"Еўраварыянт" для Беларусі?
"Еўраварыянт" для Беларусі?
На слыху На думку экспертаў, узрост выхаду на пенсiю мужчын i жанчын у нашай краiне павiнен складаць 62 гады? Стары Свет паступова становiцца "старым" у прамым сэнсе. Пры гэтым паступовае павелiчэнне сярэдняга ўзросту еўрапейцаў вядзе да абвастрэння сiтуацыi з пенсiямi. Любыя варыянты выйсця тут успрымаюцца неадназначна, i асаблiва — папулярныя практычна ва ўсiх заходнiх краiнах прапановы павялiчыць пенсiйны ўзрост. Мiж тым, таксама не сакрэт: праблема паступовага старэння насельнiцтва датычыцца i Беларусi. Як гэта адаб’ецца на стане айчыннай пенсiйнай сiстэмы i наколькi актуальная тэма павышэння пенсiйнага ўзросту для нас? З такiмi пытаннямi карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да начальнiка аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяны Аляксандраўны ПАГОНЫШАВАЙ. — Напэўна, нельга спрачацца: трываласць пенсiйнай сiстэмы непасрэдна залежыць ад дэмаграфiчнай сiтуацыi. Як можна ацанiць яе ў Беларусi? — Сёння пенсii па лiнii органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне выплачваюцца 2 млн 448,4 тыс. грамадзян, што складае чвэрць насельнiцтва краiны. Сапраўды, гэты паказчык застаецца практычна нязменным на працягу амаль дзесяцi гадоў. Але ў той жа час даводзiцца канстатаваць, што ў структуры дэмаграфiчнай нагрузкi ўдзельная вага пажылога насельнiцтва расце. Калi ў 1970 годзе на 1000 чалавек у працаздольным узросце прыпадала 308 асобаў, якiя дасягнулi агульнага пенсiйнага ўзросту, i 586 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, то летась — ужо 342 i 260 адпаведна. Так, у апошнiя гады ў нас павялiчвалася як колькасць, так i доля насельнiцтва ў працаздольным узросце. Паводле даных статыстыкi, на пачатак мiнулага года ў працаздольным узросце знаходзiлася больш за 6 млн грамадзян Беларусi, цi 62,4 працэнта ад агульнай колькасцi насельнiцтва — гэта абсалютны максiмум за вельмi працяглы перыяд. Аднак ужо сёлета малюнак зменiцца на адваротны: колькасць працаздольнага насельнiцтва стане знiжацца. А колькасць i доля асобаў, якiя перасягнулi працаздольны ўзрост — расцi. Адпаведна, суадносiны гэтых груп будуць пагаршацца, а значыць, можа пагоршыцца i стан пенсiйнай сiстэмы — нагадаю, што фiнансаванне пенсiй робiцца за кошт бягучых адлiчэнняў працуючай часткi насельнiцтва. Пры гэтым шматлiкiя даследаваннi i прагнозы паказваюць, што дэмаграфiчныя працэсы з’яўляюцца незваротнымi цi, прынамсi, сiтуацыю магчыма змянiць толькi за некалькi дзесяцiгоддзяў. Такiм чынам, калi зараз узрост больш за 60 гадоў маюць 18 працэнтаў, то ў 2025 годзе гэты паказчык чакаецца на ўзроўнi 27 працэнтаў. А ў вынiку паўстае праблема фiнансавання пенсiй. I гэтую праблему трэба вырашаць. — У Беларусi ўжо прынятае рашэнне аб вывадзе льготных пенсiй па ўмовах працы i за выслугу гадоў з агульнай пенсiйнай сiстэмы. Што гэта дае? — Гэта дасць пэўную палёгку пенсiйнай сiстэме. Але недастатковую i да таго ж у больш аддаленай перспектыве. Словам, кардынальным чынам становiшча пры дапамозе гэтай меры не змянiць. — У такiм разе застаюцца два шляхi — павелiчэнне тарыфу "пенсiйных" адлiчэнняў працуючых грамадзян або павышэнне пенсiйнага ўзросту. Якi з гэтых варыянтаў "падыходзiць" для нашай краiны? — Цяпер у Беларусi толькi на выплату пенсiй накiроўваецца 29 працэнтаў ад фонду аплаты працы i плюс да таго па 1 працэнту пералiчваецца з iндывiдуальных заробкаў. Гэта — адзiн з самых высокiх тарыфаў на постсавецкай прасторы. I яго павелiчэнне надалей — прамы шлях да стрымлiвання заробкаў i знiжэння канкурэнтаздольнасцi эканомiкi ў цэлым. Таму застаецца толькi другi варыянт — змяненне пенсiйнага ўзросту. Такiм шляхам цяпер iдуць не толькi заходнееўрапейскiя краiны, але i краiны былога СССР. I ў тым лiку краiны з больш маладым, чым у нас, насельнiцтвам. Скажам, летась узрост выхаду на пенсiю ў Азербайджане i Малдове складаў для мужчын 62, а для жанчын — 57 гадоў, Казахстане, Таджыкiстане i Кырзызстане адпаведна 63 i 58 гадоў, Лiтве — 62 года 6 месяцаў i 60 гадоў, Латвii — 62 гады i 61 год 6 месяцаў (з далейшым павелiчэннем таксама да 62 гадоў), Арменii — 63 i 61, Эстонii — 63 i 60. Прычым узрост выхаду на пенсiю жанчын у Арменii i Эстонii паступова будзе даведзены да 63 гадоў. — Цi рабiлiся ацэнкi, якiм павiнен быць "прымальны" пенсiйны ўзрост у Беларусi? — На думку як мiжнародных, так i нацыянальных экспертаў, такi ўзрост можа быць вызначаны ў 62 гады. — Удакладнiм: i для жанчын? — Так. Пры гэтым аднолькавы ўзрост для мужчын i жанчын мэтазгодна ўстанавiць з цэлага шэрагу прычын. Увогуле, "разбежку" ва ўзросце выхаду на пенсiю вынайшлi ў Германii з даволi простай мэтай — даць магчымасць выйсцi на пенсiю мужу i жонцы адначасова. Бо падчас узяцця шлюбу рознiца памiж мужам i жонкай, як правiла, складала 5 гадоў. Зразумела, што справядлiвасць такога падыходу з’яўляецца чыста ўмоўнай. Тым больш, што ёсць iншы, неаспрэчны факт: большую працягласць жыцця маюць якраз жанчыны. I гэта не наша нацыянальная асаблiвасць, падобнае назiраецца ва ўсiм свеце. Як вынiк, шмат у якiх дзяржавах пенсiйны ўзрост выроўнiваецца. А ў Францыi жанчыны выходзяць на пенсiю нават пазней за мужчын. Да таго ж не будзем забывацца, што больш нiзкi пенсiйны ўзрост адбiваецца на пенсiйных правах прадстаўнiц "слабога полу". Не сакрэт, што ў жанчыны больш верагодныя перапынкi ў працоўнай кар’еры ў сувязi з цяжарнасцю, нараджэннем i выхаваннем дзяцей. Адпаведна, жанчына не паспявае зарабiць стаж i атрымлiвае меншую пенсiю. А ў сваю чаргу гэта — праблема гендэрнай няроўнасцi. — Цi не галоўны аргументам супраць павелiчэння пенсiйнага ўзросту называецца працягласць жыцця. I, трэба заўважыць, аргумент па-сапраўднаму важкi — паводле ацэнак, цяперашняя сярэдняя працягласць жыцця беларускiх мужчын складае менш за 64 гады... — Трэба ўдакладнiць, што тут маецца на ўвазе чаканая сярэдняя працягласць жыцця пры нараджэннi. Прычым тлумачэнне гэтага адносна невысокага паказчыка ў тым, што значная частка нашых людзей з-за траўматызму, ладу жыцця проста пакiдае гэты свет у маладым узросце. Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця пры нараджэннi на самай справе вельмi мала звязана з пабудовай пенсiйнай сiстэмы. Для пенсiйнай сiстэмы больш важны iншы паказчык — чаканы перыяд жыцця пасля дасягнення пенсiйнага ўзросту. А якраз тут не ўсё так змрочна. У сярэднiм беларускi мужчына атрымлiвае пенсiю 14, а жанчына — 23 гады. I, да слова, у нас жанчыны атрымлiваюць пенсiю больш, чым у многiх развiтых краiнах Еўропы. — Самае няпростае пытанне: калi можа быць уведзены новы пенсiйны ўзрост? — Пакуль гэта пытанне без адказу — тут усё залежыць ад заканадаўцаў. Разам з тым не магу не заўважыць: на думку экспертаў час, калi можна было б павышаць пенсiйны ўзрост паступова, на 3 месяцы для мужчын i 6 месяцаў для жанчын у год, ужо страчаны. Зараз неабходныя ўжо больш хуткiя тэмпы — павелiчэнне пенсiйнага ўзросту на 6 месяцаў у год для мужчын i на 12 месяцаў у год для жанчын. Прычым так раскладка выглядае сёння. Калi ж адкласцi гэта пытанне на няпэўны тэрмiн, можа атрымацца, што вызначаць новы ўзрост прыйдзецца адразу — увогуле без якога-небудзь пераходнага перыяду. — Тым часам, магчыма, ёсць сэнс пашукаць выйсце з дэмаграфiчнай сiтуацыi ў iншым — увядзеннi накапляльнага пенсiйнага страхавання? — У так званай размеркавальнай сiстэме (яна дзейнiчае ў нас зараз) работнiкi абмяжоўваюць сваё бягучае спажыванне i робяць узносы ў пенсiйную сiстэму. А затым гэтыя сродкi накiроўваюцца пенсiянерам. У цалкам накапляльнай сiстэме работнiкi таксама абмяжоўваюць сваё спажыванне, але пры гэтым "купляюць" асабiстыя рахункi на фiнансавым рынку, г.з. iнвестуюць сродкi. Шмат гадоў пазней, калi работнiкi выходзяць на пенсiю, яны павiнны пераўтварыць значэннi ўласных рахункаў у грошы. А выкупiць у iх рахункi змогуць толькi тыя, хто будзе на той час працаваць. Нескладана заўважыць, што канчатковы вынiк практычна аднолькавы. Абедзве сiстэмы абсалютна залежаць ад наступных пакаленняў работнiкаў, якiя будуць вырабляць тавары i паслугi. А значыць, нi тая, нi iншая сiстэма не абароненая ад уздзеяння дэмаграфiчных змяненняў. Бо пагадзiцеся, калi вы ўжо непрацаздольныя, але няма нiкога, хто б вырабляў ВУП — вам наканавана нястача незалежна ад таго, колькi назапашана грошай. Па сутнасцi, нiводная з сiстэм не мае гарантый большай стабiльнасцi адносна другой. Так, размеркавальная сiстэма вельмi залежыць ад дэмаграфiчнай нагрузкi. А сiстэма накапляльная — ад даходнасцi ад iнвеставання рахункаў. Пры гэтым рэальна меркаваць, якой будзе дэмаграфiчная сiтуацыя цi магчымасцi iнвеставання ў доўгатэрмiновай перспектыве праз 25—50 гадоў, нiхто не можа. Словам, напрошваецца выснова: сам метад фiнансавання пенсiйнай сiстэмы не мае вялiкага значэння. Вырашальным фактарам стабiльнасцi тут заўсёды была i будзе эканомiка. Да таго ж нельга не адзначыць, што пераход на накапленнi запатрабуе вялiкiх грошай, i ў сувязi з гэтым такi пераход не плануецца. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На думку экспертаў, узрост выхаду на пенсiю мужчын i жанчын у нашай краiне павiнен складаць 62 гады?
|
|