Адкат
Адкат
...Да машын Вадзiм прыглядаўся доўга. Па банальнай прычыне: за рулём ламачыны бачыць сябе не хацеў, а на людскае штось — не сабраць было грошай: жонка ў дэкрэтным, двое малых... Аднак, як нi дзiўна гэта гучыць, якраз яны, дзецi, яму i... памаглi. "Пачуўшы звон", меншы яго зашумеў: — Татка, бяём!.. Бяём "Таёту-каёву"! — Не "...карову", а "...каролу", — паправiў большы, а бацька тут жа змiкiцiў, што на гэтую марку машыны "лiшнюю" штуку-другую можа падкiнуць цешча. Ну, па-першае, таму, што карова для яе — жывёлiна свяшчэнная *без перабольшвання), а па-другое, купiць яе хоча, як быццам, не зяць, — унукi просяць. "Не, не дурнi растуць!", — пацешыўся бацька. Тым больш, што тая "...карола" *варта было сесцi за руль!) так пяшчотна абняла яго за спiну-азадак, так паслужлiва падставiла ўсе свае педалi-рычажкi, так цiхутка затахкала на лёгкi паварот ключа, што пытанне паўстала рубам: альбо купiць яе *прычым сёння ж!) альбо памерцi! Пашанцавала — машына не толькi выглядала, цешыла камфортам, яна яшчэ i служыла яму, як новая... Вiдаць таму, убачыўшы на дарозе акурат такую ж i насамрэч новую, але за знакам аварыйнага прыпынку, ён знячэўку стаў, здаў назад, спытаў у "вадзiлкi": — Э-э, што здарылася? — Ды вось... Заглохла, — пацiснула плячыма маладая бландзiнка, — нешта, мусiць, зламалася? — Ды быць таго не можа?! — здзiвiўся Вадзiм. — Маёй 5-ы год i нiколi нiчога, а тут... Ён выйшаў з машыны, сагнуўся над рухавiком, прывычна абмацаў правады, загадаў праз хвiльку: — А ну завядзi. Машына *ну, хто б сумняваўся!) тут жа адазвалася — такiм знаёмым, такiм любiмым тахканнем. Прычым на першы ж паварот ключа. — Кантакт адышоў, — прызнаў Вадзiм. — Драбяза. Можна ехаць. — Дзякуй!.. Вы проста чараўнiк!.. Механiкам дзесь працуеце? — запаважала яго маладзiца. — Не-е. Я — будаўнiк... Шырокага профiлю... — А-а, — зацягнула бландзiнка i лiтаральна прасвiдраваўшы яго рэнтгенаўскiм позiркам, раптам спытала. — А кватэру ў Мiнску можаце зрабiць? — Чаму ж не?.. Я ў Маскве тры штукi рабiў... Бо яно ж ведаеце, з двума спiнагрызамi на зарплату электрыка машыну не купiш — нават такую, як у мяне... Не кажучы ўжо пра вашу. Вечарам наступнага дня яны з напарнiкам ужо хадзiлi па той кватэры, казалi бландзiнцы, што лепш *i трэба!) зрабiць з трубамi-батарэямi, што — з правадамi-выключальнiкамi, што са столямi i са сценамi, што з падлогамi... Гаспадыня слухала, з многiм згаджалася, прымала рашэннi i, што самае галоўнае i прыемнае, ходзячы ўслед з нейкiм маленькiм наварочаным калькулятарам i блакнотам, штось лiчыла, штось пiсала, а вось таргавацца — нават не думала! У канцы ж здзiвiла зусiм: яму, Вадзiку, працягнула ключ ад кватэры i дзве тысячы долараў. Сказала, што гэта — аванс i грошы на пачатак: купляйце, маўляў, усё, што трэба, прывозьце, "рабiце так, як рабiлi б сабе"; праз тыдзень-другi прыеду... Вярнуўшыся дамоў у свой райцэнтрык i загнаўшы машыну ў гараж, яны з напарнiкам напiлiся — ад радасцi: работ у той хаце было, не на месяц i нават не на два, заробкi — iм, падобна, i не снiлiся... Гаспадыня з’явiлася, як абяцала. Праўда, не адна: не iнакш, як з нейкiм прарабам? Бо той, пахадзiўшы па пакоях, ацэнлiва