Мсціслаўскiя рыбачкi
Мсціслаўскiя рыбачкi
Ранiца на возеры ў вёсцы Мушына. На зялёных берагах месцяцца нямала рыбакоў, сярод якiх вылучаюцца дзве жанчыны. — Дзе вашы мужыкi, чаму вы тут адны ловiце? — крычыць iм сусед з вудай. — Яны дома, сёння надвор’е дрэннае, часам дожджык — вось i даводзiцца берагчы моцны пол, — смяюцца ў адказ рыбачкi. Насамрэч Нiна Гуркова i Наталля Грэкава выязджаюць на азёры часцей за сваiх мужоў. Для гэтых жыхарак Мсцiслава рыбалка стала самым любiмым хобi. Сяброўкi па рыбалцы Нiна родам з Браслаўшчыны, расла побач з возерам, i ўсё сваё дзяцiнства разам з дарослымi лавiла рыбу. Спачатку сваякi шкадавалi падымаць малую а 4-й ранiцы, але пасля таго, як маленькая рыбачка некалькi разоў як след паплакала, мужчыны не вытрымалi i далучылi дзяўчынку да лоўлi рыбы. Цяпер, у свае 48 гадоў, кiраўнiца фотастудыi пры Доме дзiцячай творчасцi Мсцiслава ўсё яшчэ заўзятая рыбачка: калi пачынаецца добры клёў, яна разам са сваёй сяброўкай Наталляй Іванаўнай кiдае справы i агарод, хапае снасцi i нясецца стрымгалоў на возера. У Наталлi Iванаўны — iншая гiсторыя. Захапленне рыбалкай нечакана прыйшло да яе пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Замест таго, каб звыкла сядзець перад тэлевiзарам i сачыць за жыццёвымi праблемамi герояў серыялаў, пенсiянерка стала бегаць на рыбалку! Яна спачатку прыглядалася да мужа i сына, якiя часам лавiлi рыбу, потым зацiкавiлася ды сама ўзяла ў рукi вуду. Цярплiвасцi ёй не займаць — усё жыццё Грэкава адпрацавала майстрам па рамонце гадзiннiкаў. I цяпер яна стала першай здабытчыцай рыбы ў сям’i. Лядоўнi рыбачак на халодны сезон запаўняюцца свежазамарожанай рыбай, якую спажывае ўся сям’я! Усеагульная справа Дарма што рыбалка лiчыцца мужчынскай прывiлеяй. — Проста мужыкi адчуваюць сябе больш свабоднымi за нас! — лiчаць мсцiслаўскiя рыбачкi. Так, адны мужчыны здзiўлена паглядаюць на жанчын з вудамi. Iншыя, здараецца, злуюцца i вiнавацяць iх у адсутнасцi клёва. Яны проста ўпэўненыя, што жанчынам, як i на караблi, на рыбалцы няма месца. Але калi Нiна ды яе сяброўка наловяць па вядру рыбы, то тут пярэчыць не выпадае, бо гэта важны аргумент у спрэчцы рыбакоў. Iдзе спаборнiцтва i ўнутры сем’яў. Рыбу ўзважваюць дома i вымяраюць самую вялiкую. Як выявiлася, лiдарства ад полу не залежыць, аднак вынiкi спаборнiцтва сведчаць, што жанчыны не гуляюцца. Яны — сур’ёзныя канкурэнткi рыбакоў-мужчын. На другiм беразе птушкi крычаць у высокiх старых дрэвах: нiбыта падбадзёрваюць рыбакоў. Сусед жанчын цягае рыбак з возера адну за адной. "Я яе задобрыў, каб ведала, да каго iсцi", — усмiхаецца рыбак. — Рыбалка — не жаночая i не мужчынская, а ўсеагульная справа, — сур’ёзна выказаўся Валерый Дзмiтрыевiч з Крычава. — У мяне жонка таксама ловiць рыбу, i часам паболей за мяне. Гэта здаровая справа: раю апошнiя 15 тысяч рублёў не на гарэлку выдаткаваць, а на вуду i налавiць рыбы, каб было што есцi. Я рыбы налаўлю сабе, дзецям i ўнукам. Ды яшчэ i задавальненне атрымаю. Нi хваста, нi лускi! Аказваецца, менавiта так гучыць найлепшае пажаданне рыбаку. — Аднак сёння не самая лепшая рыбалка, таму што надвор’е неспрыяльнае — часам дожджык i вецер, — скардзiцца Наталля Iванаўна. I праўда, за гадзiну рыбалкi ў вёдрах жанчын — толькi па дзесятку карасёў. Што ж, удача рыбака — справа пераменлiвая. Учора добра клявала на Святым возеры ў Мсцiславе, а сёння ад ранiцы толькi аднаму чалавеку там