Поспехі айчынных будаўнiкоў цэментуе сучасная навука
Поспехі айчынных будаўнiкоў цэментуе сучасная навука
За апошняе дзесяцiгоддзе ў нашай краiне зроблены значныя крокi ў прымяненнi маналiтнага бетону. Паўсюднае ўжыванне яго ў будаўнiцтве сучасных каркасных i бескаркасных жылых дамоў стала рэальнасцю i паказвае высокую тэхналагiчную эфектыўнасць пры вядзеннi работ круглы год. Радуе тое, што псiхалагiчны бар’ер у праекцiроўшчыкаў i будаўнiкоў у адносiнах да маналiтнага бетону, яго якасцi i ўласна зiмняга бетанавання практычна зняты. Гэта адбылося ў першую чаргу дзякуючы навукова-даследчым i ўкараняльным работам рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства па будаўнiцтве "Інстытут БелНДIС" па стварэннi айчынных канкурэнтаздольных апалубачных сiстэм, апалубачных тэхналогiй iнтэнсiўнага будаўнiцтва розных будынкаў, тэхналогiй маналiтнага бетону, якiя выкарыстоўваюцца пры любым надвор’i, энергазберагальных тэхналогiй бетанавання, што забяспечвае высокую якасць i неабходныя тэмпы будаўнiцтва. Кiраўнiк iнстытута Мiхаiл МАРКОЎСКI лiчыць: сёння будаўнiкi атрымалi канкурэнтаздольныя тэхналогii будаўнiцтва з маналiтнага бетону, што забяспечвае тэмпы ўзвядзення жылых будынкаў — 2—3 паверхi, а ў шэрагу выпадкаў i да 4 паверхаў у месяц. Зараз у iнстытуце назапашаны значны вопыт распрацоўкi i ўкаранення апалубачных тэхналогiй узвядзення маналiтных канструкцый на будоўлях Беларусi i Расii. Мiхаiл Маркоўскi родам з Драгiчынскага раёна. Пасля заканчэння Брэсцкага iнжынерна-будаўнiчага iнстытута працаваў канструктарам стальных металаканструкцый на адным з заводаў Мiнска. Незаменную практыку будаўнiчай пляцоўкi атрымаў у ваенна-будаўнiчым атрадзе Балтыйскага флоту. Пасля службы пачалася праца ў iнстытуце, дзе Мiхаiл Пiлiпавiч прайшоў усё прыступкi службовай лесвiцы, пачынаючы ад старшага iнжынера. Займаў пасады загадчыка лабараторыi, намеснiка дырэктара па навуковай рабоце. Кандыдат тэхнiчных навук. Аўтар больш за 230 навуковых прац. Прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы нарматыўных дакументаў, напiсаў некалькi кнiг i падручнiк, прысвечаныя тэхналогii маналiтнага бетанавання. Маналiтны "Iзумруд ведаў" Пры ўзвядзеннi складаных па канфiгурацыi будынкаў без новых тэхналогiй не абысцiся. Невыпадкова ў апошнiя часы позiркi архiтэктараў i праекцiроўшчыкаў скiраваны да канструкцый з маналiтнага жалезабетону, якi дазваляе рэалiзаваць любыя смелыя iдэi. Яркiм прыкладам гэтага з’яўляецца будынак Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, дзе архiтэктурныя iдэi канструкцыйна цалкам увасоблены ў маналiтным жалезабетоне. У замежнай практыцы да будаўнiцтва складаных i ўнiкальных аб’ектаў з маналiтнага бетону прыцягваюцца выключна лепшыя фiрмы, якiя займаюцца тэхналогiямi будаўнiцтва з ужываннем сучасных апалубачных сiстэм. У свой час Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва РБ упершыню даручыла спецыялiстам РУП "Iнстытут БелНДIС" весцi навуковае суправаджэнне такога складанага аб’екта, як Нацыянальная бiблiятэка Беларусi. Мэтай суправаджэння былi распрацоўка i ўкараненне новых тэхналогiй узвядзення маналiтных