паглядзеў, праверыў, што яны зрабiлi i як, спытаў, што будуць рабiць, стрымана пахвалiў. Ледзь не назаўтра ў кватэры з’явiлася ўся сантэхнiка, патрэбная колькасць сумесяў-раствораў, гiпсакардону, фарбаў, прыгажэннай i, вядома ж, даражэннай плiткi... Толькi працуй, толькi пiшы справаздачы на кожны з вiдаў работ, толькi атрымлiвай грошы... "Во папёрла, во папёрла!" — услых радаваўся напарнiк, з якiм яны працавалi i раней. Але ж, зразумела, не так. Тут, дамовiлiся, з поўнай выкладкай, з васьмi да васьмi, потым — да дзевяцi. І без выхадных. Што, мо, важна — не толькi з-за грошай... Iм, абоiм, прыемна было сустракацца з гаспадыняй, прыемна паказваць усё, што зрабiлi, прыемна чуць пахвалу i атрымлiваць ад яе прэзенты ў выглядзе добрай кавы, гарбаты, дарагiх цыгарэт. Да таго ж — толькi сляпы не ўбачыў бы тут вiдавочнага: у гэтай бiзнэс-вумэн, ну зразумела ж, ёсць сваё кола знаёмых, сяброў, людзей пры грашах. Нехта з iх, ну вядома ж, будзе рабiць рамонт, цi аддзелку кватэры, дабудоўваць дом альбо дачу — у Вадзiма i яго сябрука-напарнiка *калi ўсё атрымаецца) маглi з’явiцца новыя гаспадары-клiенты, пастаянная i, як кажуць, высокааплатная работа не на чужыне, а тут, у гадзiне язды ад дома. Але i гэта яшчэ не ўсё. У адзiн з вiзiтаў гаспадыня — прыгожая, паспяховая i, напэўна ж, адзiнокая — цi то жартам цi то сур’ёзна паабяцала, што завяршэнне работ яны павiнны адзначыць. Не абы дзе, а ў рэстаране! "На "Еўропу" згодны?" — спытала яна. Спытала ў Вадзiма *аднаго, без сведак), пасеяўшы столькi думак... Да вячэры той, да "Еўропы" *а хоць бы i да "Амерыкi" з такiмi заробкамi!) было рукою падаць — даклеiць шпалеры, пакласцi плiтку, пасцялiць паркет. Усё гэта яны з напарнiкам у прынцыпе ўмелi i не раз рабiлi, але ж тут, у гэтай элiтнай кватэры патрэбна была адпаведная якасць. Таму, павагаўшыся, яны ўзялi ў "брыгаду" трэцяга: аблiцоўшчык той быў, як кажуць, ад бога. Праўда... Пасля першага ж дня сваёй працы вырашыў iм аддзячыць, гэта значыць, "праставiць". Адмаўляцца было няёмка: згадзiлiся, выпiлi — тут жа, "у антысанiтарных умовах". Заначавалi *не вялiкае ж панства?) зноў тут жа, на фуфайках.... Ранiцай — пахмялiлiся, але галовы ўсё роўна былi цяжкiмi i рукi дрыжэлi. Селi пагуляць у карты, захапiлiся, зноў дабавiлi. I зноў паснулi... Ноччу Вадзiм уставаў. Па патрэбе. I, магчыма, зноў лёг бы, калi б па дарозе ў свой кут не зачапiўся, не грымнуў на падлогу... Уключыў святло — ля гасцявога туалета ляжалi нейкiя скруткi, стаялi незнаёмыя вялiзныя сумкi. Ад страху працверазеў, расштурхаў сяброў, але нiхто з iх нiчога не чуў, не бачыў, не помнiў. Тады ён подбегам панёсся па кватэры: усё — дарагiя матэрыялы, iнструменты, iх грошы, адзенне — як быццам, было на месцах. Хто ж тады што выносiў? Альбо... прынёс? Асцярожна падступiлiся, разгарнулi — у чорных вялiкiх скрутках былi тры звязаныя... матрацы. З сумак, нiчога не разумеючы, напарнiк стаў даставаць хлеб, каўбасу, кансервы... Спрабуючы сцямiць, адкуль гэта i хто прынёс, Вадзiк кiнуўся да выхаду, але дзверы адчынiць не змог: яны, цяжкiя, жалезныя, былi замкнуты на абодва замкi. Ад верхняга — ключа ў iх не было! I хмелю не стала, нават у памiне — ад адной толькi думкi, што прыходзiла яна, гаспадыня... Калi прыходзiла? Што бачыла? Якi сёння дзень? Колькi яны пiлi? Чаму яна не пабудзiла?.. Ну хоць бы яго, Вадзiма. Ён бы сказаў пра гэтага аблiцоўшчыка, пра тое, што яны тры месяцы, лiчы, без выхадных. Ну расслабiлiся, ну адвязалiся. З кiм не бывае? А яна вунь... Не паверыла, што могуць спынiцца, запёрла, як быдла, кiнуўшы штось пад бок i на стол. Працуйце, маўляў. А дудкi! Першай думкай было пазванiць у мiлiцыю: яна знойдзе i гэтую фарбаваную курыцу i ўправу на яе. Другой — пазванiць ёй самой: абмацюкаць, паслаць... Трэцяй — напакасцiць. Чацвёртай — цвярозае — i што тады? Зрабiўшы ўсе чарнавыя, падрыхтоўчыя работы, чыставыя *а з iмi i асноўную суму грошай) аддаць якомусьцi дзядзьку?.. Не, няма дурных! Ежа ў рот не палезла, — нехаця разышлiся па кутах, сталi працаваць. Аднак работа, такая знаёмая i такая раней любiмая, валiлася з рук — у поўным сэнсе гэтага слова. I ад чаго, здавалася б? Ад глупства — ад таго, што замкнуты дзверы, што яны, трое маладых здаровых мужыкоў, можна сказаць, у рабстве, у турме: не ведаюць, якi сёння дзень, дзе што адбываецца, не могуць выйсцi *хоць яно, i не трэба, як быццам...), не могуць, напрыклад, купiць цыгарэт цi пiва. Да таго ж вунь, пад вокнамi яго, Вадзiмава ластаўка — яго "таёта-каёва", а *шосты паверх!) не спусцiшся, не завядзеш, не паедзеш дамоў, да сваiх. У iншыя днi пра iх, жонак-матак-дзяцей, яны не вельмi што i думалi — ну ёсць i ёсць. Хай жывуць сабе. Цяпер жа — рабiлася страшна. Здавалася, што па закону подласцi, менавiта цяпер, з iмi можа штось здарыцца: бура, пажар, навадненне, нехта, крый Божа, памрэ, зломiць руку, захварэе... Каб тады паспець, даляцець, памагчы, можна было цяпер, у сабакi вочы пазычыўшы, пазванiць гаспадынi, папрасiць прабачэння... Ну i каб адамкнула, выпусцiла... Нешта стрымлiвала. Вадзiм нават ведаў што — сорам. Iх у гэтай кватэры прымалi i трымалi за ча-ла-ве-каў, за людзей, якiя, хай i не скончылi ўнiверсiтэтаў, не нажылi нейкiх фiрмаў-пасад, але варты былi павагi — за свае мазалi, за ўмелыя рукi. Яны ж... Ён уздрыгваў ад кожнага шоргату за дзвярыма, ён, адначасова, панiчна чакаў i гэтак жа панiчна баяўся ўбачыць гаспадыню, сустрэцца з ёй позiркам. Адзiнае, што магло дапамагчы яму, хоць крыху падвысiць, апраўдаць — гэта работа... Завяршыўшы яе на тыдзень раней, чым планавалi i чым абяцалi, Вадзiм набраў патрэбны тэлефон, не пазнаючы свой голас, сказаў, што засталося ўсяго нiчога: "пралачыць" паркет i... выйсцi. Кватэра гатова. Можна, калi яна iм не верыць, запрашаць якiх заўгодна прарабаў, экспертаў i прымаць. Зрабiлi ўсё, як сабе... — Я веру, — перапынiла яго заказчыца. — Да вас прыедзе мой чалавек, прывязе разлiк. Дзякуй... Вадзiк пачаў быў казаць, што гэта ён, гэта яны павiнны падзякаваць ёй. Але яна зноў перапынiла. На гэты раз — цiхiм "прабачце", пасля якога мабiльнiк звычна пiўкнуў, на экране з’явiлася заўсёднае "Связь с абонентом завершена"... Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Да машын Вадзiм прыглядаўся доўга. Па банальнай прычыне: за рулём ламачыны бачыць сябе не хацеў, а на людскае штось — не сабраць было грошай: жонка
|
|