Дэпутаты прынялi законапраекты, якiя пашыраць правы грамадзян у атрыманнi якаснага медыцынскага абсл
Дэпутаты прынялi законапраекты, якiя пашыраць правы грамадзян у атрыманнi якаснага медыцынскага абслугоўвання i будаўнiцтва жылля
Парламенцкі дзённiк
Пятнаццаць законапраектаў, якiя закранаюць самыя розныя сферы жыцця
нашага грамадства, разгледзелi ўчора на пленарным пасяджэннi дэпутаты
Палаты прадстаўнiкоў.
У прыватнасцi, у другiм чытаннi разглядаўся праект закона "Аб ахове здароўя". Гэтым законапраектам, дакладней — прапанаванымi змяненнямi i дапаўненнямi — удакладнены палажэннi дзеючага ў краiне закона аб ахове здароўя з улiкам практыкi яго прымянення. Дэпутаты палiчылi, што ёсць неабходнасць удасканалiць прававое рэгуляванне грамадскiх адносiнаў у гэтай галiне, каб больш канкрэтна забяспечыць правы грамадзян на даступную i квалiфiкаваную медыцынскую дапамогу. Аб гэтым заявiў мiнiстр аховы здароўя Васiль Жарко. Паводле яго слоў, дакументам удакладнены шэраг паняццяў. "Законапраектам вызначана паняцце "эўтаназiя", якая ў Беларусi забароненая", сказаў В. Жарко. Як адзначыў, выступаючы перад дэпутатамi, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi Ўладзiмiр Iсаеў, у праекце закона замацоўваецца права грамадзян на даступнае медыцынскае абслугоўванне, у тым лiку на бясплатную медыцынскую дапамогу ў дзяржустановах аховы здароўя за кошт рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Акрамя таго, у праект новай рэдакцыi закона ўвайшлi нормы, якiя вызначаюць такiя вiды меддапамогi, як першасная i спецыялiзаваная, формы — хуткая i планавая медыцынская дапамога. У папраўках замацавана права грамадзян на атрыманне медыцынскай дапамогi за кошт асабiстых сродкаў у дзяржаўных унiтарных прадпрыемствах, арганiзацыях аховы здароўя прыватнай формы ўласнасцi i ў iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Вызначана кола асобаў, якiя маюць права паведамляць iнфармацыю аб стане здароўя пацыента. У законапраекце таксама вызначаныя правы i абавязкi работнiкаў аховы здароўя. У другiм чытаннi разглядаўся i праект закона "Аб iпатэцы". Гэты нарматыўны акт рэгулюе адносiны ў сферы iпатэкi i стварае прававую аснову доўгатэрмiновага iпатэчнага крэдытавання. У законапраекце пералiчаныя падставы ўзнiкнення iпатэкi, а таксама маёмасць, якая можа быць яе прадметам, абавязкi i патрабаваннi, якiя забяспечваюцца iпатэкай. Вызначаецца паняцце закладной як каштоўнай паперы. Прадугледжана, што закладная складаецца заклададаўцам i выдаецца першапачатковаму закладатрымальнiку арганiзацыяй па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомасцi. Кожны наступны ўладальнiк закладной абавязаны зарэгiстраваць пераход да яго гэтага права ў Адзiным дзяржрэгiстры нерухомай маёмасцi. Адзiн з важных абавязкаў заклададаўцы заключаецца ў тым, што ён павiнен застрахаваць прадмет iпатэкi. Страхавы полiс у дадзеным выпадку з’яўляецца гарантыяй пры страце або пашкоджаннi прадмета iпатэкi. Галiна Палянская, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтве, гандлi i прыватызацыi, адзначыла, што прыняты законапраект пашырыць магчымасцi грамадзян па набыццi жылля, забяспечыць развiццё будаўнiчага комплексу, будзе стымуляваць банкаўскую дзейнасць, прывядзе да ажыўлення фiнансавага рынку, рынку каштоўных папер, будаўнiчага рынку. Разам з тым дэпутат падкрэслiла, што для развiцця iпатэкi ў краiне неабходна прыняць яшчэ некалькi законаў, у тым лiку аб будаўнiчых зберажэннях. Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу прыняла таксама ў другiм чытаннi законапраект "Аб ахове працы". Як сказаў член Пастаяннай камiсii па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Iван Талкачоў, прыняцце гэтага дакумента абумоўленае неабходнасцю замацавання на заканадаўчым узроўнi сiстэмы рэгулявання грамадскiх адносiнаў у галiне аховы працы. Законапраект утрымлiвае артыкулы, якiя рэгламентуюць дзейнасць работадаўцаў па забеспячэннi аховы працы.
