайсцi на полi бульбу (у асноўным была мёрзлая, гнiлая), хадзiлi туды, пералазячы праз калючы дрот, i збiралi яе. Мама гэтую бульбу дзёрла на тарцы i варыла бульбяны кiсель (так на даўжэй хапала). Кiсель варылi таксама з рамянёў... Збiралi дзе папала шалупiнне ад бульбы i варылi. Iншага выйсця не было... Пазней — у лiстападзе, снежнi, студзенi — iншай ежы, акрамя кавалачка хлеба, якi выдавалi, не было. У канцы снежня з голаду пачалi памiраць людзi. Мой брат пайшоў з жыцця 21 студзеня 1942 года. Ранiцай, а 6-й гадзiне, Сева разбудзiў мяне i папрасiў, каб я перавярнула яго на другi бок. Пасля ён сказаў: "Мiла, дай я цябе пацалую". Але я толькi здзiўлена паглядзела на яго i адышла ўбок. Да сёння не магу дараваць сабе гэтага... Калi я пайшла ў краму па хлеб, Севы не стала. Памятаю, як мама зашыла яго мёртвае цела ў прасцiну i на саначках адвезла ў пункт, адкуль памерлых вывозiлi на могiлкi. ...Трупы былi паўсюль. Iх збiралi, пагружалi на машыны, як дровы, i вывозiлi на могiлкi. Гэта быў жах. (Зiмой 1942 года былi такiя днi, калi на Пiскароўскiя могiлкi прывозiлi да 10 тысяч трупаў. — Аўт.) Маму таксама напаткала галодная смерць. Яна памерла 18 лютага 1942 года. Праз 28 дзён пасля брата. У той дзень я разам з мамай спала ў адным ложку. Мяне быццам хтосьцi разбудзiў. Я прачнулася i пачула яе перадсмяротныя хрыпы. Гэта было пад ранiцу. Нiчога мне сказаць не паспела... Як яе вывозiлi з дому, я не памятаю. У сакавiку пачалася эвакуацыя людзей па Дарозе жыцця, якая праходзiла цераз Ладажскае возера. Мяне забрала жонка майго дзядзькi па бацькавай лiнii. Нас давезлi да Яраслаўля. Праз 1—2 днi я амаль без прытомнасцi трапiла ў дзiцячую бальнiцу на беразе Волгi. Хадзiць я ўжо не магла. Цётка Надзя паехала далей, у Краснаярск, а я засталася ў бальнiцы. Памiраць зусiм не хацелася. Прага да жыцця, яшчэ нязведанага (хоць у свае 11 гадоў давялося "пакаштаваць" шмат чаго), а таксама намаганнi дактароў дапамаглi мне выкараскацца, я пайшла на папраўку. Вось тады я зразумела, што самая вялiкая каштоўнасць у чалавека — гэта яго жыццё. Мабыць, толькi тады пачынаеш цанiць яго, калi апынаешся за адзiн крок ад смерцi... Мне, вiдаць, лёсам было наканавана выжыць... Да мая 1942 года я знаходзiлася ў бальнiцы, пасля чаго мяне адвезлi ў Краснаярск да цёткi Надзi. Жылi мы там да восенi 1944 года, пакуль не дазволiлi вярнуцца ў Ленiнград. Гэты боль, гэты жах, гэтыя ўспамiны — на ўсё маё жыццё. Сцерцi з памяцi такое немагчыма... Летась, акурат пасля Дня Перамогi, Людмiла Паўлаўна наведала Санкт-Пецярбург, i ў першую чаргу — Пiскароўскiя могiлкi, дзе сярод 490 тысяч ахвяраў блакаднага Ленiнграда знайшлi свой вечны спачын яе матуля i брат. — Але, напэўна, больш ужо не давядзецца сюды прыехаць, бо вельмi цяжка хадзiць, ногi ўжо не слухаюцца, ды i выдаткi на дарогу немалыя. Не блiзкi ж свет, — з жалем i шкадаваннем кажа Людмiла Кудзiна. Як жа