канструкцый, якiя забяспечваюць заканчэнне будаўнiцтва ўсяго комплексу ў зададзеныя кароткiя тэрмiны. Каркас будынка з 27 паверхаў вышыннага кнiгасховiшча сумесна з лесвiчна-лiфтавым блокам з’яўляецца самым складаным з пункту гледжання тэхналогii ўзвядзення. Вызначаныя дырэктыўныя тэрмiны ўзвядзення аб’екта разам з аддзелкай — 32 месяцы пры нарматыўным тэрмiне 71 месяц — патрабавалi выкарыстання хуткасных тэхналогiй будаўнiцтва маналiтных канструкцый i круглагадовага вядзення бетонных работ. Бадай самым складаным момантам у будаўнiцтве бiблiятэкi стала ўзвядзенне маналiтных канструкцый, якiя расшырылiся ўверх з 4 па 10 паверхi з адмоўным ухiлам пад 45 градусаў. Сцены з вялiкiм вуглом нахiлу практычна немагчыма апалубiць з дапамогай рыштаванняў, якiя навешваюцца на сцены. Вядучыя фiрмы прапаноўвалi сваю тэхналогiю з закупкай спецыяльнага абсталявання за мяжой. Беларускiя тэхнолагi ўзялiся за вырашэнне гэтай задачы без закупкi замежнага абсталявання. РУП "Iнстытут БелНДIС" была распрацавана i рэалiзавана тэхналогiя ўзвядзення нахiленай сцяны па тэхнiчных, тэхналагiчных i эканамiчных паказчыках, якiя намнога перавышалi замежныя аналагi. Такая тэхналогiя толькi на гэтай сцяне дазволiла цалкам адмовiцца ад iмпарту дарагiх рыштаванняў, што прынесла эканамiчны эфект ад iмпартазамяшчэння каля 4—5 мiльёнаў еўра. Увогуле ж пры ўзвядзеннi маналiтнага бетоннага каркаса Нацыянальнай бiблiятэкi выкарыстоўвалiся сiстэмы апалубкi айчыннай i замежнай вытворчасцi. Разам з тым было прыменена шмат iндывiдуальных рашэнняў спецыялiстаў iнстытута, бо для гэтага аб’екта ўвогуле не iснавала пэўных гатовых сiстэм апалубкi. У асобных выпадках да апалубачных сiстэм былi прыменены нестандартныя падыходы, якiя на першы погляд здавалiся нават авантурнымi, але былi дасканала разлiчаны i на практыцы прынеслi станоўчы вынiк. Тэхналагiчнасць маналiтных канструкцый на працягу ўсяго будаўнiцтва неаднаразова разглядалася i карэкцiравалася сумеснымi намаганнямi навукоўцаў, праекцiроўшчыкаў i будаўнiкоў, бо яна звязана не толькi з тэрмiнамi будаўнiцтва, але i цалкам паўплывае на эканамiчнасць i якасць маналiтных канструкцый. Экспертамi падлiчана, што сумарны эканамiчны эфект толькi ад укаранення апалубачных тэхналогiй i iмпартазамяшчэння апалубкi дасягнуў 10 мiльёнаў еўра. Мiнбудархiтэктуры адзначыла, што будаўнiчая навука на гэтым аб’екце ў рамках навуковага суправаджэння прадэманстравала сваю высокую квалiфiкацыю пры вырашэннi складаных тэхналагiчных праблем. Каркас падземнай "Сталiцы" будаваўся менш года Шырокi спектр выкарыстання маналiтнага бетону i высокi прафесiяналiзм беларускiх навукоўцаў i будаўнiкоў дазваляе рэалiзоўваць смелыя iдэi i ў падземных збудаваннях. Праект падземнага грамадска-гандлёвага цэнтра "Сталiца" на плошчы Незалежнасцi ў Мiнску меў даволi ўнушальныя габарыты: даўжыня 308 м, шырыня — ад 88 да 94 м, глыбiня — ад 13 да 16 м, плошча тыповага паверха — 23 тыс. кв. м. Будаўнiцтва гэтага складанага аб’екта было даручана ААТ "Мiнскпрамбуд". Творчае супрацоўнiцтва работнiкаў трэста i спецыялiстаў iнстытута БелНДIС дазволiла рэалiзаваць на практыцы новыя iнтэнсiўныя апалубачныя тэхналогii. Сцiслыя тэрмiны ўзвядзення падземнага збудавання патрабавалi сумяшчэння земляных работ па выкопваннi катлавана i бетонных на фундаментнай плiце. У сувязi з гэтым навукоўцамi iнстытута яшчэ на стадыi распрацоўкi апалубачных тэхналогiй было прапанавана адмовiцца ад усiх элементаў, якiя выступаюць, рэкамендавана выкарыстоўваць суцэльную маналiтную плiту замест рабрыстых плiт i паўсюдна гладкую столь. Гэта дазволiла паскорыць тэмпы будаўнiцтва i павысiць якасць узвядзення аб’екта. Усе базавыя канструкцыi падземнага горада былi выкананы з маналiтнага жалезабетону без нiводнага зборнага элемента. Пры будаўнiцтве гэтага аб’екта агульны аб’ём выкарыстанага бетону дасягнуў 66 тысяч кубаметраў. Трэба адзначыць, што пры ўзвядзеннi маналiту ў першую чаргу былi задзейнiчаны айчынныя канкурэнтаздольныя апалубачныя тэхналогii, якiя былi створаны ў iнстытуце БелНДIС пад кiраўнiцтвам кандыдата тэхнiчных навук Мiхаiла Маркоўскага. Вынiкам паточнага будаўнiцтва гэтага аб’екта, якое вялося практычна "з колаў", стала тое, што зямлю пад катлаван капалi сучаснымi механiзмамi i грунт вывозiлi машынамi год i тры месяцы, а каркас з маналiтнага жалезабетону ўзвялi менш чым за год. Тэрмiны будаўнiцтва ўсяго аб’екта наогул былi скарочаны амаль у два разы. Узвядзенне ўнiкальных помнiкаў — па сiлах Па даручэннi кiраўнiцтва Мiнска РУП "Iнстытут БелНДIС" распрацаваў апалубачную тэхналогiю ўзвядзення маналiтных канструкцый шатра "Храма-помнiка ў гонар Усiх Святых у памяць бязвiнна забiтых у Айчыне" ў сталiцы па вулiцы Калiноўскага. У саборах такога тыпу выкарыстоўваецца самая складаная архiтэктура па геаметрыi. Унушальныя памеры збудавання па вышынi (67 метраў да асновы крыжа) i складанасць геаметрычных формаў маналiтных канструкцый храма патрабавалi смелых i нестандартных тэхналагiчных рашэнняў. Распрацаваная iнстытутам тэхналогiя дазволiла весцi будаўнiчыя работы з мiнiмальнымi затратамi працы i выдаткамi, i адмовiцца ад набыцця дарагой замежнай апалубачнай тэхнiкi. Усе работы па маналiтным бетанаванні былi выкананы прадпрыемствам "Маналiт" дзякуючы распрацаваным iнстытутам тэхналогiям усяго за 2 месяцы. Узвядзенне гэтага аб’екта паказала, што маналiтны бетон можа паспяхова "сябраваць" з усiмi архiтэктурнымi формамi. Будучыня за вышынным будаўнiцтвам Сёння сiстэма вышыннага будаўнiцтва ў нашай краiне патрабуе самай пiльнай увагi на ўсiх узроўнях. Вядома, што ўзвядзенне будынкаў, вышэйшых за 75 метраў, адносiцца да вышыннага будаўнiцтва. Аднак, паводле iнфармацыi дырэктара Беларускага навукова-даследчага iнстытута будаўнiцтва Мiхаiла Маркоўскага, у Беларусi па такiм будаўнiцтве пакуль няма амаль нiякiх нарматыўных дакументаў. Разам з тым пераход да вышыннага будаўнiцтва ў нашай краiне абавязкова б вызначыў iстотны скачок у тэхнiчным прагрэсе па ўсiх напрамках — у праектнай справе, архiтэктуры, iнжынерных камунiкацыях, тэхналогiях i г.д. У суседнiх Расii i Ўкраiне гэты напрамак зараз бурна развiваецца. Паводле апошнiх даных, Кiеў наладзiць у хуткiм часе будаўнiцтва да 100 хмарачосаў. Там адшукваюцца для гэтага i фiнансавыя сродкi, i арганiзацыi-забудоўшчыкi. Аднак для ўзвядзення вышынных будынкаў у нашай краiне трэба спачатку вырашыць шэраг праблемных момантаў, якiя будуць узнiкаць пры ажыццяўленнi такога будаўнiцтва. Адна з актуальных задач датычыцца тэхналогii ўзвядзення вышынных пабудоў. Калi пры ўзвядзеннi збудаванняў да 100 метраў яшчэ магчыма выкарыстоўваць бетон класаў В-40 i В-50, то для будынкаў вышынёй каля 200 метраў неабходна мець бетон В-80, В-90 i вышэйшага класа. Маскоўскiя спецыялiсты асвоiлi выраб бетону В-80 i В-90, дзе розных дабавак прысутнiчае амаль столькi, колькi самога цементу. Такi бетон мае асаблiвыя ўласцiвасцi, патрабуе спецыяльных метадаў кантролю. Увогуле ў свеце iснуе ўсяго каля дзесятка буйных арганiзацый, якiя практыкуюць узвядзенне вышынных будынкаў. Яны валодаюць карпаратыўнай iнфармацыяй, якая пiльна захоўваецца. У хмарачосаў вельмi складаныя iнжынерныя сiстэмы. Напрыклад, выкарыстанне звычайнага для нашых дзевяцiпавярховак смеццеправода робiцца немагчымым, таму прапануюцца спецыяльныя затворы або кантэйнеры. Нельга ў такiх будынках наладжваць па ўсёй вышынi традыцыйны водаправод i каналiзацыю. Вельмi высокiя патрабаваннi да лiфтавага абсталявання. Як будзе функцыянаваць сiстэма геадэзiчнага кантролю i манiторынгу? На якiм узроўнi i якiм чынам будзе падтрымлiвацца сiстэма процiпажарнага забеспячэння? Пытанняў без дакладных адказаў застаецца пакуль даволi шмат, але яны ўзнімаюцца i паступова вырашаюцца. Зараз iдзе напрацоўка нарматыўных дакументаў па гэтым накiрунку. Да iх распрацоўкi сёння прыцягваюцца вядучыя спецыялiсты i калектывы практычна ўсiх навуковых i праектных iнстытутаў краiны. Праект нарматыўных дакументаў па вышынным будаўнiцтве на стадыi распрацоўкi атрымлiвае шмат заўваг з боку айчынных i замежных спецыялiстаў. Гэтыя заўвагi будуць абавязкова разглядацца i ўлiчвацца. Трэба адзначыць, што ў Кiеве, Маскве i ў многiх краiнах замежжа за аснову ўзвядзення вышынных будынкаў пакладзены менавiта маналiтны жалезабетон, з якiм беларускiя будаўнiкi "сябруюць" усё часцей. На дадзеным этапе беларускiя эксперты вывучаюць вопыт будаўнiцтва вышынных будынкаў на прыкладзе розных навуковых распрацовак у iншых краiнах свету. Вянец супрацоўнiцтва будаўнiкоў i навукi На гэты час бадай самай галоўнай будоўляй краiны лiчыцца ўзвядзенне ў сталiцы грандыёзнага комплексу "Мiнск-Арэна". Культурна-спартыўны комплекс складаецца з чатырох самастойных збудаванняў: цэнтральнай арэны на 15 тысяч гледачоў, канькабежнага стадыёна, велатрэку i паркiнгу. Генеральным падрадчыкам аб’екта з’яўляецца адна з лепшых будаўнiчых арганiзацый — ААТ "Мiнскпрамбуд". Карэспандэнту "Звязды" пашчасцiла наведаць гэты аб’ект разам з намеснiкам тэхнiчнага дырэктара "Мiнскпрамбуда" Сяргеем МАРАЛIНЫМ i дырэктарам БелНДIСа Мiхаiлам МАРКОЎСКIМ. — Дапамога навукоўцаў заключаецца ў падборы вiдаў бетону, распрацоўцы канфiгурацый i тыпаў апалубкi, вызначэннi i распрацоўцы сiстэм, якiя падтрымлiваюць канструкцыi пры маналiтным будаўнiцтве i гэтак далей, — расказвае Сяргей Маралiн. — Цi справiлiся б вы без навуковага суправаджэння па маналiтным жалезабетоне з боку iнстытута БелНДIС пры ўзвядзеннi аб’ектаў такой складанасцi? — Усё магчыма зрабiць i ўласнымi сiламi, але... Пры навуковым суправаджэннi многiя нават каверзныя задачы вырашаюцца значна лягчэй i хутчэй. Акрамя гэтага, навуковыя ноў-хаў, што прапануюцца iнстытутам i ўкараняюцца намi на такiх буйных аб’ектах, дазваляюць атрымлiваць iстотны эканамiчны эфект. Гэта даволi вялiкiя грошы, якiя эканомiць i наша арганiзацыя, i дзяржава. — Калi мы толькi пачыналi будаўнiцтва комплексу "Мiнск-Арэна", то па стартавым праекце разлiчвалi ўкласцiся ў 50 тысяч кубiчных метраў бетону, — працягвае распавядаць Сяргей Маралiн. — Пасля сур’ёзнай дадатковай распрацоўкi ўжо зараз на ўзвядзеннi задзейнiчана амаль 70 тысяч кубiчных метраў такога бетону. Вы чуеце, як зямля вакол гудзе? Дзякуючы прапановам навукоўцаў працэс узвядзення "Мiнск-Арэны" не спыняецца нi на хвiлiну на ўсiх будаўнiчых пляцоўках комплексу. Эксперты-будаўнiкi канстатуюць, што як i пры будаўнiцтве Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, так i на комплексе "Мiнск-Арэна" пры рэальным праектаваннi адбываецца ўскладненне маналiтных канструкцый у параўнаннi з першапачатковымi архiтэктурнымi чарцяжамi. Тэмпы будаўнiцтва ў гэтым выпадку iстотна скарачаюцца. Вiдавочна, што пры сцiслых тэрмiнах будаўнiцтва i высокiх тэмпах узвядзення тэхналагiчнасць маналiтных канструкцый робiцца галоўным фактарам. Спецыялiсты адзначаюць, што ўпершыню ў айчыннай практыцы ўзвядзенне такога маштабнага комплексу ажыццяўляецца практычна адначасова па ўсiх чатырох самастойных збудаваннях. — Пры будаўнiцтве комплексу "Мiнск-Арэна" супрацоўнiкi нашага iнстытута не толькi навукова суправаджаюць узвядзенне аб’екта, але i рэальна распрацоўваюць у рабочым парадку тэхналогii, схемы i карты па будаўнiцтве аб’ектаў, дзе выкарыстоўваецца маналiтны бетон, — паказвае "кухню" супрацоўнiцтва дырэктар Беларускага навукова-даследчага iнстытута будаўнiцтва Мiхаiл Маркоўскi. — Якiя схемы расстаноўкi апалубкi, як яе ўмацоўваць, як перасоўваць, дзе рабiць iндывiдуальную апалубку, як яе выкарыстоўваць? На гэтыя i iншыя больш складаныя спецыфiчныя пытаннi мы даём дакладныя адказы i прапануем слушныя рэкамендацыi. Часам даводзiцца рабiць прапановы па канструкцыях. Так, раней праекцiроўшчыкi збiралiся рабiць ступеньчатую столь, але нашы спецыялiсты запэўнiлi, што лепш выкарыстоўваць гладкую паверхню, i гэта будзе хутчэй i танней. У вынiку якасць збудавання ад гэтага толькi выйграла. Даволi паспяхова працуем па мадыфiкаванаму бетону, дзе прапануем розныя саставы, рэжымы, умовы i правiлы бетанавання зiмой або летам, кантралюем трываласць бетону. Шмат прапаноў па комплексу зроблена iнстытутам на стадыi праектных рашэнняў з улiкам тэхналогii ўзвядзення аб’екта. — Мiхаiл Пiлiпавiч, на ваш погляд, будаўнiцтва трэба весцi сумесна з навуковым суправаджэннем на ўсiх буйных аб’ектах? — Нас запрашаюць для супрацоўнiцтва амаль заўсёды ў тых выпадках, калi будуецца сапраўды складаны аб’ект, калi патрэбна выкарыстоўваць незнаёмую тэхналогiю, смелыя метады i iншыя неардынарныя рашэннi — усё тое, што робiцца ў Беларусi ўпершыню. Я цалкам упэўнены: няхай лепш навукоўцы здзейсняць рацыянальны экспромт на паперы, чым рызыкаваць экспромтам непасрэдна пры будаўнiцтве. Эксперыментаваць у будаўнiцтве заўсёды атрымлiваецца сабе даражэй. Апошнiм часам навука сапраўды робiцца вытворчай сiлай, бо тое, што мы прапануем, i тое, што робiм (пакуль не ў масавым парадку) прыносiць пэўны эканамiчны эфект. Менавiта таму нам будаўнiкi i давяраюць, усё часцей кансультуюцца. Цяпер ужо ўсiм бачны вынiкi нашага супрацоўнiцтва, калi ў гарадах узводзяцца сапраўды ўнiкальныя аб’екты пры навуковым суправаджэннi iнстытута. — Усе будтрэсты гэта разумеюць? — Раскрыю вам адзiн сакрэт. Iснуе адна заканамернасць: менавiта перадавыя будаўнiчыя арганiзацыi даволi актыўна сябруюць з нашым iнстытутам, а вось тыя, якiя адстаюць... Мабыць, у iх не хапае часу цi няма жадання супрацоўнiчаць з навукоўцамi. Мы адкрыты для ўсiх. Сапраўдны ўзор плённага супрацоўнiцтва з навукай паказвае генеральны падрадчык грандыёзнага комплексу "Мiнск-Арэна" — славутае прадпрыемства ААТ "Мiнскпрамбуд". Першы маналiтна-каркасны жылы дом быў узведзены гэтай арганiзацыяй. I першыя складаныя аб’екты з маналiтнага бетону былi зроблены таксама iмi. Падземны грамадска-гандлёвы цэнтр "Сталiца" быў узведзены калектывам зноў жа Мiнскпрамбуда. Узведзеныя ўнiкальныя аб’екты гавораць аб сур’ёзных прафесiйных напрацоўках прадпрыемства. Менавiта гэтае будаўнiчае аб’яднанне дэманструе дастойнае i ўзаемавыгаднае супрацоўнiцтва навукi i вытворчасцi i атрымлiвае станоўчыя вынiкi. Iнстытут разам з ААТ "Мінскпрамбуд" дасягнулi зараз такога ўзроўню супрацоўнiцтва, што ўспрымаюць праблемы i прапановы адзiн другога амаль iнтуiтыўна. Сёння ўсе навiнкi па маналiтным бетоне выкарыстоўваюцца першымi менавiта спецыялiстамi Мiнскпрамбуда. Упэўнены, што галоўнай прыкметай канкурэнтаздольнасцi будаўнiчых арганiзацый у сучасных умовах з’яўляецца саюз з навукай. Пасля наведвання "Мiнск—Арэны" карэспандэнт "Звязды" больш грунтоўна пагутарыў з дырэктарам навукова-даследчага рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства па будаўнiцтве "Iнстытут БелНДIС" Мiхаiлам МАРКОЎСКIМ. — Летась iнстытут адзначыў сваё 50-годдзе. Цi ўдаецца вам захоўваць накопленыя за гэты час багатыя традыцыi? — Станаўленне калектыву iшло ў пасляваенныя гады i, па сутнасцi, адтуль i пачалася прыкладная беларуская будаўнiчая навука. Да слова сказаць, у iнстытуце i сёння працуе нямала ветэранаў, якiя аддалi будаўнiчай навуцы ўсё жыццё. У нас i зараз працуюць два спецыялiсты, якiя працягваюць сваю прафесiйную дзейнасць з дня заснавання iнстытута. Адзiн з iх — доктар тэхнiчных навук, прафесар Мiкалай Паўлавiч Блешчык, заслужаны дзеяч навукi, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii. Гэты чалавек i зараз у страi i з’яўляецца прыкладам для калег, у тым лiку i для мяне. Яшчэ некалькi супрацоўнiкаў прыйшлi ў iнстытут фактычна школьнiкамi, потым скончылi ВНУ i з’яўляюцца вядучымi спецыялiстамi. Ёсць цэлыя дынастыi — працуюць ужо дзецi i ўнукi. Не дзiва, што БелНДIС стаў сапраўднай кузняй навуковых кадраў. У нас цудоўны прафесiйны калектыў, якi складаецца з унiкальных спецыялiстаў, яны дакладна ведаюць сваю справу. За кожным накiрункам стаiць канкрэтны чалавек або група людзей, iм давяраюць у мiнiстэрстве i ў будаўнiчых арганiзацыях. Захоўваецца пераемнасць лепшых традыцый. Маладым дапамагае трывала станавiцца на ногi ўласная аспiрантура, самы надзейны спосаб узрасцiць вучонага — праз аспiрантуру, якая так блiзка, як наша, стаiць да вытворчасцi. — Якiя новыя накiрункi будаўнiчай навукi сёння разглядаюцца ў iнстытуце? — У блiжэйшай перспектыве нас чакае складаная, але i цiкавая праца ў сферы вышыннага будаўнiцтва. Пачынаем з распрацоўкi ўсiх неабходных нарматыўных дакументаў. Паралельна будзем энергiчна займацца распрацоўкай тэхналогii хуткаснага ўзвядзення аб’ектаў з выкарыстаннем новых высокатрывалых бетонаў, а таксама новымi канструкцыямi фундаментаў i спадарожнымi напрамкамi вышыннага будаўнiцтва. — Аб якой паверхавасцi, на ваш погляд, пры вышынным будаўнiцтве жылых дамоў можа iсцi гаворка на першым этапе ажыццяўлення гэтага напрамку ў нашай краiне? — Хутчэй за ўсё, гэта будуць будынкi па 40—50 паверхаў. Мне здаецца, што на першым этапе ў Беларусi трэба пачынаць будаваць хмарачосы вышынёй да 100 метраў. Для ўзвядзення такiх вышынных аб’ектаў неабходна спачатку наладзiць адпаведную тэхналогiю будаўнiцтва, атрымаць пэўны практычны вопыт будаўнiцтва. Сёння мы не гатовыя iсцi на рэкорды з большымi вышынямi як па фiнансавых затратах, так i па тэхнiчных параметрах. Хмарачосы больш за 100 метраў з’яўляюцца ўнiкальнымi i вельмi адказнымi збудаваннямi, якiя будуюцца не на 25 гадоў, а мiнiмум на стагоддзе. Толькi ўтрыманне такiх будынкаў мае найвышэйшую ступень складанасцi, у сiстэму якой уваходзiць ахова самога аб’екта, сучаснае пажаратушэнне, сiстэма назiрання за будынкам, навуковы манiторынг магчымых адхiленняў. Гэтай сiстэмай трэба навучыцца кiраваць. — Пры падрыхтоўцы макетаў будучых айчынных хмарачосаў будуць выкарыстоўвацца распрацоўкi сучасных перадавых "вышыннiкаў"? — Дакладна капiраваць ужо iснуючыя тэхналогii па гэтым накiрунку мы не збiраемся. Сучасныя сусветныя напрацоўкi будуць абавязкова карэкцiравацца з улiкам беларускiх эканамiчных i iншых умоў, спецыфiкi падрыхтоўкi айчынных кадраў i г.д. Разам з тым, нягледзячы на мiжнародны аўтарытэт, мы збiраемся прапанаваць i шэраг уласных напрацовак, якiя былi паспяхова выкарыстаны пры ўзвядзеннi ўнiкальных аб’ектаў з маналiтнага жалезабетону. — Наколькi вядома, яшчэ адным новым напрамкам iнстытута стане падрыхтоўка да прымянення новай тэхналогii поўназборных iндывiдуальных дамоў на аснове металiчнага каркасу? — Так, такiя дамы магчыма будзе ўзводзiць не толькi ў вёсках i аграгарадках, але i ў якасцi прыватных сядзiбаў у прыгарадах сярэднiх i буйных гарадоў. Каркас такiх будынкаў будзе ўзводзiцца з ацынкаваных танкасценных профiляў таўшчынёй усяго да 2 мiлiметраў. Зборка будзе ажыццяўляцца простымi метадамi — шрубамi, гайкамi, без зваркi, у ручным рэжыме. Пасля гэтага ставiцца ацяпляльнiк i апрацоўваецца сучаснымi матэрыяламi. Такая тэхналогiя дазволiць узводзiць iндывiдуальныя жылыя дамы любой канфiгурацыi з рознымi архiтэктурнымi рашэннямi. — Як хутка такiя дамы