21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бяспеку гарантуюць... прэміi

26.08.2009 10:11 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бяспеку гарантуюць... прэміi

За "моцныя" напоi на працоўных месцах летась скасавана больш за 7 тысяч кантрактаў

Той факт, што ад бяспекi працы залежыць не толькi дэмаграфiя, але i эканомiка, сёння прызнаецца ўсiмi — паводле ацэнак Мiжнароднай арганiзацыi працы няшчасныя выпадкi на вытворчасцi вядуць да страты, прынамсi, 4 працэнтаў сусветнага ВУП. Прычым "нулявога паказчыка" iнцыдэнтаў не мае нiводная краiна ў свеце. Мiж тым, наколькi актуальная праблема вытворчай бяспекi для Беларусi, якiя прафесii з’яўляюцца найбольш "рызыкоўнымi", што часцей за ўсё становiцца прычынай траўмаў i, уласна кажучы, як можна зменшыць колькасць "надзвычайных сiтуацый"? Аб усiм гэтым i iншым мы вырашылi пагутарыць з дырэктарам Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Анатолем Пятровiчам Садаўнiчым. Тым больш, што для сустрэчы ўзнiкла нагода — днямi айчыннай iнспекцыi працы спаўняецца 90 гадоў.

— Як складваецца сiтуацыя з вытворчым траўматызмам у Беларусi? I як у гэтым плане выглядае наша краiна ў параўнаннi з дзяржавамi СНД i Еўрасаюза?

— Змяншэнне паказчыкаў вытворчага траўматызму адбываецца па сутнасцi штогод, i сам па сабе гэта — факт прыемны. Як сведчыць статыстыка, летась на кожныя 100 тысяч работнiкаў у Беларусi прыпадала па 5,7 выпадка траўматызму са смяротным зыходам, тады як, да прыкладу, ва Украiне такi паказчык быў у 1,9, а ў Расii — у 2 разы большым. Прычым ужо за студзень—красавiк сёлета ў параўнаннi з аналагiчным перыядам летась узровень вытворчага траўматызму ў нас зноў знiзiўся — на 35 працэнтных пунктаў.

Сапраўды, такi малюнак атрымаўся не на роўным месцы, ён стаў вынiкам стварэння банка даных арганiзацый з высокiм узроўнем прафесiйнай рызыкi, арганiзацыi навучання тэхнiцы бяспекi, увядзення службаў аховы працы ў арганiзацыях, правядзення месячнiкаў бяспекi ў асобных галiнах i, у рэшце рэшт, штрафных санкцый. Разам з тым асабiста мне не хацелася б залiшне iдэалiзаваць сiтуацыю. Сёння ў нас ужо трэба арыентавацца не на СНД, а на Еўропу. Тады як сярэднi паказчык вытворчага траўматызму ў краiнах Еўрасаюза складае 4—4,5 выпадка на кожныя 100 тысяч работнiкаў. Словам, арыенцiр тут ёсць, i да яго трэба iсцi.

— Адразу ўзнiкае пытанне — якiм чынам?

— Напэўна, не трэба "вынаходзiць веласiпед". Больш нiзкiя паказчыкi вытворчага траўматызму ў Еўропе не ў апошнюю чаргу тлумачацца ўкараненнем сiстэм кiравання аховай працы, iншымi словамi, папярэдняй ацэнкай патэнцыяльнай рызыкi на кожным працоўным месцы i ўкладаннем сродкаў у змяншэнне гэтай рызыкi. Адметна, што тут мы ўжо зрабiлi першыя крокi. Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны сумесна з Дзяржстандартам распрацаваны i зацверджаны дзяржаўны стандарт СТБ 18001-2005 "Сiстэмы кiравання аховай працы". Сам па сабе стандарт з’яўляецца ўнiверсальным — ён падыходзiць для арганiзацый з колькасцю як 10—15, так i 10 тысяч работнiкаў. Стаiць задача, каб новы стандарт дзейнiчаў у кожнай арганiзацыi Беларусi, пры гэтым на сёння сiстэмы кiравання аховай працы маюць больш за 2 тысячы суб’ектаў гаспадарання нашай краiны, iдзе iх i сертыфiкацыя. Прычым укараненне новага стандарту, работа па ахове працы вядуць не толькi да змяншэння колькасцi выпадкаў вытворчага траўматызму, але i "працуюць" на iмiдж самiх арганiзацый. Скажу нават больш: наяўнасць сертыфiката на Захадзе — пацвярджэнне надзейнасцi партнёра, сведчанне таго, што з iм можна заключаць дзелавыя дагаворы.