апынулася ў Ленiнградзе ўраджэнка Магiлёва? У 1937 годзе яе бацьку, Паўла Рыгоравiча Пруднiкава, арыштавалi як "ворага народа". У той час ён выкладаў у Магiлёўскiм педагагiчным iнстытуце педагогiку i псiхалогiю. З-за гэтага яе мацi, Марыя Андрэеўна, не магла нiдзе ўладкавацца на працу. (Яна была настаўнiцай). Таму ў 1940 годзе разам з дзецьмi (Севам i Людай) прыехалi ў Ленiнград, дзе жылi сваякi Паўла Рыгоравiча. Там iх i застала вайна. ...Дзень Перамогi 9 мая 1945 года Людмiла Паўлаўна сустракала ў Ленiнградзе. — На беразе Нявы ў гонар доўгачаканай Перамогi давалi салют, — успамiнае Людмiла Кудзiна. — Людзей было столькi, што, здавалася, "высыпаў" увесь горад. I, мабыць, не было нiводнага чалавека, які б не плакаў. Гэта былi слёзы i радасцi, i смутку, i страху ад таго, што засталася зусiм адна. Я не ведала, што мне рабiць, як жыць далей. Але жыццё расставiла ўсё па сваiх месцах. У 1947—1948 гадах Людмiла Паўлаўна навучалася ў школе ФЗН. Пасля заканчэння працавала на ленiнградскай фарбавальна-ткацкай фабрыцы iмя Жалябава. Мела добрую рэпутацыю. Яе фатаграфiя вiсела на фабрычнай Дошцы гонару. У 50-х гадах у Ленiнградзе праходзiў вайсковую службу хлопец з Барысаўскага раёна прыгажун Яўген. Сустрэў Людмiлу i закахаўся. Яна адказала ўзаемнасцю. У Ленiнградзе ж i ўзялi шлюб. Пасля заканчэння службы Яўген павёз Людмiлу ў родную Беларусь... Лёс пакiдаў iх па свеце, але ў рэшце рэшт аселi ў вёсцы Боркi, што на Барысаўшчыне, на радзiме Яўгена Аксёнавiча. Пусцiлi каранi. Нарадзiлi i выхавалi 11 дзяцей. Пражылi разам у згодзе 53 гады. У 2001 годзе адзначылi залатое вяселле. Але, на жаль, у 2004 годзе жыццё Яўгена Аксёнавiча трагiчна абарвалася... У 1970 годзе Людмiла Паўлаўна ўзнагароджана ордэнам "Мацi-гераiня". Цяпер Людмiла Кудзiна на зiму прыязджае да дзяцей у Мiнск. Вельмi любiць вышываць. Яна не прывыкла сядзець склаўшы рукi, таму калi фiзiчнай працай займацца ўжо не дазваляе здароўе, знайшла для сябе гэты занятак. А якiя цудоўныя карцiны, сурвэткi i iншыя вышыванкi ў яе атрымлiваюцца! Але ўсё ж горада вясковая жыхарка не любiць, кажа, што не звыклая да ўсiх гэтых выгод, што гарадская кватэра для яе — раскоша. У горадзе ёй страшна, бо памяць пра тую жудасную трагедыю, пра галодную смерць родных у яе на вачах i пра тысячы смярцей — на ўсё жыццё. Хоць i кажуць, што самы найлепшы лекар — гэта час, аднак незагойная рана будзе непакоiць яе столькi, колькi яна будзе жыць. Напярэдаднi Дня Перамогi "Звязда" вiншуе Людмiлу Паўлаўну i ўсiх ветэранаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны з гэтым вялiкiм святам i зычыць яшчэ доўгiх гадоў, здароўя, спакою ў душы i мiру на зямлi. Нiзкi вам паклон! Валянцiна БАРКОЎСКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна — адна з тых, для каго шлях па Ладажскім возеры стаў выратавальнай саломiнкай, дарогай жыцця ў лiтаральным сэнсе. Прайшоўшы праз блакаднае пекла,
|
|