могуць з’явiцца ў беларускiх населеных пунктах? — На першым этапе будаўнiцтва такiх дамоў будзе ажыццяўляцца ў якасцi эксперыменту сумесна з Маладзечанскiм заводам лёгкiх металаканструкцый. Сёння завадчане закупiлi ў Расii неабходную колькасць профiляў для зборкi аднаго такога дома. Пасля будаўнiцтва дома такой канструкцыi будзем падлiчваць усе магчымыя плюсы i мiнусы пабудовы. Трэба дакладна ведаць, колькi такi дом рэальна каштуе, якая якасць выгод; будзе вымерана цеплатэхнiка i акустыка. Пасля гэтага з’явiцца рашэнне аб будаўнiцтве такога жылля ў вялiкiх маштабах, або аб тым, што пакуль варта крыху пачакаць. З улiкам таго, што кошт асноўных будаўнiчых матэрыялаў сёння хутка павялiчваецца i маецца дэфiцыт квалiфiкаваных будаўнiкоў, магчыма, што новая тэхналогiя, якая дазваляе ўзводзiць дамы з мiнiмальнай працаёмкасцю, будзе запатрабавана нават у тых выпадках, калi сабекошт такога жылля будзе крыху большым за цэннiк iснуючых традыцыйных аб’ектаў. — Заказчыкамi на навуковае суправаджэнне вашага iнстытута з’яўляюцца буйныя будтрэсты. Наколькi выгадна iм карыстацца вашымi паслугамi? — Перадавыя будтрэсты i арганiзацыi ўкараняюць сучасныя навуковыя распрацоўкi, якiя прапаноўвае наш iнстытут, i такiм чынам значна павялiчваюць сваю канкурэнтаздольнасць. Калi б у нашай краiне з’явiўся магутны эканамiчны стымул укаранення будаўнiчых ноў-хаў, тады мы разам дасягнулi б яшчэ большых поспехаў. Зараз супрацоўнiцтва з навукай дазваляе арганiзацыям эканомiць, але рэальна будтрэсты ад гэтай эканомii атрымлiваюць мiнiмальны эфект. Пакуль такое супрацоўнiцтва з навукоўцамi падтрымлiваецца амаль на голым энтузiязме. Так, у перадавых арганiзацыях энтузiясты-прафесiяналы займаюцца новымi распрацоўкамi не столькi для атрымання сённяшняй выгады, але галоўным чынам для перспектывы будучага развiцця вытворчасцi. — Мiхаiл Пiлiпавiч, на ваш погляд, па якiм шляху павiнна развiвацца будаўнiчая навука ў Беларусi блiжэйшым часам? — Адразу заўважу, што фiнансаванне навуковых распрацовак галоўным чынам ажыццяўляецца з боку Мiнбудархiтэктуры. Без цэнтралiзаванага фiнансавання новыя распрацоўкi ажыццявiць было б немагчыма. Зараз супрацоўнiкi iнстытута актыўна займаюцца распрацоўкай па многiх навуковых напрамках: канструкцый будынкаў, матэрыялаў i тэхналогiй хуткаснага будавання з давядзеннем распрацовак да нарматыўнай базы РБ. У Расii i ва Ўкраiне ў будаўнiчым заканадаўстве iснуе блытанiна i часам беззаконне. Айчынныя ж спецыялiсты зараз распрацоўваюць вельмi шмат неабходных дакументаў. Трэба добра ўсведамляць, што новыя нарматывы — гэта новыя тэхналогii i новыя будаўнiчыя матэрыялы, якiя раскрываюць дарогу ў будучыню. У блiжэйшай будучынi будаўнiчая навука абавязкова скажа сваё важкае слова ў рэалiзацыi маштабных задач па жыллёвым будаўнiцтве. Знiжэнне яго тэрмiнаў, павышэнне якасцi i ўтрыманне нiзкага сабекошту — сапраўдная прастора для ўкаранення навуковых даследаванняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошняе дзесяцiгоддзе ў нашай краiне зроблены значныя крокi ў прымяненнi маналiтнага бетону. Паўсюднае ўжыванне яго ў будаўнiцтве сучасных каркасны
|
|