— Ахова працы — гэта заўсёды грошы. Наколькi выгадна ўкладваць сродкi ў бяспеку?

— Увогуле, адзiн рубель, што ўкладваецца ў бяспеку працы, "вяртаецца" ўтрая. Здаровыя ўмовы на працоўных месцах i адсутнасць надзвычайных здарэнняў — гэта не толькi меншая колькасць "бальнiчных", але i магчымасць эканомii на адлiчэннях па страхаваннi ад няшчасных выпадкаў i прафесiйных захворванняў. Нагадаю, цяпер для арганiзацый, дзе выпадкаў вытворчага траўматызму становiцца больш, базавы страхавы тарыф можа павялiчыцца да 40 працэнтаў. А для арганiзацый, дзе назiраецца паляпшэнне, базавы тарыф можа наадварот змяншацца — да тых жа 40 працэнтаў.

Прычым сiстэма скiдак i надбавак на самай справе працуе. У цэлым летась па абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў i прафзахворванняў прадстаўлены надбаўкi да тарыфаў 3801, а скiдкi — 59 759 арганiзацыям. Такiм чынам, калi ў 2004 годзе мiнiмальны страхавы тарыф складаў 0,1 працэнта ад фонду аплаты працы, то летась — 0,07 працэнта. Адпаведна, сярэднегалiновы тарыф зменшыўся з 0,785 да 0,56, а максiмальны тарыф — з 3,2 да 2,8 працэнта.

— Хто, як правiла, атрымлiвае вытворчыя траўмы ў Беларусi? Цi iснуе своеасаблiвы "рэйтынг" найбольш небяспечных галiн i прафесiй? I што з’яўляецца асноўнымi прычынамi надзвычайных здарэнняў?

— Аналiз паказвае, што найбольш небяспечнымi з’яўляюцца прафесii вадзiцеля аўтамабiля (сярод iх за мiнулы год адзначана 27 выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным заходам), трактарыста-машынiста ў сельгасарганiзацыях (13 чалавек), дапаможнага рабочага (10), цесляра (9), слесара-рамонтнiка (8), вартаўнiка (7), мантажнiка тэхналагiчнага абсталявання i звязаных з iм сiстэм (6), бетоншчыка i электрагазазваршчыка (па 5), жывёлавода, мантажнiка i слесара па рамонце аўтамабiляў (па 4).

Што да галоўных прычын, то летась 20,9 працэнта няшчасных выпадкаў тлумачылася невыкананнем кiраўнiкамi i спецыялiстамi абавязкаў па ахове працы, 19,5 працэнта — парушэннямi працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiны самiмi пацярпелымi, 8,1 працэнта — алкагольным, наркатычным цi таксiчным ап’яненнем, 7,2 працэнта — эксплуатацыяй няспраўнай тэхнiкi, 6,7 працэнта — недахопамi ў навучаннi, 5,6 працэнта — парушэнне патрабаванняў бяспекi iншымi работнiкамi.

Пры гэтым, на жаль, мы вымушаныя канстатаваць як факт — застаецца па-ранейшаму актуальнай тэма п’янства на працоўных месцах. Летась з 229 работнiкаў, якiя загiнулi на вытворчасцi, 81 чалавек (або 35,4 працэнта) знаходзiўся ў стане алкагольнага ап’янення. Так, у 2003 годзе гэты паказчык складаў 44,2 працэнта. Аднак асабiста я перакананы: значнага знiжэння не адбылося, iстотна сiтуацыя не змянiлася. Прынамсi, летась знаходзiлiся ў стане алкагольнага ап’янення ўсе 100 працэнтаў работнiкаў, якiя загiнулi ў арганiзацыях лёгкай i харчовай прамысловасцi, гандлю, спажывецкай кааперацыi. Высокiм гэты паказчык быў таксама ў арганiзацыях сельскай гаспадаркi (75 працэнтаў), будаўнiцтва, прамысловасцi, лясной гаспадарцы (па 33,3 працэнта).