удалося злавiць адну рыбку. Таму спадарства паспяшалася перамясцiцца ў Мушына. Але з таго часу, як рыбачкi, не адыходзячы ад справы, даюць iнтэрв’ю, iм удалося злавiць толькi некалькi невялiкiх рыбiн. Пытаннi i адказы адцягваюць увагу ад паплаўка. — Сёння рыба клюе на манку, а пярлоўку i чарвяка не захацела, — тлумачаць жанчыны. — Тут пiльнасць i спрыт патрэбныя, бо рыбы iмгненна цягаюць корм з кручка. Рыба — разумная i хiтрая iстота! Сёлета вялiкiх уловаў яшчэ не было, а вось леташнi сезон мсцiслаўскiя рыбачкi нiколi не забудуць: як клявалi буйныя, па 500—600 грамаў, карасi на возеры ў вёсцы Мазалава, такога даўно не было! Можна было i мех рыбы налавiць за некалькi дзён. — Для рыбацкай удачы патрэбныя азарт i цярплiвасць, — лiчыць Наталля Iванаўна. — I проста чакаць, пакуль клюне! Хвароба, але здаровая Рыбалка абсалютна ўпiсваецца ў здаровы лад жыцця чалавека. Ну цi не прыемная справа? Свежае паветра, прырода, спакой. Цiшыня навокал — азёры далёкiя ад грукату паселiшчаў. Калi iдзе клёў, то нават не да сяброўскiх размоў. Назiраннем за вадой добра лячыць нервовыя хваробы гараджан. Але самае галоўнае — не прырода i не спакой, а азарт! Калi iдзе добры клёў — не да прыгажосцяў роднага краю! — Калi недзе добра клюе рыба, у мяне ўся хатняя гаспадарка абрынаецца, — з усмешкай прызнаецца Нiна. — Спакою няма — бягу на рыбалку. Гэта хвароба! Падаецца, нiчога больш не патрэбна — сядзела б тут на беразе цэлы дзень. Наталля Iванаўна са свайго досведу ўпэўненая: для таго, каб стаць рыбачкай, трэба толькi аднойчы ўзяць у рукi вуду. А калi ўдасца выцягнуць рыбку — дык потым за вушы ад рыбалкi не адцягнеш, чалавека зацягвае. Яна расказвае пра сваю ўнучку Алесю, малодшую школьнiцу. Малая не лянуецца падымацца на золку, каб бегчы на рыбалку. I калi ёсць клёў, лiчыць, што "дзень, дзякуй Богу, не сапсаваны". — I не трэба казаць, што няма часу, — загадзя адмятае Наталля Iванаўна пярэчаннi гараджанак, якiя жывуць у вечных клопатах. — Я сёння а 5-й ранiцы паднялася, каб сваiм мужчынам прыгатаваць абед. А потым паехала на рыбалку. Альбо позна ўвечары кручуся перад плiтой, каб дарвацца да любiмай справы. Кожны можа знайсцi вольны час — было б толькi жаданне! Парады маладым рыбачкам Захапленне рыбалкай патрабуе ўмення i пэўных выдаткаў. Па-першае, снасць. Вуда можа каштаваць прыблiзна ад 15 да 75 тысяч рублёў. Нiна Гуркова раiць каляжанкам за дарагавiзнай не гнацца, а набыць лёгкую вуду, каб добра трымаць у руках. Экiпiроўку ў камуфляжных колерах, якую вельмi любяць мужчыны-рыбакi, мсцiслаўскiя рыбачкi не набываюць. Спартыўны касцюм, куртка, гумавыя боты — дастаткова цяпер, а калi будзе сонечна i спякотна — шорты, капялюш i сонечныя акуляры. Грошы лепей зберагчы на бензiн для аўтамабiля альбо на бiлеты, бо да азёраў трэба дабiрацца. Жанчыны з Мсцiслава i iх сем’i звычайна збiраюцца ў рыбацкiя кампанii: так танней i весялей. Iдэальныя ўмовы для рыбалкi — гэта добрае надвор’е. Калi пагодныя ўмовы мяняюцца альбо дзьме паўночны вецер — лепей не марнаваць час, рыба наўрад цi клюне. Пачынаць лоўлю трэба а 6-й ранiцы, а яшчэ лепей — а 4-й. Потым клёў будзе толькi ўвечары. Каб выехаць на рыбалку, прыгатуйце падкормку. Сёння на карася варылi бульбу ды гарох. Трэба выкапаць чарвякоў у гноi — да гэтай справы з цягам часу прызвычаiшся; нагатаваць пярлоўкi — галоўнае, не пераварыць, каб добра сядзела на кручку. — З сабой узяць манку i разбавiць