Устаноўлены таксама патрабаваннi па ахове працы да найбольш траўманебяспечных вiдаў работ: будаўнiча-мантажных, пагрузачна-разгрузачных, складскiх. Праект закона замацоўвае ў тым лiку права работнiкаў на ахову працы. Яны могуць цяпер патрабаваць ад працадаўцаў усю неабходную iнфармацыю аб стане ўмоў сваёй працы, а таксама аб сродках абароны ад уздзеяння шкодных i небяспечных вытворчых фактараў. I, пры неабходнасцi, могуць адмовiцца ад выканання даручанай работы ў выпадку ўзнiкнення непасрэднай небяспекi для жыцця i здароўя. У асобным артыкуле прапiсаныя абмежаваннi на выкананне некаторых вiдаў работ. Так, не дапускаецца прыцягненне грамадзян да работ, якiя iм процiпаказаныя па стане здароўя (пры наяўнасцi медыцынскага заключэння). У законапраекце зафiксаваныя абавязкi працадаўцы. Ён павiнен забяспечыць бяспеку пры эксплуатацыi тэрыторыi, вытворчых будынкаў, абсталявання, тэхналагiчных працэсаў, а таксама эфектыўную эксплуатацыю сродкаў iндывiдуальнай i калектыўнай абароны. Працадаўца абавязаны прымаць меры па прадухiленнi аварыйных сiтуацый, а пры iх узнiкненнi — аказваць пацярпелым неабходную дапамогу, дастаўляць iх у бальнiцы. Працадаўца павiнен ажыццяўляць абавязковае страхаванне супрацоўнiкаў ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiйных захворванняў у адпаведнасцi з заканадаўствам. Праект закона "Аб органах фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю", нягледзячы на шэраг сур’ёзных заўваг i спрэчак з боку парламентарыяў, пасля разгляду быў прыняты ў першым чытаннi. "Прыняцце законапраекта дазволiць павысiць узровень работы органаў фiнансавых расследаванняў i яшчэ больш умацаваць эканамiчную бяспеку дзяржавы", — заявiў, прадстаўляючы законапраект у парламенце, намеснiк старшынi КДК, дырэктар дэпартамента фiнансавых расследаванняў Сяргей Бараноўскi. Праект закона, паводле яго слоў, мае на мэце эфектыўнае ажыццяўленне органамi фiнансавых расследаванняў дзейнасцi па трох асноўных накiрунках — правядзеннi па- датковых i iншых праверак фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi, аператыўна-вышуковым i следчым. Законапраектам таксама вызначаны парадак ужывання супрацоўнiкамi органаў фiнрасследавання фiзiчнай сiлы, спецыяльных сродкаў i зброi. Некаторыя дэпутаты, у прыватнасцi Галiна Мазуркевiч i Анатоль Красуцкi, звярнулi ўвагу калег на тое, чаму органам фiнрасследаванняў дадзена права бесперашкоднага пранiкнення ў памяшканнi ў любы час сутак, "гэта значыць без санкцыi пракурора..." Палата прадстаўнiкоў прыняла на сесii ў другiм чытаннi i законапраект аб прадастаўленнi замежным грамадзянам i асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай i часовай абароны ў Рэспублiцы Беларусь. Як адзначыў старшыня Пастаяннай камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Юрый Кулакоўскi, гэты законапраект запатрабаваны часам, бо развiццё iнтэграцыйных працэсаў абвастрыла праблему мiжнароднай абароны замежных грамадзян, якiя баяцца стаць ахвярамi праследаванняў па прыметах расы, нацыянальнасцi, рэлiгii, палiтычных перакананнях або ўцякаючых ад узброеных канфлiктаў. Падрыхтаваны нарматыўны акт прадугледжвае стварэнне дадатковай абароны замежных грамадзян у Беларусi. З увядзеннем такога iнстытута асобам, якiя атрымаюць дадатковую абарону, будуць выдавацца дазволы на часовае пражыванне ў Беларусi тэрмiнам на 1 год з магчымасцю яго падаўжэння. Паводле слоў Юрыя Кулакоўскага, законапраект атрымаў высокую адзнаку з боку прадстаўнiка Упраўлення Вярхоўнага камiсара ААН па справах бежанцаў у Беларусi i адпавядае мiжнародным нормам. У законапраект аб чыгуначным транспарце (таксама разглядаўся ў другiм чытаннi) унесена некалькi змяненняў, якiя датычацца, у прыватнасцi, пытанняў забеспячэння адзiнства вымярэнняў, страхавання, рэкламы, ахоўнай дзейнасцi. Таксама прапаноўваецца дадаць у закон аб чыгуначным транспарце прадпiсанне, у адпаведнасцi з якiм за дзяржаўным аб’яднаннем "Беларуская чыгунка" замацоўваецца статус камерцыйнай арганiзацыi. Дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў ратыфiкавалi ўчора таксама шэраг мiжнародных пагадненняў Рэспублiкi Беларусь. Анатоль СЛАНЕЎСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутаты прынялi законапраекты, якiя пашыраць правы грамадзян у атрыманнi якаснага медыцынскага абсл Дэпутаты прынялi законапраекты, якiя пашыраць правы грамадзян у атрыманнi якаснага медыцынскага абслугоўвання i будаўнiцтва жылля |
|