— Нягледзячы на верагоднасць скасавання кантрактаў?

— Летась з-за ўжывання "моцных" напояў на працоўных месцах у Беларусi было скасавана 7160 кантрактаў. Але разам з тым на спыненне працоўных адносiнаў з парушальнiкамi кiраўнiкi iшлi далёка не заўсёды, i асаблiва — кiраўнiкi сярэдняга звяна. А адсюль вынiк: за незабеспячэнне працоўнай дысцыплiны падначаленых i ўтойванне фактаў парушэння iмi працоўнай i вытворчай дысцыплiны былi скасаваныя кантракты з 13 кiраўнiкамi i 13 службовымi асобамi. Так, я разумею, што звальняць спецыялiста заўсёды шкада. Аднак шкадаванне тут не да месца — у рэшце рэшт, гаворка iдзе аб жыццi i здароўi самога парушальнiка.

— Не сакрэт, што адным з напрамкаў прафiлактыкi з’яўляюцца строгiя санкцыi да наймальнiкаў. I цi спрацоўваюць гэтыя меры?

— Калi ў 2006 годзе па традыцыйна праблемных прадпрыемствах камунальнай уласнасцi было выяўлена 128,8 тыс. парушэнняў працоўнага заканадаўства, то летась — 98,2 тысячы. А па прыватных арганiзацыях — адпаведна з 88,5 тыс. да 84,9 тысячы. Прычым не ў апошнюю чаргу гэта стала вынiкам тых самых жорсткiх мераў — штрафы ў дачыненнi да кiраўнiкоў i адказных асобаў спрацоўваюць. Аднак яны вырашаюць не ўсё. Бо непакоiць ужо iншае: калi раней вытворчыя iнцыдэнты перш-наперш адбывалiся ў вынiку недагляду кiраўнiкоў цi выкарыстання няспраўнай тэхнiкi, то сёння самай вострай стала праблема адносiнаў да ўласнай бяспекi самiх работнiкаў.

— У чым тут справа?

— На наш погляд, адна з галоўных прычын тут — матэрыяльная незацiкаўленасць. Так, за грэбаванне тэхнiкай бяспекi работнiк можа пазбавiцца прэмii. Але гэта толькi адна з матывацый i не заўсёды самая эфектыўная. Таму сёння Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны прапрацоўваюцца прапановы па новых метадах матэрыяльнага стымулявання, прэмiравання работнiкаў за выкананне iнструкцый па ахове працы, папярэджанне няшчасных выпадкаў сярод сваiх калег. Бо сiтуацыя даходзiць да абсурду: пры парушэннi тэхнiкi бяспекi нiхто не зробiць нават заўвагi свайму таварышу i ўжо тым больш не скажа аб тым кiраўнiцтву. Чамусьцi ў нас гэта называецца "закласцi". Тым часам як на Захадзе, на якi мы спрабуем арыентавацца, гэта — крок да ўратавання здароўя цi нават жыцця.

— Мiж тым, яшчэ адзiн i не менш важкi стымул працоўнай дысцыплiны — заробкi. Цi стабiлiзавалася сiтуацыя з iх выплатай?

— Калi ў 2006 годзе доля арганiзацый, у якiх падчас праверак былi знойдзены факты парушэнняў тэрмiнаў выплаты зарплаты, складала 14,5, то летась — 11,9 працэнта. Прычым колькасць арганiзацый, у якiх праблемы са своечасовымi разлiкамi зацягвалiся больш чым на тры месяцы, наблiзiлася да нуля.

Падобную акалiчнасць можна патлумачыць як паляпшэннем агульнага эканамiчнага стану, так i больш сумленным стаўленнем наймальнiкаў да сваiх абавязкаў. I, да слова, гэта ж прывяло да скарачэння колькасцi суб’ектаў гаспадарання, якiя плацiлi сваiм работнiкам зарплату ў памеры менш за "мiнiмалку": у 2006 годзе падобныя парушэннi былi выяўлены ў 0,8, а летась — у 0,7 працэнта ад агульнай колькасцi правераных арганiзацый.

Гутарыў Сяргей ГРЫБ.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За "моцныя" напоi на працоўных месцах летась скасавана больш за 7 тысяч кантрактаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика