Мiстыка i Вера
Мiстыка i Вера
Працяг тэмы У нумары за 23 мая "Звязда" апублiкавала iнтэрв’ю з сектазнаўцам Уладзiмiрам МАРЦIНОВIЧАМ, доктарам тэалогii Венскага ўнiверсiтэта i кiраўнiком Iнфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра iмя прападобнага Iосiфа Волацкага пры Мiнскiм епархiяльным упраўленнi Беларускай праваслаўнай царквы. Гутарка iшла пра патэнцыял сектанцтва ў беларускiм грамадстве. На думку суразмоўцы, ён даволi значны i пакуль нерэалiзаваны. Распачатая ў матэрыяле тэма выклiкала новыя пытаннi, якiя далi нагоду для працягу размовы. — Уладзiмiр Аляксандравiч, адразу пасля выхаду ўсiх "пензенскiх пустэльнiкаў" з пячоры ў прэсе з’явiлася iнфармацыя, што паслядоўнiкi Кузняцова збiраюцца на сходы пад Мiнскам. Наколькi, на ваш погляд, верагодны працяг гэтай гiсторыi? — Гiсторыя iншых сектаў паказвае, што пасля падобнага ўдару дзейнасць iх калi i працягваецца, то слаба i непрыкметна. Так атрымалася з Белым брацтвам пасля таго, як заяўлены канец свету не наступiў. Марыя Цвiгун i Юрый Крываногаў былi асуджаны, але яны даўно ўжо вызвалены. Выпадак з паслядоўнiкамi Кузняцова — не тыповы. Шмат залежыць ад таго, цi захавалася ў гэтых людзей шанаванне лiдара. Калi захавалася, то магчыма i развiццё сiтуацыi. Калi не, то яны могуць далучыцца да iншай унутрыцаркоўнай секты, якiх, зрэшты, нямала. — Дарэчы, самi яны не лiчаць сябе сектантамi... — Гэта натуральна. Практычна ўсе сектанты не пагаджаюцца, калi iх так называюць. Iм трэба апраўдаць сябе. Многiя секты пiшуць цэлыя кнiгi, каб даказаць, што яны сектантамi не з’яўляюцца. — Тым не менш, ёсць людзi, i, магчыма, нямала, якiя iм спачуваюць. Не выключана, што нехта думае: а можа яны маюць рацыю? — Сектазнаўства — не дакладная навука, але ў выпадку з паслядоўнiкамi Пятра Кузняцова ўсё зразумела. Ёсць меркаваннi спецыялiстаў, якiя гэтай тэмай займаюцца. Нам жа не прыйдзе ў галаву пытацца ў дворнiка пра прынцып дзеяння атамнага рэактара. Чаму тады нехта дапускае думку, што сектанты, якiя сказiлi шэраг багаслоўскiх пытанняў, могуць ведаць iсцiну? У гэтых пытаннях, не менш складаных i тонкiх, чым устройства таго ж рэактара, могуць разабрацца толькi спецыялiсты. Паслядоўнiкi Кузняцова чакалi канца свету, называлi пэўную дату, — адно гэта ўжо ашуканства, бо ў Евангеллi сказана, што нiхто не можа ведаць нi дня, нi гадзiны. — Наколькi верагодна вяртанне гэтых людзей ва ўлонне Царквы? — Тэарэтычна такое магчыма, але малаверагодна. Пасля выхаду з-пад зямлi яны адчуваюць сябе пераможцамi. Яны зацвердзiлiся ў сваiх поглядах i будуць шукаць рэалiзацыi iх у новых дзеяннях, дэманстраваць сваю iншасць. Увогуле ж, гiсторыя ў Пензенскай вобласцi нечакана для мяне закончылася шчаслiва... — Калi не лiчыць двух памерлых ... — Яны памерлi ад выпадковых прычын, не забiлi сябе i iх нiхто не забiў. Яны маглi памерцi i не пад зямлёй. Так што гэта сапраўды можна не браць ва ўлiк. Зыход дастаткова добры, тут мой прагноз, дзякуй Богу, не апраўдаўся. Спрыяльным фактарам стала тое, што Кузняцоў быў не з iмi. Адсутнасць харызматычнага лiдара садзейнiчала больш мяккаму развiццю сiтуацыi. Але гэта не значыць, што падобная бязлiтасная ўвага СМI да секты наступным разам не справакуе трагедыю. — У Беларусi 295 лекараў, экстрасэнсаў, магаў, астролагаў, варажбiтак i празорцаў актыўна рэкламуюць сваю дзейнасць праз СМI. Наколькi прапанаваныя iмi паслугi адносяцца да паняцця "духоўнасць"? — У багаслоўi няма тэрмiну "духоўнасць". За паняццем "духоўнасць" няма нi дагматаў, нi палажэнняў веры. Гэта збiральнае найменне, якое апiсвае ўвесь спектр духоўнага жыцця, духоўнага росту чалавека. Мы нiчым не звязаныя, калi карыстаемся гэтым словам. Мiстыцызм, астралогiя, акультызм, народная рэлiгiйнасць i любая секта парушаюць працэс пазнання чалавекам Бога. Усё гэта ўводзiць у бок ад шляху да Яго. Пра духоўнае жыццё можна казаць бясконца. Гэта i работа з духаўнiком, i разуменне галоўных палажэнняў вучэння Царквы, i жыццё з Евангеллем, i жыццё ў рытме царкоўнага часу... Але гэта не столькi пытанне да сектазнаўцы, колькi да святара. — Ёсць лекары, якiя прыбягаюць да малiтваў i абразоў... — Ёсць чараўнiкi, якiя адпраўляюць чалавека ў царкву, раяць яму спавядацца i прычасцiцца, альбо заказаць саракавусты ў трох храмах... Iх рукамi павялiчваецца колькасць людзей, якiя скажона разумеюць веру ў Бога. Чалавек у гэтым выпадку не разумее, што ён робiць, не асэнсоўвае ўсю жудасную адказнасць, якую ён нясе, калi падыходзiць да Чашы з Дарамi. Ён робiць усё механiчна i чакае цудоўнага эфекту ад сваiх дзеянняў. Царкоўную атрыбутыку выкарыстоўваюць не толькi "шаптухi", але i самыя розныя секты з адзiнай мэтай — прывабiць i падмануць людзей. Праваслаўная сiмволiка палягчае iм работу, бо людзi давяраюць Царкве. — Як жа тады вызначыць падманлiвую абалонку? — Колькi б абразоў лекары нi ставiлi ў сваiх пакоях, не трэба да iх хадзiць, i нельга iм верыць. Царква нiколi не давала дазволу нiводнаму лекару на яго дзейнасць. Усе без выключэння лекары, магi, экстрасэнсы, астролагi, празорцы, варажбiткi, майстры Таро падманваюць людзей як з пункту погляду акадэмiчнай навукi, якая прызнае ў iх шарлатанаў, так i з пункту погляду Праваслаўнай Царквы. Сто працэнтаў усiх заяў аб выкананнi чаканняў людзей, якiя ўскладалiся на лекараў, варажбiтак i iнш., можна патлумачыць з пазiцыi навукi i Царквы. Найгоршая шкода ад лекараў бывае, калi чалавек, якi даверыўся iх абяцанням аб вылечваннi, адкладае зварот да традыцыйнай медыцыны, запускае хваробу да невылечнага стану i памiрае. Таму 61 правiла VI Сусветнага сабору Праваслаўнай Царквы накладае 6-гадовую епiцiм’ю (царкоўнае пакаранне, якое накладае духаўнiк: пасты, доўгiя малiтвы. — В.М.) усiм, хто наведвае чарадзеяў, варажбiтак i магаў, а тых, хто працягвае гэта рабiць i пасля епiцiм’i, адлучае ад Царквы. 37 правiла Лаодакiйскага памеснага Сабору забараняе быць чарадзеем, нумаролагам, астролагам i адлучае ад Царквы ўсiх, хто карыстаецца зробленымi iмi талiсманамi i амулетамi. 65 i 72 правiлы Васiлiя Вялiкага прыроўнiвае грэх чарадзейства i звяртання да чарадзеяў да граху забойства. Архiрэйскi Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы ў вызначэннi "Аб псеўдахрысцiянскiх сектах, нэаязычнiцтве i акультызме" ад снежня 1994 года сцвярджае, што людзi, якiя падзяляюць вучэнне астралогii i садзейнiчаюць яе распаўсюджванню, "адлучаюць сябе ад Праваслаўнай Царквы". — Скажыце, чым жа тады адрознiваецца зварот да старца альбо старыцы, некаторыя з якiх сёння кананiзаваныя, ад звароту да лекара? Наўрад цi самi людзi, якiя iдуць да першых i другiх са сваёй бядой альбо праблемай заўсёды разумеюць гэтую рознiцу. — Старац альбо старыца не з’яўляюцца канчатковай iнстанцыяй. Звяртаюцца не да iх, а праз iх, просяць iх малiтваў, як людзей набожных, здольных сiлай сваёй любовi да Бога i да людзей вымалiць дапамогу. Калi чалавек iдзе да лекара, то апошняя яго iнстанцыя — сам лекар. Безумоўна, няма гарантыi, што ўсе, хто прыходзiць да старца, разумеюць гэтую рознiцу. Але ва ўсякiм разе старац, калi гэта сапраўдны падзвiжнiк веры, iмкнецца далучыць чалавека да Царквы, а не да сябе. — Патлумачце яшчэ, чым адрознiваюцца царкоўныя адчыткi ад зваротаў да лекараў? — Так званая "адчытка" — гэта экзарцызм — чын малiтваслоўяў i свяшчэннадзеянняў для выгнання злога духа з чалавека, альбо з жывёлы, альбо з пэўнага месца. Ён вядомы з апостальскiх часоў. Па царкоўнай традыцыi на здзяйсненне гэтага чына неабходна атрымаць асаблiвае блаславенне свяшчэннаначалля. Такiя адчыткi iснуюць i ў нашы днi. На жаль, не ўсе людзi разумеюць, што адчытка прымяняецца не для лячэння нейкай фiзiчнай хваробы. I што выгнанне нячыстых духаў — нялёгкая i небяспечная справа. Таму за адчытку бяруцца толькi па паслушаннi, а нi ў якiм разе не самачынна. Блаславенне правячага архiрэя на адчытку можа быць атрымана толькi пасля заключэння медыцынскай камiсii, якая вызначае, што чалавек, якi звяртаецца па дапамогу, не з’яўляецца псiхiчна хворым. — Значыць вар’яцтва i апантанасць — розныя рэчы? — Безумоўна. Шызафрэнiя, iншыя парушэннi псiхiкi — гэта фiзiчная хвароба, гэтакая ж, як, скажам, ангiна альбо пiеланефрыт. Яна не мае нiчога агульнага з апантанасцю. Апошняя ў нашы днi сустракаецца надзвычай рэдка. Каб вызначыць яе, збiраецца спецыяльная царкоўная камiсiя. I толькi пасля гэтага даецца дазвол на гэту працэдуру. — У Царкве ёсць афiцыйна прызнаныя экзарцысты? — Ёсць. Iх няшмат. Хоць нямала i такiх, якiя праводзяць адчыткi без разбору i без дазволу. На жаль, ёсць святары, якiя, па сутнасцi, з’яўляюцца лекарамi ў расах. — Унутры самiх традыцыйных рэлiгiй нямала мiстычных адносiнаў. Як тут разабрацца: дзе мiстыка, а дзе набожнасць? Чым, напрыклад, з’яўляецца пакланенне святым мошчам? — Шанаванне мошчаў святых здзяйсняецца ў Царкве з першых вякоў хрысцiянства i зацверджана як дагмат — неаспрэчная iсцiна веры — на VII Сусветным саборы ў 787 годзе. Як i ў шанаваннi абразоў, шанаванне святых мошчаў павiнна здзяйсняцца "благочестиво, но не боголепно", гэта значыць, пры поўных глыбокай павагi адносiнах да мошчаў як да святынi, гонар i малiтоўнае пакланенне трэба аддаваць не iм, а ўзнiмаць да самога святога i Бога, "дзiўнага ў святых Сваiх". Тыя, хто ўспрымае мошчы як нейкi амулет, якi дзейнiчае аўтаматычна, незалежна ад таго, верыць чалавек альбо не, з’яўляюцца ўжо не набожнымi людзьмi, а мiстыкамi. Магiчнае мысленне было заўсёды ўласцiвае чалавеку. Але я думаю, нашаму сучаснiку яно ўласцiва менш, чым чалавеку сярэднявечча. — Яшчэ хацелася б вярнуцца да тэмы народнай рэлiгiйнасцi. Ёсць меркаванне, што святары, якiя надта змагаюцца з ёй, тым самым адштурхоўваюць людзей ад Царквы. Бо людзi мяркуюць так: нашы дзяды рабiлi гэта спакон веку, i я буду рабiць. Ды i святары па-рознаму ставяцца да народных традыцый. Адны строга забараняюць трапезу на могiлках, iншыя кажуць: толькi не напiвайцеся... А навукоўцы-фалькларысты кожны раз падкрэслiваюць, што сплаў хрысцiянства i язычнiцтва з’яўляецца асаблiвасцю беларускай культуры, што хрысцiянства прыстасавала свае святы пад язычнiцкiя... — Царква заўсёды, на працягу ўсёй сваёй гiсторыi, адвяргала ўсе формы народнай рэлiгiйнасцi. Пры гэтым Царква цудоўна разумела, што Яе задача — дапамагчы людзям. А толькi адмаўляючы, нiчога канструктыўнага пабудаваць нельга. Таму Царква прымала розныя меры, каб пераўтварыць народную рэлiгiйнасць, накiраваць яе ў нармальнае рэчышча. Яна iмкнулася адвесцi чалавека ад народнай рэлiгiйнасцi паступова i прывесцi яго да правiльнага разумення духоўнага жыцця. Менавiта з гэтым звязана тое, што першыя царкоўныя святы прызначалiся на даты, якiя супадалi з язычнiцкiмi. Царква iмкнулася надаць старым святам новы змест, каб паказаць людзям новае веравучэнне. Спробы пераўтварыць народную рэлiгiйнасць Царква не пакiдала нiколi, у тым лiку i цяпер. Натуральна, што ў Царкве iснуюць розныя святары, якiя з рознай ступенню актыўнасцi змагаюцца з праявамi народнай рэлiгiйнасцi i спрабуюць адцягнуць ад яе людзей. Таму мы маем розныя сiтуацыi ў розных прыходах. Многiм гэта сапраўды ўдаецца, i многiм — не. Калi жорстка ставiцца да гэтай праблемы, то народ не зразумее. Таму Царква вырашае яе акуратна. Яна ведае, што выхаванне людзей — справа надзвычай далiкатная. Крытэрый таго, як трэба рабiць, адзiн: кожны канкрэтна ўзяты святар iмкнецца адвярнуць кожнага канкрэтна ўзятага чалавека ад народнай рэлiгiйнасцi з улiкам яго iндывiдуальнасцi. Для адных трэба сказаць цвёрдае "не", другiх трэба адводзiць крок за крокам. Фалькларысты i этнографы памыляюцца ў тым, што народная рэлiгiйнасць мае дачыненне толькi да хрысцiянства i праваслаўя. Народная рэлiгiйнасць уласцiвая ўсiм без выключэння рэлiгiям свету: яна ёсць у iсламе, iндуiзме, будызме, сунiзме i iнш. Гэта неад’емная частка ўсiх рэлiгiй. Усе рэлiгii змагаюцца з народнай рэлiгiйнасцю, але нiводнай не ўдаецца яе канчаткова перамагчы. — Акрамя нэаязычнiцтва, сёння папулярныя яшчэ аздараўленчыя методыкi i ўсемагчымыя трэнiнгi. Мiж тым пад iмi нярэдка працуюць культы, якiя хаваюць сваю рэлiгiйную прыналежнасць, i цяжка бывае зразумець: цi цела ты лечыш, цi душу калечыш? — Ёсць практыкi аздараўлення, якiя бяскрыўдныя, бо ў iх няма нiякiх рэлiгiйных элементаў. Напрыклад, ёга як набор фiзiчных практыкаванняў цалкам дапушчальная. Калi нiхто нiякiх поглядаў не навязвае, не кажа: каб дасягнуць эфекту, вы павiнны змянiць свой светапогляд, — гэта не секта. Але ёсць так званыя клiентурныя культы — арганiзацыi, якiя прэтэндуюць на паўнату ведаў у якой-небудзь сферы жыцця. Яны прапаноўваюць набор спецыяльных паслуг за пэўную плату i могуць мець не толькi рэлiгiйную арыентацыю, але i псеўдапсiхалагiчную, экалагiчную, адукацыйную i г.д. Да iх адносяцца ўсе экстрасэнсорныя i астралагiчныя цэнтры, цэнтры магii i лекарства, псеўдапсiхалагiчныя групы па падабенстве акадэмii Золатава, Нарбекава, СIНТОНА, цэнтры акультных i эзатэрычных навук i ведаў, НЛА культы i iнш. Дарэчы, большасць клiентурных культаў не спяшаецца падзялiцца з грамадствам iнфармацыяй пра тое, колькi людзей прайшло праз iх i заплацiла за iх паслугi, бо цудоўна разумее, наколькi гэтая iнфармацыя можа зацiкавiць падатковую iнспекцыю. Нярэдка разабрацца ў тым, якую сапраўдную мэту ставiць тая цi iншая арганiзацыя, не так i проста. Таму лепей пракансультавацца ў сектазнаўцаў, звярнуўшыся ў епархiю альбо адпаведныя структуры дзяржаўнага кiравання. Дадатковую iнфармацыю аб сектанцтве ў Беларусi можна знайсцi на сайце Цэнтра iмя прападобнага Iосiфа Волацкага (www.sobor.by/center/index.php). Ёсць вельмi небяспечныя секты, якiя наносяць значную сацыяльную i псiхалагiчную шкоду чалавеку. З-за iх распадаюцца сем’i, калечацца лёсы. Такiя — не ўсе. Але ўсе без выключэння секты i культы наносяць шкоду духоўную. Яны памыляюцца ў плане веравучэння. Невыпадкова нiводная секта не аказала дабратворнага ўплыву на культуру i навуку якой-небудзь краiны. Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары за 23 мая "Звязда" апублiкавала iнтэрв’ю з сектазнаўцам Уладзiмiрам МАРЦIНОВIЧАМ, доктарам тэалогii Венскага ўнiверсiтэта i кiраўнi
|
|