Няма перашкоды. Да ўваходу?
Няма перашкоды. Да ўваходу?
Закон "Аб папярэджанні iнвалiднасцi i рэабiлiтацыi iнвалiдаў" можа быць прыняты ў другiм чытаннi ўжо ў чэрвенi. Прычым, на думку ўдзельнiкаў выязнога пасяджэння пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў, сама па сабе гэта тэма становiцца ўсё больш актуальнай. Колькасць людзей з абмежаванымi магчымасцямi расце. Толькi ў Мiнску штогод становяцца iнвалiдамi па 9 тысяч чалавек, i ў тым лiку каля 4 тысяч асобаў у працаздольным узросце, а таксама больш за паўтысячы дзяцей. Не ў якасцi, а ў... колькасцi Перавышэнне паказчыкаў смяротнасцi над нараджальнасцю i станоўчы дэмаграфiчны "баланс". У гэтым плане адносна iншых рэгiёнаў Беларусi Мiнск з’яўляецца прыемным выключэннем. Але адначасова з натуральным ростам насельнiцтва ў буйнейшым горадзе краiны павялiчваецца i колькасць жыхароў з абмежаванымi магчымасцямi. Цяпер у сталiцы налiчваецца 108,1 тысячы iнвалiдаў, а гэта на 0,8 працэнта цi на 874 чалавекi больш, чым яшчэ год таму. Зразумела, што ўзровень iнвалiднасцi не ў апошнюю чаргу залежыць ад якасцi паслуг аховы здароўя. Але не толькi. Не менш важкiмi аказваюцца аб’ектыўныя прычыны, скажам, паступовае павелiчэнне сярэдняга ўзросту сярэднестатыстычнага мiнчанiна цi нават... поспехi перынатальнай медыцыны. Паводле слоў старшынi камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Дзмiтрыя Пiневiча, за некалькi гадоў паказчыкi смяротнасцi сярод немаўлят у сталiцы знiзiлiся з 5,6 да 2,9 прамiле, у дадзеным выпадку Мiнск апярэдзiў многiя краiны Еўропы. Аднак выпадае казаць i пра адваротны бок медаля. Урачы сталi ўсё часцей "выцягваць" складаных немаўлят, толькi вось затым iх значная частка мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Дзеля справядлiвасцi, нельга скiдваць з рахункаў i чыста суб’ектыўныя нюансы. Практычна кожны пяты смяротны выпадак, вялiкая колькасць выпадкаў iнвалiднасцi ў сталiцы становяцца прамымi наступствамi злоўжывання алкаголем i тытунём. На працягу апошнiх гадоў сумная статыстыка нiяк не звязана нi з кантрафактнай гарэлкай, нi са спiртазмяшчальнымi вадкасцямi, нi з самагонам. Труцяцца цалкам "легальнымi" напоямi, а ў сваю чаргу гэта — пытаннi перадазiроўкi i, у рэшце рэшт, культуры пiцця. Таму, зазначыў Дзмiтрый Пiневiч, медыкi цалкам падтрымлiваюць тую ж прапанову забароны курэння i ўжывання ў грамадскiх месцах нават "лёгкiх" спiртных напояў, прычым не толькi пiва, але i... джын-тонiка. Абутак не раскоша Штогод праз Мiнскi гарадскi цэнтр медыцынскай рэабiлiтацыi дзяцей з псiханеўралагiчнымi захворваннямi праходзяць каля 2 тысяч жыхароў сталiцы ва ўзросце ад 6 месяцаў да 18 гадоў. Праблемай адных з’яўляецца каардынацыя рухаў, другiх — паходка, але большасць маюць страшны дыягназ — дзiцячы цэрабральны паралiч. — Склалася практыка агляду дзiцяцi як мiнiмум 5 спецыялiстамi, у нас ёсць методыкi, магчымасцi падрабязнай дыягностыкi, магнiтатэрапiя, iголкатэрапiя, кiнезатэрапiя, электралячэнне, лагапедычная карэкцыя i iншыя напрамкi, — кажа дырэктар цэнтра Аляксандр Якаўлеў. — Прычым пасля рэабiлiтацыйнага курсу тыя цi iншыя зрухi да лепшага адзначаюцца ў 85 працэнтаў дзяцей. Аднак нельга не заўважыць: вельмi важна, калi ўсё ж пачалося лячэнне. Найбольшы прагрэс назiраецца ў дзяцей, якiя патрапiлi сюды ва ўзросце да 3 гадоў, тады як разлiчваць на значнае паляпшэнне пры пачатку рэабiлiтацыi 14-гадовага падлетка, на жаль, ужо цяжка. Не сакрэт, што "старт" рэабiлiтацыi не ў апошнюю чаргу залежыць ад бацькоў. Зноў-такi сям’я ўплывае i на канчатковы вынiк, бо адна справа проста абмежавацца знаходжаннем у цэнтры, i зусiм iншая — працягнуць работу з дзiцем дома. Але менавiта тут нельга не ўзгадаць адзiн момант. Калi колькасць дзяцей-iнвалiдаў у краiне складае каля 28 тысяч, то дзяцей з асаблiвасцямi развiцця — 127 тысяч чалавек. І тут атрымалася такая раскладка. У дзяцей-iнвалiдаў права на бясплатнае забеспячэнне тэхнiчнымi сродкамi рэабiлiтацыi ёсць, тады як у дзяцей з асаблiвасцямi развiцця — няма. Дапаможныя сродкi апошнiм даводзiцца купляць. Тым часам, наколькi гэта па кiшэнi ўсiм, можна меркаваць з наступнага: кошт пары артапедычнага абутку даходзiць да 200 тысяч рублёў. I, вядома, што адной пары ў год дзiцяцi будзе мала. — Прыкметна больш, чым артапедычны абутак, каштуе карсет для папярэджання скалiёзу, якi таксама, па меры росту дзiцяцi, неабходна перыядычна мяняць, — падкрэслiвае старшыня пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Сяргей Камянецкi. — Таму ў дадзеным выпадку на самай справе ёсць праблема, i яе трэба вырашаць. Бо сiтуацыя выглядае проста: можна зэканомiць на прадстаўленнi сродкаў тэхнiчнай рэабiлiтацыi сёння i ў той жа час атрымаць iнвалiда заўтра. Прычым што будзе ў рэшце рэшт танней для дзяржавы — яшчэ невядома. Палёгка для бацькоў Няма сумненняў, што медыцынская дапамога дзiцяцi-iнвалiду заўсёды застанецца актуальнай. Разам з тым не варта забывацца на адукацыю. Атрымаць яе могуць далёка не ўсе, аднак факт застаецца фактам: дзякуючы спецыяльным праграмам i iндывiдуальным заняткам амаль палова выхаванцаў цэнтраў карэкцыйна-развiваючага навучання i рэабiлiтацыi сталiцы практычна даганяе сваiх аднагодкаў, пры гэтым многiя трапляюць у звычайныя школы, а пазней набываюць прафесii. Зрэшты, у самых горшых выпадках элементарныя навыкi самаабслугоўвання цi паводзiнаў за сталом — гэта таксама поспех. — У адрозненне ад савецкiх часоў у нас прызнана, што дзяцей, якiя не паддаюцца навучанню, i што дзецi з адхiленнямi ў здароўi зусiм не абавязкова павiнны знаходзiцца ў спецыялiзаваных установах, — адзначае дырэктар цэнтра карэкцыйна-развiваючага навучання Партызанскага раёна Мiнска Людмiла Дрозд. — Вось чаму, каб разгрузiць бацькоў, даць магчымасць працаўладкавацца, час заняцца ўласнымi справамi, мы сталi працаваць па дзесяць з паловай гадзiн у дзень i, апроч таго, стварылi кругласутачныя групы i групы выхаднога дня. Як падкрэслiваюць у цэнтры, асноўная мэта стварэння кругласутачных i "выхадных" груп — дапамагчы захаваць сям’ю. Да слова, попыт на такiя групы вялiкi. Праўда, усё ж трэба зрабiць заўвагу: пакуль у Мiнску яны працуюць толькi ў Партызанскiм раёне. Нiколi не лiшнiя грошы Тэма працаўладкавання iнвалiдаў пасля