яе вадой з возера, дзе будзеце лавiць рыбу, — расказвае Наталля Iванаўна. — Калi сумесь разбухне, дадаць кропляў анiсу. I, калi ласка, можна пачынаць! Пасля рыбалкi самая цяжкая справа — гэта чыстка рыбы. Калi выпадае разбiрацца з драбязой, то працэс займае некалькi гадзiн. Чысцiць рыбу нiхто не любiць. Як сказаў адзiн рыбак: "Калi б жонка рыбу не чысцiла, я б яе не лавiў. Не, папраўлюся: лавiў бы, але выпускаў назад у возера!" Нiна падзялiлася яшчэ адным каштоўным жаночым вопытам: можна далучаць да чысткi рыбы зяця, якi нiколi не рашыцца адмовiць любiмай цешчы. Працоўныя павiннасцi для мужа, на жаль, зрабiць удаецца значна радзей. Эканамiчна выгаднае хобi — Рыбалка цэнiцца яшчэ i таму, што мы ўжываем самую свежую рыбу, якая больш карысная для арганiзма i менш каларыйная ежа, — адзначае Нiна. Уся рыба, нават самая драбяза, iдзе ў справу. З самых маленькiх рыбак робяць катлеты ды хатнiя кансервы, з сярэднiх — таранку, вялiкiя экзэмпляры замарожваюць i смажаць. — Сённяшнi ўлоў я пасмажу, — абяцае Наталля Iванаўна. — Карасiкi вельмi смачныя, салодкiя. I косцi з храбцiнкай лёгка аддзяляюцца. Дробная рыба смачнейшая за буйную — гэта дакладна. Але самай карыснай рыбнай стравай жанчына лiчыць усё ж катлеты. Справа ў тым, што акрамя галоў i плаўнiкоў, у справу iдзе рыба цалкам, з багатымi на кальцый касцямi. Аднак iх зусiм не адчуваеш, бо фарш з дробнай рыбы трэба тройчы прапусцiць праз мясарубку. Туды, паводле мсцiслаўскага рэцэпта, трэба дадаць крыху сала, часнок i спецыi. Абваляць катлеткi ў муцэ альбо сухарах, на патэльню — i гатова смачнасць! А сям’я Нiны аддае перавагу рыбным кансервам. Для iх падыдзе таксама невялiкая рыба, якую трэба змясцiць у хуткаварку з цыбуляй, морквай, таматным соўсам, смятанай, алеем, лаўровым лiстом i духмяным перцам. Да гэтай сумясi дадаць крыху вады i гатаваць 40 хвiлiн. Гавораць, што такая кансерва па смаку i карысцi не iдзе нi ў якое параўнанне з прамысловымi, якiя прадаюцца ў крамах. Суседзi i калегi Нiны часам смяюцца з яе ды жартам называюць "Рыбачкай Соняй". Асаблiва калi тая поле грады ўдзень, у самую спякоту, каб зберагчы час для ранiшняй i вечаровай рыбалкi. Але i з зайздрасцю паглядаюць на "каралi" на хаце: Таранку Гуркова вывешвае пад марляй прама на сцены. Не ўсе разумеюць страсць жанчыны да рыбалкi, але рыбны пачастунак падабаецца ўсiм! А яшчэ ёсць адна рыбацкая показка: гавораць, што Бог адлiчвае гадзiны, якiя ты сядзiш на рыбалцы, i падаўжае на iх жыццё. Мсцiслаўскiя рыбачкi ў гэта вераць. А вы?..Гэты фотаздымак зрабіў чэрыкаўскі журналiст Iван Сулiмаў на рацэ Сож. Прыгажуня-рыбачка — Юлiя Кавалёва, 20-гадовая магiляўчанка. Яна вучыцца ў Беларуска-Расiйкiм унiверсiтэце на эканамiста. А рыбалка — яе хобi з маленства. Разам з сям’ёй яна едзiць да сваякоў на Чэрыкаўшчыну i з задавальненнем ловiць рыбу. — Мацi любiць пасядзець на беразе i паглядзець удалечыню, а мы з бацькам ловiм рыбу, — летуценна расказвала Юля, якая сёлета выйдзе з вудай на бераг яшчэ толькi па заканчэннi сесii. — Мая самая вялiкая рыба — гэта паўкiлаграмовы карась. Для мяне гэта вялiкае дасягненне! Мне падабаецца i працэс лоўлi рыбы, i адпачынак на прыродзе, i салёная сушаная рыба. Хутчэй бы на рыбалку! Iлона Iванова.Мсцiслаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ранiца на возеры ў вёсцы Мушына. На зялёных берагах месцяцца нямала рыбакоў, сярод якiх вылучаюцца дзве жанчыны. |
|