дасягнення паўналецця была няпростай заўсёды. Сапраўды, у 6 вучылiшчах сталiцы ёсць групы для моладзi з абмежаванымi магчымасцямi, выдаюцца накiраваннi на прафнавучанне праз цэнтры занятасцi, сёлета ў арганiзацыях горада для iнвалiдаў забранiравана 300 месцаў. Аднак любая работа пачынаецца... з дазволу ўрача. А такi дазвол даецца далёка не кожнаму. Выйсце? — Каб даць занятак усiм, хто па ўзросце ўжо не можа наведваць цэнтры карэкцыйна-развiваючага навучання i не трапляе ў дамы-iнтэрнаты, пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання раёнаў сталiцы напрыканцы мiнулага года адчынiлiся аддзяленнi дзённага знаходжання iнвалiдаў, — распавядае старшыня камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Анатоль Ражанец. — Зараз аддзяленнi наведваюць 240 чалавек, да iх паслуг прапануюцца самыя розныя гурткi, спартыўныя трэнажоры, камп’ютары. Прычым на будучае мы вывучаем варыянты стварэння пры аддзяленнях працоўных майстэрняў — гэта дазволiць iнвалiдам зарабiць не толькi грошы, але i стаж для прызначэння больш высокай пенсii. Пандус плюс, прыступкi мiнус Адна з асаблiвасцяў сталiцы — гарадская праграма дадатковай сацыяльнай падтрымкi. У рамках гэтай праграмы непрацуючым мiнчанам, што даглядаюць iнвалiда I групы, састарэлага ва ўзросце больш за 80 гадоў цi дзiця-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў, прадстаўляецца штомесячная дапамога ў памеры мiнiмальнай пенсii па ўзросце, асобы, што знаходзяцца на надомным абслугоўваннi i цалкам страцiлi магчымасць рухацца, могуць раз у месяц бясплатна скарыстацца пральняй i раз у два месяцы — цырульняй, непрацуючым iнвалiдам I i II груп, якiя атрымлiваюць сацыяльныя пенсii па iнвалiднасцi з дзяцiнства, робiцца даплата ў памеры 50 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце, iнвалiдам-калясачнiкам аплачваюцца рэабiлiтацыйныя абанементы ў Беларускiм пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры. Сёлета, паведамiў Анатоль Ражанец, у Мiнску было праведзена поўнае абследаванне ўмоў жыцця iнвалiдаў-калясачнiкаў, лiквiдавана чарга на атрыманне пакаёвых крэсла-калясак. Нарэшце, таксама адметны напрамак — стварэнне безбар’ернага асяродку. Толькi за мiнулы год у сталiцы купiлi 384 аўтобусы i тралейбусы з нiзкай пасадачнай пляцоўкай, а доля аб’ектаў сацыяльнай iнфраструктуры, якiя абсталяваныя пандусамi, павялiчылася да 57,7 працэнта. Прычым у 2010 годзе сталiца плануе выйсцi на 100 працэнтны паказчык. Але... — Стварэнне безбар’ернага асяродку з’яўляецца менавiта той праблемай, на якую трэба звяртаць увагу дэпутатам як цяперашнiм, так i новага склiкання, — мяркуе старшыня пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Сяргей Камянецкi. — Бо калi-нiкалi бачна: пандус каля адмiнiстрацыйнага будынка ёсць. Аднак унутры самога будынка засталiся звычайныя цяжкапераадольныя прыступкi. Атрымлiваецца, што грошы патрачаныя, а вынiк — амаль нулявы. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закон "Аб папярэджанні iнвалiднасцi i рэабiлiтацыi iнвалiдаў" можа быць прыняты ў другiм чытаннi ўжо ў чэрвенi. Прычым, на думку ўдзельнiкаў |
|